Вы тут

Чароўныя яблыкі з рымскага саду


Нягледзячы на каранцінныя меры бяспекі ў сувязі з каранавірусам, прадпрынятыя ў Рыме, там актыўна рэалізуюць свае таленты юныя прадстаўнікі беларускай дыяспары


Адзін з конкурсных малюнкаў Эдгара Дэльіначэнці

Пра тое, што юныя беларусы Рыма паспяхова ўдзельнічаюць у розных конкурсах, нам у чарговы раз напісала настаўніца, ураджэнка горада Оршы Ніна Пашчанка. Яна ўзначальвае ў італьянскай сталіцы Культурна-адукацыйны цэнтр “Францыск Скарына” ды заахвочвае да творчасці сваіх выхаванцаў. З яе апошніх допісаў мы даведаліся, што Вера Гетманчанка стала лаўрэаткай другога Міжнароднага конкурсу слоўнай творчасці для рускагаворачых дзяцей, што жывуць у замежжы, “Фабрика слов — 2020”. А падаваў Скарынаўскі цэнтр на конкурс сем работ.

З матэрыялаў аргкамітэту вынікае, што на конкурснае заданне (напісаць казку ці апавяданне са словамі “Пеця” і “яблык”) адгукнулася больш за 500 дзяцей з 40 краін. (Спасылку на ўмовы й вынікі конкурсу глядзіце тут: https://www.sіtes.google.com/sіte/ fabrіkaslovparіs/). І хоць усіх іх арганізатары называюць “юными соотечественниками”, ды, як бачым, і беларусы замежжа ў конкурсе паспяховыя. З дасланых 524‑х казак і апавяданняў журы выбрала 47 лепшых работ. Іх аўтары й занялі прызавыя месцы ў розных катэгорыях. Твор Веры Гетманчанкі “Волшебные яблочки” заняў 3‑е месца ў намінацыі “лепшае апавяданне” і ўвойдзе ў ІІ зборнік праекта “Фабрика слов”.

Нядаўна сталі вядомыя таксама й вынікі Міжнароднага дзіцячага завочнага конкурсу “Sternchen zu Hause” (з нямецкай: “Зорачкі на доме”). Арганізатары яго павіншавалі Ніну Пашчанку ды яе вучняў — а іх ажно 9! — з паспяховым паказам работ. Тут іх пералік, у дужках — занятыя месцы ў розных катэгорыях і намінацыях: Валерыя Піетрапаолі (2), Нікалетта Траке (3), Эдгар Дэльіначэнці (2), Юры Палееў (3), Эва Бевілакуа (3), Матэа Дэ Грандзіс (1), Эліза Палеева (3), Вера Гетманчанка (3), Аліса Малай (2). Мяркуецца, што свае дыпломы пераможцы атрымаюць ужо ў чэрвені. Віншуем, сябры!

І ў конкурсе “Нясумны каранцін”, які праходзіў у Германіі, юныя “скарынаўцы” з Рыма паўдзельнічалі. Адзначым руплівасць іх старэйшых сяброў — ну клапоцяцца ж пра тое, каб не сядзелі дзеці без справы, развіваліся. Вось і становіцца Культурна-адукацыйны цэнтр “Францыск Скарына” гэткім дзівосным садам, у якім растуць-наліваюцца чароўныя яблычкі дзіцячых талентаў. На конкурс дзеці прадставілі творчыя працы, якія стваралі ў часе ізаляцыі з‑за каранавіруснага каранціну. “Сярод удзельнікаў з еўрапейскіх краін нашы школьнікі паказалі добрыя вынікі, а наша 8‑гадовая Аліса Грасі ўвогуле ўзляцела вельмі высока. Якраз яна й стала пераможцай у літаратурнай намінацыі: 24 балы з 24‑х магчымых!” — піша пра таленавітых выхаванцаў Ніна Пашчанка.

Яшчэ конкурс — і зноў поспех! Матэа Дэ Грандзіс, Ганна Біцці (Пінск) ды Нікалетта Траке, паведамляюць нам, занялі групавое першае месца ў конкурсе эсэ “Калі закончыцца каранцін, мы ўсёй сям’ёй адправімся…”. Праводзіла яго выдавецтва БОМБОРА. Пераможцы ж чакаюць дыпломы ды “Вялікую кнігу Вандраванняў” у падарунак. Дарэчы, Матэа яшчэ паспеў атрымаць і дыплом за свой малюнак, які прадставіў на Міжнародны конкурс “Уся радасць жыцця” — ён праходзіў у горадзе Палестрына, што непадалёк ад Рыма.

Пішучы пра ўсё тое, шкадуе Ніна Пашчанка, што з‑за кананавіруса не змаглі правесці лінейку ў Скарынаўскім цэнтры, прысвечаную заканчэнню навучальнага года. Бо на ёй столькі б добрых слоў, апладысментаў у гонар пераможцаў розных конкурсаў прагучала б! А так — развіталіся ў скайпе да верасня. У тэксце-звароце кіраўніцы цэнтра да вучняў, а таксама педагогаў і бацькоў ёсць пажаданне: каб канікулы сагрэтыя былі цяплом, радасцю адкрыццяў і вясёлых прыгод, сяброўствам ды карыснымі справамі. А яшчэ падзяка вучням за іх працу, дасягненні й перамогі, бацькам — за дапамогу й цярпенне!

І на заканчэнне. Ніна Пашчанка паведаміла, што цяпер яе выхаванцы Эдгар Дэльіначэнці ды Эва Бевілакуа ў творчай супрацы з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур (Беларусь) рыхтуюць праект, прысвечаны Дню незалежнасці Беларусі. “Гледачы пабываюць на віртуальнай выставе малюнкаў нашых таленавітых сямігодак, прысвечаных Беларусі, — раскрывае планы іх апякунка. — Эдгар і Эва раскажуць пра сваё жыццё ў Італіі ды пра тое, што ім падабаецца ў Беларусі: а яны ж прыязджаюць у госці да бабуль і дзядуль. Эдгар з мамай напісалі ўжо верш пра Беларусь, падрыхтавалі “паэтычны” відэасюжэт”. Ніна дадае, што дзіцячыя відэавіншаванні да 9 Мая, падрыхтаваныя ў КАЦ “Францыск Скарына”, размешчаны ў Фэйсбуку Амбасады Беларусі ў Італіі, праглядаў — амаль 800. І новы відэафільм цяпер у працы. Гэта будзе аповед пра 22 чэрвеня 1941 года — страшны дзень, калі на беларускую зямлю ўварвалася вайна. Беларусы ў Італіі ўпэўнены: гэта наша гісторыя, якую мы не павінны забываць!

Іван Іванаў

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».