Вы тут

«Мы не можам падвесцi гледачоў». «Славянскi базар — 2020» скарачаецца, але не адмяняецца


29-ы па лiку Мiжнародны фестываль мастацтваў «Славянскi базар у Вiцебску» пройдзе сёлета з 16 да 20 лiпеня ў новым фармаце i, паводле слоў мiнiстра культуры Юрыя Бондара, мае ўсе шанцы стаць адным з самых маштабных open air-аў у Еўропе.


Справа ў тым, што, з улiкам умоў, якiя складваюцца ў Беларусi i ў свеце, мастацкi форум выйдзе з закрытых памяшканняў на вулiцы i плошчы, у дворыкi i паркi Вiцебска. Так, на галоўнай адкрытай пляцоўцы фэсту — у Летнiм амфiтэатры — адбудуцца сем самых маштабных праграм: канцэрты адкрыцця i закрыцця «Славянскага базару», конкурс маладых выканаўцаў «Вiцебск-2020»
(у iм, як плануецца, выступяць прадстаўнiкi 18 краiн свету, а другi конкурсны дзень упершыню сумесцяць з канцэртам закрыцця фэсту, каб гледачы маглi ўбачыць жывыя, непадробныя эмоцыi артыстаў), канцэрт «Саюзная дзяржава запрашае...», складзены з кiнашлягераў, а таксама праграмы «Залаты хiт», «Шансон ТБ — усе зоркi» i зборны канцэрт «Рок на ўсе часы».

Што да дзiцячага мiжнароднага конкурсу «Вiцебск-2020», у якiм заяўлены юныя выканаўцы з 21 краiны свету, то ён пройдзе на новай пляцоўцы — адкрытай сцэне, якую спецыяльна ўзводзяць каля КЗ «Вiцебск». Арганiзатары прызнаюцца: доўга спрачалiся, цi не лепш будзе ладзiць конкурсы ў анлайн-фармаце, але потым вырашылi, што было б несумленна пазбаўляць пераможцаў нацыянальных адбораў магчымасцi выступiць перад публiкай. Тым больш у дырэкцыi фестывалю абяцаюць на сто працэнтаў выконваць усе рэкамендаваныя Мiнiстэрствам аховы здароўя меры бяспекi для артыстаў i гледачоў. Але як быць замежным удзельнiкам «Славянскага базару», калi да сярэдзiны лiпеня iх краiны яшчэ не адкрыюць гранiцы? «Мы ўжо месяц у рэспублiканскiм аргкамiтэце працуем над гэтым пытаннем, — запэўнiвае дырэктар фестывалю Глеб Лапiцкi, — у шчыльным кантакце з усiмi дзяржаўнымi структурамi, ад Мiнздароўя i Мiнкультуры да МЗС. Двойчы на тыдзень адсочваем бягучую эпiдсiтуацыю, разглядаем магчымасцi эксклюзiўных дамоў з дзяржавамi — удзельнiцамi фестывалю, i пакуль што няма насцярожанасцi, што нехта з артыстаў не зможа прыехаць».

На жаль, дзеля новага фармату некаторымi мерапрыемствамi давялося ахвяраваць. Адменены ўся тэатральная праграма, КВЗ-канцэрт, а таксама раней заяўленыя ў закрытых залах «сольнiкi» артыстаў (апошнiх арганiзатары запрасiлi ў зборныя канцэрты). Абноўленая праграма ўжо размешчана на афiцыйным сайце fest-sbv.by. Пры гэтым, адзначыў Юрый Бондар, з рэалiзаваных раней амаль 15 тысяч бiлетаў (больш за 1000 набылi замежнiкi) падчас «стадыi неакрэсленасцi», цi будзе наогул «Славянскi базар у Вiцебску» i ў якiм рэжыме ён пройдзе, у касы было здадзена не больш за 70. «Гэта сведчыць пра тое, што i жыхары Вiцебска, i замежнiкi гэтага свята чакаюць, i падвесцi чаканнi гледачоў было б няправiльна», — перакананы мiнiстр.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: censor.net.ua

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната. Дзень інвалідаў адзначаюць у Беларусі

Жыццё Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната. Дзень інвалідаў адзначаюць у Беларусі

Кожны дзень тут, як і ў звычайнай школе, праходзіць па раскладзе.

Грамадства

«Куток надзеі» для безгаспадарчых сабак

«Куток надзеі» для безгаспадарчых сабак

Як валанцёрскі рух падтрымлівае чатырохлапых «сяброў».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам трэба звярнуць увагу на знакі, якія пасылае лёс.