Вы тут

На што скардзяцца жыхары Гомельшчыны?


Больш як тры дзясяткi зваротаў ад жыхароў Гомельскай вобласцi паступiла на прамую тэлефонную лiнiю старшынi аблвыканкама Генадзя Салаўя. Праблемныя пытаннi, на якiя звярнулi ўвагу абаненты, цяпер на кантролi губернатара.


Фота БЕЛТА.

Чатыры звароты датычылiся водазабеспячэння. Жыхарка аграгарадка Камунар Буда-Кашалёўскага раёна паскардзiлася, што пэўны час у населеным пункце не працавала помпа, не было вады. Праблему, здаецца, вырашылi, але з крана пайшла вада з пяском. Паскорыць ачыстку калодзежаў прасiла пенсiянерка з вёскi Рудзянец гэтага ж раёна. Пытанне водазабеспячэння ўзнялi таксама вяскоўцы з Брагiншчыны.

Звярнулiся на прамую лiнiю i жыхары Гомельскага раёна.

Свой зварот пакiнула шматдзетная сям'я, якая пражывае ў аграгарадку Урыцкае. Яны атрымалi кватэру ў пасёлку Бальшавiк, але не маюць сродкаў нi на рамонт, нi на куплю неабходнай мэблi.

Жыхарка аграгарадка Чырвонае паскардзiлася, што сусед незаконна адабраў у яе 1,5 метра ўчастка, цяпер ёй складана карыстацца асабiстым транспартам, вароты дрэнна адчыняюцца.

Генадзь Салавей даручыў старшынi райвыканкама разгледзець i вырашыць усе пытаннi, якiя ўзнялi жыхары раёна.

З вёскi Вуглы, што на Брагiншчыне, гаспадыня паскардзiлася на мясцовых жанчын, якiя перагарадзiлi праход па вулiцы i не даюць выганяць кароў да пашы. У вёсцы iх усяго на падворках засталося дзесяць. Паша ў канцы адной з вулiц. Цяпер вадзiць жывёлу даводзiцца ў абход.

— Асабiста ў нас чатыры каровы. Быў сход па гэтым пытаннi, але ж мы ў меншасцi, — звярнула ўвагу на прамой лiнii жанчына. Губернатар падкрэслiў: зварот без увагi не застанецца.

Жыхарка Камарына пацiкавiлася, як маладой сям'i вырашыць кватэрнае пытанне. У новым доме жылплошчу атрымалi грамадзяне, чыё жыллё раней было прызнана аварыйным. Яе ж сям'я цяпер 87-я ў чарзе на будаўнiцтва. Генадзь Салавей адзначыў, што дэталёва разбярэцца ў сiтуацыi, якая склалася.

Некалькi зваротаў да губернатара ад жыхароў Гомеля датычылiся стану дарог i правядзення будаўнiчых работ у абласным цэнтры.

Гамяльчанiн, якiя пражывае па вулiцы Пакроўскай, расказаў, што пасля забудовы 104-га мiкрараёна iх прыватны сектар ператварыўся ў «аўтамагiстраль»:

— Наша вулiца стала транзiтнай, але няма нi тратуараў, нi разметкi.

На яго думку, вырашыць праблему можна арганiзацыяй аднабаковага праезду па некаторых вулiцах i ўстаноўкай святлафора. Губернатар даў даручэнне кiраўнiцтву Гомельскага гарвыканкама разгледзець варыянты карэкцiроўкi транспартнага руху.

Яшчэ адну гамяльчанку турбавала будоўля дома на скрыжаваннi праспекта Кастрычнiка i Студэнцкага праезда. Перагароджаны праезд праз двор да трох дамоў, няма схемы часовага руху. Да таго ж, будоўля iдзе круглыя суткi, а шум перашкаджае спакою жыхароў навакольных дамоў. Губернатар узяў гэтае пытанне на асабiсты кантроль.

Пасля прамой лiнii старшыня камiтэта па архiтэктуры i будаўнiцтве аблвыканкама Дзмiтрый Гайкевіч растлумачыў, што з 11 чэрвеня будаўнiкi перайшлi з трохзменнага на двухзменны рэжым работы. Часовую схему аб'езду пададуць ва ўсе экстранныя службы: хуткую дапамогу, мiлiцыю, МНС i iншыя. Акрамя таго, пасля завяршэння будаўнiцтва дома дваровая тэрыторыя будзе добраўпарадкавана — высадзяць дрэвы i абсталююць дзiцячую пляцоўку.

На недахопы правядзення капiтальнага рамонту дома па вулiцы Тэльмана паскардзіўся жыхар Гомеля. Па яго словах, капрамонт пачалi ў лютым:

— Больш як тыдзень мянялi трубы ў санвузлах, больш трох тыдняў дом быў без гарачай вады. Многа падрадчыкаў, пастаянныя нестыкоўкi. Некалькi гадоў таму за ўласныя грошы жыхары пафарбавалi пад'езд. Падчас рамонту будаўнiкi сапсавалi пафарбаваныя сцены, аднаўляць не збiраюцца. Пашкоджаны ўваходныя дзверы ў пад'езд i тамбур, — пералiчыў прычыны свайго незадавальнення гамяльчанiн.

Пытанне якасцi капiтальнага рамонту дома агучылi таксама жыхары шматпавярховiка па вулiцы Маiсеенкi.

Жыхар Акцябрскага раёна патэлефанаваў, каб вырашыць праблему з атрыманнем участка для будаўнiцтва дома, вядзення асабiстай дапаможнай гаспадаркi. Казаў, што з выдзяленнем зямлi на вёсцы ў яго ўзнiклi складанасцi.

— Чалавек хоча будавацца на вёсцы, i пытанне трэба вырашыць, — паставiў задачу перад кiраўнiком раёна старшыня аблвыканкама.

Увогуле ў дачыненнi да кожнага са зваротаў Генадзь Салавей адзначыў, што ў аблвыканкаме агучаныя жыхарамi рэгiёна пытаннi i праблемы дэталёва разгледзяць i прапануюць канкрэтнае iх вырашэнне.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Водазабеспячэнне, добраўпарадкаванне i правядзенне капiтальных рамонтаў...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».