Вы тут

Каб не стаў інтэрнэт павуцінаю


Сучасныя ІТ-тэхналогіі ў пару супрацьстаяння каранафіруснай інфекцыі даюць магчымасць значна зменшыць колькасць рэальных кантактаў паміж людзьмі. Але праз “сусветную павуціну” пашыраюцца й фэйкавыя навіны ды інфавірусныя інфекцыі, асабліва небяспечныя для юных душ і розумаў.


Валеры Ягораў і паэтэса Людміла Паўлікава-Хейдарава  на адной з прэзентацый. Мінск, 2018 г. Фота Івана Ждановіча

Няма ліха без дабра, кажуць беларусы. Нябачны вірус падштурхоўвае нас шукаць і ўдасканальваць “бескантактныя” тэхналогіі ў розных сферах жыцця. І многія з іх падвязаныя на інтэрнэт. Дырэктар беларускай кампаніі “Сакрамент ІТ” Валеры Ягораў лічыць: такім чынам паглыбляемся мы ў рэальнасць, якую акадэмік Уладзімір Вярнадскі апісваў як наасфера. На думку вучонага, само з’яўленне чалавека і ўплыў ягонай дзейнасці на наваколле — гэта не выпадковасць, а пэўны заканамерны этап эвалюцыі біясферы. Вярнадскі даводзіў, што паступова пад уплывам навуковай думкі, калектыўнай працы аб’яднанага чалавецтва, скіраваных на задавальненне ўсіх яго матэрыяльных і духоўных патрэбаў, біясфера Зямлі павінна перайсці ў новы стан — наасферу (ад грэцкага “ноас” — розум). А тэрмін наасфера з’явіўся ў 1927‑м у артыкулах французкага матэматыка Эдуарда Леруа. Пісаў жа ён іх пасля праслуханых у 1922–23 гадах курсаў лекцый Уладзіміра Вярнадскага па праблемах геахіміі ды біягеахіміі. Адзін з ключавых тэзісаў Вярнадскага такі: “Чалавек непарыўна звязаны з асяроддзем, у якім жыве, ён — пэўная функцыя біясферы”.

— Валеры Мікалаевіч, мы даўно чуем пра рэальнасць віртуальную, і яна цесна спалучана ўжо з рэальнасцю фізічнай. Віртуальны кантэнт, асабліва сацсеткі забіраюць шмат нашае ўвагі, зацягваюць — як нейкі вялізны павук у сваю павуціну. Старэйшых яшчэ не так, а маладзёнам, бачым, бывае цікавей сядзець у інтэрнэце, чым жыць у рэальнасці. Але ж у той “віртуальнасці” ёсць шмат усялякіх небяспек, нават страшнейшых за каранавірус…

— Згодзен, што небяспек у віртуальнай прасторы — як вірусаў. Процьма! Вось і хваля так званай інфаэпідэміі пракацілася па свеце, пасеяла паніку ў некаторых краінах. Змяталі ўсё з паліц магазінаў, панікавалі… А цяперашнія вулічныя, надзвычай агрэсіўныя пратэсты ў ЗША, краінах Заходняй Еўропы можна расцэньваць як выхад з падсвядомасці людзей у рэальнасць тых страхаў, панічных настрояў, спароджаных інфавірусам. Вось такі нездаровы атрымаўся віртуальна-рэальны мікс…

— Як нам, нашым дзецям і ўнукам бараніцца ад негатыўных інфаатак? Чым умацоўваць свой, скажам так, інфармацыйны інтэрнэт-імунітэт?

— Што ж, будзем выкарыстоўваць актуальную лексіку. Я прыходжу да высновы, што своеасаблівыя антыцелы дзецям, школьнікам, студэнтам для барацьбы з інфавірусам даюць “прывіўкі” якаснай адукацыяй і сапраўднай культурай. Скажу яшчэ крамолу: часам і свабоду слова можна расцэньваць як інфанебяспеку. Пра тое не раз чуў і ад настаўнікаў, педагогаў, калі ў розных аўдыторыях прэзентаваўся наш вялікі праект “Мегабук”. (Глядзіце праект Мультымедыйная бібліятэка школьніка (МБШ) у інтэрнэце: http://mbook.by/. Мы раней пісалі пра яго: “Ад Скарыны да SKARYNA: Упершыню ў свеце пераважная большасць беларускіх школьных падручнікаў стала даступнаю ў электронным фармаце для вучняў і настаўнікаў, розных іншых карыстальнікаў. — ГР, 7.06.2017. — Аўт.). І, на мой погляд, праект наш стаў асабліва актуальным сёння, калі частка вучняў лакалізаваная дома. Для анлайн-заняткаў інтэрнэт жа патрэбен — і ён увесь час у школьнікаў пад рукой. Нехта раней баяўся: ах, віртуальныя падручнікі шкодныя для здароўя. Лухта! Можна ж сказаць: кніга, чытанне псуе дзецям зрок. І ад цукерак — карыес… Шмат што можна забараніць. Але ж, як казаў класік: “Каб сонца засланіць — вушэй асліных мала”…

— Як вы ўвогуле ставіцеся да ідэі анлайн-урокаў?

— Падаецца мне, што гэта — прафанацыя адукацыі. На добры толк, у сённяшніх умовах, калі казаць пра дыстанцыйнае навучанне, галоўнае — каб былі ўсе падручнікі ў вучня пад рукой. “Мегабук” дае такую магчымасць. Настаўнік даў заданне, вучань дома сам працуе з мультымедыйнымі падручнікамі, дапаможнікамі. Калі што — маці, бацька, старэйшыя браты-сёстры яго кансультуюць. А платформа МБШ дае магчымасць актуалізаваць змест, прадугледзець формы праверкі таго, як засвоены ўрок. Па сутнасці, гэта можа быць Дамашняя адукацыйная платформа. Кантэнт якой, што вельмі важна, не ўтрымлівае інфавірусаў, фэйкаў. Гэта своеасаблівая, абароненая ад “агрэсіўнага” інтэрнэт-асяроддзя прастора, дзе вучні прывучаюцца самастойна здабываць веды. Ну, як жаботнік для тых, хто вучыцца плаваць, пры вялікім басейне. Калі ж малога кінуць адразу ў акіян інфармацыі — ён такога можа “наглытацца”! Мы дзякуючы платформе МБШ, вобразна кажучы, навучаем чалавека для будучага плавання па вялікім жыцці на сваёй лодачцы: кіраваць ветразем, працаваць вёсламі, карыстацца выратавальнай камізэлькай, арыентавацца па зорках… З такімі ўменнямі ў яго больш шанцаў выжыць. Ён можа прайсці свой вучэбны маршрут ад аднаго месца да іншага — без штармоў, акул і піратаў. Фактычна “Мегабук” — гэта й невялікае культурна-адукацыйнае возера, у якім дзеці, школьнікі могуць шмат чаму навучыцца. Плаваць у моры інфармацыі — як дэльфіны, і не патануць.

— Інтэрнэт-махляры, продаж псіхатропаў, педафілы, псеўдаведы, псеўдакаштоўнасці… Фэйкі, інфармацыйныя ўкіды… Дзе яшчэ небяспека?

— Ды што пералічваць! Ад кожнай болькі дзіця не абароніш, за ўсімі “выклікамі часу” й не ўсочыш. Ну ці ж вучылі нас бацькі, як змагацца з фэйкамі? Усяму не навучыш. Але выхаванне, культурная традыцыя, развіццё інтэлекту ствараюць нябачную лінію абароны асобы. Калі яна ёсць, тады й кінуты фэйк не ляжа ў свядомасць як ідэя каранёвая, асноўная. Скажам, я, выхаваны ў савецкай школе, у сям’і настаўнікаў, ніколі не сумняваўся, што Радзіма, Бацькаўшчына — гэта святое. І калі чытаў Аляксандра Салжаніцына, то міжволі бачыў, адзначаў для сябе: ну вельмі ўсё чорна ў ягоных творах. Як на такім выхоўваць моладзь? Чаму навучаць? Са мной неяк спрачаўся адзін прыхільнік ягонай творчасці, як кажуць, “с пеной у рта”. Цяпер многія бачаць: сапраўды, Аляксандр Ісаевіч, мякка кажучы, зашмат чорнай фарбы наліў. А навошта? Можна ж сказаць і шклянка напалову пустая, і напалову поўная. Несумненна, было ў савецкай гісторыі ўсялякае. Але ж можна чорнай фарбай заліць гісторыю любога народа, што й не выберашся!

— Мы, журналісты, ведаем са студэнцтва, што такое адбор фактаў. З любой практычна з’явы можна выбіраць тое, што падмацоўвае тваю пазіцыю. Пры тым вельмі важны нейкі камертон, які гучыць у тваёй душы: у імя чаго ты гэта робіш, пішаш? Якую праўду хочаш у свеце сцвердзіць?

— Я чытаў многія кнігі Салжаніцына, і там столькі бруду — ну проста людзей не відаць. Мяркую, гэта быў хутчэй палітычны праект (бо пісьменнік жыў у ЗША), чым жаданне пасеяць “разумнае, добрае, вечнае”, узвысіць сваю Айчыну. (Магчыма, у фанцік мастацкай літаратуры ў гэтым выпадку загорнута нешта іншае? Фелікс Янушкевіч, стваральнік незвычайнага музея “Янушкевічы” ў Ракаве, разважае ў адным з інтэрнэт-тэкстаў, як збірае сваю калекцыю. І якраз пра такія рэчы гаворыць: “Я не бяру рэчы псеўдамастацкія. Як быццам бы й мастацкія, але немастацкімі сродкамі перадаюцца. Магчыма, гэта быў шырспажыў. Няма энергетыкі ў іх, яны як бы мёртвыя. Быццам і пра мастацтва — але гэта антымастацтва”. — Аўт.) Я чытаў кнігі Салжаніцына — маючы пэўны жыццёвы досвед. Разумеючы, што ў кожнага можа быць свая праўда. Але, падаецца мне, зусім не муза стаяла за плячом стваральніка твораў…

— І, як гаворыцца, вадзіла яго пяром…

— Мяркую, з часам адкрыецца, у чым там справа. І чым скончылася? Вярнуўся дысідэнт-Салжаніцын у “новую” Расію, і ўжо казаў пра асаблівы шлях яе, і выбранасць, і нацыянальную ідэю. Ізноў стаў патрыётам. Згадаем тут словы іншага патрыёта Расіі, Мікалая Някрасава: “То сердце не научится любить, которое устало ненавидеть”… Салжаніцын казаў: я змагаўся з сістэмай. А сістэма была чыя, з нетраў якога народа ўзрасла? Хто працаваў на ўсіх яе прыступках ад верху да нізу? Не афрыканцы ж… Хто быў самай масавай часткай партыі? Савецкія людзі! Няўжо ўсё так дрэнна было? Калі б так — не выстаяў бы Савецкі Саюз у барацьбе з фашызмам. Але вернемся да нашай тэмы інфабяспекі: чалавеку патрэбен жыццёвы досвед, каб крытычна ставіцца да таго, што мы чытаем, асабліва ў акіяне інтэрнэту. У дзяцей, маладых людзей яго малавата. У тым і небяспека віртуальнай прасторы. Там ёсць псеўдавыспы, псеўдаплыні, мёртвыя зоны й шматлікія “Бермудскія трохкутнікі”. Каб плыць па акіяне жыцця ў нашым часе, варта мець нешта базавае. Вучыцца супастаўляць факты. Вышукваць узаемасувязі ў, здавалася б, разрозненых з’явах жыцця.

— Гэта значыць: жыць сваім розумам. Хоць, праўда, мы заўсёды будуем сваю асобу на прыкладзе іншых людзей, для нас аўтарытэтных, паважаных. Але ж і яны не ведаюць ісціну…

— Цяпер навукоўцы кажуць: не маса шэрага рэчыва мозга сама па сабе важная. І не самі па сабе мільярды клетак вызначаюць якасць працы мозгу — а колькасць і якасць сувязяў паміж імі. Дык вось, якраз наш “Мегабук” — гэта праект, які спрыяе развіццю такіх сувязяў. Бо ў нас жа ўсе прадметы школьныя ўзаемазвязаны паміж сабой, нават сістэмай пошуку. Адзінай базай. Набіраем, скажам, ключавыя словы Піфагор, Арыстоцель, Скарына — і знаходзім адразу тое, што напісана пра іх у дзясятку падручнікаў. Па гісторыі, па літаратуры… У розных класах. Хто зацікавіўся — прачытаў. Калі так глядзець на свет, то будзе фармавацца цэласнае, не фрагментарнае светаўспрыманне. Чалавек навучыцца бачыць: усё з усім узаемазвязана. Што ў кожнай прычыны ёсць сваё наступства, што свет — не куча выпадковасцяў: гэта высокаарганізаваная, гарманічная сістэма.

— Фрагментаванасць і “выпадковасць” свядомасці характэрная сёння для многіх людзей…

— Бо нават дарослыя людзі не заўсёды ўмеюць аналізаваць, супастаўляць факты, падзеі, якія вакол нас адбываюцца. Як і тое, што адбываецца з намі, унутры нас, чаму тыя ці іншыя эмоцыі бяруць верх. А ўзаемасувязі трэба знаходзіць! І любы новы факт, які мы даведаемся, патрабуе аналізу. Вось цяпер вялікая праблема інфапрасторы — фэйкі. Як супрацьстаяць ім? Думаю, найлепшы сродак абароны супраць такога інфавіруса — вучыць чалавека з маленства аналізаваць, пераправяраць, параўноўваць інфармацыю. Калі ты не прывучаны тое рабіць гэтак жа, як мыць рукі перад ежай (а цяпер і значна часцей!) — ты, вобразна кажучы, чалавек без культурна-адукацыйнага імунітэту. І таму лёгка дасягальны для любога інфавіруса. Дзе такія навыкі набываць? У сям’і, у школе, у нашым жаботніку… Калі ёсць навыкі, то ў жыццёвым плаванні, сустрэўшы нейкія новыя павевы, інфаплыні, з’явы — ты зможаш правільна выставіць ветразь, папрацаваць вяслом, зарыентавацца па зорках ці прыборах, ацаніць параметры й сілу ветра ці плыні… Наш “Мегабук” — гэта “трэнажор” для ўмацавання наасфернага імунітэту асобы. Калі ты выразна ведаеш, куды і навошта рухаешся — тады лягчэй супрацьстаяць розным інфаспакусам. А з гадамі развіваецца пачуццёведанне. Ты хутка ўжо адсяваеш фэйкі, маючы досвед аналізу іншых разрозненых фактаў і з’яў. Многае, дарэчы, наш мозг апрацоўвае міжволі: мы толькі запускаем працэс, загружаючы зыходную інфармацыю ў наш мегакамп’ютар. Бо чалавек — гэта, кажуць мудрыя людзі, найскладаная й найдасканалая машына ў свеце. Іншая справа, што мы не заўсёды ўмеем якасна выкарыстоўваць увесь свой велізарны патэнцыял.

Гутарыў Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў. 

У свеце

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

Уся Літва трапіла ў «чорную» зону заражэння каранавірусам. 

Грамадства

Страшнае слова «генацыд»

Страшнае слова «генацыд»

Для тых, хто прысвойвае сабе права быць «выключнымі», гэта рана ці позна становіцца катастрофай у маштабах народа.