Вы тут

У КДК абнародавалі факты супрацьпраўнай дзейнасці Віктара Бабарыкі


Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК падчас расследавання крымінальных спраў, якія знаходзяцца ў вядзенні, устанавіў новыя факты супрацьпраўнай дзейнасці арганізаванай групы, у склад якой уваходзяць былыя і дзеючыя супрацоўнікі Белгазпрамбанка.


«Цяпер вядзецца работа па шэрагу кірункаў, у тым ліку ў дачыненні да махінацый з вэксалямі на суму больш як $60 млн, — цытуе Івана Тэртэля БЕЛТА. — У выніку на замежныя рахункі ў падкантрольныя структуры членамі злачыннай групы выведзеныя буйныя сумы валюты. Акрамя таго, намі ўстаноўлены адмывальныя схемы, па якіх ажыццяўлялася вывядзенне ў замежныя банкі вялікіх сум валюты ў падкантрольныя структуры».

Адной з такіх структур з’яўляўся латвійскі АBLV-банк.

«Па інфармацыі нашых латвійскіх калег, за некалькі гадоў толькі ў інтарэсах гэтага банка на яго рахункі з рахункаў Белгазпрамбанка было выведзена звыш $430 млн», — адзначыў кіраўнік КДК. Ён выказаў асаблівую падзяку праваахоўным органам Латвіі, якія аператыўна адгукнуліся на запыты, выявілі на рахунках АBLV-банка грошы, што належаць дзеючым супрацоўнікам Белгазпрамбанка, у тым ліку намесніку начальніка юрыдычнага ўпраўлення Шаўчуку. Ён выконваў непасрэдныя ўказанні Бабарыкі, ствараў юрыдычныя асобы ў афшорах і суправаджаў іх дзейнасць.

Акрамя таго, падчас следчых мерапрыемстваў устаноўлены і задакументаваныя факты атрымання буйных хабараў топ-менеджарамі банка за выдачу шматмільённых крэдытаў прадпрымальнікам і фізічным асобам з так званай дрэннай крэдытнай гісторыяй. Устаноўлена таксама дачыненне шэрагу службовых асоб банка да арганізацыі схем, звязаных з фактычным прымусам грамадзян да атрымання крэдытаў з наступнай перадачай грошай іншым асобам з катэгорыі дрэнных крэдытаатрымальнікаў.

«Па гэтых фактах Дэпартамент фінансавых расследаванняў распачаў шэраг крымінальных спраў па арт. 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры), арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам), арт. 210 (крадзеж у асабліва буйным памеры ), арт. 209 (махлярства), а таксама па арт. 430 (атрыманне хабару) і арт. 431 (дача хабару). Намі затрымана каля 20 чалавек, якія непасрэдна прымалі ўдзел у супрацьпраўнай дзейнасці, у тым ліку Бабарыка, — сказаў Іван Церцель. — Бабарыка затрыманы ў сувязі з тым, што з’яўляўся непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, спрабаваў уздзейнічаць на паказанні сведак, рабіў спробы ўтойвання слядоў учыненых злачынстваў і літаральна на днях зняў буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў».

На брыфінгу журналістам паказалі дакументы, якія пацвярджаюць факты супрацьпраўнай дзейнасці Віктара Бабарыкі. Старшыня КДК адзначыў, што практычна ўсе затрыманыя супрацоўнічаюць са следствам, даюць прызнальныя паказанні, у тым ліку аб кіруючай і арганізуючай ролі экс-кіраўніка Белгазпрамбанка ў згаданых злачынных схемах.

Іван Церцель падкрэсліў, што злачынная дзейнасць такога кшталту адносіцца да найбольш удасканаленых, патрабуе ўзаемадзеяння з партнёрамі з шэрагу замежных краін. Цяпер найбольш шчыльныя кантакты ўстаноўленыя з латвійскімі праваахоўнымі органамі. Запыты аб аказанні садзейнічання накіраваны таксама ў кампетэнтныя структуры 18 дзяржаў, у тым ліку ў Вялікабрытанію, Іспанію, Нідэрланды, Чэхію. Акрамя таго, беларускія праваахоўнікі звярнуліся па садзейнічанне да кампетэнтных спецыялістаў ЗША. Паводле слоў Івана Церцеля, гэта асабліва важна, таму што Злучаныя Штаты маюць магчымасць кантролю за патокамі разлікаў у доларах ЗША праз сістэму SWІFT.

«Усе дзеянні намі праводзяцца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Плануем працаваць адкрыта, максімальна інфармуючы грамадскасць аб праводзімых мерапрыемствах», — гарантаваў старшыня КДК. Крымінальныя справы ва ўстаноўленым парадку перададзены ў Генеральную пракуратуру для вызначэння падследнасці.

Журналісты папрасілі кіраўніка КДК пракаментаваць тое, што асобныя СМІ звязваюць крымінальную справу ў дачыненні да топ-менеджараў Белгазпрамбанка з выбарчай кампаніяй, якая праходзіць у краіне. «Гэтыя падзеі паміж сабой ніяк не звязаныя. Камітэт дзяржаўнага кантролю дзейнічае ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам, а таксама выконвае абавязацельствы Беларусі перад сусветнай супольнасцю па супрацьдзеянні адмыванню грошай, атрыманых незаконным шляхам», — падкрэсліў Іван Церцель.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Іван Церцель таксама пракаментаваў заявы Віктара Бабарыкі, што знойдзеныя ў затрыманых па гэтай справе грошы належаць яму. «Сапраўды, Бабарыка заявіў, што гэтыя грошы належаць яму. Разам з тым мы дакладна ведаем з паказанняў затрыманых асоб, што гэтыя грашовыя сродкі былі незаконна выведзеныя з Беларусі па сістэме афшораў, затым размеркаваныя паміж удзельнікамі супрацьпраўнай дзейнасці ў адпаведнасці з раней абумоўленымі працэнтамі», — растлумачыў ён.

«Уяўляецца, што Бабарыка спрабуе пагуляць у высакароднасць. Мы ў сваю чаргу ведаем, што лялькаводы, якія стаяць за яго дзейнасцю, асцерагаюцца, што нашы дзеянні прывядуць да атрымання даных і пацвярджэння іх дачынення да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці. Такімі асобамі з’яўляюцца, мы ведаем, вялікія начальнікі ў «Газпраме», а, можа быць, і вышэй», — сказаў Іван Церцель.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?