Вы тут

Як беларускія студэнты працуюць у выязных атрадах у Расіі


Летась студэнцкi выязны атрад Вiцебскай вобласцi «Юнацтва» iмя Героя Савецкага Саюза Т. С. Марыненкi перамог у сваёй намiнацыi падчас традыцыйнага Усебеларускага з'езда студэнцкiх атрадаў «Маладосць. Праца. Рамантыка». Лепш за ўсё свой атрад ведаюць яго камандзiр i камiсар — Алiна АЎТАНЕНКА i Вiкторыя СЫСОЙ. Мы пагутарылi з дзяўчатамi аб атрыманым вопыце.


Алi­на Аў­та­нен­ка (першая злева)  i Вiк­то­рыя Сы­сой (пер­шая спра­ва).

Чацвёртакурснiца Алiна вучыцца ў Полацкiм дзяржаўным унiверсiтэце па спецыяльнасцi «Прамысловае грамадзянскае будаўнiцтва». Аб студатрадаўскiм руху наша гераiня даведалася яшчэ на першым курсе, калi актыўна ўключылася ў жыццё ВНУ. Тады i вызначылася, якi кiрунак ёй больш даспадобы.

— Пасля другога курса навучання я ўпершыню паехала працаваць ва ўсерасiйскi дзiцячы цэнтр «Арляня», спадабалася амаль усё, — прыгадвае Алiна. — Таму летась не сумнявалася, што прадоўжу гэтую дзейнасць. Мы з iншымi дзяўчатамi, якiя ўжо ездзiлi ў Расiю, сфармiравалi каманду са студэнтаў розных курсаў нашага ўнiверсiтэта. Мне прапанавалi стаць камандзiрам, я з задавальненнем пагадзiлася. Па папярэднiм вопыце ведалi, што едзем туды ў якасцi сэрвiснага атрада, iнакш кажучы, апынёмся на кухнi цi на пляжы. Калi ў першы год я была адказная за чысцiню на пляжы, то на другiм паспрабавала сябе ў якасцi афiцыянткi i мыйшчыцы посуду ў сталовай.

Адпачывалi байцы па-рознаму. Хадзiлi на дыскатэкi, у кавярнi, прагульвалiся па набярэжнай, ездзiлi ў суседнiя курортныя гарады. «Садзiлiся ў аўтобус i ўвесь дзень даследавалi новыя месцы. Так пабывалi ў Сочы, Краснадары, Туапсэ, Геленджыку. Больш за ўсё ўразiлi паходы ў горы. Але ўсё ж такi я iмкнулася засяродзiцца на сваiх абавязках i падтрымаць тых, каму было складана знаходзiцца ўдалечынi ад дома. Мне падчас працоўнага семестра цяжка не было, бо я з дзяцiнства звыклая да фiзiчнай працы», — падзялiлася суразмоўнiца.

Па­куль ад­ны шчы­ра­ва­лi на кух­нi...

Алiна прызналася, што ў першы год знаходжання ў дзiцячым цэнтры некаторыя з iх атрада, у тым лiку i яна, паспелi папрацаваць яшчэ i ў прыбярэжнай кавярнi, каб больш зарабiць на наступныя падарожжы i завесцi новыя знаёмствы. Такiм чынам, налета ехалi ў Расiю ўжо да знаёмых i сяброў.

— Мая бабуля, дарэчы, трохi знервавалася з-за таго, што я правяла лета не з ёй на дачы, дапамагаючы па гаспадарцы, а на моры (усмiхаецца). Увогуле пасля атрымання такога досведу ў мяне павысiлася пачуццё адказнасцi за iншых. Мне i надалей хацелася б быць часткай студатрадаўскага руху, аднак цяпер я прызначана сакратаром БРСМ свайго ўнiверсiтэта i таму не магу гэтага зрабiць, — маю iншыя абавязкi.

Камiсар «Юнацтва» Вiкторыя — студэнтка чацвёртага курса спецыяльнасцi «Дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя» Полацкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, а таксама старшыня студэнцкага савета iнжынерна-будаўнiчага факультэта. Далучылася да выязнога атрада два гады таму. Галоўным жаданнем дзяўчыны i матывацыяй на працоўны семестр была магчымасць убачыць мора i атрымаць прыемныя ўражаннi, якiмi часта дзялiлiся знаёмыя, што ўжо ездзiлi ў Расiю ў складзе студатрада.

— На другi год паездкi ў «Арляня» мы з Алiнай былi ўжо больш дасведчаныя ў гэтай справе, таму расказвалi навiчкам аб усiх складанасцях i нюансах, каб яны былi да iх добра падрыхтаваныя. Летась з сярэдзiны чэрвеня да канца жнiўня ў складзе 27 байцоў мы працавалi ў пасёлку Навамiхайлаўскi Краснадарскага краю. Месца невялiкае, аднак там размяшчаецца вельмi прыгожая набярэжная, ёсць шмат забаў. Жылi не на тэрыторыi лагера — нам быў выдзелены iнтэрнат у пасёлку. Рабочы дзень доўжыўся з сямi гадзiн ранiцы да пяцi вечара. Было зручна: два днi «ў полi», два — адпачываеш, тым больш работа на кухнi i пляжы дынамiчная i цiкавая. Дарэчы, мы там добра высыпалiся, напэўна, дапамагаў марскi клiмат.

...iн­шыя пры­бi­ра­лi пляж.

Суразмоўнiца расказала, што сталовыя, якiя абслугоўвала «Юнацтва» i iншыя студэнцкiя атрады, былi разлiчаны прыкладна на 700 дзяцей. Таму зразумела, што некаторыя студэнты спачатку аказалiся не вельмi гатовыя да такой нагрузкi. «Аднак пасля нават яны з'язджалi адтуль са слязьмi на вачах, — так прывыклi да калектыву i цёплай атмасферы», — прыгадала Вiка.

— Бацькi, дарэчы, калi даведалiся пра мае планы на лета, першапачаткова напружылiся, не хацелi адпускаць так далёка i надоўга, — дадала гераiня. — Перажывалi, хвалявалiся. Аднак я была ўпэўненая ў сваiм жаданнi i нi разу не пашкадавала. Колькi новых знаёмстваў займела! Там вельмi рады бачыць студэнтаў з Беларусi, iм цiкава, як жывуць i вучацца ў нас, нам — як у iх. Дагэтуль перапiсваемся са многiмi хлопцамi i дзяўчатамi, яны нас чакаюць iзноў. Сёлета я планавала паспрабаваць свае сiлы ў рамках будаўнiчага атрада, але з-за пандэмii невядома, як яно будзе.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з архiва гераiнь

Загаловак у газеце: «Юнацтва», загартаванае марскiм клiматам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.