Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Тэма ЖКГ прадыктавана жыццём


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка здзейсніў сёння працоўную паездку ў Віцебскую вобласць. На парадку дня — пытанне дзейнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пасля нарады запланаваны візіт кіраўніка дзяржавы ў Полацкі жаночы Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, дзе Аляксандру Лукашэнку даложаць аб ходзе рэстаўрацыйных работ.


На галоўнай плошчы горада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі ўзоры камунальнай тэхнікі, сярод якіх рухомая мабільная кацельная на вадкім паліве, сядзельны цягач з паўпрычэпам шчэпавоз, рубільная машына для рубкі арганічных адходаў лясной, сельскай ці камунальнай гаспадаркі, станцыя абезжалезвання.

Пытанні ЖКГ вынесеныя на адмысловую нараду на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Галоўнае — па-чалавечы ставіцца да тэхнікі»

На пачатку нарады кіраўнік дзяржавы пракаментаваў меркаванні асобных незадаволеных, што напярэдадні прыезду Прэзідэнта горад «вылізаны».

«Прыехаўшы сюды, убачыўшы чысты, акуратны горад, з сабой яго не ўвязу. Гэта ўсё застанецца тут. Таму не хвалюйцеся, жыхары роднага Полацка, нічога не ўвязем», — супакоіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што ў кастрычніку 2017 года на рэспубліканскім семінары-нарадзе па пытаннях развіцця ЖКГ дэталёва разгледзелі працу гэтай найважнейшай галіны. Тады быў прыняты шэраг кардынальных рашэнняў па ўдасканаленні функцыянавання ЖКГ — камунальную сферу прызналі прыярытэтам № 1 для кіраўнікоў рэгіёнаў. Сёння надышоў час вярнуцца да кантролю гэтых рашэнняў.

«Перш за ўсё сёння ЖКГ. Гэта тэма прадыктавана жыццём», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Практычна ўсё насельніцтва краіны штодня карыстаецца жыллёва-камунальнымі паслугамі. І тое, наколькі людзі задаволеныя іх якасцю і даступнасцю, наўпрост уплывае на настроі ў грамадстве. Такім чынам, у значнай ступені фарміруе сацыяльна-палітычную абстаноўку і ўзровень даверу да дзеючай улады, працягнуў Аляксандр Лукашэнка.

Яму дакладваюць, што ў Беларусі зроблена многае ў плане празрыстасці фарміравання тарыфаў, зніжэння сабекошту і забеспячэння акупнасці практычна ўсіх відаў паслуг, павышэння надзейнасці інжынерных сетак і абсталявання. Вельмі шмат зроблена для стварэння новай камунальнай тэхнікі.

«Па-першае, тэхніка магутная, нятанная. І не ўсё ў нас добра з абслугоўваннем гэтай тэхнікі — у ЖКГ, як і ў сельскай гаспадарцы — тут звязана яшчэ з узроўнем падрыхтоўкі кадраў. Але гэта ўжо не будучыня, а сучаснасць, многія арганізацыі ўжо маюць такую тэхніку. І без гэтай тэхнікі няма чаго размаўляць аб парадку ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы», — упэўнены Прэзідэнт.

Крыніцы энергіі літаральна пад нагамі: мясцовыя віды паліва — торф, шчапа, апілкі.

«А мы ездзім і выпрошваем прыродны газ і нафту. Вось гэта трэба выкарыстоўваць, і ў Віцебскай вобласці гэта навучыліся рабіць. І гэты досвед трэба распаўсюджваць на ўсю краіну. Таму што драўніны, у тым ліку якая гіне, у нас сёння дастаткова. Малайчыны, развярнуліся па пялетах», — ухваліў стварэнне адмысловых заводаў лідар краіны.

У Беларусі масава пачалі вырабляць пялеты — попыт у Еўропе велізарны. Але ва ўмовах канкурэнцыі ёсць рызыка збіць кошт і сысці ў мінус па рэнтабельнасці. Таму Аляксандр Лукашэнка прапанаваў рэалізацыю прадукцыі ўзяць у адны рукі — аб’яднаць прадпрыемствы-вытворцы ў холдынг.

«Малайчыны, навучыліся рабіць усё. Мы знойдзем магчымасць і прафінансаваць некаторыя праграмы, але галоўнае — па-чалавечы ставіцца да гэтай тэхнікі», — звярнуў увагу кіраўнік Беларусі.


Прэзідэнт даручыў ў бліжэйшыя гады вырашыць праблему збору і перапрацоўкі смецця

На выставе камунальнай тэхнікі Прэзідэнт азнаёміўся з унікальнымі узорамі. Машыны Аляксандр Лукашэнка пахваліў, але падкрэсліў: галоўнае — усё павінна выкарыстоўвацца.

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ў бліжэйшыя два-тры гады вырашыць праблему збору бытавога смецця і перапрацоўкі.

«Гэта бязладдзе, што мы вывозім на звалкі, закопваем, ствараем горы наўкол. Вось гэта адзін з кірункаў, якім трэба займацца. Па-першае, гэта рэнтабельна, а па-другое, мы экалогію падцягваем, ачышчаем краіну. І потым — гэта ж працоўныя месцы, і гэта сыравіна для прамысловасці. Швейцарыя багатая, па 80–90 працэнтаў перапрацоўвае асобных відаў адходаў. А мы да 50% падысці не можам. Таму давядзецца гэту вышыню браць штурмам», — абураны Аляксандр Лукашэнка.


Летась кожны пяты зварот грамадзян у Адміністрацыю Прэзідэнта тычыўся незадаволенасці працай камунальных службаў

Ён папрасіў не забываць, што асноўным крытэрыем эфектыўнасці працы сістэмы ЖКГ з’яўляецца ацэнка якасці аказваемых паслуг спажыўцом, звычайным чалавекам. І пакуль ў адрас галіны чутна крытыка, супакойвацца рана.

Прычым Прэзідэнту даводзіцца часта чуць, як начальнікі пачынаюць адмахвацца ад гэтай крытыкі. Сапраўды, ёсць адзінкі «прафесійных» скаржнікаў.

«Адмахвацца ні ад каго не трэба. Там, дзе можна дапамагчы людзям, трэба дапамагчы», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

У 2019 годзе кожны пяты зварот грамадзян, які паступіў ў Адміністрацыю Прэзідэнта, тычыўся незадаволенасці працай камунальных службаў. Сёлета тэндэнцыя, на жаль, захоўваецца. Часцей за ўсё скардзяцца на якасць капітальнага і бягучага рамонту.

«І мы спакойна на гэта глядзім. Будаўнікі і іншыя робяць не проста няякасна — так, нібыта наўмысна. Ну калі ты вырашыў адрамантаваць дах, дык зрабі так, каб на галаву не цякла вада і каб людзі ў кватэрах тазікі не падстаўлялі ў дождж», — абураны кіраўнік дзяржавы.

Атрымлівае ён і скаргі на неналежнае ўтрыманне пад’ездаў — што здзіўляе, бо брудны пад’езд — гэта перш за ўсё праблема саміх жыхароў.

«Старшыня выканкама павінен мець у сябе людзей, якія будуць бачыць, будуць рамантаваць. Гэта павінна быць сфера адказнасці мясцовых органаў улады», — перакананы Прэзідэнт.

«Падчас збору подпісаў мы атрымліваем велізарны масіў інфармацыі знізу»

Беларускі лідар адзначыў, што падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты атрымліваецца велізарны масіў інфармацыі аб тым, што адбываецца на хутарах, ў вёсках, гарадах. Сённяшняя нарада была запланавана яшчэ месяц таму.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што калісьці, сустракаючыся з кіраўніком ініцыятыўнай групы, папрасіў, каб працягвалі збор подпісаў, хоць іх была ўжо дастатковая колькасць. «Я тады папрасіў не таму, што нам не хапае подпісаў. Мы атрымліваем велізарны масіў інфармацыі знізу — пра тое, што там адбываецца. Уся яна аналізуецца, і асноўныя пытанні, якія хвалююць людзей, выкрышталізоўваюцца — і на стол Прэзідэнту. Пастаянна да чвэрці ўсіх пытанняў — гэта паслугі ЖКГ і што трэба рабіць з жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Таму месяц назад у плане кантролю за выкананнем маіх даручэнняў была вызначаная гэтая нарада. Гэта рашэнне не учорашняга дня», — растлумачыў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў перадвыбарчы перыяд любая заява, дзеянне, крокі Прэзідэнта цяпер разглядаюцца «альтэрнатыўшчыкамі» пад павелічальным шклом, усюды шукаюць падводныя камяні. «Ніякіх падводных камянёў. Проста нам трэба займацца гэтым пытаннем, вельмі важным, якое хвалюе нашых людзей. Мы і надалей будзем гэтымі пытаннямі займацца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Служба 115 у ЖКГ павінна працаваць як хуткая дапамога»

Людзі крытыкуюць недастатковае добраўпарадкаванне двароў і населеных пунктаў. Шмат нараканняў і на працу нядаўна створанай службы 115. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што яна павінна знаходзіцца не ў ЖКГ, а ў райвыканкаме ці іншай арганізацыі.

«Добрая сістэма, але нараканняў шмат. Я мяркую, нам ва ўрадзе трэба самым сур’ёзным чынам праверыць, як функцыянуе гэта служба. Каб тут не было фармалізму, каб яна працавала, як «хуткая дапамога». Яна павінна трымаць на кантролі ўсе скаргі і звароты», — абазначыў падыходы Аляксандр Лукашэнка.

Праблемы галіны да канца не вырашаны. І сёння, пасля дэталёвага абмеркавання, Прэзідэнт заклікаў знайсці адказы на ўсе наяўныя пытанні.


Прэзідэнт даручыў спрасціць набыццё закінутых сядзіб

Як заўсёды, Прэзідэнт у сваіх працоўных паездках не абмяжоўваецца адной кропкай. Яшчэ з верталёта Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на ход сельгасработ на Віцебшчыне. Ёсць і заўвагі: кіраўнік дзяржавы запатрабаваў звярнуць увагу на якасць нарыхтоўкі кармоў. Заўважыў Прэзідэнт і прыгажосць роднай зямлі.

«Я гляджу на нашы маленькія вёсачкі, хутары, «неперспектыўныя» вёскі, як раней іх называлі, — і бачу, колькі кінутых прысядзібных участкаў, дамоў, і думаю: вось пандэмія падштурхнула ж нас да таго, каб людзі пайшлі ў вёскі і пачалі скупляць гэтыя ўчастачкі», — разважае Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даўно казаў: жывучы ў цэнтры Еўропы, не варта адмаўляцца ад прысядзібных участкаў.

«Хто не хоча займацца, прадаюць за шалёныя грошы. І едуць да нас, у гэтыя вёскі. Я хачу звярнуцца да беларусаў, каб яны не згубілі гэту магчымасць набыць у вёсцы, на аддаленым хутары кавалак зямлі, аднавіць дом ці пабудаваць невялікі, каб на выхадныя прыехаць, старых адвезці на нейкі час з горада», — заклікаў кіраўнік дзяржавы.


Доступ да якаснай пітной вады дадаткова атрымаюць больш за 200 тысяч чалавек

Намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Кухараў далажыў, што ў Беларусі забяспечана выкананне ключавых паказчыкаў развіцця галіны.

«Меры, якія прымаюцца, дазваляюць забяспечыць фарміраванне тарыфаў на паслугі ЖКГ у межах пяцідоларавага калідору. Гэта механізм празрысты і зразумелы для грамадзян. Па ўсіх аказваемых паслугах, за выключэннем падагрэву вады і ацяплення, забяспечана поўная акупнасць плацяжамі насельніцтва. Пакрыццё насельніцтвам выдаткаў па выніках бягучага году прагназуецца на ўзроўні 83,2 працэнта», — паведаміў Прэзідэнту віцэ-прэм’ер.

Забяспечваецца даручэнне Прэзідэнта аб замене да 2021 года 11 300 ліфтаў — сёння іх заменена 8300, да канца года плануецца завяршэнне гэтай работы.

Да 2025 года ўсе карыстальнікі павінны быць забяспечаныя якаснай пітной вадой. У 2016–2018 гадах па Беларусі пабудавана 60 станцый абезжалезвання, летась — 269. Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю яшчэ 275. Доступ да якаснай вады дадаткова атрымаюць больш за дзвесце тысяч беларусаў, пераважна вяскоўцаў. Такім чынам, 94 працэнты карыстальнікаў будуць забяспечаны. А за наступныя пяць гадоў будзе пабудавана яшчэ 900 станцый.

На мясцовых відах паліва ўжо працуе больш за 72 працэнтаў кацельных сістэмы ЖКГ. Сёлета пачата будаўніцтва яшчэ 64 кацельных — у выніку будзе выкарыстоўвацца больш за 52 працэнты мясцовых відаў паліва, праінфармаваў Уладзімір Кухараў.


Лукашэнка: Ніхто нікому не даў права займацца няправеднымі справамі

Пасля нарады Прэзідэнту задавалі розныя пытанні. «Пандэмія, ходзяць вірусы вакол, а ў вас ніякай сацыяльнай дыстанцыі», — пажурыў Аляксандр Лукашэнка. Жыхары адказалі, што не баяцца.

«Што няма хворых? Ваша шчасце, што вы гэта перажылі ў лютым, а губернатар кажа, што яшчэ са студзеня, калі мы нічога не ведалі, Віцебск перахварэў, — дадаў лідар краіны. — Перажывём, не такое перажывалі».

Грамадзяне звярталіся з прыватнымі просьбамі. Маці шасцярых дзяцей, якая расціць іх адна, звярнулася за дапамогай, бо не атрымлівае аліментаў ад мужа з Расіі. «Дзецям трэба дапамагчы, што вы будзеце чакаць нейкіх запытаў. Шасцёра дзяцей, дзякуй богу, што яны ёсць», — даў даручэнне мясцовым уладам дапамагчы без бюракратычных нюансаў Прэзідэнт.

Журналіст МТРК «Мір» пацікавілася ў кіраўніка дзяржавы яго меркаваннем пра падзеі вакол Газпромбанка ў Беларусі.

«Шчыра вам скажу, у нюансы пакуль не пагружаны. У дэталях не ведаю, што там адбываецца. Паколькі гэта эпапея пачалася з учарашняга дня, а я рыхтаваўся сюды ехаць і ў мяне ў галаве была праблема ЖКГ, таму ў дэталі не ўнікаў. Тым больш зараз ідуць аператыўна следчыя мерапрыемствы ў вялікіх аб’ёмах», — праінфармаваў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, ніхто нікому не даў права займацца няправеднымі справамі, у тым ліку гэтаму банку.

«Што тычыцца гэтых усіх альтэрнатыўшчыкаў, я калі ляцеў сюды, прачытаў асноўныя матэрыялы па гэтаму банку і заявы. Што мяне ўразіла: гэты нягоднік, інакш не назаву, кажа: я, маўляў, ні пры чым, да мяне ніхто прэтэнзій не мае, гэта яны там… Слухайце, яны ўсе былі ў яго намеснікамі. Гэта адна хеўра. Мы гэта бачым з 2016-га года, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Больш таго ў нас поўная інфармацыя, што гэта яго задумы, гэта ён стварыў гэтыя структурныя пракладкі накшталт «Прыватлізінгу».

Па словах Прэзідэнта, знайшлі яшчэ чатыры гады таму і замежныя рахункі, маёмасць у Еўропе гэтых падазроных, але замежныя праваахоўнікі інфармацыю прадставілі толькі ў снежні мінулага года.

«Праваахоўныя органы актывізавалі гэтыя дзеянні. Таму і з’явіліся пытанні. Вы яму задайце пытанне, чаму ён пайшоў у Прэзідэнты, калі ў яго рыльца ў пушку. Не лезь туды, бо цябе змачаліць сам народ. Чаму палез? Таму што зразумеў, да яго прыйдуць і надзенуць наручнікі. А у нас жа выгадна займацца палітыкай, каб стаць вязнем сумлення. Але гэта яму не дапаможа», — канстатаваў лідар дзяржавы.

Прэзідэнт сказаў, што хоча, каб гэты прэтэндэнт прайшоў на выбары і сам расказаў беларусам, адкуль у яго маёмасць на Кіпры.

«І я хачу, каб ён трапіў на выбары. Каб ён прыйшоў і расказаў, адкуль ўласнасць на Кіпры, як пры такой «лукашэнкаўскай дыктатуры» ён стварыў гэтую ўласнасць, як ён хабар даваў, дзяліў грошы, чаму замежны банк гэтым займаўся... гэта ўсё трэба распавесці беларусам. І яны няхай потым вызначацца. Але вязнем сумлення мы яго не зробім», — сказаў Прэзідэнт.

Ён заявіў, што па выніках расследавання будзе запрошаны Інтэрпол і замежныя спецыялісты, каб яны прааналізавалі дакументы. «Расіян, амерыканцаў, еўрапейцаў, і аддам ім дакументы. І хай яны зробяць высновы на адпаведнасць дзеянняў праваахоўных органаў нашых законах. І будуць адказваць па законе. Трэба — сядуць. Перад законам усе роўныя», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Вы не думайце, што там з боку Лукашэнкі нейкі накат. Ніякага накату няма. Мне гэта цяпер і не трэба было», — запэўніў беларускі лідар.

Прэзідэнт паставіў свечку ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры

Пасля Прэзідэнт накіраваўся ў Спаса-Еўфрасінеўскі манастыр. Там яго сустракалі ігумення Еўдакія і насельніцы манастыра. Перад тым, як расказаць нагоду і парадак візіту Прэзідэнта ў манастыры, крыху звернемся да  гісторыі гэтага духоўнага комплексу.

У яго ўваходзяць тры храмы: старажытная Спаса-Прэабражэнская царква, уключаная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, Свята-Крыжаўзвіжанскі сабор і Свята-Ефрасінеўская царква. Менавіта ў Спаса-Прэабражэнскім храме 12 стагоддзя (з якога і пачалася гісторыя манастыра) гэтым часам ідзе маштабная рэканструкцыя. Царква, пабудаваная яшчэ пры жыцці заступніцы Беларусі Еўфрасінні, змяшчае ўнікальныя фрэскі 12 стагоддзя. Створаныя пры заснаванні храма, праз часы яны былі схаваны пад рэлігійным жывапісам іншых стагоддзяў. Праз часы старажытныя малюнкі пачалі праяўляцца. Чым не дзіва? Фрэскі больш позніх часоў вырашылі зняць. Распрацавала ўнікальную тэхналогію іх адслаення беларуска-расійскага каманда рэстаўратараў. Для таго, каб азнаёміцца, якім чынам ідуць работы, і завітаў Прэзідэнт.

«У 1835 і 1875 годзе з-за перападу тэмператур алейны жывапіс пачаў адслойвацца і пачалі адкрывацца першапачатковыя фрэскі. Рэстаўратары распрацавалі тэхналогію адслаення масленага жывапісу. Асобна адслаілі верхні слой, вывучылі падрабязна склад верхняга слоя, падабралі растварыцель, каб не пашкодзіць наступны слой», — расказала ігумення манастыра.

Знятыя фрэскі (з-за таго, што няма памяшкання для захавання) зараз знаходзяцца ў карціннай галерэі.

Пра ход рэканструкцыі Прэзідэнту далажыў міністр культуры Юрый Бондар. Ён адзначыў, што пачаўшы працы ў 2015 годзе, зразумелі: амаль нічога нават спецыялісты не ведаюць пра гэту «жамчужыну» старажытнай беларускай архітэктуры. І расказаў пра некаторыя адкрыцці, зробленыя за гэты час.

«Высветлілася, што прывычны аб’ём храма, які дайшоў  да нашых дзён не з’яўляецца такім, — паведаміў Юрый Бондар. — Храм меў паўночную і паўднёвую галерэі. То бок меў абсалютна іншую архітэктуру, чым прадстаўлена зараз. Гэта быў велічны архітэктурны комплекс, пабудаваны ў візантыйскім стылі, пры будаўніцтве якога былі прымененыя ўнікальныя інжынерныя, архітэктурныя рашэнні раней невядомыя ў старажытнай Русі».

Ён звярнуў увагу, што тэхніка рэканструкцыі гэтага храма ўнікальная. Для таго, каб скараціць тэрміны рэстаўрацыі, адначасова праводзяцца археалагічныя раскопкі. Прэзідэнт паразмаўляў і са спецыялістам з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які працаваў у той час каля храма.

Асноўныя работы павінны скончыць у 2024 годзе, і будуць яны прымеркаваны да 900-годдзя абіцелі ў 2025 годзе.

Аляксандр Лукашэнка  таксама запаліў свечу ў Свята-Крыжаўзвіжанскім саборы. Дарэчы, рака, дзе змяшчаюцца рэшткі святой Еўфрасінні, больш за 10 год таму была створана дзякуючы падтрымцы дзяржавы і Прэзідэнта асабіста.


Паводле інфармацыі ўрада, летась выдаткі арганізацый па аказанні жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву зніжаны на 6 працэнтаў (пры заданні 5 працэнтаў), заменена 359 кіламетраў сетак водазабеспячэння (6,2 працэнта ад агульнай іх працягласці), 91,5 кіламетра сетак водаадвядзення (7,4 працэнта), 640,3 кіламетра цеплавых сетак (4,2 працэнта) (пры нарматыве не менш за 3 працэнты); за кошт будаўніцтва 269 станцый абезжалезвання вады забяспечанасць спажыўцоў якаснай пітной вадой склала 93,1 працэнта (пры заданні 92,4 працэнта); узровень выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў павялічаны да 22,6 працэнта (у 2018 годзе — 20 працэнтаў); ва ўсіх раёнах рэспублікі створаны і функцыянуюць адзіныя дыспетчарскія службы з кароткім нумарам 115; службы адзінага заказчыка ў сферы ЖКГ з улікам рэгіянальных асаблівасцяў і эканамічнай мэтазгоднасці створаны ў Брэсце, Баранавічах, Пінску, Наваполацку, Гомелі, Мазыры, Жлобіне, Рэчыцы, Гродне, Барысаве, Маладзечне, Слуцку, Салігорску, Магілёве, Бабруйску;

Разам з тым у населеных пунктах рэспублікі (за выключэннем Гомельскай і Мінскай абласцей) не завершана мадэрнізацыя сістэмы збору і вывазу ЦКА, адсутнічае сістэмная праца па арганізацыі паасобнага збору адходаў, памяншэнні аб'ёмаў (прадухіленні) утварэння цвёрдых камунальных адходаў і іх максімальным выкарыстанні.

Асноўным крытэрыем эфектыўнасці працы сістэмы ЖКГ з'яўляецца ацэнка насельніцтвам якасці аказваемых паслуг. З 26 504 зваротаў грамадзян, якія летась паступілі ў Адміністрацыю Прэзідэнта Беларусі, амаль у 20 працэнтах выказвалася незадаволенасць працай сістэмы камунальнай гаспадаркі. Сёлета гэтая тэндэнцыя захоўваецца.

Насельніцтва часцей за ўсё скардзіцца на якасць капітальнага і бягучага рамонту, неналежнае ўтрыманне месцаў агульнага карыстання жылых дамоў, прыдамавой тэрыторыі, недастатковае добраўпарадкаванне населеных пунктаў.

Асаблівую заклапочанасць выклікае стан спраў у Віцебскай і Гродзенскай абласцях, насельніцтва якіх часцей за іншых скардзіцца на нездавальняючую працу жыллёва-камунальных службаў. Як паказвае аналіз паступаючых зваротаў, пераважная большасць пытанняў, якія называюцца ў іх, адносяцца да кампетэнцыі мясцовых органаў улады. Праблемы, якія ўзнімаюцца грамадзянамі, мясцовыя ўлады, як правіла, тлумачаць пастаянным недафінансаваннем работ. Разам з тым нядобрасумленнае стаўленне да выканання сваіх абавязкаў работнікамі раённых службаў ЖКГ падахвочвае грамадзян пісаць скаргі.

На рэспубліканскай нарадзе, якая адбылася 20 кастрычніка 2017 года, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў вызначыць жыллёва-камунальную сферу прыярытэтам нумар адзін для кіраўнікоў рэгіёнаў. Даручэнні Прэзідэнта па павышэнні эфектыўнасці працы жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны выкладзены ў Дырэктыве №7 ад 4 сакавіка 2019 года. Але ў 2019 годзе з 37 даручэнняў, якія змяшчаюцца ў Дырэктыве, не выканана 11.

Ва ўсіх рэгіёнах па-ранейшаму маюцца рэзервы для павышэння якасці паслуг, якія аказваюцца насельніцтву.

Відавочна, што ў арганізацыі і рэгуляванні працы сістэмы ЖКГ ёсць праблемы ўзаемадзеяння міністэрства і мясцовых органаў улады. Дзейнасць Мінжылкамгаса накіраваная ў асноўным на рэгуляванне галіновых інтарэсаў, а мясцовыя органы ўлады патрабуюць ад прадпрыемстваў ЖКГ развязання рэгіянальных праблем.

Нягледзячы на пэўны станоўчы эфект ад удасканалення структуры ЖКГ, застаецца шэраг пытанняў, урэгуляванне якіх знаходзіцца ў кампетэнцыі ўрада і мясцовых органаў улады.


Каментарый у тэму

Па выніках нарады на пытанні журналістаў адказалі спецыялісты, якія там прысутнічалі.

Уладзімір Кухараў, намеснік старшыні ўрада:

«Сёння быў разгледжаны ход выканання дырэктывы Прэзідэнта № 7 аб працы камунальнай гаспадаркі. Асноўныя кірункі паказалі, што ў цэлым, усе задачы, які ставяцца перад сістэмай выконваюцца. Сістэмных праблем у галіне няма. Разам з тым, тыя асобныя пытанні, якія ўзнікаюць, яны былі абмеркаваны. Прэзідэнтам дадзены канкрэтныя даручэнні па іх выкараненні і прыняцці дадатковых мер. Акрамя таго, сёння Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што кіраўнікі мясцовых органаў улады павінныя поўнасцю адказваць за тыя працэсы, што адбываюцца ў сістэме ЖКГ. Яны павінныя ажыццяўляць кантроль, таму што на сферы завязана практычна ўсё насельніцтва Рэспублікі Беларусь. І мясцовыя органы ўлады павінны не толькі ажыццяўляць кантроль, але і распрацоўваць стратэгію развіцця кожны ў сваім рэгіёне з улікам асаблівасцяў, якія там існуюць».

Андрэй Хмель, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

«Кіраўнік краіны звярнуў асаблівую ўвагу на звароты грамадзян, якія тычацца капітальнага рамонту жылфонду ў краіне. Гэта каля 38–40 працэнтаў усіх зваротаў, таксама на пытанні па добраўпарадкаванні прыдваравых тэрыторый. Асноўны пасыл, які кіраўнік дзяржавы даводзіў да прадпрыемстваў ЖКГ, — уважлівыя адносіны да людзей і іх праблем. Для таго, каб іх паспяхова вырашаць, кіраўнік краіны дае больш уласных паўнамоцтваў для вырашэння пытанняў ЖКГ на месцах. Шмат удзялілі ўвагі простым спадзяванням грамадзян, канкрэтна — гэта праграма «Чыстая вада». І мы сёння працягнем гэту працу і ў будучай пяцігодцы яна будзе ўзмоцнена».

Варвара МАРОЗАВА

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў. 

У свеце

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

Уся Літва трапіла ў «чорную» зону заражэння каранавірусам. 

Грамадства

Страшнае слова «генацыд»

Страшнае слова «генацыд»

Для тых, хто прысвойвае сабе права быць «выключнымі», гэта рана ці позна становіцца катастрофай у маштабах народа.