Вы тут

Лукашэнка: Сёння фокус усіх палітычных інтарэсаў сканцэнтраваны на Беларусі. Як з Захаду, так і з Усходу


У Палацы Незалежнасці праходзіць нарада аб мерах падтрымкі рэальнага сектара эканомікі з боку банкаўскай сістэмы. Планавае мерапрыемства было ўнесена ў графік кіраўніка краіны адразу ж пасля фарміравання новага складу ўрада. Пры прызначэнні яго ён паставіў задачу — не проста не дапусціць падзення эканомікі ў гэтым годзе, а «выхапіць» кожны шанец для руху наперад.


Першапачаткова на мерапрыемства запрасілі кіраўніка Нацбанка Паўла Калаўра, прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанку, намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога, памочніка Прэзідэнта Валерыя Бельскага і старшыню КДК Івана Тэртэля. У апошні момант склад удзельнікаў быў пашыраны прадстаўнікамі рэгіёнаў і членамі Саўміна. Але пачаў сустрэчу Прэзідэнт з пытанняў, якія непасрэдна звязаны з эканомікай, — унутранай палітыкі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўважліва сочыць за сітуацыяй у краіне, сустракаецца з актывам у рэгіёнах, працоўнымі калектывамі. «Што тычыцца Мінска, Мінскай вобласці, тут кіраўніцтва прысутнічае, мы яшчэ сустрэнемся на ўзроўні актываў вашых рэгіёнаў і пагаварым, што адбываецца ў краіне. Вы бачыце, што сёння фокус усіх палітычных інтарэсаў сканцэнтраваны на Беларусі. Як з Захаду, так і з Усходу», — расказаў Прэзідэнт і дадаў, што на працягу апошніх сутак «актывізаваліся пэўныя сілы, якія пачынаюць інтэнсіўна расхістваць сітуацыю ў краіне».

Гэта, па яго словах, ведалі даўно і паспелі зрабіць некалькі крокаў на папярэджанне — «сарваць планы маштабнай дэстабілізацыі Беларусі і прывесці краіну да нейкага «майдану».

«Такая была мэта. Таму маскі сарваны з пэўных лялек, якія тут былі ў нас, і лялькаводаў, якія сядзяць за межамі Беларусі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Я назіраю расхістванне сітуацыі і мы бачым гэтых людзей, і бачым іх тэхналогіі».

Прэзідэнт падкрэсліў, што нікому не дазволіць зламаць краіну. «Я хачу, каб вы разумелі, што я ні ў якім разе, і па сваіх функцыянальных абавязках як Прэзідэнт па Канстытуцыі, і проста як чалавек, які ўсё сваё жыццё паклаў на стварэнне гэтай незалежнай суверэннай дзяржавы, нікому не дазволю зламаць гэтую краіну. Я хачу, каб мяне разумелі вы і іншыя. Для мяне няма большай каштоўнасці, чым Беларусь — суверэнная і незалежная. І на захаванне гэтай краіны я пайду, чаго б мне гэта ні каштавала», — заявіў ён.

«На кану — незалежнасць краіны. Проста жадаюць зламаць краіну»

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што назірае спробы разгойдвання сітуацыі ў краіне. «Мы бачым гэтых людзей і бачым іх тэхналогіі. Да прыкладу, «каруселі», якія былі створаныя пры зборы подпісаў, калі натоўпам хадзілі па чарзе, расцягнуўшыся на кіламетр. І адны і тыя ж падпісвалі за ўсіх кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі, — адзначыў Прэзідэнт. — Учора мы ўбачылі ўвечары гэтую карусель ўжо з аўтамабіляў, калі ездзілі вакол аднаго квартала (мы гэта адсачылі, бачылі гэтыя аўтамабілі, усе гэтыя нумары, якія па крузе ездзілі) і сігналілі, у тым ліку насупраць Камітэта дзяржбяспекі. Мы гэта ўсё бачым і разумеем, што адбываецца».

Лукашэнка звярнуў увагу, што неканструктыўную пазіцыю занялі і прадстаўнікі асобных СМІ. «На кану нават не стабільная Беларусь — чысценькая і ўтульная. На кану — незалежнасць краіны. Проста жадаюць зламаць краіну», — заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што людзей спрабуюць выкарыстаць. «Я пакуль прашу і папярэджваю перш за ўсё гэтых людзей: не рабіце гэтага, ці не прымушайце ўлады ісці на нейкія захады рэагавання, не падштурхоўвае нас да гэтага». Асабліва ён звярнуўся да бацькоў падлеткаў. «Гэта вельмі важна. Яны ж выкарыстоўваюць дзецюкоў. Там палова дзецюкоў, якія не маюць да выбараў ніякага дачынення — 15—16—17 гадоў, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Яны не памятаюць Беларусь, з якой мы выходзілі з вамі ў лапцях і без штаноў у сярэдзіне 90-х. Яны жывуць у чыстай і светлай Беларусі і думаюць, што ўсё гэта ўпадзе ім з неба. Зразумела, гэта і наша недапрацоўка, што мы ім не патлумачылі. Але ж бацькі гэта ведаюць».

Прэзідэнт звярнуўся да бацькоў з просьбай «паглядзець за сваімі дзецьмі» і растлумачыць, што парушаць закон не дазволена. «Я вельмі, падкрэсліваю, прашу (нікога не палохаю) гэта ўлічыць. Не трэба са зладзюг, абуржуеўшыхся гэтых банкіраў і іншых махляроў, якія там сядзяць у Белгазпрамбанку, рабіць герояў. Гэтага не атрымаецца. Я ўжо казаў: ні вязнямі сумлення яны не стануць, ні пухнатымі і белымі таксама яны не стануць. А той, хто гэта дапусціў, мы яшчэ з гэтым разбярэмся», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў, што сёння пытанне стаіць шырэй і глыбей — захаванне як мінімум дзяржаўнасці і незалежнасці Беларусі. І галоўная праблема, на думку лідара краіны, нават «не ў гэтых каруселях, сігналах і тых, хто там у ланцужок спрабуе выбудоўвацца, нешта дэманструючы». «Галоўнае — у эканоміцы», — лічыць ён.

«Трэба сканцэнтравацца, усе рэсурсы аб’яднаць, каб дапамагчы людзям»

Прэзідэнт заявіў на нарадзе аб неабходнасці сканцэнтраваць рэсурсы ў эканоміцы на дапамозе людзям і тым прадпрыемствам, якія трапілі ў складаную сітуацыю і сапраўды маюць патрэбу ў падтрымцы.

Па яго словах, «свет пачынае адкрывацца пасля пандэміі, але ізаляцыя не дапамагла, і пачынаюцца размовы пра другую хвалю каранавірусу».

«Нам трэба сабрацца і жыць ва ўмовах, у якіх мы знаходзімся. Калі Нацбанк і пэўныя члены ўрада гэтага не разумеюць — значыць, рыхтуйцеся на выхад. Іншага не дадзена. Трэба сканцэнтравацца, усе рэсурсы аб’яднаць, па-першае, каб дапамагчы людзям», — паведаміў кіраўнік краіны і звярнуў увагу на неабходнасць разабрацца з бізнесменамі, якія знаходзяць грошы на ўласны адпачынак за межамі краіны, але не на выплату заробкаў працоўным.

Прэзідэнт нагадаў пра неабходнасць дапамагчы прадпрыемствам. Але тут трэба вызначыць, хто мае такую патрэбу. Зразумела, яе не атрымаюць тыя, хто склаў рукі ў чаканні ці працуе на склад.

«Мы ім дадзім грошы, яны дзесьці закупяць камплектуючыя, жалеза, вырабяць тэхніку і паставяць на склад. Нам гэта не трэба. У нас сёння ёсць шмат „жывых“ кантрактаў. І ў прыватных кампаній, і ў дзяржаўных. Тут дзяліць не трэба — усюды людзі. Але ім трэба крыху дапамагчы, падштурхнуць, — выказаў думку лідар краіны. — Чаму такі «жывы» кантракт, па якім можна заўтра паставіць 10—20—100 машын, чаму яго не пракрэдытаваць, калі мы бачым, што заўтра ён верне грошы?»

Прэзідэнт падкрэсліў, што, сапраўды, сітуацыя ў эканоміцы незвычайная, але трэба прымаць адпаведныя меры.

Лукашэнка банкірам: Ніякіх бонусаў, прэмій

Асабліва Прэзідэнта, па яго словах, хвалюе функцыянаванне прадпрыемстваў і іх крэдытная падтрымка з боку банкаў. Асабліва па буйных, сістэмных арганізацыях, дзе вялікая колькасць занятых і пацярпелых праз каранавірус. Тут у фокусе пытанні: што з экспарцёрамі, як ідзе выкананне абавязацельстваў і праца з валютнай выручкай?

«У сакавіку, красавіку і маі былі асобныя скаргі прадпрыемстваў, што банкі зніжаюць ліміты перакрэдытавання (гасіцца крэдыт, але нельга атрымаць зноў хаця б тую ж суму). Павел Уладзіміравіч (Калаўр. — «Зв.»), я не ведаю, як там абстаяць справы, але віжу па гэтых буржуях у Белгазпрамбанку. Мільёны, сотні мільёнаў, вы гэтага мабыць не бачылі, выводзілі за межы краіны. І ніхто зараз не можа растлумачыць, хто, куды і навошта выводзіў. Куды, мы разабраліся з дапамогай людзей у пагонах. На жаль, вы гэтага не бачылі», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да старшыні Нацбанка.

Прэзідэнт працягнуў пералік праблем у банкаўскай сістеме. Сярод іх пагаршэнне ўмоў па новых пазыках, прад’яўляюць залішнія патрабаванні, не ідуць насустрач па рэструктурызацыі старых даўгоў, хоць бы ў якасці часовай перадышкі да канца года, баяцца за свае немалыя бонусы і прэміі.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз папярэдзіў банкі аб неабходнасці забыцца пра бонусы: «Я не пра вас асабіста. А пра камерцыйныя банкі, якія я вам даручыў узяць пад кантроль і фактычна іх падпарадкаваў вам. Ніякіх бонусаў, ніякіх прэмій. Там бедных няма. Гэта тычыцца асабліва гэтага года».

Па просьбе старога ўрада Прэзідэнт пагадзіўся з павелічэннем ліміту гарантый бюджэту — 500 мільёнаў рублёў гарантыі ўрада і 700 мільёнаў рублёў гарантыі мясцовых органаў улады, па 100 мільёнаў рублёў на кожны рэгіён. Кіраўнік краіны пацікавіўся, як ідзе выбарка гэтых дадатковых рэсурсаў, колькі прадпрыемстваў іх ужо атрымалі і на якія мэты.

«У першую чаргу сродкі павінны ісці на падтрымку занятасці і заробкаў. Што тут хаваць? Мы ідзем да людзей і просім нас падтрымаць. Як вас чалавек падтрымае, калі мы ім не дапамаглі. Тое, што дзяржава павінна заплаціць, яна заплаціла. Трапілі на прадпрыемства, працоўныя калектывы ў складаную сітуацыю — мы ім павінны дапамагчы зараз», — падкрэсліў беларускі лідар.

І адзначыў, што асобныя ўжо нашы банкі, асабліва такія, як Беларусбанк або Белаграпрамбанк, скардзіліся на закрыццё знешніх лімітаў з боку Расіі.

«Зразумела, што Расія заняла чакацельную пазіцыю. Нешта ім не падабаецца», — сказаў Прэзідэнт і заявіў, што наш бок гатовы прадаставіць усе тлумачэнні па сітуацыі з Белгазпрамбанкам.

Трэнд на змякчэнне фінансавай палітыкі

Другая тэма нарады больш стратэгічная — як крэдытаваць эканоміку далей? Бягучыя цяжкасці вырашым, гарантаваў Прэзідэнт, але з наступнага года трэба расці сярэднесусветнымі тэмпамі.

«Апошнія 5 гадоў мы праводзілі жорсткую грашовую і валютную палітыку. Назапасілі пэўныя золатавалютныя рэзервы і рэшткі бюджэту. Заўсёды ведалі, гэта — на чорны дзень. Я не кажу, што ён настаў. І ў гэтым праблема. Мы не ведаем, як павядзе сябе сусветная эканоміка, ад якой мы залежым па вушы, — турбуецца Прэзідэнт. — Складанасць у тым: чорны сёння дзень, ці будзе яшчэ чарнейшы, як у іншых краін».

Але адназначна павінны, як акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка, задаць трэнд на змягчэнне фінансавай палітыкі. Абсалютна ўсе прылады неабходна задзейнічаць на папаўненне рэсурснай базы нашых банкаў (дэпазітныя аўкцыёны Мінфіна, паслабленне рэзервовых патрабаванняў Нацбанка для падтрымання ліквіднасці, прыбытак банкаўскай сістэмы і да таго падобнае) і пастаянны рост крэдытавання эканомікі.

«Прашу не заціскаць гэтыя ўмовы. І прэм’ер-міністр, і кіраўнік Нацбанка аднолькава адказваюць за рост ВУП і даходаў насельніцтва, стрымліванне коштаў. А з сёння старшыня Нацбанка з’яўляецца галоўным памочнікам прэм’ер-міністра па выплаце заробкаў і рабоце гэтых прадпрыемстваў, — паведаміў Прэзідэнт. — Паглядзіце і па стаўцы рэфінансавання. Усе краіны яе актыўна зніжаюць, спрабуючы ажывіць сваю эканоміку. Індэкс спажывецкіх коштаў у нас у параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, таму кошт банкаўскага крэдыту трэба памяншаць больш актыўна. Чакаю рашэнняў Нацбанка не пазней за канец чэрвеня».

«Нам усё роўна, які банк. Ёсць закон — выконвай гэты закон!»

Прэзідэнт пацікавіўся пазіцыяй прысутных па тэме, якая запушчана ў СМІ «асобнымі правакатарамі», пра ледзь не развал дочак расійскіх банкаў у Беларусі.

«Абвінавацілі ўлады ў пераводзе рахункаў дзяржпрадпрыемстваў і гэтак далей», — пракаментаваў кіраўнік дзяржавы і прапанаваў аперыраваць фактамі.

«З аднаго боку, тыя ж выданні ў інтэрнеце штодня праклінаюць дзяржсектар, абвінавачваюць яго ва ўсіх смяротных грахах. І страты там, і даўгі, і заробкі не тыя. Нявыгадна з імі працаваць. Але, калі недзе дзяржава як асноўны ўласнік пераходзіць на абслугоўванне, скажам, у Белаграпрамбанк, што тут не рыначна? Што тут не так?» — задаў ён рытарычнае пытанне. — Значыць, трэба прапанаваць лепшыя ўмовы».

«Справа банкаў — займацца пытаннямі фінансавання эканомікі, а не палітычных кампаній»

«Не адцягваць фінансавыя рэсурсы на тое, каб буржуям набіць кішэні і закупіць карціны, увезці ў краіну як мецэнаты… Цікава, для інфармацыі: вялікі мецэнат! І ўсе ў гэта паверылі. Асабліва нашы тут, у Мінску. Ну я думаю, дзякаваць богу, прывезлі карціны. Ан не, ніякі не мецэнат! Карціны не прывезлі сюды для беларускага народа і дзяржавы. А карціны гэтыя — іхнія! Як яны заяўляюць: акцыянераў Белгазпрамбанка. Мы зараз бачым — якіх акцыянераў. Усе яны прызналіся, адкуль карціны, за якія грошы закупляліся. І толькі па ацэначным кошце там больш за 20 мільёнаў долараў. Толькі па карцінах!»

Далей прагучала пытанне для старшыні праўлення Нацыянальнага банка: як так, на эканоміку грошай няма, а кішэні набіць, стварыць уласнасць за мяжой, вывезці туды сотні мільёнаў долараў, закупіць карціны і на іншае — знаходзяцца?

«Многія гавораць: дык чаго раней іх не бралі? Дык раней яны яшчэ канцы ў ваду не хавалі, — патлумачыў Прэзідэнт. — Сёння мы ядзім пірог, бо ўчора яго яшчэ не спяклі. Таму асабліва сердабольных хачу папярэдзіць: вы нас не прыспешвайце, мы разбяромся з усімі пытаннямі. А калі ў некага ёсць пытанні, вось калі ласка, Іван Станіслававіч Тэртэль (Старшыня КДК — «Зв.»). Два разы ён растлумачыў усяму грамадству, калі трэба, трэці раз патлумачыць. І калі трэба, падключацца іншыя і патлумачаць».

Наколькі правамерна аддаваць прыбытак банка на выбарчую кампанію, задаўся пытаннем Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што бачыць, хто за ўсім гэтым стаіць: «Я бачу, хто штурхае гэтыя лялькі, якія ў нас тут «ашчаслівіць» народ хочуць».

Справа не ў паходжанні банка, падкрэсліў беларускі лідар.

Ён прывёў у прыклад БПС-Ашчадбанк, таксама расійскі, які актыўна ўдзельнічае ў продажы беларускай тэхнікі па добрых экспартых праграмах у Расію і за межы.

«Плюс у нас з Грэфам (Герман Грэф — прэзідэнт і старшыня Праўлення Ашчадбанка Расіі. — «Зв.») адбудзецца ў найбліжэйшы час сустрэча — ён нам хоча прапанаваць выгадны крэдыт на паўмільярда долараў. Дзякуй яму. Ён выгадны, мы пагадзімся, возьмем. Гэты чалавек займаецца не палітыкай, а непасрэдна сваімі справамі», — дадаў беларускі лідар.

Ёсць і банк БелВЭБ з крэдытам на атамную станцыю, працягнуў Аляксандр Лукашэнка. Пакуль фінансавыя структуры працуюць на эканоміку краіны, пытанняў да іх не ўзнікае, адзначыў ён. І не важна іх краінавая прыналежнасць.

«Нам усё роўна, які банк. Ёсць закон — выконвай гэты закон!» — падсумаваў тэму Прэзідэнт.

«Мы ні пад каго плясаць не будзем»

Яшчэ адна тэма нарады — перамовы з Міжнародным валютным фондам.

«Як тут ідуць справы? Што ад нас патрабуюць партнёры? Было заяўлена аб магчымасці даць Беларусі 940 мільёнаў долараў так званага хуткага фінансавання. Як вырашаецца гэта пытанне?» — спытаў старшыню праўлення Нацбанка і міністра замежных спраў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён цвёрда заявіў: «Мы ні пад каго плясаць не будзем. Там ужо з’яўляюцца патрабаванні: вы, маўляў, у барацьбе з каранавірусам у Беларусі рабіце, як у Італіі. Слухайце, я не хачу, каб, не дай бог, у Беларусі паўтарылася сітуацыя як у Італіі! Я гэтага не хачу. У нас свая краіна, свая сітуацыя. І дай бог, каб мы далей закончылі з гэтым каранавірусам, як зараз».

Сусветны банк гатоў, па словах Аляксандра Лукашэнкі, аказаць Беларусі фінансаванне ў дзесяць разоў большае, чым прапаноўваў першапачаткова, таму што ўбачыў эфект ад абранага дзяржавай шляху змагання з каранавірусам.

«Нават вопыт запытаў у Міністэрства аховы здароўя, — акцэнтаваў ён. — А МВФ патрабуе ад нас ізаляцыю, каранцін і каменданцкую гадзіну...»

«Да верасня зрабіць рашучыя дзеянні па абмежаванні банкіраў у імкненні нажывацца за кошт накрутак па працэнтах і шматлікіх плат за абслугоўванне»

Не пакінуў убаку Прэзідэнт і пытанне задаволенасці працай банкаўскай сістэмы з боку спажыўцоў.

«Такая ацэнка павінна быць не толькі ў ЖКГ або, скажам, медыкаў. Чым вы лепшыя? Працуеце з людзьмі штодня. Мяне турбуюць частыя выпадкі кібермахлярства, спісання сродкаў з банкаўскіх карт і таму падобныя злачынствы, — абазначыў беларускі лідар. — Нават у гэтым Газпрамбанку дайшлі да таго, што на паўдня змянілі курс, каб работнікі банка змаглі памяняць свае грошы на долары па меншым курсе, і да вечара зноў яго паднялі».

Ён дадаў, што гэта інфармацыя яшчэ правяраецца, але, калі яму далажылі, значыць, яна не беспадстаўная.

Кіраўнік дзяржавы таксама ведае, што прадпрыемствы скардзяцца на завышаныя расцэнкі на банкаўскія паслугі. Напрыклад, эквайрынг (безнаяўная аплата ў краме, у інтэрнэце або праз тэлефон).

«А Міністэрства па антыманапольным рэгуляванні і гандлі куды глядзіць? Куды ва ўрадзе адпаведныя людзі глядзяць?» — спытаў ён удзельнікаў нарады.

Патравабаванне Прэзідэнта — да верасня зрабіць рашучыя дзеянні «па спыненні буржуяў у гандлі, уразанні іх апетытаў» — па абмежаванні банкіраў у імкненні нажывацца за кошт накрутак па працэнтах і шматлікіх плат за абслугоўванне.

«Урад аператыўна развярнуў працу па пераадоленні складанасцяў, з яімі сутыкаюцца канкрэтныя прадпрыемствы, асабліва экспартаарыентаваныя, падчас пандэміі, — далажыў кіраўніку дзяржавы прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. — Прыняты рашэнні як сістэмнага характару, таксама прадпрымаюцца кропкавыя меры. Увесь час працуе група, якая разглядае запыты ад прадпрыемстваў па аказанні бягучай падтрымкі, у першую чаргу, па выплаце заробку, папаўненні абаротных сродкаў і гэтак далей».

Калаўр: Упэўнены, калі мы будзем дзейнічаць скаардынавана, то нейкіх праблем з нашымі сектарамі эканомікі ўзнікнуць не павінна

«На нарадзе разгледжаны вельмі дэталёва ўсе дзеянні, якія былі зробленыя і ўрадам, і Нацыянальным банкам, накіраваныя на падтрымку насельніцтва і прадпрыемстваў», — расказаў па выніках пасяджэння старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаўр.

Ён адзначыў, што з боку банкаўскай сістэмы да насельніцтва выказваецца максімальнае разуменне тых складаных жыццёвых сітуацый, у якіх людзі апынуліся.

«Як правіла, звяртаюцца тыя, хто браў крэдыты і ў каго сапраўды ўзніклі праблемы з даходамі, каб крэдыты пралангіраваць, — сказаў старшыня Праўлення Нацбанка. — Нядаўна прагучала лічба, што такіх зваротаў было шэсць тысяч, зараз, праз два тыдні, каля сямі тысяч зваротаў, і чатыры тысячы — гэта звароты грамадзян».

Нацыянальны банк, па словах яго кіраўніка, адсочвае, як банкі рэагуюць на звароты грамадзян, і там, дзе ёсць непаразуменне, умешваецца ў працэс і рэкамендуе банкам аднесціся да сітуацыі больш адказна.

«У прынцыпе мы задаволеныя, як гэта праца ідзе, тым не менш, ёсць выпадкі, калі нам прыходзіцца ўмешвацца», — удакладніў Павел Калаўр.

Датычна прадпрыемстваў, банкі зацікаўленыя ў захаванні кліентаарыентаванасці — каб супрацоўніцтва працягвалася, таму пазыкі актыўна рэструктурызуюцца.

«У многім гэта работа таксама завязаная на групу, якую ўзначальвае намеснік кіраўніка Адміністарцыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. У ёй удзельнічаюць прадстаўнікі іншых ведамстваў, з боку Нацыянальнага банка — два намеснікі, і яна на пастаяннай аснове разглядае звароты аб новых крэдытах (калі размова ідзе пра крэдыты пад зарплату) альбо пралангіраванні раней выдадзеных крэдытаў, — расказаў прадстаўнік рэгулятара банкаўскай сістэмы. — Праблемы, вядома, узнікаюць, яны ў першую чаргу звязаныя з тым, што прадпрыемствы ў нас, у тым ліку, ёсць з не вельмі ўстойлівым фінансавым станам. Але ў рамках гэтай рабочай групы, па рашэнні кіраўніка дзяржавы, дзейнічае ліміт дзяржаўных гарантый на адзін мільярд 200 мільёнаў рублёў. Вось пад гэтыя гарантыі вырашаюцца праблемы неплацежаздольных прадпрыемстваў».

Нацыянальны банк падтрымлівае ліквіднасць банкаўскай сістэмы, падкрэсліў Павел Калаўр. Ён адзначыў, што ў краіне няма праблем з бягучай ліквіднасцю банкаў, у той жа час рэгулятар гатовы пры неабходнасці адкрыць дадатковыя крэдытныя лініі.

«Уласна кажучы, урад сёння агучыў, у тым ліку, і шэраг кропкавых прапаноў па прадпрыемствах, якія, у першую чаргу, маюць праблемы з фінансавай устойлівасцю», — працягнуў ён і выказаў меркаванне, што ўсе праблемы будуць вырашаныя.

У цэлым банкаўская сістэма разам з урадам гатова працягнуць аказанне падтрымкі, рэзюмаваў старшыня Праўлення Нацыянальнага банка.

«Упэўнены, калі мы будзем дзейнічаць скаардынавана, то нейкіх праблем з нашымі сектарамі эканомікі ўзнікнуць не павінна», — рэзюмаваў Павел Калаўр.

Ва ўмовах, калі банкаўская сістэма падстаўляе плячо эканоміцы, зніжаецца яе ўласная прыбытковасць, заўважыў спікер. Прыбытак беларускіх банкаў сёлета ў параўнанні з леташнім перыядам зменшыўся на 15 працэнтаў. Растуць неабслугоўваемыя актывы, але па ацэнках Нацыянальнага банка, на канец года доля іх не перавысіць сем працэнтаў, што на тры працэнты менш за гранічнную велічыню гэтага нарматыву.

«Банкам прыходзіцца праводзіць вялікую работу па прыцягненні сродкаў нерэзідэнтаў, — сказаў Павел Калаўр. — Яны з гэтым паспяхова спраўляюцца. Сродкі нерэзідэнтаў з пачатку года павялічыліся на 300 мільёнаў долараў, ёсць прапрацоўкі, і я думаю, што да канца года гэты паказчык будзе павялічаны. Зараз ён складае разам з Банкам Развіцця шэсць мільярдаў, можа быць вырасце на 200–300 мільёнаў, што дазволіць захаваць крэдатаванне эканомікі ў замежнай валюце».

На сённяшні дзень крэдытаванне эканомікі ў замежнай валюце, па словах старшыні Праўлення Нацбанка, складае каля 12 мільярдаў долараў.

Па залатавалютных рэзервах краіна застаецца ў прагнозных параметрах, дадаў Павел Калаўр.

«Згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі ў нас паказчык 7,3 мільярда долараў на канец года, ацэнкі нашы паказваюць, што гэта велічыня будзе трошкі больш, — адзначыў ён. — З улікам таго, што мінфін удала размясціў еўрабонды, паступленне сродкаў павінна адбыцца ўжо ў гэтым месяцы, 24 чысла. Задача захавання залатавалютных рэзерваў цалкам рэальная».

Усе гэтыя крокі знаходзяцца ў рамках контрцыклічных мераў і міжнароднай практыкі, якая выкарыстоўваецца, акцэнтаваў Павел Калаўр.

«Мы стараліся не пераходзіць за рамкі міжнароднай практыкі, каб захаваць давер да нашай банкаўскай сістэмы», — падсумаваў ён.

Ён звярнуў увагу, што грашова-крэдытная палітыка беларускай дзяржавы пастаянна насіла нейтральны характар, але на апошнім брыфінгу, калі Нацбанк прымаў рашэнне пра зніжэнне стаўкі рэфінасавання да 8 працэнтаў, была зроблена заява пра пераход да ўмерана-стымулюючай манетарнай палітыкі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».