Вы тут

Заснавальнiк пошукава-выратавальнага атрада «Анёл» Сяргей Коўган: Я навучыўся не асуджаць людзей


У пошукава-выратавальны атрад «Анёл» людзi, што згубiлi сваякоў, часам звяртаюцца нават раней, чым у мiлiцыю. З заснавальнiкам i камандзiрам самага вядомага ў нашай краiне добраахвотнага атрада па пошуку знiклых без вестак людзей Сяргеем Коўганам мы размаўляем пра тое, цi стала менш валанцёраў у сувязi з пандэмiяй i як выжывае валанцёрская арганiзацыя ў цяперашнiх няпростых эканамiчных умовах.

Складанасць пошукаў чалавека залежыць ад многiх фактараў. У горадзе цяжкасцi стварае вялiкая колькасць людзей, але тут можна супрацоўнiчаць, напрыклад, са службамi таксi, расклеiць арыенцiроўкi. А ў лесе самым важным фактарам з'яўляецца час.


— Чым хутчэй паступае зварот, што чалавек знiк, тым больш эфектыўныя пошукi i тым большая iмавернасць знайсцi яго жывым, — расказвае Сяргей Коўган. — Ён не паспеў змерзнуць, загiнуць, памерцi ад таго, што не прыняў медыцынскiя прэпараты пры наяўнасцi хранiчных захворванняў (як гэта часта бывае ў пажылых людзей). Заканамернасць прамая. У першыя суткi шанцы знайсцi чалавека жывым складаюць больш за 90 працэнтаў, на другiя можна аднiмаць 30 працэнтаў, на трэцiя — яшчэ столькi ж... Калi пра знiкненне заявiлi адразу, мы аператыўна выязджаем на месца i, як правiла, амаль заўсёды знаходзiм чалавека — i часцей жывога. А калi, напрыклад, гэта адзiнокая бабуля, якая жыве ў вёсцы, i суседзi толькi праз некалькi дзён заўважылi, што яе няма, то, вядома, iмавернасць адшукаць пажылую жанчыну жывой рэзка знiжаецца.

Часта людзi распачынаюць самастойныя пошукi, а каштоўны час сыходзiць, кажа Сяргей.

— Так было i з нядаўна знiклым у Бабруйскiм раёне трохгадовым хлопчыкам. Гэта зразумела: здаецца, зараз мы пабегаем i знойдзем дзiця, не мог жа малы далёка сысцi. А потым аказваецца, што прайшло нямала часу. Таму я заўсёды тлумачу: адразу ж тэлефануйце ў экстранныя службы. Лепш спынiць пошукавыя мерапрыемствы, калi чалавек знойдзецца, чым пачынаць пошукi праз дзень або некалькi дзён.

У сувязi з пандэмiяй губляцца сталi менш

Асаблiвасць работы пошукава-выратавальных атрадаў — тое, што кожны раз усё даводзiцца пачынаць спачатку. Падрыхтаваныя спецыялiсты «Анёла» прыбываюць на месца першыя, каб разгарнуць штаб, сустрэць добраахвотнiкаў i скаардынаваць iх работу. Далей — уводны iнструктаж з валанцёрамi, большасць з якiх раней нiколi не займалася пошукамi людзей, тэхнiка бяспекi, ацэнка магчымасцяў дабравольцаў i размеркаванне абавязкаў.

— Цi могуць адмовiць дабравольцу: маўляў, вы нам не падыходзiце, iдзiце дадому?

— Могуць. Але не «iдзiце дадому», а прапануюць тую дзейнасць, дзе валанцёр будзе найбольш карысны.

На заклiк «Анёла» адгукаюцца самыя розныя людзi. Часам — з хранiчнымi захворваннямi, або ва ўзросце, або няправiльна экiпiраваныя: зразумела, што дзяўчына на абцасах у лес iсцi не можа. Але патрэбная i важная работа знойдзецца для ўсiх: апытанне сведак, расклейка арыенцiровак, гатаванне ежы для пошукавых груп, дапамога ў зарадцы i абслугоўваннi абсталявання, кантроль спiсаў людзей, якiя прыехалi на пошукi, запiс iх мабiльных тэлефонаў, узаемадзеянне з мiлiцыяй i МНС.

— Многiя хочуць дапамагчы, але не ведаюць, як гэта зрабiць. Наша задача — правiльна арганiзаваць добраахвотнiкаў. I акцэнт робiцца на бяспеку, на мiнiмiзацыю рызыкаў. Мы ў адказе за тых людзей, якiх паклiкалi. Магу з задавальненнем сказаць, што ў нас не было падчас пошукава-выратавальных аперацый (ноччу, на вадаёмах, у лесе) нiводнага надзвычайнага здарэння.

Падрыхтаваныя спецыялiсты, пра якiх кажа Сяргей, — гэта старшыя груп, якiя вядуць дабравольцаў на пошукi. А задачы старшым груп ставiць каардынатар. Сваiх спецыялiстаў «Анёл» навучае i выхоўвае сам — iнфармацыя пра курсы i «баявыя» вучэннi размяшчаецца на сайце атрада.

— А цi ёсць адбор па здароўi, фiзiчных даных, узросце?

— У нас не армiя i не мiлiцыя. Але вучыцца да нас, як правiла, прыходзяць людзi пэўнага складу — паляўнiчыя, рыбакi, страйкбалiсты, вайскоўцы, спартсмены. У 90 працэнтах выпадкаў гэта людзi, якiя ўжо маюць нейкую падрыхтоўку i, вядома, матывацыю. Балерына наўрад цi прыйдзе да нас навучацца. У валанцёры — можа быць, але не на курсы па пошуку людзей... Так што адбор адбываецца аўтаматычна.

— I не думайце, што многiя жадаюць вучыцца на нашых курсах, — дадае Сяргей.

— Калi прападае дзiця, людзi актыўна дапамагаюць. Але калi ў сезон губляюцца ў лесе бабулi i дзядулi, грамадства да гэтага прызвычаiлася. Гэта ўжо статыстыка. I сабраць валанцёраў для пошукавых мерапрыемстваў бывае складана. Многiя проста маральна не гатовыя паехаць на пошукi. Знiк чалавек — гэта бяда. Але гэта ж не ваш сваяк... Людзi, якiя адказваюць на наш заклiк, — гэта тыя, для каго чужая бяда як свая.

Восем гадоў таму пошукава-выратавальны атрад «Анёл» пачаўся з аднаго неабыякавага чалавека.

— У 2012 годзе я пачуў зварот жанчыны па тэлебачаннi. У яе знiк бацька сталага ўзросту. Жанчына страцiла надзею яго знайсцi i вырашыла звярнуцца да суайчыннiкаў, каб людзi прыехалi i ўзялi ўдзел у пошуках. Я зразумеў: трэба дапамагчы. Але калi прыбыў на месца сустрэчы, аказалася, што я i мой сябар былi адзiныя з дабравольцаў. Пасля гэтага я вырашыў, што трэба нешта рабiць, — расказвае Сяргей.

Сябра тады ўзяў з сабой «за кампанiю» — аднаму было дыскамфортна, успамiнае суразмоўнік: незразумела, куды едзеш i чым зможаш дапамагчы.

— Таму я сёння разумею валанцёраў, якiя ўпершыню ўдзельнiчаюць у пошукава-выратавальных мерапрыемствах. Яны разгубленыя, адчуваюць няўпэўненасць... Калi знаёмiшся з валанцёрамi блiжэй, яны кажуць: «Мы баялiся. Думалi, тут байцы з суперпадрыхтоўкай». Але паступова людзi пачынаюць размаўляць памiж сабой, становяцца не такiя напружаныя... Пошукавыя атрады ва ўсiм свеце згуртаваныя агульнай iдэяй. Нашы валанцёры — гэта людзi з добрай матывацыяй, якiя сапраўды iмкнуцца дапамагчы. Да нас не прыязджаюць ад няма чаго рабiць.

У 2012 годзе аналагаў пошукава-выратавальнага атрада ў нашай краiне не было. «Анёл» ствараўся метадам спроб i памылак. Пачаўся ён з групы ў сацсетках. Сяргей скончыў прафесiйныя курсы ў Расii, i вельмi хутка пачалi паступаць запыты ад зусiм незнаёмых людзей з просьбамi аб дапамозе, а «Анёл» пачаў абрастаць камандай.

Сёння на афiцыйнай заработнай плаце ў «Анёле» чатыры чалавекi, усе астатнiя дапамагаюць добраахвотна — дайверы, кiнолагi, прафесiяналы, якiя валодаюць спецыяльнымi пошукавымi навыкамi.

— У сувязi з COVID-19 валанцёраў стала менш?

— Не заўважаю, што з прычыны пандэмii стала менш дабравольцаў. У нас жа ў краiне не ўводзiлася каранцiнных мер. Вялiкая праблема была ў Расii — валанцёрам выдавалiся спецыяльныя пропускi, каб яны маглi выязджаць на пошукавыя мерапрыемствы. У нас ёсць патрабаванне: у службовым транспарце i ў памяшканнях усiм знаходзiцца ў масках, а на адкрытым паветры — вытрымлiваць сацыяльную дыстанцыю.

А вось губляцца ў сувязi з пандэмiяй людзi сталi менш. Але ж самая актыўная для «Анёла» пара яшчэ наперадзе.

Каго ратуе «Анёл»

Людзi, якiх часцей за ўсё даводзiцца шукаць, — гэта ўмоўна чатыры групы: дзецi, бабулi i дзядулi (нярэдка са стратай памяцi), асобы, схiльныя да суiцыду, i людзi з псiхiчнымi захворваннямi. Iснуе сезоннасць: людзi губляюцца перад вялiкiмi святамi i пасля iх, падчас масавых карпаратываў на прыродзе, у час летняй спякоты, веснавой рыбалкi i ў пачатку зiмы, калi лёд яшчэ ненадзейны, у сезон збору грыбоў i ягад.

— Вы знаходзiце ўсiх, хто прападае?

— На жаль, не. Але 95–98 працэнтаў — знаходзiм. Часам праз пяць, дзесяць i нават дваццаць гадоў пасля таго, як яны згубiлiся. У нас напрацаваны сувязi з калегамi ў iншых краiнах i ў Беларусi (акрамя «Анёла» iснуе гомельскi «Сiмуран», атрад «Анёл — Паўночны Захад»), створаны нашы прадстаўнiцтвы больш чым у дзесяцi беларускiх гарадах. Зыходзячы з вопыту, як толькi мы атрымлiваем зыходную iнфармацыю, ужо можам сказаць, знойдзем гэтага чалавека цi не, а калi знойдзем — то жывым або нежывым. Мы не медыкi. Наш прынцып — пры магчымасцi выратаваць, пры немагчымасцi — знайсцi.

— А цi часта вы знаходзiце людзей нежывымi? Напэўна, дабравольцы псiхалагiчна не гатовыя да такога выпрабавання?

— Здараецца, мы знаходзiм людзей мёртвымi, менавiта таму працуем у цеснай сувязi з мiлiцыяй. А што датычыцца тых, хто знаходзiць мёртвае цела... Нашы людзi ведаюць, куды едуць. У пачатку пошукавых мерапрыемстваў паведамляем ім, каго шукаем i ў якiм стане можам яго знайсцi. Людзi павiнны разумець, што iмавернасць знайсцi нежывога чалавека ёсць. Магчыма, хтосьцi не гатовы пайсцi далей, тады застаецца ў штабе i дапамагае каардынатару. У больш вопытных дабравольцаў iншае стаўленне да пошукаў: яны вераць, што аказваюць дапамогу сям'i таго, хто загiнуў, спыняюць яе пакуты.

Часам, кажа Сяргей, ратавальнiкi з «Анёла» разумеюць, што шукаюць менавiта мёртвага чалавека, але ад пошукаў не адмаўляюцца. Так было некалькi дзён таму, калi атрад выехаў на пошукi сямнаццацiгадовага хлопца, якi, па словах сведак, патануў у возеры. Вядома, сёстры i мацi хлопца спадзявалiся, што сведкi памылiлiся... Але цуд не адбыўся — вадалазы паднялi цела са дна.

— Значыць, цуд немагчымы?

— Цуд магчымы заўсёды ... Але цуд на тое i цуд, каб здарацца рэдка. Чалавек, якi звяртаецца да нас, заўсёды спадзяецца, што яго блiзкi жывы. Гэта ахоўная рэакцыя. Таму ў некаторых нашых падрыхтаваных спецыялiстаў з цягам часу здараецца выгаранне, склад валанцёраў кожны раз на 90 працэнтаў новы, а людзi, якiм мы калiсьцi дапамаглi знайсцi блiзкага, амаль нiколi не прыязджаюць да нас дабравольцамi. Думаю, яны проста не гатовыя перажыць гэта зноў. За гады работы ў «Анёле» я навучыўся не асуджаць людзей. Але хацелася б, каб яны былi больш спагадлiвыя. Якiя б вы не былi пiльныя, не трэба думаць: «Са мной такога не здарыцца». Не толькi ў лесе, але нават у горадзе — здавалася б, знаёмым i бяспечным асяроддзi — можна згубiць блiзкага чалавека: дзiця, пажылых мацi, бацьку. Практычна ўсе, хто звярнуўся да нас, кажуць адну i тую ж фразу: «Мы нiколi не думалi, што такое можа адбыцца з намi».

«Лайкi» нiчым не дапамогуць

Пра «Анёл» пiшуць часта, i ў асноўным з клiчнiкамi. Моцныя, прафесiйныя, ратуюць людзей. Маюць унiкальнае абсталяванне, якога няма часам нават у афiцыйных спецыяльных устаноў.

Мiж тым «Анёл» — гэта валанцёрская арганiзацыя, якая iснуе выключна на ахвяраваннi i не вельмi частую спонсарскую дапамогу. I наўрад цi людзям прыходзiць у галаву, колькi каштуе кожнае пошукавае мерапрыемства.

— Дзякуючы артыкулам пра нас у людзей складваецца ўражанне, што ў «Анёла» ўсё ў парадку, — кажа Сяргей. — Напэўна, мне трэба казаць не толькi пра нашы поспехi, але i пра тое, што мае супрацоўнiкi месяцамi не атрымлiваюць зарплату, што часта мы з цяжкасцю знаходзiм сродкi на аплату арэнды нашага памяшкання, што, здараецца, няма палiва на выезды i няма чым кармiць валанцёраў падчас пошукава-выратавальных мерапрыемстваў... Калi людзi хочуць быць датычныя да добрай i патрэбнай справы, але паехаць на пошукi не могуць, — хай ахвяруюць два рублi нам на палiва, а не ставяць «лайкi». Так i напiшыце: «лайкi» нiчым нам не дапамогуць у выратаваннi чалавечага жыцця. Гэта гучыць груба, але гэта праўда.

— Цi сталi сёння людзi больш спагадлiвыя, чым восем гадоў таму, калi ствараўся «Анёл»?

— Наўрад. Асаблiва апошнiм часам. У людзей няма грошай, няма ўпэўненасцi. Iм ужо дакладна не да чужых бед. Тым больш колькi iх, гэтых праблем!.. Хворыя дзецi, анкалагiчныя захворваннi, хтосьцi збiрае на аперацыю, у кагосьцi згарэў дом... Я разумею, што пошук людзей — проста адна з усiх гэтых сацыяльных праблем. I ў кагосьцi яны больш глабальныя. Iншы раз мы размаўляем з кiраўнiцтвам прадпрыемства i чуем у адказ: у нас ёсць выбар — дапамагчы вам цi дзiцячаму хоспiсу. Я кажу: дапамажыце хоспiсу. На сябе мы, напэўна, знойдзем сродкi — прынамсi, будзем змагацца... Але што рабiць, калi грошы знайсцi не атрымаецца? «Анёл» стане не настолькi эфектыўны. Мы не зможам дапамагчы ўсiм, хто мае ў гэтым патрэбу. У нас няма камерцыйнай дзейнасцi, мы iснуем на ахвяраваннi, а ахвяраваць можна, толькi калi ў цябе самога нешта ёсць. Сёння ў многiх людзей i арганiзацый проста няма магчымасцi займацца дабрачыннасцю. Мы не агiтуем i не заклiкаем усiх i кожнага дапамагаць нам матэрыяльна або выязджаць валанцёрамi на пошукава-выратавальныя мерапрыемствы — гэта справа добраахвотная. Проста, як правiла, людзi не задумваюцца аб такiх рэчах, пакуль не сутыкнуцца з iмi самi. Час ад часу кожнаму з нас патрэбен анёл. Для гэтага мы i працуем.

Аляксандра АНЦЭЛЕВIЧ

Зрабiць унёсак у пошук людзей i падтрымаць пошукава-выратавальны атрад «Анёл» можна пры дапамозе:

  • электроннага плацяжу праз Адзiную разлiковую iнфармацыйную прастору (АРIП), код паслугi 4345671.
  • USSD-запыту *222*13# для абанентаў МТС, А1, life:) — з вашага рахунку спiшацца два рублi.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Сяргей Лебедзеў: Дзяржавы СНД выступаюць за зацвярджэнне справядлівага шматпалярнага светаўладкавання

Сяргей Лебедзеў: Дзяржавы СНД выступаюць за зацвярджэнне справядлівага шматпалярнага светаўладкавання

8 снежня споўнілася 32 гады з дня ўтварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Спорт

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

«Галоўная задача „Беларусь 5“ — паказваць беларускаму гледачу беларускі спорт».