Што павінна насцярожыць маці і якія праблемы прыводзяць да дзіцячага гінеколага? У якім узросце дзяўчына можа пачынаць палавое жыццё? І што да гэтага часу яна павінна ведаць? Пра гэтыя і іншыя аспекты інтымнага здароўя падлеткаў мы пагаварылі з дзіцячым гінеколагам медыцынскага цэнтра «ЛОДЭ» Аленай Якута.
— Алена Аляксандраўна, што павінна ведаць дзяўчынка перад пачаткам пераходнага ўзросту?
— Тое, што звычайна ва ўзросце ад 10 да 13 гадоў у яе могуць з'явіцца крывяністыя выдзяленні на бялізне. Пачатак менструацыі ў 14 або 15 гадоў — таксама варыянт нормы. Відавочна, што пра гэта ёй павінна сказаць мама і акцэнтаваць увагу на тым, што гэта не праява нейкай хваробы. Нярэдка першыя месячныя суправаджаюцца болем у жываце і празмернымі выдзяленнямі. Дзяўчынка можа падумаць, што з ёй штосьці не так, і спалохацца. Усе гэтыя кропкі над «і» павінна расставіць мама, растлумачыўшы, што гэта нармальная фізіялагічная з'ява, якая сведчыць пра тое, што ў будучым дзяўчына зможа мець дзяцей.
Акрамя гэтага, мама абавязкова павінна пакласці ў школьны заплечнік некалькі пракладак і растлумачыць, што калі такое здарыцца ў школе (ці дома, калі яна будзе адна), дзяўчынка павінна прымацаваць пракладку да бялізны. Калі выдзяленні празмерныя ці яны суправаджаюцца моцным болем, прычым не толькі ў нізе жывата, але і галаўным, у спіне, то пра гэта абавязкова трэба паведаміць даросламу. Калі дзяўчынка ў школе, то павінна сказаць настаўніцы ці медработніку, калі дома — маме. Гэта два моманты, на якія трэба звярнуць увагу, калі гэта адбываецца ўпершыню.
— На што варта звярнуць увагу далей? Што не павінна насцярожваць і з чым, наадварот, трэба звяртацца да ўрача?
— Пачну з таго, што з'яўляецца нормай. У першыя паўтара — два гады цыкл можа быць нерэгулярны, і гэта з'яўляецца фізіялагічнай нормай. Пакуль цыкл устанаўліваецца, інтэрвалы паміж месячнымі могуць быць ад двух тыдняў да трох месяцаў. І першыя паўтара — два гады можна наконт гэтага моцна не турбавацца. Працягласць саміх месячных у норме складае ад двух да васьмі дзён. Як два дні, так і восем з'яўляюцца варыянтамі нормы. Наконт празмернасці: яны лічацца такімі, толькі калі выклікаюць вымушаную замену санітарных сродкаў часцей, чым раз на дзве гадзіны, або калі дзяўчынцы трэба спецыяльна ўставаць уначы, каб іх змяніць, або калі ў аналізах крыві (агульным ці біяхімічным) узнікаюць змяненні, звязаныя з дэфіцытам узроўню гемаглабіну і сываратачнага жалеза, або калі месячныя выклікаюць змену рытму жыцця: дзяўчынка не можа наведваць школу. Калі выкарыстоўваецца 3-4 пракладкі ў суткі, гэта нармальна, хоць мамы лічаць, што гэта вельмі шмат, і часта на прыёме я чую такія скаргі.
Што датычыцца балючасці, то ў норме яна можа прысутнічаць, але ў лёгкай форме, якая не патрабуе прымянення абязбольвальных прэпаратаў, не суправаджаецца галаўным болем, болем у жываце, прамой кішцы, дыярэяй і, зноў-такі, не патрабуе змены рытму жыцця. Ад усяго пералічанага залежаць паказанні да кансультацыі дзіцячага гінеколага. Калі месячныя не пачынаюцца ў 15 гадоў ці ў 13 няма прыкмет палавога саспявання, неабходна звярнуцца да ўрача для высвятлення прычын. Калі месячныя вельмі частыя — ідуць праз кожныя два тыдні, — гэта нагода наведаць доктара. Калі іх няма больш за два-тры месяцы — таксама. Доктар высветліць, чаму яны затрымаліся, і параіць, што зрабіць, каб з прыходам яны не перайшлі ў кровацячэнне.
Яшчэ адзін важны паказчык — працягласць месячных. Калі яны доўжацца больш за восем дзён, нават калі выдзяленні зусім мізэрныя, гэта абавязковая нагода для наведвання дзіцячага гінеколага. Як і ў выпадку, калі з'яўляюцца крывяністыя выдзяленні паміж менструацыямі. Што датычыцца балючасці, то калі дастаткова адной таблеткі звычайнага абязбольвальнага прэпарату, гэта не страшна. А вось калі жывот баліць так, што абязбольвальнае патрэбна неаднаразова, калі яго даводзіцца выкарыстоўваць на працягу некалькіх дзён без асаблівага эфекту — у такім выпадку трэба ісці да ўрача.
Акрамя гэтага, нагодай для звароту да гінеколага ў любым узросце з'яўляюцца боль унізе жывата, жаўтавата-зеленаватыя выдзяленні, якія суправаджаюцца свербам, пякотай, дыскамфортам, болем пры мочаспусканні, новаўтварэнні ў вобласці вонкавых палавых органаў. А пасля надыходу менструацыі — і пытанні, звязаныя з касметалогіяй, у прыватнасці, з'яўленне акнэ і выпадзенне валасоў.
— Прышчы — таксама нагода звярнуцца да гінеколага?
— Нярэдка іх лечаць у дэрматолага, а эфекту няма. Адной з прычын можа быць гінекалагічная паталогія, у прыватнасці, эндакрынапатыя, або парушэнне ўзроўню гармонаў. Гэта варта праверыць, а таксама зрабіць УГД малога таза.
— Калі ў далейшым дзяўчынка-падлетак ні на што не скардзіцца, мама штосьці павінна кантраляваць?
— Па-першае, пацікавіцца рэгулярнасцю цыкла. Падлеткі звычайна нават не звяртаюць на гэта ўвагі. Па-другое, спытаць пра празмернасць, працягласць і балючасць. Гэта размова літаральна пяці хвілін.
— Якія парушэнні сёння часта сустракаюцца ў дзяўчат?
— У кожным узросце — свае. Ад нараджэння да васьмі гадоў, калі ў норме яшчэ няма прыкмет палавога саспявання, бацькі найчасцей звяртаюцца з запаленчымі захворваннямі наружных палавых органаў і з утварэннямі спаек паміж малымі палавымі губамі, так званымі сінэхамі. З васьмі да дванаццаці гадоў праблем, як правіла, няма. Асноўныя пытанні ўзнікаюць у дванаццаць гадоў і пасля, калі пачынае фарміравацца менструальны цыкл. Найбольш частыя прычыны звароту — яго парушэнні (вельмі частыя месячныя ці, наадварот, з затрымкамі), балючасць, боль унізе жывата, які звычайна звязаны з функцыянальнымі кістамі — іх шмат сустракаецца ў гэты перыяд, — а таксама парушэнні ўзроўню гармонаў.
— Як часта дзяўчынка павінна наведваць гінеколага?
— Згодна з адпаведным загадам Міністэрства аховы здароўя, дзяўчынка ў 11-12 гадоў павінна прайсці агляд дзіцячага гінеколага, які вызначае, ці правільна фарміруюцца другасныя палавыя прыкметы. Пасля першых месячных маме трэба прывесці дзяўчынку да доктара, каб запэўніцца, што ўсё ў парадку. А пачынаючы з 14 гадоў — штогод.
— У якім узросце з пункту погляду медыцыны дзяўчына можа пачаць палавое жыццё?
— З пункту погляду падлеткавай гінекалогіі я не раіла б пачынаць палавое жыццё да 18 гадоў. У нас гэта пэўная прававая граніца, але яна і фізіялагічная, і псіхалагічная. Узрост палавой згоды надыходзіць у 16 гадоў, і тэарэтычна можна пачынаць у гэтым узросце без якіх-небудзь прававых наступстваў для дзяўчыны і для партнёра. Але ў абсалютнай большасці дзяўчат у гэтым узросце яшчэ ідзе фарміраванне менструальнага цыкла. Яго правільнае ўстанаўленне — залог здароўя рэпрадуктыўнай сістэмы ў далейшым. Дзяўчаты, якія пачынаюць палавое жыццё ў 15-17 гадоў, сутыкаюцца з неспрыяльнымі наступствамі, у прыватнасці фізіялагічнымі. Найперш гэта рызыка нежаданай цяжарнасці. Узнікае пытанне, што рабіць далей. Перарваць, пасля чаго ўзнікае вялікая імавернасць бясплоддзя ў будучым? І гэта пытанне часам не ў стане вырашыць нават мама, не тое што сама дзяўчынка.
Яшчэ адзін фізіялагічны аспект — інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам. Сярод іх — вірусныя, якія, аднойчы трапіўшы ў арганізм, застаюцца там назаўсёды. Размова ідзе пра ВІЧ, вірусы герпесу, гепатыту В і С. З вопыту кантактавання з падлеткамі можна зрабіць выснову, што ў 15-16 гадоў яны не моцна азадачаны пытаннямі кантрацэпцыі. Я часта атрымліваю адказ, што яны ніяк не засцерагаюцца.
Ёсць і псіхалагічныя аспекты. Як правіла, уступленне ў палавую сувязь дзяўчат прадыктавана дзвюма прычынамі. Першая — страх страціць сябра, які кажа: калі ты мяне кахаеш — дакажы. А другая — жаданне быць як усе. Гэта надзвычай важна для падлеткаў ад 13 да 18 гадоў, і гэтае жаданне часам дыктуе ўчынкі, зусім не характэрныя для іх. Колькі б ні пыталася ў дзяўчат, ці спадабалася ім, мне ні адна не сказала, што атрымала задавальненне. Наадварот, кажуць, што адчулі боль, сорам і шкадаванне. І гэтыя псіхалагічныя наступствы разам з бояззю цяжарнасці і інфекцыі навальваюцца на дзяўчынку. А калі цяжарнасць надышла, пра гэта яшчэ трэба сказаць і маме... Часам мы сутыкаемся з сямімесячнымі цяжарнасцямі, таму што дзяўчынцы страшна прызнацца маме, а сама яна не заўважае.
У 18 гадоў абсалютная большасць дзяўчат саспявае фізіялагічна, псіхалагічна яны больш падрыхтаваны, маюць большы вопыт узаемаадносін з навакольнымі, таму гэта больш прымальны ўзрост.
— Што да гэтага часу павінна растлумачыць мама?
— Агульнае ўяўленне пра палавы акт і палавое жыццё сённяшнія падлеткі маюць гадоў да 12-13. І ў 15-16 гадоў самы час сарыентаваць дзяўчынку: калі яна вырашыць пачаць палавое жыццё, у першую чаргу трэба паклапаціцца пра сваё здароўе. Хлопцы, як правіла, не засцерагаюцца: ён здаровы, у яго нічога не баліць, ты ў яго першая — гэта стандартны набор апраўданняў 16-гадовага падлетка. Таму мама дзяўчынкі павінна проста папярэдзіць, што варта карыстацца прэзерватывам, у тым ліку ў першы раз. Бо і першым разам магчымыя і цяжарнасць, і інфекцыі.
Алена Кравец
На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек.
Уражанні тых, хто назіраў за ўрачыстасцю у рэгіёнах.
«Пакуль у нас такі моцны лідар, усё ў нас будзе добра!».