Вы тут

Без болю і папроку. Як сучасныя тэхналогіі дапамагаюць пазбавіцца ад зубных праблем


Сёння ў Беларусі ёсць амаль усе сучасныя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў свеце для лячэння і пратэзавання зубоў. А беларускія стаматолагі асвоілі новыя метады і абсталяванне. Застаецца перасіліць свой страх (часам беспадстаўны, бо нават выдаліць зуб сёння можна зусім без болю) і звярнуцца да ўрача. Як сёння робяць разрэзы з дапамогай лазерных апаратаў ды ўльтрагукавых нажоў, як умацоўваюць дзясну ствалавымі клеткамі? Чым небяспечныя хваробы перыядонту, чаму яго трэба трэніраваць? Чаму нават простыя эстэтычныя працэдуры робяць толькі пад наглядам доктара? Пра гэта і іншае нам расказаў галоўны пазаштатны стаматолаг Міністэрства аховы здароўя, галоўны ўрач Рэспубліканскай клінічнай стаматалагічнай паліклінікі Андрэй Мацвееў.


Засцерагчы пацыентаў ад небяспекі

У пачатку красавіка Міністэрства аховы здароўя адпаведным загадам адмяніла аказанне планавай стаматалагічнай дапамогі, пакінуўшы толькі экстранную. А ў першай палове мая ўсе стаматалагічныя аддзяленні і паліклінікі краіны паэтапна аднавілі сваю дзейнасць. Цяпер зубы зноў можна адбельваць, лячыць, выдаляць і ставіць імпланты.

— У красавіку мы не рэкамендавалі праводзіць планавае лячэнне і пратэзаванне, каб засцерагчы ад небяспекі ў першую чаргу нашых пацыентаў, — каментуе Андрэй Мацвееў. — Цяпер пры належных мерах бяспекі, найперш масачным рэжыме, індывідуальнай ахове, можна праводзіць стаматалагічнае лячэнне.

На ўваходзе ва ўсіх стаматалагічных установах праводзіцца тэрмаметрыя. Калі пацыент не мае скаргаў на рэспіраторныя сімптомы, то можна ісці на прыём да ўрача. Калі тэмпература павышаная — 37,2— 37,5 градуса, у пацыента высвятляюць яе прычыну.

— Ёсць два варыянты. Тэмпература можа быць звязана з вострым стаматалагічным захворваннем — перыястытам (папросту флюсам з характэрным апуханнем дзясны і моцным болем, — «Зв.»). Тут неабходная стаматалагічная дапамога. Пацыент праз асобны ўваход накіроўваецца ў хірургічны кабінет, і доктар у сродках аховы павышанага дзеяння — аднаразовы касцюм, маска, шчыток — аказвае стаматалагічную дапамогу, — расказвае Андрэй Мацвееў.

Дарэчы, такое размежаванне пацыентаў і забеспячэнне медыкаў усімі ахоўнымі сродкамі арганізавана ва ўсіх стаматалагічных аддзяленнях краіны. Калі ж аб'ектыўнай карціны вострага стаматалагічнага захворвання ў пацыента з павышанай тэмпературай няма, то яго накіроўваюць у тэрытарыяльную паліклініку па месцы жыхарства.

Пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй пры неабходнасці таксама аказваецца стаматалагічная дапамога. Урач-стаматолаг уключаецца ў склад выязной брыгады і такім чынам наведвае пацыента, або хворага адвозяць у стацыянар, дзе ёсць стаматалагічны кабінет.

— Ва ўсіх рэгіёнах гэта арганізавана па-свойму, але ў любым выпадку пацыенты з COVІD-19 атрымліваюць стаматалагічную дапамогу. Сістэма створана, і хворыя не аказваюцца за бортам, — падкрэслівае суразмоўца.

Ён адзначае, што многія і самі сёння стараюцца пазбягаць неабавязковых кантактаў, адкладваюць паход да ўрача да больш спрыяльных часоў, таму і аб'ём аказання стаматалагічнай дапамогі зменшыўся.

Лазер, ультрагук і ствалавыя клеткі

Сёння стаматолагі маюць самыя сучасныя тэхналогіі і абсталяванне, якія нельга было ўявіць сабе яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў і нават гадоў таму.

— Калі казаць аб параданталогіі, то гэта, напрыклад, прымяненне апарата Vector. Ён выкарыстоўваецца пры захворваннях перыядонту (запаленчыя хваробы тканак, якія акружаюць зуб, суправаджаюцца кроватачывасцю і запаленнем дзясны. — «Зв.»). Гэтыя захворванні могуць прыводзіць да рэцэсіі дзясны і нават страты зубоў. Раней такім пацыентам прапаноўвалася ў асноўным хірургічнае лячэнне. Vector дазваляе аддзяліць корань зуба ад слізістай, беражліва пазбавіцца ад бактэрый, цвёрдага і мяккага налёту, палепшыць кровазабеспячэнне. Таксама апарат выкарыстоўваецца для ўльтрагукавой паліроўкі і чысткі зубоў, — расказвае суразмоўца.

Цяпер у стаматалогіі шырокае прымяненне атрымалі лазерныя тэхналогіі.

— Раней лазер імкнуліся выкарыстоўваць на цвёрдых тканках зуба, але гэты кірунак не атрымаў шырокага развіцця. Цяпер мы працуем гелій-неонавым лазерам (у нашай клініцы два такія апараты), які дазваляе правесці хірургічнае лячэнне, у прыватнасці, зрабіць менш траўматычны разрэз. Ці прыпячы слізістую, каб зняць запаленне пры розных захворваннях. Выкарыстанне лазера спрыяе хутчэйшаму зажыўленню як пры хірургічным лячэнні, так і пры запаленчых рэакцыях. Нават пры банальным герпесе пасля апраменьвання лазерам два-тры разы напалову скарачаецца час лячэння, — тлумачыць стаматолаг.

Пры імплантацыі істотна аблягчае працу хірурга фізіядыспенсер. Ён прымяняецца пры ўстаноўцы імплантаў, аператыўных умяшаннях. Напрыклад, пры фарміраванні ложа пад імплант апарат выкарыстоўваецца для ахалоджвання і асептыкі, што значна паскарае работу ўрача і выклікае менш ускладненняў у пацыента.

Сучасныя тэхналогіі зрабілі бязбольнымі нават такія працэдуры, як выдаленне зубоў. Сёння гэта робіцца з дапамогай ультрагуку.

— Ультрагукавыя нажы дазваляюць рэзаць як мяккія, так і цвёрдыя тканкі. Асабліва актуальнае такое абсталяванне пры выдаленні восьмых зубоў: гэта складаная працэдура і для ўрача, і для пацыента, бо часта гэтыя зубы рудыментарныя, са скрыўленымі каранямі, іх выдаленне можа быць траўматычным. Дзякуючы ўльтрагукавому хірургічнаму нажу ў пацыентаў значна менш ускладненняў, раны зажываюць хутчэй, ды і хірургу лягчэй працаваць, — расказвае Андрэй Мацвееў.

Сёння выкарыстоўваецца ў стаматалогіі нават лячэнне ствалавымі клеткамі. Навуковы праект кафедры артапедычнай стаматалогіі і артадантыі з курсам дзіцячай стаматалогіі БелМАПА пад кіраўніцтвам Сяргея Рубніковіча і Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН паказаў добрыя вынікі. Ствалавыя клеткі атрымліваюць з тлушчавай тканкі пацыента. А затым, змяшаўшы з калагенавым гелем, уводзяць біяматэрыял у дзясну.

Тэхналогія прымяняецца пры рэзорбцыі — разыходжанні і растварэнні — коснай тканкі. У такіх выпадках зубы страчваюць «падмурак», пачынаюць расхіствацца, што ўрэшце прыводзіць да іх выпадзення. Хвароба перыядонту сёння маладзее, яна сустракаецца нават ў 15-16-гадовых падлеткаў. Гэта звязана як са спадчыннасцю, так і з характарам нашага харчавання, рацыёнам і нагрузкамі, якія мы даём нашым зубам.

— Чаму лічыцца, што ў нашых прадзедаў зубы былі мацнейшыя? Бо яны ўжывалі шмат цвёрдай ежы. Сёння наш рацыён часта складаецца з мяккіх прадуктаў. У выніку перыядонт не атрымлівае нагрузкі і не трэніруецца, — заўважае Андрэй Мацвееў. — Лячэнне мезенхімальнымі ствалавымі клеткамі прыпыняе рэзорбцыю касцявой тканкі, здымае запаленне слізістай, умацоўвае яе і прадухіляе далейшае развіццё хваробы. У некаторых выпадках магчыма нават аднавіць касцявую тканку, але гэта дастаткова марудны працэс. Нядаўна ў нас была пацыентка з Гомеля — маладая жанчына, якая прайшла курсы традыцыйнага лячэння, але вынікаў не атрымала. Мы яе накіравалі на кафедру для лячэння ствалавымі клеткамі — мяркуем, што хваробу ўдасца спыніць.

Андрэй Мацвееў кажа, што сёння няма праблем з даступнасцю стаматалагічнага лячэння нават у невялікіх населеных пунктах. А ў самых складаных выпадках пацыент можа быць накіраваны ў Мінск.

— Я некалі спецыяльна падлічваў: у нашай краіне самае вялікае «плячо» даезду да стаматолага складае каля 30-40 кіламетраў. Цягам сутак пры неабходнасці можна атрымаць дапамогу. Калі пацыенту не могуць дапамагчы на раённым узроўні, ён накіроўваецца на наступны — абласны. Калі і там складанасці — на рэспубліканскі, у нашу паліклініку. Літаральна ўчора ў нас быў запыт з Гомельскай вобласці. Пацыент, а на сёння ён студэнт універсітэта, лечыцца з чатырох гадоў. Касцявая тканка расце, шкілет мяняецца, па ўзросце яму робяць аперацыі. Цяпер неабходна завяршыць артадантычнае лячэнне з прымяненнем хірургічнага ўмяшання. Яму будзе разрэзана ніжняя сківіца і з дапамогай дыстракцыйных апаратаў выцягнута наперад, што надасць функцыянальнасць і эстэтычны выгляд. Такія ўмяшанні робяцца ў буйных клініках — Мінскай абласной бальніцы, 11-й бальніцы, 4-й дзіцячай. Пацыент накіраваны ў Мінск і, нягледзячы на тое што ён ужо дарослы, яго лячэнне завершыць доктар, які займаўся ім з чатырохгадовага ўзросту, — расказвае суразмоўца.

Дарэчы, на базе Рэспубліканскай стаматалагічнай паліклінікі працуюць восем кафедраў стаматалагічнага факультэта БДМУ, іх прафесарска-выкладчыцкі склад кансультуе ў самых няпростых выпадках. Трапіць да спецыялістаў паліклінікі можна і без накіравання — на платнай аснове.

— У нас, на жаль, сустракаюцца пацыенты з такім захворваннем, як першасная поўная адэнтыя. Гэта маленькія дзеці, якія нараджаюцца без зубных зачаткаў. Іх няшмат — да аднаго-двух дзясяткаў у краіне. Дацэнты кафедры дзіцячай стаматалогіі займаюцца пратэзаваннем такіх пацыентаў: пачынаюць з 4-6 гадоў і вядуць іх да 18-20 гадоў. Спачатку вырабляюцца цалкам здымныя пратэзы, а калі заканчвацца фарміраванне тваравага шкілета, такому пацыенту праводзяць імплантацыю, каб на пастаяннай аснове замацаваць зубы.

Адбельваць зубы — толькі ў медустановах

Касметалагічныя паслугі застаюцца запатрабаваныя, хоць і такіх пацыентаў стала цяпер крыху менш. Па-ранейшаму адна з самых папулярных працэдур — адбельванне зубоў. Андрэй Мацвееў папярэджвае, што яно не такое бясшкоднае, як можа здавацца, і заклікае рабіць яе толькі ў прафесіяналаў.

— Адбельванне зубоў абумоўлена модай: дваццаць гадоў таму ніхто не казаў, што трэба мець белыя зубы, — усе хацелі мець здаровыя зубы. Калі пацыент ідзе на адбельванне ў структуры, якія не маюць ліцэнзій на медыцынскую дзейнасць, у такіх выпадках ён бярэ адказнасць на сябе. Нягледзячы на тое, што ў сучасных матэрыялах могуць адсутнічаць кіслоты і некаторыя іншыя шкодныя рэчывы, усё роўна яны ўплываюць на эмаль зуба. Калі ў вас прыродны колер эмалі А3 ці А2,5, то змяніць яе на два тоны і зрабіць белай, як аркуш паперы, проста так не атрымаецца. Трэба штосьці адтуль прыбраць і штосьці дадаць. Эмаль, нягледзячы на дастатковую цвёрдасць, не вытрымлівае ўздзеяння агрэсіўных прэпаратаў. Яна робіцца порыстая, у яе трапляюць харчовыя фарбавальнікі, і адбельванне становіцца працэдурай, на якую пацыент «падсаджваецца». Акрамя таго, змяненне структуры эмалі вядзе да развіцця карыесу, які, адпаведна, запускае пульпіт і парадантыт. Таму адбельванне можна рабіць толькі ў медыцынскіх установах пад кантролем доктара.

Алена Кравец

Фота Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Культура

Акцёр РТБД — пра прызванне, ахвяры дзеля ролі і місію тэатра

Акцёр РТБД — пра прызванне, ахвяры дзеля ролі і місію тэатра

«Я разумеў, які цяжкі матэрыял трэба будзе ўвасобіць на сцэне».

Гараскоп на тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам лепш не прымаць паспешлівых рашэнняў.

Спорт

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

«Галоўная задача „Беларусь 5“ — паказваць беларускаму гледачу беларускі спорт».