«Хацелася б бачыць гэты інстытут як цэнтр, дзе канцэнтруюцца класныя спецыялісты і найноўшыя тэхналогіі»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў са старшынёй Следчага камітэта Іванам Наскевічам пытанне арганізацыі дзейнасці Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта Беларусі.
У Беларусі ніводная навучальная ўстанова пакуль не рыхтуе спецыялістаў у галіне расследавання камп’ютарных тэхналогій, між тым менавіта ў гэтую сферу перамяшчаецца сучасная злачыннасць. У бліжэйшыя дні чакаецца падпісанне ўказу кіраўніка дзяржавы аб стварэнні такой навучальнай установы.
«Актуальная тэма, — пагадзіўся Аляксандр Лукашэнка. — Ад следства патрабуецца больш якасці, больш ведаў, бо злачыннасць перамяшчаецца ў сферу высокіх тэхналогій. Аператыўнасць вельмі патрэбная. І хацелася б бачыць гэты інстытут не проста як навучальную ўстанову, дзе дадуць нейкія веды, а каб гэта быў у вас цэнтр, дзе канцэнтруюцца класныя спецыялісты і найноўшыя тэхналогіі».
«У рамках інстытута мы плануем праводізць вялізны аб’ём работы па ўніфікацыі следчай практыкі, па метадычным забеспячэнні следства на цалкам іншым узроўні, па ўвядзенні навуковага складніку, — расказаў журналістам па выніках дакладу Іван Наскевіч. — Мы плануем займацца экспартам адукацыйных паслуг».
Тэме інстытута павышэння кваліфікацыі следчых была прысвечана другая частка даклада Івана Наскевіча.
Да гэтага кіраўнік дзяржавы выслухаў, як абстаяць справы ў рабоце праваахоўных органаў за пяць месяцаў сёлета. Акрамя таго, старшыня СК далажыў пра крымінальныя справы, якія знаходзяцца на кантролі ў Прэзідэнта і пра грамадска значныя, буйныя злачынствы, якія расследаваў Следчы камітэт.
Іван Наскевіч паведаміў, што крымінагенная абстаноўка ў Беларусі цягам апошніх пяці месяцаў досыць добрая.
«Узровень злачыннасці ў параўнанні з мінулым годам зменшыўся практычна на 13,5 працэнтаў», — праінфармаваў ён.
На гэта Прэзідэнт заўважыў, што такіх тэмпаў зніжэння злачыннасці ў краіне не было даўно. «Думаю, што гэта вынік той планамернай вялізнай работы прафілактычнага характару ўсяго праваахоўнага блоку і ў цэлым дзяржаўных органаў, бо раней або пазней гэта павінна было выявіцца», — лічыць старшыня СК.
Нагадаем, пра тое, што сітуацыя з недахопамі ў праваахоўнай сістэме павінна змяніцца кардынальна ў лепшы бок, кіраўнік дзяржавы казаў яшчэ ў жніўні мінулага года на вялікай нарадзе па пытаннях якасці работы праваахоўных органаў.
З таго часу тэма якасці работы ў гэтай сферы на пастаяным кантролі Прэзідэнта.
Злачынствы сыходзяць у Сеціва
У размове з журналістамі старшыня СК дадаў, што ў параўнанні з папярэднімі гадамі апошнім часам назіраецца змяненне і ў структуры злачыннасці.
«Рэзка вырасла колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Іх доля сёння складае 12 працэнтаў, гэта вельмі шмат, і гэта доля расце штогод. Гадоў 6–7 таму такія злачынствы складалі парадку двух працэнтаў, гэта значыць, рост у шэсць разоў», — адзначыў ён.
Яшчэ адна асаблівасць, па словах кіраўніка Следчага камітэта, тое, што ў сферу высокіх тэхналогій сыходзяць злачынствы, якія да нядаўняга часу мелі статус агульнакрымінальных, напрыклад такія, як вымагальніцтва і махлярства. Цяпер большасць гэтых злачынстваў адбываюцца з дапамогай інфармацыйных тэхналогій.
Расследаванне справы па факце забойства маладой жанчыны ў Мінску, часткі цела якой знайшлі ў рацэ ў цэнтры горада, скончана
Датычна рэзанансных крымінальных спраў старшыня СК далажыў кіраўніку дзяржавы, у прыватнасці, пра вынікі па факце забойства маладой жанчыны ў Мінску, часткі цела якой знайшлі ў рацэ ў цэнтры горада.
Па словах Івана Наскевіча, расследаванне крымінальнай справы завершана і накіравана пракурору для перадачы ў суд, злачынства раскрыта, вінаватая асоба выкрыта ў яго здзяйсненні.
Кіраўнік дзяржавы таксама быў праінфармаваны пра вынікі расследавання крымінальнай справы па факту разбойнага нападу на ювелірную краму «Яхант».
«У рамках расследавання ўстаноўлены некалькі эпізодаў злачыннай дзейнасці групоўкі з трох чалавек, — расказаў старшыня СК. — Яны, акрамя разбойных нападаў, кралі зброю. Трываласць групы і мэтанакіраванасць яе дзейнасці дазволілі кваліфікаваць тое, што яны здзейснілі, як бандытызм. Ім прад’яўленыя абвінавачанні ў тым ліку па артыкуле 286-м Крымінальнага кодэксу Беларусі».
Іван Наскевіч заўважыў, што ў нашы дні гэта досыць рэдкае абвінавачанне — апошні раз справа па гэтым артыкуле накіроўвалася ў суд каля пяці гадоў таму.
Вытворчасць дадзенай крымінальнай справы скончана, зараз пачынаецца стадыя азнаямлення абвінавачаных з матэрыяламі крымінальнай справы. Мяркуецца, што цягам бліжэйшага месяца яна таксама будзе накіравана пракурору для перадачы ў суд.
«Настаў час змяняць заканадаўства, якое датычыцца тэхнічных умоў будаўніцтва дарог»
«Акрамя таго, Прэзідэнт праінфармаваны пра ўмовы здзяйснення дарожна-транспартнага здарэння, якое адбылося ў Барысаўскім раёне, у выніку якога загінулі шэсць чалавек, у тым ліку трое непаўнагадовых, — працягнуў Іван Наскевіч. — Адной з умоў, па меркаванні следства, з’яўляецца адсутнасць загараджальнай канструкцыі паміж сустрэчнымі палосамі руху. Такога роду аварыі — з выездам на сустрэчную паласу руху і гібеллю людзей — сталі не рэдкасцю».
Па словах старшыні СК, кіраўнік дзяржавы пагадізўся, што настаў час змяняць заканадаўства, якое датычыцца тэхнічных умоў будаўніцтва дарог, каб хаця б пры рэканструкцыі хуткасных магістраляў знаходзіць сродкі ўсталявання загараджальных канструкцый паміж палосамі сустрэчнага руху.
«Відавочна, гэта будзе садзейнічаць больш бяспечнай арганізацыі дарожнага руху», — упэўнены Іван Наскевіч.
Ідзе планавая, спакойная работа па фіксацыі супрацьпраўных дзеянняў і зборы доказаў
Цэнтральным апаратам Следчага камітэту працягваецца расследаванне крымінальнай справы, якая была заведзена па арт. 364 Крымінальнага кодэксу Беларусі па факце выкарыстання гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў у Гродне падчас пікету па збору подпісаў у рамках перадвыбарчай кампаніі, дадаў старшыня СК.
«Зараз гэтая крымінальная справа перакваліфікаваная ў ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Прад’яўлены абвінавачанні і абраная мера стрымання ў адносінах 10 асоб», — заявіў Іван Наскевіч.
Старшыня СК дадаў, што ідзе планавая, спакойная работа па фіксацыі супрацьпраўных дзеянняў і зборы доказаў.
«Колькі чалавек у выніку будзе прыцягнута да крымінальнай адказнасці, я пакуль не скажу, магчыма, іх будзе больш, магчыма — менш, — удакладніў ён. — Расследаванне паказвае, што ў ініцыятыўнай групе было парадку паўсотні асоб судзімых, больш за 10 неаднаразова судзімых, як раз усе яны і з’яўляюцца фігурантамі гэтай крымінальнай справы. Следства працягваецца. Як толькі будзе атрымана інфармацыя, якая заслугоўвае на грамадскі інтарэс, мы праінфармуем усіх пра яго вынікі».
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
У рэспубліцы ў цэлым плануецца падаўжэнне часу работы каля 280 аб’ектаў гандлю і 180 аб’ектаў грамадскага харчавання.
Двайныя грошы, перадаплаты без выніку і межы тарыфаў.
«Змярканне Еўропы» — на гарызонце?