Вы тут

Мамін дзённік. Калі «шышка» не ўрок


Кажуць, на памылках вучацца. Але, гадуючы ўласнае дзіця, хочаш, каб гэтых агрэхаў было як мага менш. Хоць больш вопытныя бацькі сцвярджаюць: пакуль малое не наб'е «гуз» — прычым і ў прамым, і ў пераносным сэнсе — не зразумее, што так рабіць нельга. Толькі з гэтым можна паспрачацца...


Днямі Цёмік так захапіўся кіданнем камянёў у лужыны, што ніякія мае ўгаворы і нават запалохванне папругай, калі малы намочыць красоўкі, не дзейнічалі. У выніку, перабягаючы ад адной лужыны да другой, Арцёмка зачапіўся за нейкую палку і паляцеў... На шчасце, не ў ваду. Але хапіла і таго: пры падзенні да крыві абадраў аб камяні ручкі. У хату ўвайшлі, горка равучы, — думаю, больш Цёмка пакутаваў не ад болю, а ад маіх натацый. Супакоіўшыся, памылі рукі, апрацавала ранкі. Дні тры малы паказваў на пальчыкі, са шкадаваннем уздыхаў і згаджаўся са мной, што больш да тых лужын і блізка не падыдзе. Атрымала сваё я і ад Цёмавага дзеда, што не дагледзела малога. Але гаворка не пра тое. Ранкі на пальчыках яшчэ не зажылі, а праз некалькі дзён мой сынок зноў пашыбаваў да тых самых лужын...

А напярэдадні свайго другога дня нараджэння Арцём прыціснуў на арэлях ножку. Здорава напалохаў, бо толькі спрабаваў на яе ступіць, як пачынаў плакаць. Прыйшлі дахаты, знялі абутак — усё паўтарылася: бяры яго на рукі і ўсё. Знешне нага не мянялася, але працяглы час хадзіць ён так і не згаджаўся. Пакуль не прапанавала тое, што звычайна забараняю: надзьмуць паветраны шарык, залезці на вялікі ложак, дзе спяць баба з дзедам, і пацэліць у люстру, з якой падчас такой забавы падаюць «ледзяшы». Ножка, дзякуй богу, уміг прайшла. Толькі вось жаданне падыходзіць да тых злашчасных арэляў так і не знікла. Як і дакранацца да абагравальніка, аб які ён некалькі дзён таму апёк ручку.

І такіх прыкладаў нямала. Здаецца, і «шышкі» атрыманы неслабыя, але ўрокі ў рэшце рэшт не вынесены. Малы яшчэ, скажаце, што ён разумее... Разумее, яшчэ як разумее! Паказвае, што ад цукерак у яго ружавеюць шчочкі, але не адмовіцца, калі яму пашанцуе атрымаць такі ласунак. Праўда, перад гэтым абавязкова пакажа мне тое, што збіраецца палажыць у рот (і за гэта дзякуй!). Ці навошта хавацца з бацькавым тэлефонам за свой ложачак, калі не ведаць, што пры выяўленні згубы гаджэт у малога абавязкова канфіскуюць? Каб нічога не разумеў, напэўна, не лашчыўся б і не лез бы з пацалункамі, калі нашкоднічае.

Але ёсць ва ўсім гэтым і нешта аптымістычнае. Сама здзівілася, калі, упершыню стаўшы на самакат, Цёмка раптам кінуў свой транспарт і пабег на траву — у двор заварочвала машына. Таму дарэмна сяброўкі жартуюць, што ў Мінску малому будзе нязвыкла ад вялікай колькасці аўтатранспарту: маўляў, гэта ў вёсцы ён ходзіць ды ездзіць, дзе ўздумаецца. Аказалася, не зусім ужо ён у мяне бясстрашны. Цёміку толькі два гадкі споўнілася, а што такое «зебра», мой Арцём ужо ведае. Ці ўсё ж разумее, што можа добра ўляцець па «пятай кропцы», калі не там пяройдзе дарогу?

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Калі «шышка» не ўрок

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.