Вы тут

Святочныя прывітанні ад краіны-партызанкі


У пару, калі адзначалася 75-годдзе Вялікай Перамогі, беларускія дыпламаты падключыліся да прэзентацыі віртуальнай выставы “Партызаны Беларусі” ў Малдове, Узбекістане ды Украіне


Уладзімір Вайцяховіч і Амбасадар Анатоль Калінін

Магчыма, нашыя чытачы ўжо ведаюць пра вялікі інтэрнэт-праект partіzany.by, які паспяхова рэалізуюць нашы калегі з Выдавецкага дома “Беларусь сегодня”. І ў нашых планах — расказаць больш падрабязна, як ён ствараецца. Прэзентацыю праекта напярэдадні Дня Перамогі ў мінскім Доме прэсы рабіў яго кіраўнік Іван Сінічкін, намеснік галоўнага рэдактара ВД “Беларусь сегодня”. Казаў, што цяпер штодзень на партал загружаюцца новыя дакументы, баявыя гісторыі партызан. Рыхтуючы гэтыя нататкі, я зноў сустрэўся з цёзкам. Ён удакладніў: ужо створана больш за 85 тысяч персанальных электронных картак. І ўсё гэта дзякуючы інтэрнэту даступна па ўсім свеце кожнаму, хто пажадае. У базе дадзеных лёгка знайсці весткі пра сваіх сваякоў, землякоў, якія ў пару Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічалі ў партызанскай барацьбе. Можна даведацца й новыя цікавыя факты пра партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі.

Знаёмячыся з матэрыяламі партала, я звярнуў увагу на тэкст нашай тэматыкі — аповед пра тое, што прэзентацыя віртуальнай выставы “Партызаны Беларусі” прайшла ў замежных краінах з удзелам беларускіх дыпламатаў. Скажам, у Дзень Вялікай Перамогі з ёй знаёмілі ветэранаў-беларусаў, якія жывуць у Кішынёве. “Акцыя стала магчымай дзякуючы садзеянню беларускіх дыпламатаў у Малдове й знайшла ў гледачоў жывы водгук”, — адзначае журналістка. Ветэраны, вядома ж, падтрымліваюць такія намаганні па ўвекавечанні памяці мужных змагароў з фашызмам. А на здымках, прадастаўленых Амбасадай Беларусі ў Малдове, бачым вядомага ветэрана-беларуса Уладзіміра Вайцяховіча. Помніцца, наша газета раней пісала пра яго ды створаны ім пры доме музей у тэксце “Музей пад вінаграднымі лозамі”. А ў часе аднаго з візітаў Прэзідэнта Беларусі ў Малдову якраз Уладзіміру Віктаравічу ад актывістаў беларускай дыяспары выпаў высокі гонар: уручыць на памяць Аляксандру Лукашэнку карціну мастака-беларуса з Кішынёва Вячаслава Ігнаценкі. У часе ж святочнага прагляду віртуальнай выставы “Партызаны Беларусі” ветэран дзяліўся сваімі пачуццямі ды ўспамінамі: “Я пазнаю некаторых з гэтых хлопцаў!”

Мы пісалі ўжо, са слоў Вячаслава Ігнаценкі, што Уладзіміру Віктаравічу 10 мая споўнілася 96 гадоў. Ён — удзельнік трох памятных парадаў Перамогі: у Дэбрэцэне ў 1945‑м і ў тым жа годзе ў Маскве, а таксама ў Маскве ў 2015‑м. У часе знаёмства з выставай патрыярх-беларус з Кішынёва казаў: “На франтах мы праявілі вялікую мужнасць, але не меншую мужнасць праявілі партызаны ды ўсе тыя, хто працаваў у тыле. У кожнай беларускай сям’і былі такія самаадданыя людзі. Беларусы зрабілі ў Перамогу такі вялікі ўнёсак! Практычна кожная сям’я ўдзельнічала ў партызанскім руху. І кожная сям’я ў Беларусі панесла страты… Кожны трэці беларус аддаў сваё жыццё за тое, каб выратаваць не толькі сваю сям’ю, але і ўсё чалавецтва”. Былі побач з ветэранам у той дзень актывісты беларускай дыяспары, Амбасадар Беларусі ў Малдове Анатоль Калінін, які нагадаў: “У нашых лясных краях і стары, і малы ўсталі на абарону сваёй Айчыны, і Беларусь ператварылася ў партызанскі край. Мы памятаем і ганарымся пакаленнем пераможцаў, якія сталі ўвасабленнем Вялікай Перамогі. Хто ваяваў на перадавой, ваяваў у партызанскіх атрадах і вёў падпольную барацьбу, каваў Перамогу на фабрыках і заводах у тыле. Усяго ў гады Вялікай Айчыннай вайны 448 прадстаўнікоў беларускага народа былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза”.

Актывісты беларускіх суполак Малдовы таксама былі на сустрэчы з 96-гадовым ветэранам

У згаданай публікацыі калег ёсць падказка, што відэапрэзентацыя выставы “Партызаны Беларусі” ёсць на сайце беларускай дыпмісіі ва Украіне. Можна пабачыць унікальныя архіўныя фатаграфіі баявых дзеянняў, аповеды пра людскія лёсы, а таксама ўзнагародныя лісты некалькіх дзясяткаў з многіх тысяч мужных украінцаў, якія зрабілі важкі ўнёсак у вызваленне Беларусі. Амбасадар Беларусі ва Украіне Ігар Сокал, разважаючы над матэрыяламі выставы, адзначыў: “Партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі меў агульнанародны характар, гэта была беларуская армія ў лясах. Таму праект “Партызаны Беларусі” мае каласальнае значэнне для ўшанавання памяці пра ўсіх тых, хто гераічна ваяваў у партызанскіх і падпольных атрадах на беларускай зямлі — у імя агульнай Перамогі”.

Гарачыя водгукі мела выстава і ва Узбекістане: беларуская Амбасада шырока прадставіла яе на сваіх інфармацыйных рэсурсах. Амбасадар Беларусі ва Узбекістане Леанід Марыніч адзначыў, прадстаўляючы выставу, што ў хроніка-дакументальным праекце знайшлі адлюстраванне гераічныя подзвігі таксама й сыноў, дачок узбекскага народа, якія плячо ў плячо з беларусамі ды прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў кавалі Перамогу на франтах вайны: “На акупаванай захопнікамі беларускай зямлі разгарнулася жорсткая барацьба з ворагам у партызанскіх атрадах і ў падполлі. Партызанскі рух стаў унікальным прыкладам народнага супраціву, мужнасці ды самаахвярнасці”.

Адзначым яшчэ раз: выстава “Партызаны Беларусі” падрыхтаваная на аснове матэрыялаў інтэрнэт-праекта partіzany.by. А гэта — плён сумесных намаганняў супрацоўнікаў Выдавецкага дома “Беларусь сегодня” ды Нацыянальнага архіва Беларусі. Варта нагадаць: у 2019‑м запушчана была электронная інтэрактыўная база партызанскага й падпольнага руху. Магчыма, вашыя бацькі, дзяды, прадзеды не паспелі, не змаглі, не знайшлі зручнага часу, каб расказаць пра тую гераічную пару, калі былі яны партызанамі. Калі ўся Беларусь стала краінай-партызанкай. Нашчадкі ж цяпер па драбнічках ствараюць велічную мазаіку партызанскага руху ў Беларусі. На сайце выкладваюцца ўнікальныя архіўныя дакументы, узнагародныя лісты, баявыя характарыстыкі, апісанні баёў і бітваў партызан, біяграфіі камбрыгаў.

Іван Іванаў

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».