Вы тут

Як Гарадскі сад «зайшоў» брастаўчанам


Як запатрабаваны ў брастаўчан адзін з самых зялёных аб'ектаў 1000-годдзя

Калі гадоў пяць таму ўпершыню актыўна загаварылі пра гістарычны Гарадскі сад, нават калі прайшлі першыя суботнікі па расчыстцы зараснікаў хмызняку, не вельмі і верылася, што старадаўні парк будзе адноўлены. Пра яго даўно і надзейна забывалася не адно пакаленне. Прыкрыты з боку вуліцы Леніна вялікай мемарыяльнай кампазіцыяй «Вартавым мяжы» зарослы лапік зямлі па дарозе ў крэпасць не асабліва і мазоліў вочы. Дзікі куточак прыроды ў самым цэнтры горада асобныя гараджане прызвычаілі, напрыклад, для смажання шашлыкоў. Пра гэта расказала жыхарка аднаго з суседніх дамоў.


Ад Казённага саду да нашых дзён

На жаль, тусаваліся ў гэтым месцы не толькі культурныя кампаніі, як і на ўсялякай пустцы. А раней... сад быў улюбёным месцам адпачынку гараджан. Тут квітнелі бэз і акацыя, ружы, півоні. Сустракаліся нават экзатычныя віды раслін. Летам заўжды было шмат музыкі, працавалі кафэ, летнія сцэны, буфеты. А перад Першай сусветнай вайной у 1914 годзе ў драўляным тэатры саду іграў Сяргей Рахманінаў.

На ўваходнай браме значыцца год заснавання Гарадскога саду — 1835-ы. Менавіта ў 30-я гады ХІХ стагоддзя па імператарскім указе сталі ўзводзіць крэпасць. Для гэтага прыгожы старажытны Брэст знеслі і зруйнавалі, а крыху далей адбудавалі новы, што на афіцыйнай мове гучала як «перанеслі горад на іншае месца». І, відаць, каб крыху дагадзіць не задаволеным перасяленнем жыхарам, заклалі для іх месца адпачынку — Казённы сад. Так ён спачатку называўся. Пазней ён будзе мяняць назвы на парк Шапавалава, парк Свабоды і ўрэшце стане Гарадскім садам. А Шапавалаў — купец, які прабіў першую свідравіну і здабыў чыстую ваду на гэтай тэрыторыі. Дарэчы, у 1940 годзе сад закрылі для наведванняў, бо ён стаў санітарна-ахоўнай зонай гарадскога водазабора, тут размяшчаліся артэзіянскія свідравіны.

Ну а потым, у пасляваенныя пяцігодкі, пра сад забыліся, ён здзічэў і згубіўся ў гарадской прасторы. Ды знайшліся знаўцы гісторыі, энтузіясты, што абудзілі грамадскую думку ў ХХІ стагоддзі. Вырашальнай у гэтай сітуацыі стала падтрымка старшыні гарвыканкама Аляксандра РАГАЧУКА, які загарэўся ідэяй старадаўні парк адрадзіць. І хоць гэты аб'ект не ўвайшоў у пералік пазіцый па праграме святкавання тысячагоддзя, якія атрымалі фінансаванне з рэспубліканскага бюджэту, горад знайшоў сілы і сродкі добраўпарадкаваць Гарадскі сад. Яго ўрачыста адкрылі ў год святкавання юбілею Брэста.

Сузіранне, роздум, стасункі з прыродай

Канцэпцыю аднаўлення і праект распрацавала ААТ «Брэстжылпраект». Яшчэ на стадыі праектавання дырэктар названай арганізацыі, кіраўнік аўтарскага калектыву Таццяна МАРОЗ расказвала, як яны карпатліва вывучалі гісторыю саду, колькі цікавых звестак знайшлі ў розных крыніцах. Паводле яе слоў, стваральнікі канцэпцыі ставілі задачу захаваць філасофію архітэктараў-папярэднікаў. У аснову яе пакладзеныя паважлівыя адносіны як да прыроды, так і да наведвальнікаў, тых, хто прыйдзе ў гэты парк. Сад задуманы зонай ціхага адпачынку без шумных забаўляльных мерапрыемстваў і адпаведных аб'ектаў. Да гэтага ж абавязвае і памяць. Ёсць звесткі, што менавіта тут пахаваныя ахвяры вайны 1812 года, а таксама Першай і Другой сусветных войнаў. Таму спецыялісты накрэслілі абноўлены сад як месца сузірання, спакойнага роздуму, стасункаў з прыродай.

І вось што мы маем. У парку пракладзены сцежкі-алеі, сюды перамясціліся старыя ліхтары. У цэнтры, на насыпе, устаноўлены камень-валун. Гэты 20-тонны гмах знайшлі на дне аднаго з вадаёмаў паўднёвай часткі горада. Галоўны архітэктар Брэста Мікалай УЛАСЮК сказаў, што вобраз кургана з валуном навеяны менавіта старадаўнімі капішчамі. Адно з іх было паблізу. Арнаментальную кампазіцыю, якой апаясаны камень, прапанавалі брэсцкія кавалі, яны і зрабілі «пояс» на матыў знакамітых яек Фабержэ. Забягаючы крыху наперад, скажу, што падчас устаноўкі імянных лавак, генеральны дырэктар Брэсцкай гарадской ЖКГ Ігар СІЛЬЧАНКА адзначыў, што на тыльным баку каменя, калі добра прыгледзецца, заўважная выява Божай Маці. Упершыню рабочыя, што ўздымалі камень, звярнулі ўвагу на выяву і расказалі. Прынамсі, над гэтым яшчэ будуць працаваць спецыялісты.

Выхад на бераг ракі

Гарадскі сад будзе развівацца, прырастаць новымі аб'ектамі. Напрыклад, грэх не выкарыстаць факт арганізаванага выхаду да вады. Менавіта галоўная алея выводзіць падарожніка на набярэжную ракі Мухавец, дзе працягваецца актыўнае добраўпарадкаванне. Яшчэ пры першых абмеркаваннях архітэктары прапаноўвалі тут уладкаваць месца для мастакоў, дзе б яны маглі працаваць, прадаваць карціны, рабіць маленькія перасоўныя выстаўкі. Нешта накшталт набярэжнай Сены ў Парыжы, дзе творчыя людзі сядзяць проста на беразе каля вады. А на гэтым тыдні на патэнцыяльным месцы мастакоў сустрэла групу выпускнікоў з чырвонымі стужкамі. Раней так 11-класнікі хадзілі зазвычай 25 мая. Цяпер усё змясцілася, перамянілася па зразумелых прычынах. І нейкі асобны клас выйшаў для фотасесіі на набярэжную. Юнакі і дзяўчаты сядзелі каля вады, смяяліся, жартавалі, пазіравалі акурат насупраць Гарадскога саду, відаць, гэтак жа, як і іх равеснікі сто гадоў таму, бо засталося шмат паштовак, здымкаў саду пачатку ХХ стагоддзя.

Адпачынак на імянных лаўках

Гэтай вясной на адной з алей саду паявіліся першыя імянныя лаўкі. Ідэю падгледзелі ў цэнтральным парку Нью-Ёрка. Там ёсць падараваныя гораду месцы адпачынку. Вось і ў нас па прапанове мэра горада як фізічныя асобы, так і арганізацыі аплацілі кошт лавак. Яны зроблены ў адзіным стылі, а вось на таблічкі кожны аўтар памясціў свой змест. Напрыклад, былы брастаўчанін, кампазітар Эдуард Ханок нагадаў сваю песню. На яго лаўцы напісана: «Как дорог край березовый в малиновой заре». Асобныя фундатары пазначылі толькі сваё імя без прозвішча з добрымі пажаданнямі гараджанам. А наогул па таблічках можна чытаць найноўшую гісторыю горада і меркаваць пра яго насельнікаў. Заўважыла, як маладжавы палкоўнік хадзіў і ўважліва вывучаў надпісы. Можа, вайсковец мае жаданне зрабіць свой унёсак у справу. Гэта можа зрабіць кожны. Варта толькі падумаць над надпісам. Напрыклад, на лаўцы СП «Санта Брэмар» накрэслена: «Мала знайсці сваё месца ў жыцці, трэба заняць яго першым», што і прадэманстравала кампанія за апошнія тры дзесяцігоддзі. «Быць дабру!» — настойвае Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод. Хто б сумняваўся ў сказаным, толькі не тыя адпачывальнікі, якіх па выпраўцы можна было прыняць за ваенных пенсіянераў. Яны нешта разглядвалі на каленях ў таго, хто сядзеў у цэнтры, а калі мы праходзілі побач, прыкрылі газетай. Не, мы нічога не падумалі... прынамсі, гэта мог быць планшэт ці ноўтбук, можа, людзі нешта абмяркоўваюць.

А праходзілі мы разам з былой калегай Ларысай Ахрамук. Яны з мужам зараз на пенсіі і з задавальненнем гуляюць у Гарадскім садзе:

— Для нас гэты куток, як і набярэжная, месцы рэлаксу. І калі на беразе ракі цяпер мнагавата людзей, асабліва побач з дзіцячымі пляцоўкамі, спартыўнымі трэнажорамі, тут жа заўсёды нешматлюдна. У час пандэміі — самае лепшае месца для прагулак.

Маладая маці Аксана Валынчук, якая гуляла з дачкой Арынай і расказала пра шашлыкі яе школьнага юнацтва, заўважыла:

— Для адпачынку з малым дзіцем ідэальнае месца, птушачкі спяваюць, паветра чыстае. Тут мая дачка пару месяцаў таму першыя свае крокі зрабіла.

Яшчэ адна маці з дзвюма дачушкамі выказала занепакоенасць, што каля сметніц збіраюцца гурбы, менш сталі прыбіраць. Апошняе невыпадкова. У сувязі з цяперашняй эканамічнай сітуацыяй горад скарэктаваў выдаткі на асобныя галіны. Больш цяпер ідзе на медыцыну, менш на ЖКГ. Дворнікі працуюць няпоўны рабочы тыдзень. Вось і з прыборкай не заўсёды паспяваюць. Добрая нагода, дарэчы, самім гараджанам перагледзець стаўленне да асяродку. Але ж такія цяжкасці, трэба спадзявацца, часовыя. Далейшае развіццё парку — справа гадоў, а можа, і дзесяцігоддзяў. Галоўнае, што новы аб'ект патрэбны людзям як месца адпачынку і гораду як кавалачак зялёнай зоны ў цэнтры.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя Караля

Загаловак у газеце: Сад ціхага адпачынку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».