Вы тут

Беларускі ў Іарданіі


У анлайн-праекце “І сцерці памяць час ніколі не павінен: Чытаем па-беларуску”, які запусцілі да Дня Перамогі актывісткі Культурна-Асветніцкага Аб’яднання Беларусаў у Іарданіі, паўдзельнічалі беларусы з розных краін


Іарданскія беларускі з арабскім каларытам

"На след” беларусак з арабскай краіны вывеў нас Віктар Байкачоў з нарвскай суполкі “Сябры”. Сам сябруе з інтэрнэтам — і нам раіць. Даслаў на пачатку мая спасылку на відэа ў Фэйсбуку: Вікторыя Радзівонава, адна з беларусак Нарвы, чытае верш Алёны Дзегцяровай “Якога колеру вайна”. Гэта фрагмент анлайн-праекта. Яго, патлумачыў Віктар, запусцілі беларускі з Іарданіі: “З‑за спецыфікі краіны ў іх у суполцы — адны жанчыны”. Ну зусім беларуская нейкая спецыфіка! Бо звычайна ж у краінах Усходу жанчыны не надта актыўныя ў сацыяльным жыцці — абмяжоўваюцца кантактамі з роднымі, блізкімі. Ці не? Захацелася ўдакладніць. Віктар даслаў электронны адрас Аксаны Чамезы, актывісткі Культурна-Асветніцкага Аб’яднання Беларусаў у Іарданіі (КААБІ). Дарэчы, цікавае сугучча ў гэтай абрэвіятуры з назвай мусульманскай святыні: Кааба.

Праз некаторы час беларуска даслала ў рэдакцыю адказы на пытанні, што нас цікавілі. Потым і здымкі. Экзатычныя, але не настолькі, як чакалася: паранджу ў Іарданіі беларускі не носяць. Раней мы не пісалі пра суполкі супляменнікаў з Блізкага Усходу. Хоць інтэрв’ю радыё “Беларусь”Аксана ўжо давала.

З допісу вынікае: Міжнародны літаратурны праект “І сцерці памяць час ніколі не павінен: Чытаем па-беларуску” задуманы да 75‑годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. “Наша суполка ў супрацы з Амбасадай Беларусі ў Сірыі планавала іншыя святочныя імпрэзы ў кантакце з суайчыннікамі, але тут — каранавірус, — піша Аксана. — Вось і ўзнікла ідэя анлайн-праекта. Вырашылі чытаць вершы ці прозу беларускіх пісьменнікаў на тэму вайны. Чаму па-беларуску? Мы ўважліва сочым за культурным жыццём на Бацькаўшчыне. Прыемна заўважаць: ёсць тэндэнцыя да пашырэння беларускай мовы, сфераў яе ўжывання праз розныя праекты тэатрамі ды музеямі. Таму й вырашылі: праект будзе на беларускай мове. Некаторыя з нашых сяброў жывуць за межамі Іарданіі, яны таксама ў ім паўдзельнічалі. Так пашырыліся кантакты, з’явіліся новыя знаёмствы. Вось і “Голас Радзімы” ўвагу звярнуў…”.

Сёлета праект, ініцыяваны беларускамі з КААБІ, падтрымалі чытальнікі з 9 іншых краін: Беларусь, Украіна, Латвія, Эстонія, Італія, Ірландыя, Турцыя, ЗША, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. На прапанову, мы згадалі, адгукнулася суполка “Сябры” з Нарвы, Цэнтр Беларускай культуры з Даўгаўпілса, суполка “Голас Радзімы” з Мікалаева, Неапалітанская асацыяцыя “BELLARUS”. Літпраект ахапіў і ўсю Іарданію: у гарадах Акаба, Аман, Ірбід, Мадаба чыталі вершы па-беларуску. Далучыліся й паэты! “Так сталася, што першы прачытаны верш — Кірыла Азімкі “Помні, братка!” — знойдзены быў ды ўхвалены аўтарам на прасторах Facebook! — згадвае Аксана Чамеза. — Кірыл не толькі падзякаваў нам, але і ў Дзень Перамогі, 9 Мая каля сцен Брэсцкай крэпасці-героя запісаў відэавіншаванне ўсім са святам. Паэт Уладзімір Гардзейка, паэтэса Лілія Воранава (Журавінка) з ЦБК Даўгаўпілса, паэт-песеннік Канстанцін Цыбульскі, вершы якіх чыталі ўдзельнікі, самі ў праекце паўдзельнічалі, віншавалі ўсіх з Днём Перамогі. Да таго ж нас падтрымаў на Бацькаўшчыне Літаратурны музей Петруся Броўкі, а Міхаіл Рыбакоў, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, у віншаванні да Дня Перамогі звярнуў увагу, як важна такія праекты ладзіць у замежжы: каб у розных краінах людзі ведалі, што мы за народ”.

А святочны дзявочнік у іх — як на Бацькаўшчыне

Аксана Чамеза з удзячнасцю адзначае падтрымку з боку дыпламатаў Амбасады Беларусі ў Сірыі: дарадцы Анатоля Бугрэнкі ды 2‑га сакратара Аляксея Зубко. І віншаванне з 75‑годдзем Перамогі ад Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Юрыя Алегавіча Слукі стала важнай вяхой пры рэалізацыі інтэрнэт-праекта: “Хочацца ўсім, хто нас падтрымаў, шчыра падзякаваць! Так здорава ўдалечыні ад Бацькаўшчыны адчуваць духоўную еднасць. Мы ўсе — блізкія людзі! Заўважу, што праект не заканчваем! Ён прадоўжыцца ў наступным годзе: з новымі сіламі ды, спадзяемся, з яшчэ большай колькасцю ўдзельнікаў з розных краін”.

На пытанне, як узнікла суполка КААБІ, Аксана Чамеза патлумачыла: ёсць у Іарданіі рускамоўная дыяспара — у асноўным з жонак арабаў і выпускнікоў ВНУ былых саюзных рэспублік СССР. Дыяспара вельмі актыўная, пастаянна ў руху. А 17 верасня 2018 года прайшоў першы прыём па консульскіх пытаннях у Аммане — яго ладзіла для беларусаў Амбасада Беларусі ў Сірыі, Ліване ды Іарданіі па сумяшчальніцтве. “На тым прыеме я пазнаёмілася з Надзеяй Аль-Алімат, мы пачалі разам працаваць у Клубе сяброў рускай культуры ў Іарданіі “Надежда”, — згадвае Аксана. — З часам зразумелі: нам патрэбнае сваё нацыянальнае самавызначэнне, калі можна так сказаць. Хацелася ладзіць некаторыя беларускія імпрэзы якраз на роднай мове, з беларускім духам. Спяваць песні, што чулі ад мамаў, чытаць вершы на роднай мове. Мы з Надзеяй скантактаваліся з актыўнымі зямлячкамі Алай Філіповіч і Таццянай Мішчанкай — яны працавалі ў Расійскім культурным цэнтры. Прапанавалі разам стварыць суполку беларусаў — яны ідэю падтрымалі з радасцю”.

Крыху больш пра тых, хто працуе ў суполцы КААБІ, пра планы яе актывістак раскажам іншым разам. Тым больш, што ў хуткім часе нештачка цікавае там чакаецца: Аксана Чамеза пра тое намякнула. Хоць гэта не казкі “Тысяча й адной ночы”, але ж таксама — інтрыга…

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Сяргей Лебедзеў: Дзяржавы СНД выступаюць за зацвярджэнне справядлівага шматпалярнага светаўладкавання

Сяргей Лебедзеў: Дзяржавы СНД выступаюць за зацвярджэнне справядлівага шматпалярнага светаўладкавання

8 снежня споўнілася 32 гады з дня ўтварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Спорт

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

«Галоўная задача „Беларусь 5“ — паказваць беларускаму гледачу беларускі спорт».