Вы тут

Кароткі нумар дабрыні


Больш за 120 чалавек з дыягназам СМА — спінальная мышцавая атрафія — жывуць у нашай краіне. Для дзяцей, якія маюць патрэбу ў лячэнні, упершыню у Беларусі з’явілася магчымасць увесці прэпарат “Спінраза” без выезду за мяжу. Але й на гэта патрэбныя немалыя грошы.


У рэдакцыю звярнулася Таццяна Каспяровіч, мама хлопчыка Улада. Мяркуецца, ён будзе першым у Беларусі, каму ўвядуць прэпарат па месцы жыхарства. Дакладней — у Рэспубліканскім цэнтры спадчынных нервова-мышцавых захворванняў. І тады з’явіцца надзея на выздараўленне. Толькі ж прэпарат вельмі дарагі: адна ампула — 75 тысяч еўра. У Ізраілі, піша Таццяна, каштуе ампула і ўвогуле 120 000 еўра. Дзякуючы перамовам, што правялі спецыялісты Мінздрава Беларусі ды амерыканскай кампаніі “Биоген”, магчымы такі вось, больш танны варыянт. А разам кошт чатырох загрузных уколаў для Улада Каспяровіча складзе 300 000 еўра.

На 9 чэрвеня, калі просьба аб дапамозе прыйшла ў рэдакцыю, сабрана было каля 215 000 еўра. “Засталося сабраць 85 тысяч да 20 чэрвеня: бо ўвоз прэпарата запланаваны на канец месяца, — піша з надзеяй Таццяна Каспяровіч. — Гэта велізарная сума, і такі кароткі перыяд. Я прашу вас аказаць інфармацыйную падтрымку. Дапамажыце! Вы — наша надзея”.

Сям’я Каспяровічаў, якая змагаецца за жыццё сына, вельмі спадзяецца, што ўсё атрымаецца: “Бо нездарма ж кажуць, што дома й сцены дапамагаюць. Мы верым у нашых лекараў, у іх веды й досвед. Беларускія медыкі ў многіх напрамках не пабаяліся рызыкнуць і быць першымі. Першымі — і паспяховымі. Вельмі спадзяемся, што і ў нашым выпадку зоркі стануць так, што хлопчык будзе жывы, здаровы й шчаслівы. Мы — першыя, і нам вельмі патрэбная падтрымка, у тым ліку інфармацыйная. І чым больш людзей даведаюцца пра магчымасць такога лячэння ў нашай краіне — тым больш дзяцей атрымаюць шанец на выратаванне. А кошт лячэння, хоць і зніжаны — непад’ёмная сума для нашай сям’і. Таму былі мы вымушаныя адкрыць дабрачынныя рахункі, прасіць дапамогі ў неабыякавых людзей. Мы бязмерна ўдзячныя ўсім, хто адгукнуўся, хто не прайшоў міма нашай бяды. Мы верым, што яшчэ ўдасца ўтрымаць сыночка ў гэтым жыцці”.

Мы адрасуем сардэчную мацярынскую просьбу нашым чытачам па ўсім свеце. Вядома ж, падобныя звароты ў рэдакцыйнай пошце — не рэдкасць. А гэтая канкрэтная сітуацыя (упершыню прэпарат увозіцца ў Беларусь) набліжае надзею на выздараўленне, хоць і вельмі дарагую, для больш чым сотні людзей. Да якіх роднаснымі, сваяцкімі сувязямі далучаны тысячы. І вельмі хочацца верыць, што такі, па сутнасці, эксперымент будзе мець станоўчы вынік. Што потым айчынныя спецыялісты (юрысты, медыкі, генетыкі, высокія чыноўнікі — не ведаю хто яшчэ) супольна змогуць зрабіць даступнай такую дапамогу ў Беларусі для тых, хто мае ў ёй патрэбу. Бо даступнасць па сённяшняй цане — гэта хутчэй толькі прывідная надзея. Пра такое кажуць: блізка відаць — але ж дзе грошы ўзяць?

Можна зразумець бацькоў, якія гатовы ўсё аддаць у імя жыцця. І каранавірусная сітуацыя ў свеце, вядома ж, карэктуе нашу свядомасць. Мы міжволі пачынаем больш цаніць імгненні зямнога жыцця. Часцей задумваемся пра тое, што пры любым “раскладзе”, пры самым моцным здароўі жыццё — не вечнае. А тое імгненне, калі ты некаму нечым дапамог — а й нават уратаваў яго жыццё! — быць можа ці не самым светлым і ўзвышаным перад тварам Вечнасці.

Таццяна Каспяровіч падказвае такія хуткія спосабы дапамогі:

Беларуская рэспубліканская дабрачынная лінія 8 902 211 77 77. Званок з гарадскога тэлефона можна зрабіць кругласутачна (3 рублі).

Можна зрабіць і USSD запыт з мабільнага тэлефона на кароткі нумар *222*18# (даступны толькі для абанентаў МТС, кошт USSD запыту 2 рублі. Для пацверджання правядзення аперацыі неабходна адправіць лічбу 1.

Трымайся, Улад! Змагайся, Улад! І перамагай!

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».