Паўгода, як у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» выходзіць з аўторка да пятніцы праект «Здорава здаровым быць», які папулярызуе здаровы лад жыцця і ў кожным з выпускаў дае адказы на самыя разнастайныя і актуальныя пытанні, што датычацца нашага здароўя. «Звязда» завітала на здымкі чарговых выпускаў і пагаварыла з вядучымі і стваральнікамі праекта.
За час сваёй прысутнасці ў эфіры праект «Здорава здаровым быць» даў гледачам магчымасць разабрацца ў самых розных тэмах: ад мігрэні да рэабілітацыі неданошаных дзетак. Як адзначаюць стваральнікі праграмы, тэмы выбіраюцца, зыходзячы з актуальнасці для аўдыторыі.
— Гэтая праграма адукацыйная, і яе галоўная мэта ў тым, каб сарыентаваць людзей на важныя працэсы, якія адбываюцца ў іх арганізме, каб захаваць здароўе і рэсурс, які дадзены кожнаму з нас прыродай. Бо, на жаль, шкодныя звычкі, няправільнае харчаванне і спосаб жыцця часта прыводзяць да таго, што чалавек пачынае хварэць, не можа жыць якасна і раней памірае, — дзеліцца ў перапынку паміж здымкамі кіраўнік праекта «Здорава здаровым быць» Наталля Шаруба. — Мы бачым зваротную сувязь: людзі пішуць і тэлефануюць нам амаль штодня. Іх неабыякавасць і актыўнае абмеркаванне той ці іншай тэмы пераконваюць у тым, што мы карысныя і патрэбныя. Бо тыя ці іншыя праблемы ў гэтай сферы — не толькі генэтыка, а яшчэ ў большай ступені наступствы нашага стаўлення да саміх сябе.
Тут цяжка не пагадзіцца, таму што часта мы звяртаемся да ўрача, калі хвароба ўжо запушчана ці калі самалячэнне не дае вынікаў, што ў абодвух выпадках вельмі рызыкоўна для пацыентаў. Між тым вядучыя абмяркоўваюць тэму для аднаго з будучых выпускаў — біяхакінг, то-бок назіранне за чалавечым арганізмам і своечасовае выкарыстанне тых магчымасцяў, якія дазваляюць пазбегнуць яго старэння. Аказваецца, існуюць правілы залатога ўзросту, з дапамогай якіх кожны можа дапамагаць сабе захоўваць здароўе, нягледзячы на лічбы ў пашпарце. Сакрэтаў ніякіх: сон, рух, пазітыўны настрой, адмова ад курэння, правільнае харчаванне, звароты да ўрачоў (калі ў тым ёсць неабходнасць) і правільнае лячэнне існуючых праблем. Не менш важным момантам у тым, як падтрымаць свой арганізм і працэсы, што працякаюць у ім у залежнасці ад узросту, з'яўляецца і своечасовая здача аналізаў. Іх пералік і нюансы па кожным растлумачаць у адным з наступных выпускаў праграмы.
Увогуле ў «Здорава здаровым быць» парады даюць найлепшыя ўрачы Беларусі — тыя, хто на ўласнай практыцы ведае, што сёння хвалюе большасць пацыентаў. Каб абмеркаваць важныя для сябе тэмы, трэба патэлефанаваць у рэдакцыю праграмы альбо напісаць яе стваральнікам у сацыяльных сетках. Клапаціцеся пра сваё здароўе і рабіце гэта правільна!
Бліц-апытанне для вядучай праграмы «Здорава здаровым быць» Вольгі Венскай:
1. Якія адкрыцці вы зрабілі за час працы ў праграме?
— Кардынальна змяніліся мае ўяўленні пра тое, што такое здаровы лад жыцця. Напрыклад, больш не набываю так званыя здаровыя спартыўныя батончыкі. А выбіраючы прадукты ў краме, гляджу на састаў і аналізую яго.
2. Калі казаць пра аптэчку, то якія лекі можна знайсці ў вашай сумачцы?
— Увогуле нічога, бо я не прыхільніца лекаў. Хоць, прызнаюся, да прыходу на праект я магла набываць і піць нейкія вітаміны, прапісваючы іх сама сабе. Але пасля размоў з экспертамі і спецыялістамі зразумела, што нават яны ўжываюцца і прызначаюцца не проста так. Таму ў маёй сумачцы толькі памада, люстэрка і мабільны тэлефон.
3. Як ставіцеся да самалячэння?
— З «доктарам гуглам» я ніколі асабліва не сябравала, бо часам можна начытацца такога, што ніякая нервовая сістэма не вытрымае. Мне прасцей звярнуцца да рэальнага ўрача.
4. Якія ў вас рытуалы і сакрэты прыгажосці?
— Напрыклад, у мяне падрыхтоўка да сну займае каля 40 хвілін. Гэта такі час толькі для сябе, калі я займаюся гігіенай, фэйс-фітнесам, выцягваннем пазваночніка. І розных такіх момантаў існуе шмат, калі ты клапатліва ставішся да сябе і свайго цела, каб захаваць усё тое, што дала табе прырода.
5. На ваш погляд, што такое здароўе?
— Гэта, па-першае, увага да сябе і да тых «званочкаў», якія падае ваш арганізм; па-другое, абсалютнае ўсведамленне ўсяго, што з табой адбываецца звонку і ўнутры, і адсутнасць страху перад дактарамі. Бо, як паказвае практыка, усё не так страшна, як мы ўмеем сабе надумаць.
Алена ДРАПКО
Прэв'ю: publicityhound.com
«Дапамагаючы іншым, робішся лепшым, бо дабрыня ўзбагачае».
Звычкі, якія мы часам і не заўважаем, ствараюць нашу сучаснасць і будучыню.
«Галоўная задача „Беларусь 5“ — паказваць беларускаму гледачу беларускі спорт».
Ледзяное покрыва яшчэ не акрэпла, а таму выходзіць на яго рызыкоўна і небяспечна.