Нядаўна патэлефанавала сяброўка дзяцiнства.
— Я ў роспачы, — пачала Галiна без прадмовы. — Восенню пасадзiла на лецiшчы сем маладых туй. Адно дрэўца абышлося амаль у 60 рублёў. А калi прыехала вясной на дачу, то жахнулася — усе саджанцы выкапаныя. Праўда, я здагадваюся, хто мог гэта зрабiць, але, як кажуць, не злоўлены — не злодзей.
Непадалёку ад дачнага кааператыва, дзе займела ўчастак жанчына, жыве Iван — яе стрыечны брат. Некалькi гадоў адседзеў за кратамi, пасля вызвалення нiдзе не працаваў, жыў на пенсiю мацi. Летась старая памерла. Вялiкаўзроставага лайдака падкормлiвалi вяскоўцы, ды i Галiна час ад часу прывозiла яму ежу. Але ж да закускi патрэбна яшчэ i выпiўка, а купiць няма за што. Вось i рызыкнуў абкрасцi блiзкую сваячку. Калi моцна прыцiснуў мужчыну, як кажуць, да плота муж сяброўкi, ён прызнаўся... Ды што з таго: не будзеш заяўляць у мiлiцыю на злодзея, як-нiяк — радня.
Але не толькi дачнiкаў абкрадаюць. Пад покрывам ночы наведваюцца аматары чужой маёмасцi i ў невялiкiя населеныя пункты, дзе жывуць у асноўным пажылыя. У маёй роднай вёсцы памерла кабета, а дом завяшчала сваёй пляменнiцы, якая зрэдку наведвалася на малую радзiму. Дык вось, за зiму з хаты зладзеi вынеслi ўсе падушкi, коўдры, посуд. I нават разабралi на бярвеннi хляўчук, дзе захоўвалася розная непатрэбшчына. Вылiчыць, хто гэта зрабiў, не склала нiякай цяжкасцi. Калi што прапала з дома, агарода, то адназначна падазрэнне падала на Воўку. Сядзiць на шыi ў бацькоў, працаваць не хоча, а кульнуць чарку любiць. Пашыбавала да лайдака i мая зямлячка, маўляў, прызнавайся, а то ўчастковага выклiчу. I тут залямантавала мацi, не трэба мiлiцыi, мы табе за ўсё сплацiм.
А нядаўна супрацоўнiкi крымiнальнага вышуку Барысаўскага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў затрымалi двух братоў, падазраваных у серыi крадзяжоў з прыватных уладанняў. Дзесяць разоў яны хадзiлi на справу. У перыяд з лютага да красавiка 2020 года мужчыны, якiя раней траплялi ў поле зроку праваахоўных органаў, зрывалi з дзвярэй дачных дамоў i гаспадарчых пабудоў замкi, выстаўлялi шыбiны ў вокнах i траплялi ўнутр. Адтуль яны выносiлi прадукты харчавання, адзенне, пасцельную бялiзну, бытавую
тэхнiку.
Сапраўды, на лецiшчах, у вёсках зламыснiкi крадуць усё, што трапляе пад руку: розны хатнi i садовы iнструмент, маладыя дрэўцы, кусты, хатнiя нарыхтоўкi, бытавыя прыборы i нават здзiраюць электраправодку. Кантынгент такiх «чысцiльшчыкаў» вядомы: асацыяльныя элементы, што злоўжываюць спiртным, якiя, як правiла, не маюць работы i сродкаў да iснавання.
Найбольш часта крадзяжы на дачах здзяйсняюцца са снежня да красавiка: гаспадары адсутнiчаюць на сваiх садовых участках. Менавiта да такiх высноў прыйшла пракуратура Мiнскай вобласцi пасля аналiзу работы суб'ектаў прафiлактыкi па папярэджаннi крадзяжоў маёмасцi з дачных кааператываў.
— За чатыры месяцы гэтага года ў домаўладаннях садовых таварыстваў Мiншчыны здзейснены 141 крадзеж, гэта на 22,5 % менш, чым за адпаведны перыяд мiнулага года, — адзначае першы намеснiк пракурора Мiнскай вобласцi Барыс Пятроўскi.
Напрыклад, у Валожынскiм раёне такiх выпадкаў зарэгiстравана тры супраць сямi летась. I гэта пры тым, што тут налiчваецца 85 садовых масiваў. На змяншэнне колькасцi крадзяжоў паўплываў комплекс мер. Гэта i работа праваахоўных органаў, i ўкараненне тэхнiчных сродкаў аховы, i асцярожнасць самiх уладальнiкаў маёмасцi. Марыя Iванаўна, дачнiца са стажам, пажартавала, што гэтаму пасадзейнiчала пандэмiя каранавiруса, калi патэнцыяльныя зладзеi сядзяць дома. Аднак жанчына трымае на дачы аўчарку. Пасля заканчэння сезона ездзiць кармiць вернага вартаўнiка праз дзень i восенню, i зiмой. Сабака — найлепшы сродак аховы, лiчыць яна.
Некаторыя грамадзяне спрабуюць баранiць сваю ўласнасць рознымi шумавымi, светлавымi сродкамi. Але, як правiла, зламыснiкi хутка разумеюць, што гэта проста эфектная пустышка. На думку спецыялiстаў, вельмi дзейсна, калi восенню дачнiкi складаюць спiс дзяжурных i па чарзе «народнай дружынай» патрулююць тэрыторыю кругласутачна.
Разам з тым матэрыялы крымiнальных спраў сведчаць пра тое, што адной з умоў крадзяжоў з прыватных домаўладанняў з'яўляецца асабiстая бяспечнасць самiх гаспадароў. Як адзначыў Барыс Пятроўскi, на тэрыторыi дачных кааператываў цэнтральнага рэгiёна, дзе ёсць вартавая ахова i ўведзена сiстэма вiдэаназiрання ў выглядзе фотапастак, здзейснена 14 крадзяжоў — усяго 10 % ад колькасцi такiх злачынстваў. Практычна адсутнiчаюць крадзяжы з дамоў, якiя знаходзяцца на абслугоўваннi Дэпартамента аховы Мiнiстэрства ўнутраных спраў.
Аналагiчныя меры аховы раiць пракуратура i сельскагаспадарчым арганiзацыям Мiншчыны, дзе са снежня да красавiка 2020 года выяўлена 37 крадзяжоў, што менш чым за леташнi перыяд на 48,7 %. Напрыклад, у Нясвiжскiм раёне два механiзатары працавалi на энерганасычаных трактарах. Тэхнiку ведалi дасканала i, нягледзячы на ўстаноўленыя датчыкi GPS, скралi больш як 200 лiтраў дызельнага палiва кожны.
Усяго ж на аб'ектах аграпрамысловага комплексу Мiнскай вобласцi, якiя забяспечаны вартавой аховай, здзейснена 17 крадзяжоў. Там, дзе функцыянуе сiстэма вiдэаназiрання, зафiксавана дзевяць выпадкаў. У тым лiку тры факты раскрыты з дапамогай фотапастак.
Па вынiках манiторынгу пракурор Мiнскай вобласцi Сяргей Хмарук накiраваў у Мiнаблвыканкам iнфармацыйную запiску з канкрэтнымi прапановамi па папярэджаннi крадзяжоў. У прыватнасцi, разгледзець пытанне аб эксперыменце з дапамогай абсталявання сiстэмамi вiдэаназiрання тэрыторый: перыметру, пад'язных шляхоў, прасёлкавых дарог некалькiх садовых таварыстваў, дзе найбольш часта здзяйсняюцца крадзяжы маёмасцi. А камiтэту па сельскай гаспадарцы i харчаваннi разам з падначаленымi тэрытарыяльнымi структурамi i органамi ўнутраных спраў рэкамендавана правесцi манiторынг па тэхнiчным умацаваннi вытворчых аб'ектаў. Па вынiках абследавання прапанаваць кiраўнiкам суб'ектаў гаспадарання забяспечыць службы аховы вiдэакамерамi, фотапасткамi ў большай колькасцi.
Некалькi парад дачнiкам:
- Калi вы злавiлi злодзея на сваёй дачы, не займайцеся самасудам. Ён можа падаць сустрэчны iск, i вы акажацеся на лаўцы падсудных. Пастарайцеся яго затрымаць i выклiчце мiлiцыю.
- Пастаўце надзейныя запоры на варотах, высокую агароджу. Любы бар'ер на шляху зламыснiкаў можа захаваць вашу маёмасць.
- Калi пасля сезона ад'язджаеце ў горад, забярыце з сабой усё каштоўнае.
- Наймiце добрага вартаўнiка за ўмераную плату. Арганiзуйце з членаў дачнага кааператыва брыгаду «хуткага рэагавання», якая будзе ахоўваць вулiцы ў вячэрнi час ад няпрошаных гасцей.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!