Вы тут

Барыс Забораў — мастак Памяці


 

З ліку самых цікавых мастакоў XX — пачатку XXІ стагоддзя — і наш зямляк Барыс Забораў, які доўгія гады жыве ў Францыі


Ягоная кніга “Тое, што нельга забыць” выйшла ў Санкт-Пецярбурзе немалым для сённяшняга часу накладам:1500 асобнікаў. Гэта цікавейшы расповед пра лёс майстра беларускай кніжнай графікі, які ў росквіце творчай кар’еры пакінуў Савецкі Саюз, Беларусь.

Прайшло больш за чатыры дзесяцігоддзі пасля ад’езда Барыса Заборава: спярша ў Аўстрыю, затым — у Францыю. У аўтабіяграфічнай кнізе нашага сучасніка пададзены аповед пра тое, што адбылося за гэтыя гады, як аформіўся новы вобраз мастака, які выявіў сябе яркім жывапісцам. “Па біяграфічнай канве ад факта да факта аўтар выбудоўвае карціну духоўнага й прафесійнага станаўлення, — чытаем у выдавецкай анатацыі ад “Вита Новы”, — выкладае сваё творчае крэда й погляды на сусветную культуру. Аповед уключае апісанне трагічных падзей ваеннага дзяцінства ды ахоплівае ўсё далейшае жыццё ажно да 2018 года, калі выходзіць гэтая кніга”.

Тэкст суправаджаецца рэпрадукцыямі аўтарскіх работ з цыкла “Малюнкі на пісьмах”. Ва ўспамінах пра свой лёс Барыс Забораў дорыць чытачам сустрэчы з Аляксандрам Галічам, Булатам Акуджавай, Яўгеніем Еўтушэнкам, Барысам Іагансонам, Атарам Іаселіяні, Васілём Быкавым, Навумам Кіслікам, Рыгорам Барадуліным…

Нагадаем, што працы жывапісца Барыса Заборава знаходзяцца сёння ў калекцыях галерэі Уфіцы (Фларэнцыя, Італія), Музея Альбярціна (Вена, Аўстрыя), Музея Мацільдэнхох (Дармштадт, Германія), Фонда Сенсбюры (Норвіч, Англія), Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Дзяржаўнага Эрмітажа, Дзяржаўнага Рускага музея (Санкт-Пецярбург), Дома-музея Марка Шагала (Віцебск), Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі (Мінск) ды іншых музеяў і прыватных збораў.

Кастусь Ладуцька

Даведка ГР. Барыс Забораў нарадзіўся ў 1935 годзе ў Мінску, ён — сын мастака Абрама Заборава. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1949-54), потым у Ленінградзе (Інстытут жывапісу, скульптуры й дойлідства імя І. Я. Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР), адкуль у 1956-м перавёўся ў Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава. Закончыў яго 1961-м па спецыяльнасці “мастак тэатра”. Жыў да эміграцыі (1979) у Мінску, быў сябрам Саюза мастакоў БССР (да 1979 г.), працаваў у галіне кніжнай графікі ды ў розных жанрах станковага жывапісу. Аформіў шэраг кніг, што выходзілі ў Беларусі, у тым ліку зборнік вершаў балгарскіх паэтаў “Ад круч балканскіх”, “Вей, ветрык!” Я. Райніса, “Гамлет” і “Санеты” У. Шэкспіра, “Выбраная лірыка” Я. Купалы, “Раскідач” Р. Барадуліна, “Кароль Маціуш” Я. Корчака ды іншыя. З 2014 года маскоўскі часопіс “Знамя” друкаваў аўтабіяграфічныя нататкі Барыса Заборава “То, что нельзя забыть”.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».