Вы тут

«Дарогамі Славы». Важней за ўзнагароды


«Звязда» працягвае праект «Дарогамі Славы», які запусціла сумесна з Музеем гісторыі Узброеных Сіл. У межах праекта мы апавядаем пра ваенны шлях поўных кавалераў ордэна Славы, якія нарадзіліся ў Беларусі або звязалі з ёй свой далейшы лёс.

Заклікаем вас, паважаныя чытачы: калі сярод вашых родных і блізкіх хтосьці або быў поўным кавалерам ордэна Славы, або асабіста іх ведаў і захаваў успаміны ці фотаздымкі, то дзяліцеся вашымі гісторыямі з намі! Наш адрас — вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, Мінск, 220013. Адрас электроннай пошты — іnfo@zvіazda.by. Ніводны ліст не застанецца без увагі!

Сёння мы згадваем жыццёвы і ваенны шлях двух салдат. Яны родам з Беларусі, але так склалася, што гналі немцаў з тэрыторый іншых рэспублік — Расіі, Украіны, а таксама Аўстрыі і краін Усходняй Еўропы.


Пачатак вайны для герояў праекта «Дарогамі Славы» складваўся па-рознаму: камусьці ішоў усяго пятнаццаты год і, каб ваяваць, трэба было яшчэ трохі падрасці, хтосьці заканчваў сямігодку альбо сярэдную школьную ўстанову, будаваў планы паступаць у інстытут, тэхнікум, на ФЗН. Старэйшыя па ўзросце хлопцы, паспеўшы стварыць сем'і, будавалі хаты, працавалі на заводах, у калгасах, на шахтах, на чыгунцы. Нехта нёс службу ў Чырвонай Арміі, прайшоўшы савецка-фінскую вайну, нехта толькі што надзеў ваенную форму, асвойваў азы ваеннай спецыяльнасці...

Міхаілу Ціхановічу з вёскі Дубаўляны Мінскага раёна, калі пачалася вайна, ішоў дваццаць першы год, і ён спраўна нёс армейскую службу. Трывожная вестка напаткала салдата на баявым, як кажуць, пасту. Ад званка да званка — ад ранішняй трывогі 22 чэрвеня 1941 года да пераможнага мая 1945-га, — куды б ні вяла франтавая дарога, баец заставаўся верны баявой прысязе, трывала выносіў усе клопаты і нягоды, годна нёс званне чырвонаармейца.

— Вельмі часта сніцца вайна, мроіцца, што наступаюць немцы, а яшчэ, — быццам паўзу па мінным полі, мацаю зямлю, нешта шукаю, — успамінаў Міхаіл Рыгоравіч Ціхановіч падчас нашай першай і апошняй сустрэчы.

У 1989 годзе, паездзіўшы па гарадах і вёсках краіны, я нарэшце сустрэўся і з адзіным сталічным кавалерам. Міхаіл Рыгоравіч здаўся мне надзіва спакойным і ўважлівым апавядальнікам, паважліва і цярпліва паставіўся да фотасесіі, разумеў, што фатаграфія — мая работа і захапленне. Сустрэча з ветэранам для мяне была быццам узнагарода. А пра ўласныя баявыя ўзнагароды франтавік сказаў: «Мяне пачалі ўзнагароджваць толькі пасля Курскай дугі, а перад гэтым была абарона Адэсы і Севастопаля, дзе мяне моцна параніла. Але я застаўся жыць — і гэта таксама была ўзнагарода!»

За вайну пехацінца параніла ажно пяць разоў. У байца на фронце была цяжкая работа — забяспечваць праходы на мінных палях і хадзіць у разведку.

— Людзі гінулі ў асноўным ад мін, асабліва — неабстраляная моладзь, — дзяліўся сваім горкім досведам былы салдат. — Пасля ранення са шпіталя адпраўлялі ў тыл у запасныя часці, але там было невыносна — кепска кармілі, шмат ганялі і муштравалі, таму яшчэ хворыя салдаты прасіліся на фронт — там было крыху лепей.

Міхаіл Ціхановіч быў на вайне не адзін — яго браты Канстанцін і Мікалай таксама ваявалі, а бацька змагаўся ў партызанах. Лістоў з вайны дадому наш герой не пісаў, бо Беларусь была акупіравана. Затое ў яго быў свой асабісты, падпісаны ўласнай рукой, пасмяротны медальён, які, на шчасце, яму не спатрэбіўся.

З Раманам Кротавым, жыхаром Пружан, я сустрэўся ў сярэдзіне кастрычніка 1988 года ўсё з той жа мэтай — зрабіць партрэт слаўнага абаронца. А разам з тым і паслухаць так званыя «нестатутныя» эпізоды франтавога жыцця. Аднак ні паразмаўляць з кавалерам ордэна, ні зрабіць партрэтную фотасесію мне так і не ўдалося. Аказалася, што Раман Цімафеевіч не любіць здымацца, а з узнагародамі — тым больш. На гэты конт у яго была свая пазіцыя, нават ордэнскіх калодак ён не меў. Мне заставалася здавольвацца адным: здымаць ветэрана як ёсць — перад домам, у звычайнай адзежы.

— Як бачыце, так і здымайце, — паўтараў Раман Цімафеевіч. Я не хачу быць падобным на тых, хто носіць узнагароды напаказ, дзе трэба і не трэба.

Ішоў трэці год перабудовы, грамадства нагадвала парушаны пчаліны вулей. Ветэраны вайны першымі адчулі, што іх забываюць, не ацэньваюць як раней. Такія крыўды чуў я ўжо ад саміх кавалераў. Памятаю такі эпізод і ў размове з інвалідам вайны, поўным кавалерам ордэна Славы Афанасіем Кляцко, і з Сяргеем Сотнікавым, пра якіх мы пісалі ў ранейшых нумарах «Звязды». Зразумела было, чаму не ўсе ветэраны ўспрынялі перамены і тыя павевы, якія несла перабудова. Сваіх крыўдаў не хаваў і Раман Кротаў: «Мы ішлі абараняць Радзіму па поклічы сэрца, не шкадавалі жыцця, пралівалі кроў, а сёння?..»

Жыхар Рагачоўшчыны Раман Цімафеевіч Кротаў, калі пачалася вайна, стаў народным мсціўцам, а потым ваяваў у дзеючай арміі. На жаль, пасля той сустрэчы мне больш не давялося пабачыцца з легендарным салдатам. Ён застаўся ў памяці і на фота сціплым простым чалавекам, якім і быў на самай справе.

Анатоль КЛЯШЧУК


Міхаіл Ціхановіч

Старшы сяржант Міхаіл Ціхановіч паходзіў з-пад Мінска. У сталіцы жыў родны дзядзька, да якога і перабраўся Міхаіл. Пасля заканчэння сямігодкі юнак пайшоў у школу фабрычна-заводскага навучання, дзе асвоіў спецыяльнасць тынкоўшчыка. Некаторы час ён папрацаваў на будоўлях у Мінску, а пасля атрымаў павестку з райваенкамата. Было гэта ў кастрычніку 1940-га.

Хлопца накіравалі ў Адэскую ваенную акругу, дзе асвойваў сапёрную справу. Пачатак вайны заспеў яго на тэрыторыі Малдовы. Ён прайшоў праз шмат франтоў — Паўднёвы, Заходні, Варонежскі, Цэнтральны і 1-ы Украінскі. Чатыры разы быў паранены. Удзельнічаў у абароне Адэсы, Севастопаля, у Курскай бітве і шматлікіх наступальных аперацыях. Дарэчы, менавіта пад Курскам ён здабыў першую баявую ўзнагароду — ордэн Чырвонай Зоркі. Група сапёраў пад камандаваннем Міхаіла Ціхановіча зрабіла некалькі праходаў у загароджах праціўніка. Дзякуючы гэтаму пяхота змагла перайсці ў наступ...

Падчас баёў за вызваленне Жытоміра і Кіева яго ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны І ступені. У складзе групы ён спачатку наводзіў наплаўную пераправу, а пасля забяспечваў яе бесперабойную работу. І гэта пад інтэнсіўнымі нямецкімі бамбардзіроўкамі! Падчас адной з атак варожая бомба разарвалася непадалёк ад шчыліны, дзе хаваўся Міхаіл Ціхановіч разам са сваімі саслужыўцамі. Іх кантузіла і засыпала зямлёй, але ніводны не пакінуў поля бою. Спачатку адважнага сапёра прадставілі да ордэна Чырвонага Сцяга, што падтрымлівалі камандзір корпуса і камандзір дывізіі. Але ваенны савет арміі вырашыў крыху панізіць узнагароду.

А вось ордэны Славы былі ў Міхаіла Ціхановіча яшчэ наперадзе. Увесну 1944 года пачалася Праскураўска-Чарнавіцкая наступальная аперацыя. Баі ішлі на Заходняй Украіне. Аднак пасля вызвалення Цярнопаля ў красавіку 1944-га тэмп наступу савецкіх войскаў запаволіўся. Мінула два месяцы, а фронт усё яшчэ стаяў менш чым за 30 кіламетраў на поўнач ад гэтага абласнога цэнтра. І вось малодшы сяржант Ціхановіч атрымаў заданне — разам са сваім аддзяленнем зрабіць праход у мінным полі, каб па ім прайшлі разведчыкі. Варожыя траншэі знаходзіліся вельмі блізка, пастаянна ішлі абстрэлы, але... камандзір групы асабіста «зняў» некалькі дзясяткаў мін. За гэта яго ўзнагародзілі ордэнам Славы ІІІ ступені.

А вось больш высокую ўзнагароду сапёр Ціхановіч атрымаў ужо па сукупнасці выкананых заданняў. У кастрычніку 1944-га 60-я армія заняла абарончыя пазіцыі на паўднёвым усходзе сучаснай Польшчы. Старшы сяржант Ціхановіч неаднаразова хадзіў у разведку, а ў ноч на 6 лістапада ён разам са сваёй групай зрабіў праход у загароджванні, каб прапусціць нашых разведчыкаў. Асабіста абясшкодзіў 25 мін.

Шлях да статусу поўнага кавалера ордэна Славы аказаўся зусім няпросты і расцягнуўся амаль на дзесяць гадоў. Было гэта так. У студзені 1945-га яго дывізія працягвала весці баі на поўдні Польшчы. Сапёр Ціхановіч дзейнічаў наперадзе нашай пяхоты і знайшоў нямецкае міннае поле. Узяўся абясшкоджваць боепрыпасы. Немцы пачалі абстрэл, пад якім старшы сяржант зняў прыблізна палову супрацьтанкавых мін. Раптам яго зачапіла варожая куля, але Міхаіл Рыгоравіч не спыніўся і, перавязаўшы рану, працягваў абясшкоджваць міны адну за адной. Дзякуючы гэтаму па дарозе здолела прайсці наша тэхніка. А наш герой яшчэ дапамог параненаму камандзіру ўзвода дабрацца да лазарэта.

Блытаніна ў дакументах прывяла да таго, што старшага сяржанта Ціхановіча паўторна ўзнагародзілі ордэнам Славы ІІ ступені. Толькі ў 1956 годзе яго пераўзнагародзілі ордэнам найвышэйшага статусу.

Пасля вайны ён спачатку доўгі час працаваў у структурах ДТСААФ. Пасля вярнуўся да таго, з чаго і пачынаў калісьці ў даваенны час, — стаў шчыраваць на мінскіх будоўлях.

Памёр ён у верасні 2003 года.

Раман Кротаў

Герой наступнага аповеду мае незвычайную вайсковую біяграфію. Забягаючы наперад, скажам, што вайну Раман Кротаў скончыў, з'яўляючыся гвардыі казаком. Але казацтва мае, як правіла, паўднёвае паходжанне — згадаць тых жа данскіх, запарожскіх ці кубанскіх казакаў. Здавалася б, што агульнага з імі ў простага беларускага хлопца з глыбінкі? Аднак пра ўсё па парадку.

Раман Кротаў нарадзіўся ў першы дзень 1923 года ў вёсцы Рэкта Рагачоўскага раёна ў звычайнай сялянскай сям'і, скончыў сямігодку, пайшоў працаваць. У 1941-м васямнаццацігадовы юнак шчыраваў тэхнікам-метэаролагам на станцыі ў Клічаве. Калі пачалася вайна, вырашыў вярнуцца да бацькоў.

Але доўга пад акупацыяй Раман заставацца не хацеў і сышоў у лясы. Там ён далучыўся да 10-й Журавіцкай партызанскай брыгады Гомельскага злучэння, дзе хадзіў у разведку. Увосень 1943-га, калі былі вызвалены ад немцаў усходнія раёны Беларусі, брыгада злучылася з часцямі Чырвонай Арміі. Хлопец ваяваў на 1-м Беларускім, пасля на 1-м Украінскім франтах. Ён працягваў весці разведку.

І вось 3 мая 1944 года група разведчыкаў атрымала заданне заняць адну з вышынь у Львоўскай вобласці. Чырвонаармеец Кротаў скарыстаў элемент раптоўнасці — нечакана падняўся ў атаку першы. Ён уварваўся ў варожую траншэю, дзе трапным агнём скасіў некалькі немцаў. Гітлераўская куля, на жаль, не абмінула і яго. Але раненне аказалася не цяжкім, і, пакуль не падаспелі стралковыя падраздзяленні, гвардзеец не пакінуў траншэю. За праяўленыя доблесць і мужнасць камандаванне ўзнагародзіла яго ордэнам Славы ІІІ ступені.

Са шпіталя чырвонаармеец Кротаў вярнуўся ў тую ж самую роту. І зусім хутка вызначыўся падчас Львоўска-Сандамірскай наступальнай аперацыі. 15 ліпеня баі ішлі за вялікае сяло Стаянаў на поўнач ад Львова. Герой нашага аповеду дзейнічаў у складзе разведвальнай групы, якая нечакана наткнулася на немцаў. Пачаўся бой. Раман Кротаў знішчыў падчас яго дванаццаць гітлераўцаў. І нават больш за тое — вярнуўся ў савецкае размяшчэнне з добрым «уловам» — палонным немцам і яго ручным кулямётам. Быў паранены і ў гэтым баі, аднак пасля перавязкі працягнуў весці перастрэлку. За ўзорнае выкананне задання быў адзначаны ордэнам Славы ІІ ступені.

Пасля выпіскі са шпіталя чырвонаармеец Кротаў быў адкамандзіраваны ў 11-ю гвардзейскую Данскую казацкую дывізію. У складзе Трэцяга Украінскага фронту ён прайшоў праз Румынію, Венгрыю і Аўстрыю. Прычым самыя жорсткія баі разгарэліся ў Венгрыі, якую гітлераўцы ператварылі ў свой аплот. Там баі ішлі з пераменным поспехам. Яно і зразумела — ужо зусім блізка было да невялічкай анексаванай Аўстрыі, адкуль ужо рукой падаць да мяккага «падбрушша» Германіі — Баварыі. Да таго ж немцы не пакідалі надзеі вярнуць сабе нафтавыя радовішчы Румыніі — без іх танкавыя падраздзяленні маглі спадзявацца толькі на старыя запасы паліва ды на складаны і марудны працэс вытворчасці бензіну з каменнага вугалю.

І вось у адзін з сакавіцкіх дзён гвардыі казак Кротаў атрымаў заданне весці назіранне за пярэднім краем абароны праціўніка на мясцовасці на паўднёвы захад ад Будапешта. Ён своечасова выкрыў, што ў тыле сабралася шмат пяхоты і бранятэхнікі, якія мелі мэтай разгром эскадронаў палка шляхам раптоўнага ўдару. Пра гэта было неадкладна апавешчана камандаванне. І калі немцы перайшлі ў атаку, то мусілі адкаціцца назад з вялікімі стратамі.

Здавалася б, вось ён, поўны кавалер ордэна Славы. Але, як і ў першым выпадку, ваенная мітусня згуляла з 22-гадовым хлопцам дрэнны жарт. Чамусьці яго прадставілі да ордэна Славы ІІІ ступені, хоць пазнака пра тое, што ён ужо мае гэтую ўзнагароду, значылася ў дакументах. Памылка была выпраўлена толькі праз 25 гадоў пасля вайны, у 1970-м. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР пераўзнагародзіў старшыну запасу.

Як склаўся яго лёс у мірны час? Раман Кротаў вярнуўся ў Беларусь і пайшоў вучыцца фінансавай справе. Працаваў спачатку падатковым інспектарам, пасля дайшоў да пасады загадчыка раённага фінансавага аддзела. У 1985-м удзельнічаў у Парадзе Перамогі. Доўгі час жыў у Пружанах, дзе і памёр у 1999 годзе ў сімвалічны дзень 22 чэрвеня...

Валяр'ян ШКЛЕННІК, Анатоль КЛЯШЧУК (фота)

Загаловак у газеце: Важней за ўзнагароды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?