Вы тут

Мы ў «Згодзе»


Ансамбль інтэрнацыянальнай дружбы “Згода” — візітоўная картка Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур


На свяце “Багач”, якое праходзіла ў Дукоры. 2019 год

На святах артысты “Згоды” выконваюць, як правіла, папуры з урыўкаў песень розных народаў. Спяваюць на рускай, беларускай, татарскай, польскай, латышскай, літоўскай, украінскай і цыганскай мовах. Тым самым выяўляюць згоду між прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў у Беларусі.

На той час, як Аляксандр Свірскі ствараў ансамбль, ён ужо быў вядомы як кіраўнік народнага фальклорнага ансамбля “Вербіца” (працуе пры Палацы культуры Мінскага аўтазавода), у рэпертуары якога як аўтэнтычны фальклор, так і яго сучасныя апрацоўкі, абрадавыя ды лірычныя песні з розных рэгіёнаў Беларусі. Аляксандр сёння кіруе і “Вербіцай”, і “Згодай”. Вядома ж, цяпер клопатаў удвая больш, але ж і радасці ад творчасці — таксама. Да таго ж артысты гуртоў пасябравалі між сабой: тыя, хто ў “Вербіцы” ахвотна спяваюць песні на іншых мовах разам са “згодаўцамі”, а ў “Згодзе” цудоўна пяюць па-беларуску. Вось такі творчы тандэм: разам выступаюць, разам і гастралююць.

У “Згоду” прыходзяць спевакі з іншых творчых калектываў нацыянальна-культурных аб’яднанняў, што дзейнічаюць пры Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур. Бо, кажа Аляксандр Іванавіч, ім цікава прадаўжаць не толькі традыцыі свайго народа, ведаць яго танцы й мову, але й песні іншых народаў. “Вядома ж, у “Згодзе” прадстаўлены далёка не ўсе нацыянальнасці краіны, — гаворыць кіраўнік ансамбля. — Але культуру многіх з іх мы прадстаўляем тым складам, які ёсць: 12 чалавек. Мы можам спяваць песні на розных мовах”. А спасцігаюць мову песні ў працэсе рэпетыцый. Пры тым дапамагаюць адзін аднаму. Татары і башкіры (Эльвіра Ляўшэвіч, Раміля Сітнікава, Лілія Сямёнава, Накія Скакун, Залія Азарава), напрыклад, навучаюць іншых песням на сваёй нацыянальнай мове. Атрымоўваецца няблага! Нават госці з Татарстана здзіўляюцца: як чыста, без акцэнту ў “Згодзе” спяваюць па-татарску. І на цыганскай мове заспявалі, калі ў ансамбль прыйшоў Віктар Андрончык, напалову цыган. Ганна Швец прадстаўляе ў “Згодзе” рускую культуру. Літоўскія ды латышскія песні вучыць спяваць сам Аляксандр Свірскі: ён з “Вербіцай” аб’ехаў уздоўж і ўпоперак Літву й Латвію, шмат ведае пра культуру суседзяў. Беларускую культуру, нароўні з іншымі, прадстаўляюць Вольга Ладуцька, Андрэй Прымака, Дзмітры й Наталля Бубічы. Апошнім часам у “Згодзе” развучваюць песню й на малдаўскай мове.

“Не скажу, што мы ведаем усе тыя мовы, на якіх спяваем, але песні на гэтых мовах ведаем”, — напаўжартам гаворыць Аляксандр Іванавіч. Але на якой бы мове песня ні была, яе мелодыя й без перакладу падказвае, пра што яна. Таму Свірскі лічыць: песня межаў не мае. Яму, як музыку, цікава знайсці нейкія падабенствы ці адрозненні паміж песнямі, танцамі розных народаў. І знаходзіць з кожным разам усё больш падабенстваў, чым адрозненняў. Прыйшоў да высновы: культура сапраўды яднае. Тое заўважна і ў самой “Згодзе”. Івану Журовічу, беларусу, пасуюць розныя нацыянальныя касцюмы, і ўсе яго са сцэны прымаюць “за свайго”, Маргарыце Зайцавай, татарцы, файна падыходзіць латвійскі касцюм, і яна ўдала прадстаўляе латвійскую культуру.

Аляксандр Свірскі з ансамблем “Згода” перад выступленнем у Верхнім горадзе Мінска

Раней Аляксандр Свірскі мала што ведаў пра традыцыі прадстаўнікоў іншых народаў, што жывуць у Беларусі. Цяпер дазнавацца пра многія з іх яму дапамагаюць спевакі ансамбля, які ён стварыў. Пра беларускую мову, якую пашырае ён у свеце разам з “Вербіцай”, таксама не забывае. У “Згодзе” Аляксандр Іванавіч дае ёй песенныя крылы разам са спевакамі іншых нацыянальнасцяў.

“Мы — гурт-крэмень: заўсёды “вядзём сваю лінію”, — шчыра прызнаецца Аляксандр Свірскі. — Не гаворым, што нейкая нацыянальнасць лепшая за іншую. Дзверы ў нас адчынены для людзей усіх нацыянальнасцяў, і сэрцы таксама. Мы з радасцю чакаем аматараў, прыхільнікаў песеннай творчасці з рознымі, як кажуць, генамі ў крыві. Хай прыходзяць са сваімі песнямі! Мы паслухаем, ды можа й разам іх праспяваем. Бо, як вядома, у розных народаў шлях да згоды праз песню — самы прыгожы, самы гарманічны”.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.