Вы тут

У Вялікім тэатры Беларусі рыхтуюць восеньскія прэм'еры


«Балетнае лета», «Вечары ў палацы Радзівілаў» — улюбёныя публікай праекты Вялікага тэатра ў сезоне-2020, на жаль, з-за пандэміі не адбудуцца. Заўчасна скончыўся і ўвесь тэатральны сезон — практычна ўсе пастаноўкі перанесеныя на пазнейшы тэрмін. І тым не менш тэатр, які нядаўна адзначыў 87-годдзе, не сышоў на вымушаныя канікулы, а працягвае работу. З асаблівым натхненнем і хваляваннем тут рыхтуюць новую аўтарскую рэдакцыю «Шкаўкунка» ад славутага балетмайстра Валянціна Елізар'ева, дэбютную рэжысёрскую работу Аксаны Волкавай — оперу «Вілісы. Фатум» і, канешне, першую прэм'еру, якой 8 і 9 верасня адкрыецца новы, 88-ы сезон, — балет «Пер Гюнт» у пастаноўцы маладога харэографа Сяргея Мікеля.


Гісторыя, створаная амаль паўтара стагоддзя таму драматургам Генрыкам Ібсенам і кампазітарам Эдвардам Грыгам, натхняла творцаў з усяго свету на развагі пра самавызначэнне, пошук чалавекам свайго жыццёвага шляху і свайго месца. Прыгоды нарвежскага Адысея шмат разоў расказвалі наноў у тэатральных спектаклях, оперы і балеце, кінастужках, мультфільмах, у скульптуры, музыцы і нават... астраноміі — у гонар адной з гераінь п'есы названы астэроід, які адкрылі ў 1921 годзе. Ішоў «Пер Гюнт» і на беларускай сцэне ў 1966—1978 гадах — балет паставіў тагачасны галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Атар Дадзішкіліяні, а за дырыжорскім пультам стаяла адзіная ў БССР жанчына-дырыжор Таццяна Каламійцава. Праз больш чым сорак гадоў пастаноўка вяртаецца ў рэпертуар Вялікага тэатра Беларусі — але гэта будзе, падкрэслівае харэограф-пастаноўшчык Сяргей Мікель, зусім іншая гісторыя.

...У тэатры масачны рэжым, на службовым уваходзе ўсім мераюць тэмпературу і нагадваюць пра неабходнасць сацыяльнай дыстанцыі і гігіенічнай бяспекі. Тым не менш у рэпетыцыйнай зале шматлюдна і шматколерна — сёння ў плане не толькі работа балетнай трупы, але і прымерка касцюмаў. «Заходзьце, бяздомныя!» — ласкава запрашаюць на сцэну маладых людзей і дзяўчат у маляўнічых «лахманах». Побач з імі — нарвежскія сяляне, рабочыя-шахцёры, «дзеці пустыні» — бедуіны і купка людзей ва ўсім чорным, уключаючы маскі. Такое адчуванне, што мы трапілі ў вар'яцкі дом. Праз пару хвілін разумеем: так яно і ёсць. Сёння якраз праходзіць рэпетыцыя дзеі, у якой Пер Гюнт пасля мноства прыгод апынуўся ў вар'яцкім доме ў Каіры.

Ф'ёрды, маскі і панк

«Пер Гюнт» не з тых твораў, які лёгка ўспрымаць непадрыхтаванаму гледачу: у п'есе Ібсена мноства падтэкстаў, складаных персанажаў і намёкаў на канкрэтныя гістарычныя падзеі. Да таго ж у ёй цэлы калейдаскоп лакацый: падзеі адбываюцца ў нарвежскай вёсачцы, у лесе і ў гарах, у пячорах троляў, на ўзбярэжжы Міжземнага мора і ў пустыні Сахара, у моры, у вар'яцкім доме і зноў у Нарвегіі, куды вяртаецца спустошаны галоўны герой. Таму ў мастака-пастаноўшчыка Любові Сідзельнікавай, што называецца, задача з зорачкай: перадаць каларыт кожнага месца і разам з тым звязаць усю гісторыю — 2 дзеі ў 8 карцінах з пралогам — у адзінае цэлае.

— Разглядаючы на сайце тэатра эскізы касцюмаў і макеты дэкарацый, мяркуеш, што гэта будзе сцімпанк, сплаў фэнтэзі, тэхналогіі і рэальнасці, — так ці не? — пытаюся ў мастачкі.

— Ёсць такі момант, — ківае Любоў Сідзельнікава, — але гэта хутчэй кіберпанк. Мы адмыслова абралі такі стыль, зыходзячы з цяперашніх рэалій, каб стварыць сучасную казку. Бо для Ібсена і яго сучаснікаў у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя гэта была наўпрост актуальная гісторыя, расказаная ў казачнай форме, а наша задача была, не адыходзячы ад Ібсена, актуалізаваць герояў і падзеі для ХХІ стагоддзя. Напрыклад, адным з пазнавальных элементаў сучаснасці стала лічбавая Карпарацыя троляў — у сучасным разуменні гэтых персанажаў. Доўга думалі, як вырашыць вобраз Горнага караля, каб гэта было цікава і самім сабе, і сённяшняму гледачу; яшчэ адна з цікавых і няпростых у рэалізацыі задумак — зрабіць азёры з адлюстраваннямі ў іх... Канешне, спектакль неверагодна складаны ў тым сэнсе, што ён вельмі розны, і каб злучыць усе фрагменты, трэба пастарацца. Але паглядзіце сучасныя фільмы, яны насамрэч усе такія, нібы мазаіка — толькі ў нашым выпадку будзе балет.

Адмысловыя касцюмы, дарэчы, распрацаваны і шыюцца не толькі для балетнай трупы, але і для салістаў оперы (іх у спектаклі 14 чалавек, а вакальныя нумары будуць гучаць на нарвежскай мове). Адзін з галаўных убораў артысткі оперы, напрыклад, зроблены з клубкоў нітак і пруткоў для вязання — як сімвала пераблытаных нітак лёсу, няспраўджаных мар. Наогул вакальны ансамбль прадставяць у выглядзе выязнога тэатра, які пакажа ўстаўны нумар, гэткі «спектакль у спектаклі» — нацыянальныя казачныя героі, вакальныя традыцыі, народныя касцюмы, разнастайнасць і адметнасці нарвежскай культуры.

Дзіўным чынам будуць у «Пер Гюнце» і востраактуальныя элементы. Хоць амаль год таму, задумваючы для шахцёраў касцюмы з маскамі-рэспіратарамі, мастакі, канешне, уявіць не маглі, наколькі пацэляць у дзясятку з гэтым вобразам.

Не карміце троляў

Новага наогул будзе многа — у сцэнічным афармленні, касцюмах, сэнсавым напаўненні танца, нават у музыцы — маэстра Аляксандр Анісімаў спалучыў добра вядомыя мелодыі Грыга і свае аўтарскія знаходкі... Але ўсё гэта — у верасні. А пакуль рэпетыцыя ў разгары, і балет раз за разам прымае галоўнага героя ў цесныя абдымкі вар'ятаў. Сцэну ў вар'яцкім доме артысты паўтараюць шмат разоў — яе пастаноўшчык лічыць ключавой для галоўнага героя, а таму абмяркоўвае з занятымі артыстамі балета ўсе нюансы, каб як мага паўней раскрыць вобраз.

— Зусім не тое! — харэограф Сяргей Мікель катэгарычны ў ацэнках. — Вы не зомбі, якіх выкручвае ва ўсе бакі, а пацыенты вар'яцкага дома — неабходна перадаць іхнюю асаблівую пластыку. І, калі ласка, не чапляйцеся за верх парталаў, нам трэба паказаць не акрабатычныя нумары «вось як я магу падцягнуцца», а такую крыху незямную гісторыю...

Для Сяргея гэты балет — дэбют на вялікай сцэне, таму некаторыя моманты па складзе выканаўцаў і рэпетыцыйным графіку падказаў яму былы настаўнік, мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Валянцін Елізар'еў. А вось у творчым плане даў поўную свабоду, з якой, трэба адзначыць, харэограф абыходзіцца цвёрда і ўпэўнена. Выпрацоўваючы канцэпцыю пастаноўкі, ён не раз і не два перачытаў п'есу Ібсена, каб глыбей адчуць гісторыю Пера Гюнта, актуалізаваць яе і расказаць на мове танца гледачам.

— Я ні ў якім разе не рамантызую героя. Для мяне Пер Гюнт — не летуценны паэт, які жыве ва ўласным прыдуманым свеце, і не філосаф, які ўсю дарогу шукае сэнс жыцця, а марнатравец, які ў пагоні за ўяўным шчасцем і багаццем не цаніў тое, што было побач, пераступаў цераз іншых людзей і ў выніку страціў тое, што меў, — разважае харэограф. — Асабіста для мяне такія паводзіны не-
прымальныя.

Магчыма, таму Сяргей Мікель расстаўляе акцэнты не на цэнтральным мужчынскім персанажы, а на жаночых, вельмі розных, але аднолькава моцных: маці героя Озе, сустрэтай у пустыні Анітры, для якой матэрыяльныя каштоўнасці важнейшыя за нейкую там душу, і, безумоўна, вернай Сольвейг, якая становіцца для Пера Гюнта промнем святла і дае надзею на выратаванне. (Дарэчы, ролю ўжо сівавалосай Сольвейг, якая дачакалася свайго каханага і пазнала яго не вачыма, але душой, у спектаклі выканаюць легенды беларускага балета — Вольга Лапо, Інеса Душкевіч, Таццяна Шэметавец.)

— У «Пер Гюнце» гучыць адна з самых пазнавальных мелодый Грыга — «У пячоры Горнага караля». Плануеце яе абыграць на сучасны лад?

— Так, у «Пячоры Горнага караля» ў нас будуць асаблівыя тролі — гэткі сімвал сучаснай глабалізацыі, дзіўныя персанажы, якія нават хадзіць будуць задам наперад, а ў цэнтральнай дэкарацыі многія, напэўна, убачаць папулярныя інтэрнэт-рэсурсы, камунікацыі, адкрытыя граніцы — усё тое, без чаго мы ўжо не ўяўляем сучаснае жыццё.

Яшчэ адна навацыя — адсутнасць гендарнага падзелу ў некаторых персанажаў. Напрыклад, безаблічныя і бясполыя на сцэне будуць пацыенты вар'яцкага дома, а таксама многія тро-
лі. Падкрэслена «іншымі» будуць у нас таксама Пугавічнік і яго памагатыя, каб і артысты, і публіка адчулі гэта трымценне на мяжы дабра і зла, — інтрыгуе Сяргей Мікель. — Фінал для мяне самога пакуль што адкрыты. Адзін варыянт адсылае да самой п'есы Ібсена — ён аптымістычны, гэта прасвятленне і шанц на выратаванне, але ёсць і другі варыянт, звязаны з моцным характарам Сольвейг: ці засталася б яна верная Перу пасля ўсяго таго, што адбылося?.. Многія могуць не пагадзіцца з маім поглядам, але я ведаю свой спектакль і ведаю, што хачу данесці да гледача.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.