Вы тут

Мемарыял «Урочышча «Пяскі» ў Полацку адкрыецца 22 чэрвеня


На месцы масавага пахавання часоў Вялікай Айчыннай вайны ў Полацку заўсёды цішыня. Цішыня мёртвая — літаральна, — ад якой па спіне бягуць мурашкі. І не таму, што стаіш на велізарным могільніку (калі пошукавікі вызначалі памеры пахавання, чалавечыя косткі былі знойдзены на глыбіні да двух метраў, толькі адна магіла займала плошчу 260 на 100 метраў), а таму што могільнік гэты — прыклад няўяўнай жорсткасці, бесчалавечнасці і зверства.


У 1941—1944 гадах на ўскраіне Полацка размяшчаўся нямецкі перасыльны лагер для савецкіх ваеннапалонных «Дулаг-125». Смяротнасць у лагеры даходзіла да двухсот чалавек у дзень. Усіх хавалі на былым стрэльбішчы. Траншэі з аднаго боку толькі яшчэ капаліся, а з другога — у іх ужо скідаліся трупы, якія прысыпаліся зямлёй.

Згодна з актам ад 7 мая 1945 года па ўстанаўленні і расследаванні фактаў злачынстваў і зверстваў, учыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх саўдзельнікамі ў перыяд часовай акупацыі Полацка з 15 ліпеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года, за час існавання лагера ў Полацку ў ім было знішчана больш за 40 тысяч ваеннапалонных. Усяго на гэтай зямлі знайшлі апошні прытулак больш за 150 тысяч ахвяр фашызму. Толькі гэты прытулак не стаў спакойным...

Яшчэ колькі гадоў таму моцныя дажджы вымывалі з зямлі чалавечыя косткі, вецер здзімаў тонкі слой пяску з парэшткаў загінулых. Мясцовыя жыхары пасвілі непадалёк скаціну, малыя гулялі ў футбол. У другой палове ХХ стагоддзя пытанне аб увекавечванні памяці ахвяр нямецкага перасыльнага лагера для савецкіх ваеннапалонных «Дулаг-125» палачане ўзнімалі неаднаразова. У 2010-м — у год 65-годдзя Перамогі — было прынята адпаведнае рашэнне. Да праекта па стварэнні мемарыяла далучылася і «Звязда».

Сёння ў мемарыяле ёсць капліца, Сцяна памяці з прозвішчамі загінулых, якія ўдалося вызначыць, з сімваламі праваслаўя, каталіцтва, іудаізму і ісламу. Зроблены ўваход у выглядзе крыжа. Ёсць і помнік, прысвечаны падзеям вайны 1812 года (у раёне мемарыяла ішлі бітвы). І сёлета нарэшце мы можам належным чынам успомніць тых, хто назаўсёды застаўся ляжаць у полацкай зямлі.

З чаго пачынаецца патрыятызм

Старшыня праўлення Беларускага фонду міру Максім МІСЬКО нагадаў, што пасля прыняцця рашэння аб будаўніцтве мемарыяльнага комплекса памяці ахвяр фашызму «Урочышча «Пяскі» Фонд міру адкрыў дабрачынны рахунак і стаў збіраць добраахвотныя ахвяраванні на будаўніцтва мемарыяла.

«Асноўную фінансавую нагрузку ўзяла на сябе дзяржава, але і Фонд міру здолеў сабраць дастаткова вялікую колькасць сродкаў з усёй краіны. Прычым мы звярталіся ва ўсе магчымыя міністэрствы і ведамствы. І мала было тых, хто адмаўляў. Па магчымасці: нехта больш пералічваў, нехта менш», — расказаў Максім Місько.

Асабліва важкай стала дапамога Міністэрства абароны. Андрэй Раўкоў, у той час міністр абароны, прапанаваў усім часцям правесці афіцэрскія сходы. На іх людзі ў пагонах прынялі рашэнне дапамагчы захаваць памяць пра воінаў Вялікай Айчыннай. Удзельнічалі ў стварэнні мемарыяла і кадэты з сувораўцамі.

Актыўна падтрымалі заклік кіраўнікі асноўных канфесій. «Усе вельмі душэўна адгукаліся на гэты заклік і з разуменнем дапамагалі. Атрымалася зліццё актыўнасці дзяржавы і грамадскай арганізацыі. Калі такія буйныя праекты робяцца і не ўсё перакладаецца на плечы дзяржавы, а ўключаецца і бізнес, і грамадства, такія праекты паспяхова завяршаюцца», — упэўнены старшыня праўлення Беларускага фонда міру.

Сапраўды, будаўніцтва, хоць і са спазненнем, завершана. Але гісторыя полацкага мемарыяла толькі пачынаецца. Большая частка Сцяны памяці яшчэ не запоўнена прозвішчамі. Будуць працягвацца пошукавыя работы, каб аднавіць імёны загінулых.

«На наш погляд, гэта ўжо задача маладога пакалення, каб яны паглыбляліся ў гісторыю, каб захоўвалася памяць. А яна будзе захоўвацца, калі нашы дзеці будуць нешта рабіць практычна: адшукаў гузік — а там жа прозвішча, а гэты ж чалавек загінуў... Калі пройме, калі камяк у горле стане, тады чалавек зразумее слова «патрыятызм», — разважае Максім Місько.

Цяпер імёны загінулых аднаўляюцца ў прамым сэнсе па літары. Больш за трыццаць новых прозвішчаў ужо чакаюць нанясення на сцяну, паведаміла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 5-га і 6-га скліканняў Наталля ГУЙВІК.

Для яе 22 чэрвеня стала асабліва доўгачаканым днём. Дзесяць гадоў таму, калі была старшынёй мясцовага Савета дэпутатаў, Наталля Гуйвік звярнулася з заклікам годна пахаваць ахвяр фашызму, якія знайшлі апошні прытулак ва ўрочышчы «Пяскі», чые рэшткі разносіліся вятрамі і вымываліся дажджом, а душы не мелі спакою. Член праўлення Беларускага фонда міру і куратар будаўніцтва да дробязяў памятае сесію Савета, на якой усе 32 дэпутаты аднагалосна, без усялякіх сумненняў падтрымалі пытанне, унесенае полацкім аддзяленнем Фонда.

«Ніводная добрая справа не робіцца лёгка. Мемарыял будаваўся ўсім светам. Нарэшце мы належным чынам пахавалі ахвяр фашызму. У першую чаргу гэта было зроблена нават не для нас, а ў імя памяці і ўдзячнасці за тое, што мы жывём, у імя нашых дзяцей і ўнукаў — каб яны памяталі», — звярнула ўвагу куратар будаўніцтва.

Яна пераканана: пакуль жывая памяць пра тыя жахлівыя дні, у нас ёсць будучыня.

«Мы даказалі, што мы супольна — гэта велізарная моц. Калі б не адгукнуліся палачане, не падтрымалі ўсе грамадзяне Беларусі, прадпрыемствы, калі б нас не пачулі пры складанні Дзяржпраграмы па ўвекавечванні загінулых пры абароне Айчыны і захаванні памяці пра ахвяр вайны... Мы стукаліся — нам адчынялі, і гэта здорава», — нагадала Наталля Гуйвік.

Увекавечыць памяць загінулых — наш святы абавязак, упэўнены старшыня
Полацкага райвыканкама Ігар МАРКОВІЧ.

«Ужо больш за 75 гадоў мы жывём мірна. Але пра вайну не забыць. Мы шмат гаворым пра мужнасць і гераізм ветэранаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — кожны з іх набліжаў Перамогу на фронце, у партызанскіх атрадах, у тыле. Мы шануем подзвіг пакалення пераможцаў. Але не маем права забываць і пра тых, хто стаў ахвярай вайны. Ваеннапалонныя, мірныя жыхары... Колькі загінула? І што мы ведаем пра іх?.. Полацкая зямля тоіць нямала сумных старонак ваеннага ліхалецця. Адна з іх — урочышча «Пяскі». Тое, што стала вядома, узрушыла да глыбіні душы», — звярнуўся да землякоў кіраўнік раёна.

Сёння Полаччына актыўна рыхтуецца да фінальных мерапрыемстваў па мемарыялізацыі гэтага месца. Цалкам завершаны мемарыял плануецца адкрыць 22 чэрвеня, у дзень памяці і смутку. У Полацкім райвыканкаме створана рабочая група па падрыхтоўцы і правядзенні ўрачыстасці, абмеркаваныя ключавыя моманты, каб за астатні час завяршыць будаўнічыя работы і годна адкрыць мемарыял.

* * *

«Звязда» далучаецца да падзяк усім нераўнадушным беларусам за дапамогу ў стварэнні мемарыяла «Урочышча «Пяскі». Запрашаем 22 чэрвеня ў Полацк на ўрачыстае завяршэнне нашай агульнай справы.

Варвара Марозава

Прэв'ю: fondmira.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?