22 кастрычніка, чацвер

Вы тут

Валанцёры «Добрага тэлефона» расказваюць, з чым да іх звяртаюцца


Як перажываюць эпідэмію простыя беларусы? Што іх цяпер больш за ўсё турбуе, як яны спраўляюцца са сваімі трывогамі і страхамі? Псіхолагі кажуць, што добры спосаб пераадолення боязі — расказаць пра яе. Пасля размовы з добразычлівым суразмоўцам нашы страхі памяншаюцца і адступаюць, прыходзіць лепшае разуменне сітуацыі і таго, як у ёй дзейнічаць.


Мы ўжо пісалі, што ў Беларусі ў красавіку пачаў працаваць «Добры тэлефон». Спецыяльную тэлефонную інфалінію запусціла Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), каб дапамагчы адзінокім пажылым людзям, якім з-за каранавіруса рэкамендуюць заставацца дома, не адчуваць сябе адзінокімі. Сёння валанцёры, якія дзяжураць на інфалініі, расказалі нам, хто і з якой нагоды ім тэлефануе.

«Якая сітуацыя з каранавірусам на маёй вуліцы?»

Сяргею Мурашку 38 гадоў. Мужчына раней працаваў у адной са сталічных кавярняў. Але калі прыйшоў каранавірус, тая зачынілася. І, каб не губляць час дарма, Сяргей вырашыў пайсці ў валанцёры — дапамагаць тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Прычым ён не проста дзяжурыць на тэлефоне, але і прыходзіць да некаторых пажылых людзей, якія тэлефанавалі на «Добры тэлефон», асабіста — каб дапамагчы яшчэ і справай.

— У асноўным на «Добры тэлефон» тэлефануюць бабулі-дзядулі, — расказвае Сяргей. — Многія з іх баяцца выходзіць на вуліцу і цяпер маюць патрэбу ў дапамозе: каб нехта схадзіў купіць лекі або ў краму. Нас нярэдка пытаюцца пра сітуацыю ў краіне, ці на той вуліцы, дзе яны жывуць. Я шукаю інфармацыю ў інтэрнэце. Пра тое, якая сітуацыя на іх вуліцы, я, вядома, сказаць не магу, але прыводжу ім статыстыку, расказваю пра асноўныя навіны, якія публікуюцца ў адкрытым доступе на сайтах. Многія людзі цікавяцца, што рабіць, калі захварэюць, куды звяртацца. Пытаюцца, на якія сімптомы трэба звяртаць увагу...

У цэлым пажылыя людзі, на думку Сяргея, тэлефануюць на «Добры тэлефон», каб пагаварыць, выказацца, абмеркаваць свае страхі або на кагосьці паскардзіцца. Ёсць тыя, хто просяць, каб мы паўплывалі на іх раённую паліклініку... Некаторыя просяць не за сябе, а за каго-небудзь са сваіх родных ці знаёмых, якіх, на іх думку, пакрыўдзілі.

Было некалькі званкоў ад мужчын гадоў сарака, якія толькі што выйшлі з месцаў зняволення і цяпер у поўнай разгубленасці, як ім жыць далей. «Але ў асноўным наша аўдыторыя — ва ўзросце за 60, — кажа наш суразмоўца. — Бабулі традыцыйна тэлефануюць часцей за дзядуль. Яны больш хочуць быць у курсе падзей, больш дапытлівыя, таварыскія, больш маюць патрэбу ў тым, каб пагаварыць з кімсьці. Людзі, вядома, ужо стаміліся сядзець дома. І яны тэлефануюць да нас з пытаннем, калі гэты каранавірус ужо скончыцца, калі можна будзе выходзіць на вуліцу. Усё гэта па-чалавечы зразумела...»

«Я не стукач, але так рабіць нельга!»

Вользе Кастэнка ў дзень нашай размовы споўнілася 40 гадоў. Па першай адукацыі яна эканаміст, а нядаўна атрымала яшчэ дыплом псіхолага. Калі даведалася пра тое, што «Добры тэлефон» набірае валанцёраў, тут жа вырашыла далучыцца да гэтай ініцыятывы. «Тут мы ўсе прайшлі шэраг дадатковых трэнінгаў, — расказвае Вольга. — Нас вучылі, як супакоіць чалавека, які патэлефанаваў, як аказаць яму падтрымку, куды перанакіраваць яго просьбу, каб ён атрымаў дапамогу, у якой мае патрэбу. У нас падабраўся выдатны калектыў валанцёраў. Цудоўна, што столькі людзей хочуць дапамагаць іншым!»

Падчас дзяжурства на «Добрым тэлефоне» Вольга наслухалася самых розных гісторый.

«Днямі, напрыклад, патэлефанавала жанчына, у мужа якой здарыўся інсульт, — расказвае валанцёр. — Ёй трэба было пагаварыць пра гэта, падзяліцца сваім горам, спытаць, што ёй рабіць далей. Мы з ёй доўга размаўлялі, я пераконвала яе, што не трэба саромецца звяртацца да навакольных па дапамогу. Тлумачыла, што пасля інсульту чалавек можа змяніцца, стаць больш раздражняльным, напрыклад, і што яна павінна быць да гэтага гатовая...

Запомніўся званок аднаго дзядулі. Чалавек жыве адзін і, калі тэлефанаваў, быў у моцным стрэсе. Казаў, што ў яго такое адчуванне, быццам усё вакол абвальваецца і няма ніякай апоры,  што ён не ведае, што рабіць і як жыць далей... Вядома, чалавека ў такім стане трэба ўсімі сіламі пастарацца супакоіць.

Былі і званкі ад людзей, якія сядзяць у самаізаляцыі і маюць патрэбу ў надзённай дапамозе — прадуктах, леках. Мы даём ім тэлефоны мясцовых арганізацый і службаў дапамогі, часам самі тэлефануем туды і перадаём заяўкі. А яшчэ звязваемся з іншымі валанцёрамі Чырвонага Крыжа і перадаём ім гэтыя просьбы аб дапамозе, а яны ўжо прыходзяць да пажылых людзей дадому і прыносяць ім усё неабходнае. У нас распрацаваны цэлы алгарытм дапамогі для такіх выпадкаў».

Папрацаваўшы на гэтым тэлефоне, Вольга прыйшла да высновы, што вельмі многія людзі маюць патрэбу ў псіхалагічнай падтрымцы. Некаторыя атачаюць сябе негатывам: чытаюць дрэнныя навіны ў СМІ пра каранавірус, абмяркоўваюць потым гэта па тэлефоне са сваімі знаёмымі і тым самым накручваць сябе яшчэ больш... Многія баяцца за сваё здароўе, за здароўе сваіх родных і блізкіх, якія ходзяць на работу.

— Але нават у перыяд эпідэміі трэба імкнуцца вышукваць у навакольным жыцці нешта добрае, — тлумачыць Вольга, і гэта яна кажа ўжо як псіхолаг. — Тое добрае заўсёды ёсць, трэба толькі вучыцца заўважаць яго — гэта вельмі важна. Можна глядзець любімыя фільмы або серыялы, чытаць тое, што вам падабаецца, займацца сваім хобі. І вельмі важна захоўваць правільны рэжым дня — многія нават не ўяўляюць, наколькі гэта ўплывае на наш настрой і самаадчуванне. А калі падступае паніка, яе можна зняць элементарнымі дыхальнымі практыкаваннямі. Самае простае — пачаць глыбока і павольна дыхаць. Гэта добра супакойвае.

Расказала Вольга і пра званок, які ёй, напэўна, больш за ўсё запомніўся. Тэлефанаваў вельмі старэнькі дзядуля, які быў моцна ўстрывожаны. Ён перажываў з-за таго, што да яго дадому прыйшла работніца пошты і прынесла пенсію, і пры гэтым жанчына была без маскі і без пальчатак. Дзядуля вельмі моцна хваляваўся за здароўе сваё і сваёй жонкі. А яшчэ ён не ведаў, што яму рабіць. З аднаго боку, адразу папярэдзіў, што ён ніякі не стукач. А з другога, лічыў, што пакідаць гэты выпадак без увагі таксама нельга. Ну нельга прыходзіць да людзей у такім сталым узросце, як у яго, без сродкаў асабістай аховы! «Мы сышліся на тым, што ён павінен усё ж патэлефанаваць на пошту і, нікога не называючы, расказаць пра гэты выпадак», — паведаміла Вольга...

— Увогуле званкоў на «Добры тэлефон» паступае шмат, — сказала нам напрыканцы каардынатар інфалініі 201, эксперт па сацыяльна-псіхалагічнай падтрымцы Ірына МЯЛІК. — У асноўным — ад людзей ад 60 і да 90 гадоў. З іх дзесьці 40 % складаюць мінчане, астатнія званкі паступаюць практычна з усіх рэгіёнаў краіны.

«Добры тэлефон»

Нумар 201 — для званкоў з мабільнага тэлефона (бясплатны для абанентаў Lіfe і А1).

Нумар 122 — для званкоў з хатняга тэлефона (бясплатны, тэлефанаваць можна з усёй краіны).

Ахвотныя далучыцца да валанцёраў, якія будуць працаваць на «Добрым тэлефоне», могуць звяртацца на нумары: +375 17 395-80-09, +375 17 395-50-15.

Званкі на «Добры тэлефон» цалкам бясплатныя.

Святлана Бусько

Загаловак у газеце: «Не атачайце сябе негатывам!»

Выбар рэдакцыі

Культура

​Як вывозілі каштоўнасці з музеяў БССР у канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг.

​Як вывозілі каштоўнасці з музеяў БССР у канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг.

Даследчыкі савецкай індустрыялізацыі традыцыйна бралі пад увагу дзве галоўныя крыніцы яе фінансавання — экспарт сыравіны і сельскагаспадарчай прадукцыі. 

Культура

Леў Клейнбарт. Чалавек, якi адкрыў для чытацкай публiкi Янку Купалу i Сяргея Ясенiна, нарадзiўся ў Капылi — у доме, якi захаваўся да нашых дзён

Леў Клейнбарт. Чалавек, якi адкрыў для чытацкай публiкi Янку Купалу i Сяргея Ясенiна, нарадзiўся ў Капылi — у доме, якi захаваўся да нашых дзён

У пачатку XX стагоддзя публiцыст, крытык i журналiст Леў Клейнбарт быў уплывовай асобай сярод творчай iнтэлiгенцыi Пецярбурга.

Эканоміка

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў

Спецыялісты адзначаюць: добра яшчэ, што рынак выжыў.

Грамадства

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

У падтрымцы звычайна маюць патрэбу ўсе жывыя людзі ў складаныя перыяды жыцця.