Вы тут

Прэзідэнт: Мы сёння можам ганарыцца дасягненнямі Гродзеншчыны


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння наведвае з працоўным візітам горад Гродна. На парадку дня — сустрэча з актывам рэгіёна і наведванне кампаніі «Гродна Азот».


Пяць гадоў таму, на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх і замежных СМІ, кіраўнік дзяржавы казаў пра гэты горад: «Я вельмі люблю Гродна. Я менш ведаў гэты горад, але ён для мяне цудоўны, асабліва ў апошнія гады яго да розуму давялі».

Аб'яднанне «Гродна Азот» уваходзіць у склад канцэрна «Белнафтахім». Яно мае дзве вытворчыя пляцоўкі: ААТ «Гродна Азот» і філіял «Завод Хімвалакно». Таксама у структуры кампаніі маюцца чатыры ўнітарныя прадпрыемствы, у свой час выведзеныя на аўтсорсінг. Агульная колькасць супрацоўнікаў складае больш за 7500.

На пляцоўцы «Азот» вырабляюць мінеральныя ўгнаенні, хімічныя злучэнні і дызельнае паліва. Асноўная прадукцыя філіяла «Завод Хімвалакно»: паліамідная і паліэфірная ніткі, кардонныя і тэхнічныя тканіны, палімерныя кампазіцыйныя матэрыялы. 

Сёння прадукцыя прадпрыемства пастаўляецца ў 35 краін свету. 

Сёлета на прадпрыемстве плануюць завяршыць тры інвестыцыйныя праекты: рэканструкцыю паветрараздзяляльных установак цэха метанолу, пабудову ўстаноўкі па вытворчасці новага віду прадукцыі і вузла фасоўкі карбаміда ў біг-бэгі. 

Акрамя таго, завяршаецца мадэрнізацыя дзеючай вытворчасці пластычных мас, тэхнічных нітак і тканін.

У 2018 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падчас нарады аб перспектывах развіцця ААТ «Гродна Азот» даручыў Гродзенскаму абласному выканаўчаму камітэту і іншым зацікаўленым арганізацыям забяспечыць рэалізацыю праекта будаўніцтва новага азотнага комплексу ў ААТ «Гродна Азот» з паралельнай мадэрнізацыяй існуючых магутнасцяў з улікам эканамічнай мэтазгоднасці.

Будаўніцтва азотнага комплексу ў ААТ «Гродна Азот» дазволіць цалкам задаволіць патрэбы ўнутранага рынку Беларусі ў карбаміду (узровень спажывання 800 тыс. тон да 2025 года) і разам з тым забяспечыць сталую прысутнасць на знешніх рынках. Рэалізацыю дадатковых аб'ёмаў карбаміду плануецца ажыццяўляць на экспарт ва Украіну, Польшчу, рынкі Заходняй Еўропы, Афрыкі, Паўночнай і Лацінскай Амерыкі, Азіі.

У жніўні мінулага года Прэзідэнт Беларусі наведаў Іўеўскі раён Гродзеншчыны. Мэта паездкі была — надаць імпульс развіццю ўсходняй частцы рэгіёна. Тады кіраўнік дзяржавы наведваў аддаленыя раёны ў кожнай вобласці краіны.

У самім Гродна Аляксандр Лукашэнка быў апошні раз восенню 2018 года. Ён тады азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным і горадабудаўнічым развіццём абласнога цэнтра, сустрэўся з прадстаўнікамі адоранай і таленавітай моладзі з ліку студэнтаў мясцовых ВНУ.

«Гродзеншчына была і застаецца на лідзіруючых пазіцыях»

Падчас сустрэчы з актывам вобласці Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён упэўнены, што тут даволі зручнае месца для жыцця. Парадак і чысціню ствараюць самі людзі, якія шчыра любяць свой край. І гэта можа назваць візітоўкай Гродзеншчыны і яе жыхароў. Разам з тым зразумела, што дабрабыту і дастатку можна дабіцца толькі сумленнай працай, і багацце не прыходзіць «знянацку». У адваротным выпадку такое багацце не прынясе карысці ні чалавеку, ні дзяржаве.

Працягваючы тэму развіцця рэгіёна, прэзідэнт падкрэсліў, што Гродзеншчына была і застаецца на лідзіруючых пазіцыях. 

«Асаблівы гонар рэгіёна — сельская гаспадарка, — зазначыў Прэзідэнт. — Вобласць трывала займае першае месца ў рэспубліцы па тэмпах вытворчасці сельгаспрадукцыі, ураджайнасці зерневых. Не падводзіць і прамысловасць, тут, нягледзячы на складаную сітуацыю з каранавірусам, удалося захаваць леташнія аб’ёмы».

Але такая сітуацыя была не заўсёды. 

«Быў час, калі палова гродзенцаў ездзіла з баўламі ў Польшчу, а другая палова атрымлівала жабрацкую зарплату на паўразваленых прадпрыемствах. Але, на шчасце, мы тады прынялі неабходныя меры і сёння можам ганарыцца дасягненнямі Гродзеншчыны», — заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за 25 год аб’ём прамысловай вытворчасці вырас у 4 разы, экспарт тавараў амаль у 5 разоў. За дзве апошнія пяцігодкі сярэдняя зарплата па вобласці павялічылася амаль удвая. У вобласці забяспечанасць жыллём — адна з самых высокіх у рэспубліцы. 

«З 1995 года амаль 115 тысяч сем’яў (у тым ліку 10 тысяч шматдзетных) палепшылі свае жыллёвыя ўмовы», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Трэба будаваць тое, што будзе прыносіць прыбытак»

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, за час незалежнасці ў рэгіёне рэалізаваны буйныя інвестыцыйныя праекты. У тым ліку ў сферы вытворчасці мінеральных угнаенняў, хімічнай, харчовай прамысловасці, дрэваапрацоўкі. Разам з тым па вобласці не ўсе прэзідэнцкія даручэнні выкананы. Прэзідэнт перакананы — трэба вызначыцца з асноўнымі аб’ектамі, якія будуць будавацца ў будучай пяцігодцы.

У краіне будуць надаваць увагу развіццю значных рэгіянальных праектаў, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «У іх ліку інтэрнаты для студэнтаў, бальніца пад анкалагічны цэнтр, якая будуецца сумесна з Кувейтам, дарожныя развязкі, каб ніхто не заязджаў транзітам у Гродна, а рухаліся вакол горада. У бліжэйшы час мы гэтыя праекты рэалізуем», — сказаў ён.

Прэзідэнт лічыць, што важна звярнуць увагу на энергетычныя праекты, будаваць новую вытворчасць менавіта на мясцовых відах паліва, асабліва ў невялікіх раёнах вобласці. Для Гродзенскай вобласці гэты напрамак важны ў Воранаўскім, Зэльвенскім, Свіслацкім раёнах.

«Трэба будаваць тое, што будзе прыносіць прыбытак. І з гэтага трэба зыходзіць. Тое, што ідзе у тым ліку на экспарт. Менавіта на гэта трэба зрабіць акцэнт».

Падчас нарады Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб важнасці будаўніцтва новага азотнага комплекса. Ён паведаміў, што ў Гродне павінна быць прынятае канчатковае рашэнне аб месцы для яго будаўніцтва.

«Мы ад «бязвізу» атрымалі нармальныя грошы»

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з актывам Гродзенскай вобласці звярнуў увагу на развіццё бязвізавай тэрыторыі «Брэст-Гродна»

Па словах Прэзідэнта, вобласць атрымала магутны імпульс з увядзеннем бязвізавага рэжыму. За перыяд дзеяння рэгіён наведала каля 300 тысяч турыстаў без уліку расіян. Таму варта і надалей паклапаціцца аб турыстычнай прывабнасці і развіцці інфраструктуры на бязвізавай тэрыторыі «Брэст-Гродна».

«Дарэчы, мы ў свой час свядома пайшлі на ўвядзенне «бязвізу». Мы разумелі, што нам гэта выгадна. Мы ад гэтага атрымалі нармальныя грошы».

Што датычыць Гродзенскай вобласці, тут перапляліся розныя культурныя, нацыянальныя, рэлігійныя традыцыі, якія дэманструюць высокую ступень талерантнасці і ўзаемаразуменне паміж людзьмі. Таму невыпадкова менавіта Гродна стаў месцам правядзення Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

«Калі я гляджу на гэты фестываль — шматкультурны, рознагалосы — радуюся за гродзенцаў. Гэта сапраўднае культурнае дасягненне, якое можна паставіць на ўзровень са Славянскім базарам. За гэта нас і паважаюць ва ўсім свеце».

БелАЭС — самы маштабны праект у гісторыі краіны

У бліжэйшы час у нас запрацуе БелАЭС. Як зазначыў Прэзідэнт, значэнне гэтага праекта для забеспячэння энергетычнай бяспекі і у цэлым эканомікі каласальнае.

Па словах Прэзідэнта, хуткім часе павінна запрацаваць атамная станцыя ў Астраўцы — самы маштабны праект у гісторыі краіны. «Яго значэнне для забеспячэння энергетычнай бяспекі, ды і ў цэлым эканомікі нашай краіны, проста каласальнае», — сказаў Лукашэнка.

«Мы заўсёды ішлі насустрач просьбам кіраўніцтва рэгіёну, калі трэба было дзесьці дапамагчы, дадаць рэсурсаў, таму што ведалі: кожны ўкладзены рубель патрапіць на добрую глебу. Развіццё сеткі дарог, інфраструктурных праектаў, у тым ліку ў сацыяльнай сферы, падтрымка рэстаўрацыі і аднаўлення знакавых у сусветным маштабе культурных аб’ектаў — пра ўсё гэта вы добра ведаеце», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым запуск БелАЭС патрабуе свежых і перспектыўных рашэнняў па выкарыстанні лішкаў энэргіі. І гэта будзе агульным пытаннем Гродзенскага аблвыканкама і ўрада, адзначыў Прэзідэнт.

Прымаючы рашэнне аб будаўніцтве атамнай станцыі, беларускі лідар зыходзіў з таго, што «гэта вельмі высокія тэхналогіі», «прарыў у будучыню».

Па словах Прэзідэнта, калі Беларусь хоча валодаць высокімі тэхналогіямі, мець экалагічны электрычны транспарт, варта ісці гэтым шляхам.

«Што тычыцца электраэнергіі. Я іх называю «альтэрнатыўшчыкі» (ідуць ва ўладу) — яны прапануюць АЭС зачыніць, 10 мільярдаў ў Еўропы узяць і аддаць Расіі. Я кажу: горш не прыдумаеш», — сказаў Прэзідэнт.

«Ваша жыццё ў вашых руках. Бяспека таксама»

Аляксандр Лукашэнка пасля нарады прыехаў на «Гродна Азот», дзе яму далажылі пра стан спраў і выкананне яго даручэнняў па развіцці прадпрыемства. Заслухоўваючы інфармацыю пра мадэрнізацыю прадпрыемства і новыя вытворчасці, кіраўнік дзяржавы цікавіўся, ці ёсць попыт на прадукцыю, якая на іх вырабляецца, колькі каштуе рэалізацыя інвестыцыйных праектаў і колькі часу на гэта патрабуецца.

На заканчэнне візіту адбылася гутарка з супрацоўнікамі аб’яднання.

Гутарачы з работнікамі «Гродна Азот», Аляксандр Лукашэнка спытаў, ці чакаюць ад яго адказу наконт пабудовы новага азотнага комплексу ў Гродна. Кіраўніцтва прадпрыемства ўпэўненае ў гэтым, заўважыў Прэзідэнт, але сам ён лічыць, што трэба параіцца з людзьмі, бо другі варыянт — будаваць у Віцебскай вобласці. Менавіта таму выбар беларускага лідара пры наведванні рэгіёна прыпаў на «Гродна Азот», патлумачыў ён.

Вяртаючыся да тэмы каранавіруса, ён выказаў упэўненасць у тым, што Беларусь абрала правільны шлях барацьбы з эпідэміяй.

«Той, хто ізаляваў народ, атрымаў другую хвалю», — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што і ў нас не ўсё ідэальна, але факты сведчаць, што сітуацыя наладжваецца. У Гродне таксама людзі хварэюць, ёсць і цяжкія выпадкі, але выпісваецца з бальніц ужо больш, чым трапляе туды.

Прэзідэнт станоўча адазваўся ў адрас беларускіх урачоў, якія, як і урачы ўсяго свету, не ведаючы асаблівасцяў гэтай хваробы, не маючы ад яе лекаў, знайшлі спосабы, якія дапамаглі прадухіліць перагрузку сістэмы аховы здароўя і тым самым выратаваць многія жыцці.

Аляксандр Лукашэнка параіў добра сачыць за сваім здароўем і займацца спортам.

Тарыфы на электраэнэргію для гараджан-дачнікаў будуць выгаднымі

Работнікі завода пацікавіліся, ці змогуць гараджане-дачнікі разлічваць пасля ўводу АЭС у эксплуатацыю на тое, што з’явіцца дзяржпраграма па электрыфікацыі садовых таварыстваў, каб з цягам часу была магчымасць пабудаваць там загараднае жыллё. Гэта можа стаць добрай падмогай для тых, хто мяркуе ўладкавацца там на працяглы перыяд, а не толькі на лета.

Аляксандр Лукашэнка лічыць гэта пытанне вельмі актуальным.

«Калі быў у Полацку, пачаў там размову са спецыялістамі ЖКГ з таго, што ў пандэміі ёсць станоўчы фактар. Стала відавочна, што такое вёска. Калі ў кагосьці ёсць дача, там могуць і бацькі жыць і дзяцей туды можна адвезці, бо на вёсках адзінкі хварэюць. Таму я за тое, каб больш скіроўваліся на вёску».

Прэзідэнт паведаміў, што напрыканцы года мяркуецца прыняць рашэнне, каб старыя дамы людзям аддаць альбо прадаць нядорага. Гэта павінна заахвоціць людзей набываць дамы на хутарах ці неперспектыўных вёсках. Дзяржава будзе падтрымліваць такіх аматараў. Таксама будзе актыўна праводзіцца пераход на спажыванне электрычнай энэргіі.

«У мінулым годзе мы атрымалі ад насельніцтва 12 тысяч адпаведных заявак, але рэалізаваць змаглі частку, бо не хапае магутнасці сетак… Таму стаіць задача забяспечыць у будучым годзе абсталяваннем. Зробім тарыфы больш таннымі».

Выбары — выбарамі, але галоўнае — уборка

Вытворцы мінеральных угнаенняў пацікавіліся, ці не перашкодзіць выбарчая кампанія уборачнай.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, сёлятняя пасяўная прайшла своечасова. «Мы добра правялі пасяўную, своечасова пасеялі, і надвор’е спрыяе ураджаю, вільгаці хапае. Яшчэ крыху вытрымаць у такім рэжыме — і мы будзем з хлебам, і не толькі з хлебам. Значна пашырылі пасевы важных для нас культур — і бульбы больш, і грачыхі. Мы поўнасцю сябе забяспечым. Выбары — не выбары, галоўнае для нас зараз, на што я накіроўваю усіх сваіх падначаленых — гэта ўборка. Пандэмія, выбары — яны скончацца, а есці нам заўсёды хочацца», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, якія былі праблемы з харчаваннем ў 1990-х: ежу раздавалі па талонах. «Не дай Бог зноў вярнуцца да гэтага. Мы да гэтага ўжо ніколі і не вернемся. Таму што ўсё, што трэба для людзей, мы сёння вырабляем па прымальных цэнах», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

У той жа час лідар краіны лічыць, што ўзровень заработнай платы ў краіне павінен быць вышэйшы. «Будзем імкнуцца, каб у будучай пяцігодцы ў два разы павялічылася зарплата. І выбары правядзём, не хвалюйцеся. І хлеб убяром, і бульбу. Галоўнае, каб мы краіну не згубілі. Важна захаваць сваю зямлю для сябе і для нашых дзяцей», — яшчэ раз заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».