Вы тут

Заслужаны артыст Беларусі Станіслаў Трыфанаў: Мы з жонкай глядзім у адным напрамку


Адна з самых прыгожых пар Вялікага тэатра Беларусі адзялілася сакрэтамі сямейнага шчасця

Заслужанага артыста Беларусі Станіслава Трыфанава называюць барытонам № 1 Вялікага тэатра. Гэта праўда, што на ім трымаецца амаль увесь рэпертуар. Ён выдатны ў кожным вобразе, ці гэта князь Ігар, Тоніа, Галандзец, ці Рыгалета або Эскамільа. А які моцны вобраз Кізгайлы ў оперы Дзмітрыя Смольскага «Сівая легенда», за работу ў якой Станіслаў Трыфанаў і яго калегі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі! Яго жонка Дзіяна — таксама салістка беларускага Вялікага. Зрэшты, размаўляць мы будзем пра сямейнае жыццё артыстаў.


Дзі­я­на і Ста­ні­слаў Тры­фа­на­вы з дач­кой Яў­ге­ні­яй і сы­нам Мі­ро­нам. Фо­та Ан­жа­лі­кі ГРА­КО­ВІЧ

— Як адбылося ваша знаёмства?

Станіслаў Трыфанаў: — Мы пазнаёміліся на ўступных іспытах у Адэскую кансерваторыю. Як потым высветлілася з размоў, убачылі адно аднаго яшчэ раней. А не пазнаёміцца не маглі, таму што вучыліся на адным курсе. Дзіначка, думаю, раскажа пра гэта цікавей...

Дзіяна Трыфанава: — Калі справа дайшла да эцюдаў, загадчыца кафедры Галіна Анатолеўна Паліванава, дзякуй ёй за гэта, сказала: «Вось там учора дзяўчынка была, давайце мы яе цяпер сюды паклічам, Раманенка Дзіяну». Мяне шукалі па калідорах і класах, сказалі, маўляў, цябе тэрмінова выклікаюць. Мяне папрасілі скласці кампанію непасрэдна Стасу, нягледзячы на тое што я ў чарзе студэнтаў стаяла далёка не побач з ім. Вось там, на сцэне, нас і пазнаёмілі.

— Ці доўгі быў цукерачна-букетны перыяд?

С. Т.: — У нас не цукерачна-букетны, а музычна-драматычны перыяд быў. Мы неяк адразу адчулі, што знаходзімся на адной хвалі, перш за ўсё гэта датычыцца творчасці. Вельмі шмат займаліся ў опернай студыі: вакал, акцёрскае майстэрства. Гэта значыць, акрамя чалавечай сімпатыі, у нас былі і ёсць агульныя творчыя інтарэсы. Пажаніліся мы праз два гады пасля нашага знаёмства. Думаю, што перыяд заляцанняў, узаемнай цікавасці ў нас яшчэ не скончыўся. Мы ў добрых адносінах. Не ўяўляю, як можа скончыцца цукерачна-букетны перыяд. Што тады? Асобныя рахункі ў рэстаране?

— Як вы ставіцеся да вопыту сумеснага жыцця да рэгістрацыі шлюбу?

С. Т. — Шчыра кажучы, мне здаецца, што гэта дрэнна. Калі сыходзяцца маладыя людзі і пачынаюць суіснаваць разам, то заканчваецца салодкая любата спатканняў і пачынаецца жыццё. Жыццё як прыцірка характараў. І людзі, ужо звязаныя шлюбам, то-бок рашэннем, што сумеснае жыццё будзе доўгае, шукаюць і знаходзяць у сабе сілы, каб навучыцца быць разам, навучыцца трываць недахопы, дараваць нейкія негатыўныя моманты, якія ёсць у кожнага чалавека. І мне здаецца, толькі шлюб, адказнасць за будучыню стымулюе такія паводзіны. Інакш жа людзі жывуць разам паўгода-год, зноў мяняюць партнёра, а за гэты час збіраюцца нейкія крыўды, фарміруецца прадузятасць, і вось так з'яўляюцца адзінокія людзі ва ўзросце.

Кажуць, што першыя тры гады шлюбу ён і яна правяраюць адно аднаго, назапашваюць сямейны імунітэт, гэта значыць ім трэба перахварэць на ўсе хваробы росту: пасварыцца, пляснуць дзвярыма, калі гэта людзі з характарам, сысці жыць да мамы. Адразу абмоўлюся, што ў нас такога не было, неяк усё ішло гладка без пераходных перыядаў.

І потым, адносіны без дакументальна аформленых абавязацельстваў недазваляльныя ў дачыненні да жанчыны. Таму што жанчына, як бы яна сябе ні паводзіла, ні стымулявала мужчыну ў яго імкненні да свабоды, шукае абароны. І шлюб для яе — у першую чаргу момант душэўнага спакою і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

— Тое, што ў сям'і два чалавекі маюць адну прафесію і служаць у адным тэатры, мае больш плюсаў ці мінусаў у жыцці па-за сцэнай?

С. Т. — У нас абодвух гэта першы шлюб, таму іншага вопыту няма. Але я думаю, што плюсюў, калі людзі адной творчай прафесіі ствараюць сям'ю, больш. Ні адзін чалавек, які не выходзіў на сцэну, не разумее нашых перажыванняў, нашых душэўных выдаткаў, нашай спецыфікі. Растлумачыць гэта немагчыма, а дзівацтваў у артыстаў, у спевакоў шмат. Таму мне здаецца, што лепшы шлюб з калегай. Яшчэ ёсць такі момант: важна, каб цябе хтосьці чуў з боку, таму што спявак не вельмі чуе, што ён выдае вонкі. Калі цябе слухае блізкі чалавек, ты можаш разлічваць на шчырасць, на сумленнасць. Так што плюсоў больш, у любым выпадку.

Д. Т. — Мінусаў у тым, што людзі працуюць разам, не бачу. Мы ж не сядзім у адным пакоі офіса. Хоць працуем у адным калектыве, але ў нас могуць быць рэпетыцыі ў розны час, у розных памяшканнях, з рознымі дырыжорамі і рознымі партнёрамі па сцэне. Нас гэта толькі ўзбагачае. Я бачу мінусы, калі людзі не разумеюць адно аднаго ў сваіх прафесійных сферах. Напрыклад, у нашай сакурсніцы па кансерваторыі муж быў марак, і ён здзіўляўся, чаму яна ходзіць на спектаклі з рознымі складамі артыстаў.

— Нешта не згадаю, каб у адным спектаклі ўдалося паслухаць вас абодвух...

С. Т.: — Ведаеце, у дзень вялікага спектакля трэба, каб цябе нехта падтрымаў, каб узяў на сябе ўсё, што вакол адбываецца, калі спеваку не да гэтага. Трэба разумець, што ён знаходзіцца трохі ў неадэкваце, нейкія рэчы робіць незразумелыя, не чуе, што вы кажаце яму, увогуле паводзіць сябе так... цікава. Таму дрэнна, калі абодва знаходзяцца ў такім стане. Добра, калі адзін дапаможа, падрыхтуе ўсё, а другі пойдзе і вельмі добра і прыгожа праспявае спектакль. Мы гэта даўно для сябе вырашылі. І калі пераехалі ў Мінск, толькі аднойчы разам спявалі ў оперы «Баль-маскарад».

— Як так атрымалася, што вы жылі і працавалі ў Адэсе, а старэйшую дачку Дзіяна нарадзіла ў Беларусі?

С. Т. — Адэса — горад спецыфічны, там зімой холадна, летам горача, часта няма гарачай вады. Мы былі маладымі людзьмі і здавольваліся забяспечаным тэатрам мінімалізмам у побыце. Але для маленькага дзіцяці такія ўмовы мала падыходзілі. Ну і медыцына была, скажам так, вельмі платная, якой мы, да таго ж, не зусім давяралі. Мая мама жыла ў Гродне, Дзіна бачыла, што тут у плане медыцыны ўсё значна лепш. Нават не думаю, што я быў ініцыятарам, мне здаецца, гэта было рашэнне Дзіны.

Дзі­я­на Тры­фа­на­ва

Д. Т. — У Стаса ў той год было запланавана вельмі шмат гастроляў з Адэскай і з Кішынёўскай операй. Ён тры месяцы павінен быў спяваць у Англіі, паўтара — у Іспаніі. Так атрымлівалася, што я надоўга заставалася фактычна адна. А ў Гродне я і Жэнечка былі побач з нашай любімай бабуляй. Пры першай магчымасці Стас прыязджаў да нас. Не ўпэўненая, што цяпер я зрабіла б так, бо фактычна два гады мы жылі ў расстанні. Але тады так складваліся абставіны, і, лічу, мы добра пражылі той няпросты перыяд. Вядома, вялікі дзякуй маёй выдатнай свякрусе, якая акружыла мяне і Жэнечку любоўю і клопатам. Усё было выдатна. Я закахалася ў Гродна і тады ж палюбіла Беларусь, нават падумала пра тое, што добра было б застацца тут жыць.

— Колькі гадоў розніцы паміж вашымі дзецьмі?

С. Т. — У нас двое цудоўных дзяцей. Старэйшая дачка — Жэнечка, ёй 15 гадоў, — і сын Мірон, якому 5 гадоў. Дзеці ў нас з'явіліся з вялікім перапынкам, вядома, гэта зусім новыя адчуванні. І гэта звязана не толькі з розніцай ва ўзросце, але і з тым, што яны зусім розныя людзі. Усё гэта непаўторна. Дзеці — вельмі вялікая гама эмоцый і пачуццяў. Нашы дзеці вучацца сябраваць, вучацца жыць разам і знаходзіць агульную мову, гэта выдатна.

Д. Т. — Так склалася, што мы ніколі не былі маладымі бацькамі, у нас заўсёды быў усвядомлены падыход да бацькоўства. Пажаніліся мы ў 23 гады, а наша старэйшая дачка з'явілася на свет, калі нам было па 32. Гэта ўжо не такія маладыя, бестурботныя людзі, у нас усё было па-сур'ёзнаму. У нашым выпадку, думаю, цікавая не розніца ва ўзросце дзяцей, а тое, што іх стала двое. З другім дзіцем лягчэй, таму што ёсць вопыт. Ты ўжо да нечага ставішся спакайней, разумееш, што трэба больш давяраць дзіцяці. Жэнечка вельмі прасіла ў нас браціка ці сястрычку, дарэчы, ёй было ўсё роўна хто, галоўнае, каб быў. Праўда, яшчэ раней яна прасіла сабаку. Мы здзейснілі ўсе яе мары. Вялікае шчасце, што ўсе нашы мары — агульныя.

— Ці можна сказаць пра вашых дзяцей, што яны выраслі за кулісамі?

С. Т. — Яны, вядома, людзі тэатральныя. Жэня была часткай тэатра, брала ўдзел у спектаклях «Яўгеній Анегін», «Чароўная флейта». Цяпер ужо Міроша ўваходзіць у той узрост, калі бывае ў тэатры. Яго ўсе песцяць, усе любяць. У нас ёсць «чароўны пакой», у якім спачатку вырасла Жэнечка. Так яго называюць дзеці, а наогул гэта пакой рэквізіту, у якім захоўваюцца пісталеты, шпагі, кароны і яшчэ шмат усяго цікавага. Таму дзеці там з задавальненнем бавяць час.

Д. Т. — Жэнечка скончыла музычную школу і ўжо 11 гадоў з'яўляецца ўдзельнікам узорнага калектыву народнага танца. У яе сваё актыўнае творчае жыццё, якому мы рады і заўсёды падтрымліваем Жэню ва ўсіх яе пачынаннях. Што датычыцца малодшага сына, то ён, што мяне здзіўляе, імкнецца да матэматыкі. Мы ходзім на падрыхтоўчыя заняткі да школы, і ён там сябе вельмі добра праяўляе. Мірон не так часта бывае ў тэатры, як у свой час Жэня, таму што, на жаль, у мяне цяпер менш работы. Сын ужо сказаў нам, што яму падабаецца спяваць у хоры, так што цікавасць да музыкі ў яго таксама праяўляецца.

— Як у вашай сям'і прынята распараджацца фінансамі?

Опе­ра «Сі­вая ле­ген­да», Кіз­гай­ла — Ста­ні­слаў Тры­фа­наў.

Д. Т. — Вельмі проста. Я аплачваю ўсе бытавыя пытанні: кватэра, інтэрнэт, садок, заняткі дзяцей. На гэта сыходзіць амаль уся мая зарплата. Усё астатняе — я ведаю, што ў нас у доме будзе. Я ніколі не гляджу разліковы лісток Стаса. У нас зарплаты штомесяц вар'іруюцца ў залежнасці ад занятасці ў спектаклях. У прынцыпе, мы прагаворваем, што нам трэба набыць, але сур'ёзнай хатняй бухгалтэрыі не вядзём, проста не прыдатныя да гэтага.

— А як размеркаваны бытавыя клопаты? Вось калі няма настрою займацца хатнімі справамі, гэта вырастае ў праблему?

С. Т. — Быт у асноўным на Дзіне. Мне здаецца, гэта такі нармальны сямейны ўклад, калі дом трымаецца на жонцы. А мы ўсе на падхваце. Нават Міроша ўжо можа выканаць невялікія просьбы: запісаць паказанні лічыльніка, вынесці смецце. Ён ужо некалькі разоў мыў посуд, стоячы на прыстаўным зэдліку. Вось так агульнымі намаганнямі спраўляемся, і праблем на глебе побыту, на шчасце, не ўзнікае.

Д. Т. — Усё неяк адбылося само сабой. А потым я прачытала недзе, і мне гэтая думка вельмі спадабалася: кожны павінен займацца тым, што ён любіць, а не па прынцыпе: ты абавязаны. Мой муж вельмі любіць рабіць пакупкі. У яго выдатна атрымліваецца, ён ведае, што, дзе, у якой краме набыць. Я яму цалкам давяраю і вельмі ўдзячная Стасу, што ён узяў на сябе гэтыя клопаты. Мы з дзецьмі ведаем, што тата ідзе ў краму і купіць усё самае лепшае.

Я — сава, і раніцай пакуль яшчэ прыйду ў тонус... А Стас — наадварот, жаўрук. Дык вось, сняданак у сям'і ёсць, і мы за гэта вельмі любім нашага тату. А што датычыцца абедаў і вячэр — гэта мой клопат, гатую я ад душы, з задавальненнем. Вельмі добра, калі кожны робіць тое, што любіць, што не ў цяжар. Калі Стас бачыць, што я стамілася, ён усё возьме на сябе.

— Як праводзіце адпачынак?

С. Т. — Дзіначка адэсітка, я таксама люблю мора, тут нашы густы цалкам супадаюць. Наогул для нас адпачынак асацыюецца з морам. Сёлета, падобна на тое, мы нікуды не зможам з'ехаць у адпачынак...

Д. Т. — Мора і сонца для мяне проста неабходныя. Стасік шмат гадоў пражыў у Адэсе, і таму кожны год мы адпраўляемся туды. Едзем недзе на месяц, здымаем лецішча. Такі цудоўны адпачынак — мора, садавіна, сустрэчы з роднымі і сябрамі. Для нас гэта месца аднаўлення сіл. Былі ў нас вылазкі на папулярныя курорты. Так, там усё ўключана, можа, гэта і нядрэнна, але хочацца паспрабаваць якую-небудзь мясцовую экзотыку, а не хадзіць тры разы на дзень у адзін і той жа рэстаран. Мы, дарэчы, ніколі не ездзілі ў адпачынак толькі ўдваіх. Пакуль жылі ў Адэсе, не прыходзіла ў галаву некуды ехаць. А потым — заўсёды з дзеткамі. Было так, што Стас ішоў з Жэнечкай на дыскатэку, а я з Міронам у калясцы гуляла па беразе мора. А потым раптам наша старэйшая дачка адпускае нас з татам удваіх пагуляць, сама прыглядае за брацікам.

— Хутка ўжо чвэрць стагоддзя, як вы разам. Адзін з вашых калег сказаў, маўляў, Трыфанавы як маладажоны: усё яшчэ глядзяць адно на аднаго закаханымі вачыма. Як удаецца захаваць свежасць пачуццяў?

Д. Т. — Нашай сям'і ў кастрычніку споўніцца 25 гадоў! У нас не ўзнікаюць сітуацыі, каб мы былі ў канфлікце. Наогул не ўяўляю, як можна ў канфлікце, у канфрантацыі жыць. Наш шлюб заснаваны на ўзаемным інтарэсе, узаемнай павазе, на глыбокім сваяцтве нашых душ, светапоглядаў і любові. Мы людзі адной фармацыі, мы рана пазнаёміліся і фактычна разам сфарміраваліся. Мы стараемся адно аднаго падтрымліваць, дапамагаць, таму што мы дарагія адно аднаму, і гэта выдана.

С. Т. — У нас адны інтарэсы, мы займаемся адной вельмі прыгожай, светлай справай. Мы з жонкай глядзім у адным напрамку. Нам ніколі не бывае сумна адно з адным. Мы вельмі блізкія людзі. Нам проста добра, калі мы разам. У гэтым мы лішні раз пераканаліся на каранціне. Нельга сказаць, што ён быў вельмі жорсткі, мы маглі некуды выйсці, тым не менш заўсёды былі разам дома. І мы выдатна правялі гэты час. Вядома, ужо хочацца працаваць і спяваць, але гэта не значыць, што мы стаміліся адно ад аднаго або ад дзяцей.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?