Вы тут

Агульная платформа для навучання, інфармацыйная бяспека школьнікаў і імідж педагогаў


У панядзелак, 8 чэрвеня, у Савеце Рэспублікі прайшло пасяджэнне Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі. Разам са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай дырэктары школ у рэжыме анлайн абмеркавалі стварэнне адзінай платформы дыстанцыйнага навучання, пашырэнне ўзаемадзеяння з сям'ёй і іншыя актуальныя пытанні сістэмы адукацыі.


У відэаканферэнцыі таксама ўдзельнічалі супрацоўнікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, каардынатары дзейнасці Беларускага педагагічнага таварыства, члены Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі.

Наталля Качанава нагадала, што асноўныя кірункі ў развіцці адукацыі дакладна вызначыў Рэспубліканскі педагагічны савет, у якім у 2017 годзе браў удзел Прэзідэнт.

— Для нас важна сёння, як выконваюцца даручэнні, якая сітуацыя складваецца ў навучальных установах краіны, як прайшла чацвёртая вучэбная чвэрць, якая супала з няпростым эпідэміялагічным перыядам. Пытанні, што вынесены на абмеркаванне, вельмі актуальныя, — звярнула ўвагу старшыня Савета Рэспублікі.

Спікер верхняй палаты парламента выказала ўпэўненасць, што размова будзе карысная і паспрыяе таму, «каб і надалей прымаць, калі гэта спатрэбіцца, абсалютна правільныя і вывераныя рашэнні, якія будуць на карысць развіцця сістэмы адукацыі».

Падчас відэаканферэнцыі абмяркоўвалася выкарыстанне ў навучальным працэсе інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Гаворка ішла перш за ўсё пра адзіную платформу дыстанцыйнага навучання, распрацоўка якой цяпер вядзецца.

— Ідзе актыўная работа. Збіраюцца матэрыялы вядучых педагогаў, настаўнікаў-метадыстаў. Школы прапануюць свой матэрыял для гэтай платформы. Гэта ўсё акумулюецца, — паведаміла журналістам член Савета Рэспублікі, дырэктар сталічнай гімназіі № 10, старшыня савета Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі Марына Ільіна. Паводле яе слоў, партал ствараецца з выкарыстаннем перадавых тэхналогій. Ён стане пляцоўкай, дзе дзеці змогуць атрымаць кампетэнтныя адказы на пытанні са школьнай праграмы.

— Мяркую, гэта будзе вельмі дастойная платформа, дзе можна будзе аддалена атрымліваць якасную адукацыю. Зробім усё магчымае, каб платформа пачала працаваць да канца года, — падкрэсліла сенатар.

Акрамя таго, падчас відэаканферэнцыі асацыяцыя закранула тэму інфармацыйнай бяспекі школьнікаў. Разглядалася таксама магчымасць прыняцця дзяржаўнай праграмы, накіраванай перш за ўсё на фарміраванне станоўчага іміджу настаўніка, яго прафесійнае развіццё, матэрыяльную падтрымку.

Педагогі таксама абмеркавалі сучасныя падыходы ў рабоце з сям'ёй. У прыватнасці, агучвалася прапанова аб стварэнні серыі тэлеперадач для бацькоў па розных пытаннях, звязаных з адукацыяй.

Наша даведка

Асацыяцыя кіраўнікоў устаноў адукацыі створана ў структуры Беларускага педагагічнага таварыства ў 2013 годзе. Сярод яе мэт — удасканаленне дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі, заканадаўчай базы ў сферы адукацыі, выяўленне і распаўсюджванне эфектыўнага вопыту ў сферы кіравання ўстановамі адукацыі.

Паводле БелТА

Прэв'ю: udf.by

Загаловак у газеце: На карысць адукацыі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.