26 верасня, субота

Вы тут

Шэнген насуперак «кароне»


Еўрапейскiя краiны пачынаюць адкрывацца для турыстаў. Iнiцыятыва па зняццi абмежаванняў належыць камiсару Еўрапейскага саюза па ўнутраных справах Iльве Ёхансан. На мiнулым тыднi яна заявiла краiнам — удзельнiцам ЕС, што яны «павiнны адкрыцца як мага хутчэй». У панядзелак, 15 чэрвеня, завяршыўся дэдлайн, да якога Еўракамiсiя рэкамендавала краiнам адкрыць унутраныя межы пасля пандэмii каранавiруса. Яе пажаданнi не носяць абавязковага характару — у вынiку кожная краiна распрацавала свае правiлы i абмежаваннi ўезду першых турыстаў. Чаму Еўропа адкрывае межы i як гэта адбываецца?


«Бурбалкi» i фенхель

Як вядома, у Шэнгенскую зону перамяшчэння без памежнага кантролю ўваходзяць 26 краiн: 22 члены Еўрасаюза (за выключэннем Балгарыi, Iрландыi, Кiпра, Румынii i Харватыi) i чатыры краiны, якiя не ўваходзяць у ЕС, — Iсландыя, Лiхтэнштэйн, Нарвегiя i Швейцарыя.

Забарона на ўезд у гэтую агульную прастору была ўведзена 17 сакавiка i двойчы прадаўжалася. З сярэдзiны мiнулага месяца некаторыя краiны — члены Еўрапейскага саюза пачалi паведамляць пра аднабаковыя рашэннi адкрыць межы.

Прыклад падалi тры краiны Балтыi — Латвiя, Лiтва i Эстонiя, якiя адкрылi межы памiж сабой ужо 15 мая. Такiм чынам, яны стварылi першую так званую турыстычную бурбалку — абмежаваную прастору для свабоднага перамяшчэння ў рамках часова разбуранай пандэмiяй адзiнай прасторы ЕС. «Калi нам не ўдасца аднавiць у поўнай меры дзеянне Шэнгенскага пагаднення, гэта паставiць пад пагрозу ўвесь еўрапейскi праект», — папярэдзiла дэпутат Еўрапарламента ад Славенii Таня Фаён, якая ўзначальвае парламенцкую рабочую групу па справах Шэнгена.

Каталiзатарам працэсу адкрыцця Еўропы вiдавочна сталi эканамiчныя цяжкасцi, выклiканыя працяглым лакдаўнам. «Мы iдзём на разлiчаную рызыку, усведамляючы, што колькасць iнфiцыраваных зноў можа пачаць расцi. Трэба прызнаць, што ў адваротным выпадку ў нас няма шанцаў вярнуцца да нармальнага жыцця», — заўважыў прэм'ер-мiнiстр Iталii Джузэпэ Контэ. Ён абвясцiў, што з 3 чэрвеня Iталiя, да нядаўняга часу — адзiн з галоўных еўрапейскiх ачагоў каранавiруснай iнфекцыi, адкрывае свае межы. I не яна адна.

Больш за iншых у больш хуткiм адкрыццi межаў зацiкаўленыя краiны, чый бюджэт у значнай ступенi фармiруецца за кошт даходаў ад турызму. У выпадку з Iталiяй ад свабоды перамяшчэння залежыць i стан сельскай гаспадаркi: паводле ацэнак урада, аграрны сектар выкарыстоўвае летам працу прыкладна 350 тысяч замежных сезонных рабочых — у асноўным з Румынii, Балгарыi i Польшчы.

Ужо ў чэрвенi iтальянская вобласць Абруца афiцыйна дазволiла чартары з мараканскай Касабланкi. Двума самалётамi ў Iталiю былi дастаўлены 242 мараканцы. Пасля двухтыднёвага каранцiну, з 16 чэрвеня яны прыступiлi да выканання сваёй мiсii ў далiне Фучына, паведамляе Euronews. «Мая кампанiя праз Асацыяцыю фермераў заплацiла 4,5 тысячы еўра, каб сезонныя рабочыя з Марока змаглi законна прыехаць у Iталiю для збору ўраджаю», — расказаў уладальнiк адной з фермаў, на якой вырошчваецца фенхель.

Па сiстэме святлафора

У мiнулую нядзелю ўвечары прэзыдэнт Францыi Эмануэль Макрон заявiў, што межы краiны ўнутры шэнгенскай прасторы будуць адкрыты з 15 чэрвеня, а для краiн, якiя не ўваходзяць у ЕС, — з 1 лiпеня. Зняцце абмежаванняў датычыцца ўсiх членаў Еўрасаюза, а таксама Андоры, Iсландыi, Манака, Нарвегii, Швейцарыi i Ватыкана. Мясцовыя ўлады не патрабуюць медыцынскiя даведкi ад грамадзян гэтых краiн, а таксама не адпраўляюць iх на абавязковы каранцiн. Выключэннем сталi Iспанiя i Вялiкабрытанiя — у Францыi дзейнiчае двухтыднёвы каранцiн для асоб, якiя ўязджаюць з тэрыторыi гэтых дзвюх краiн.

Улады Грэцыi з панядзелка дазволiлi прымаць мiжнародныя авiярэйсы не толькi ў Афiнах, але i ў Салонiках. Аднак пасажыры будуць праходзiць абавязковую медыцынскую праверку ў аэрапортах. Грэцыя адкрыла межы i для некаторых краiн, якiя не ўваходзяць у ЕС, сярод якiх — Аўстралiя, Новая Зеландыя, Японiя i Паўднёвая Карэя. Прэм'ер-мiнiстр краiны Кiрыякас Мiцатакiс спадзяецца на больш хуткае аднаўленне турызму, але пры гэтым адзначыў, што «многае будзе залежаць ад таго, цi будуць людзi адчуваць сябе камфортна ў падарожжы, i цi зможам мы паказаць, што Грэцыя — бяспечнае месца для адпачынку». Каб зрабiць паездкi больш таннымi, улады вырашылi часова знiзiць падатак на дабаўленую вартасць на ўсе вiды транспартных паслуг — з 24 да 13 %. Дарэчы, аналагiчныя меры прынятыя i на Кiпры.

Германiя таксама зняла абмежаваннi на гранiцах для жыхароў ЕС, а таксама Швейцарыi i Вялiкабрытанii. Аднак абмежаваннi на паездкi ў краiны за межы блока працягнулi да 31 жнiўня. Бельгiйскiя ўлады адкрылi гранiцы для жыхароў Еўрасаюза, Вялiкабрытанii i Швейцарыi, Лiхтэнштэйна, Iсландыi i Нарвегii. Тое ж зрабiла Харватыя для ўсiх грамадзян ЕС, а таксама Вялiкабрытанii. Па прыбыццi ў гэтую краiну iм таксама не давядзецца адпраўляцца на каранцiн.

Чэхiя падзялiла краiны на тры групы па сiстэме святлафора — з высокай рызыкай заражэння («чырвоны» ўзровень), з сярэдняй («аранжавы») i бяспечныя («зялёны»). Замежнiкам з «аранжавых» i «чырвоных» краiн для ўезду ў Чэхiю прыйдзецца здаць тэст на COVID-19. Спiсы краiн па ўзроўнi рызыкi абнаўляюцца раз у тыдзень.

Аўстрыя, якая яшчэ ў пачатку чэрвеня дазволiла паездкi ў Германiю, Швейцарыю, Славенiю, Славакiю, Лiхтэнштэйн, Венгрыю i Чэхiю, адкрыла сваю мяжу з Iталiяй з 16 чэрвеня. Аднак нават пасля гэтага абмежаваннi працягваюць дзейнiчаць для жыхароў рэгiёна Ламбардыя. Славенiя, якая адкрыла свае межы для 17 краiн яшчэ ў сярэдзiне мая, цяпер дадала ў гэты спiс Чарнагорыю i Iталiю.

Немцы на Балеарах

Iспанiя рыхтуецца перазапусцiць сваю турыстычную iндустрыю (на гэты сектар прыпадае прыкладна 12 працэнтаў усёй нацыянальнай эканомiкi) i праводзiць эксперымент, у рамках якога амаль 11 тысяч нямецкiх турыстаў адправiлiся на двухтыднёвы адпачынак на Балеарскiя астравы. У эксперыменце ўдзельнiчае некалькi нямецкiх турагенцтваў i авiяперавозчыкаў. Турысты таксама адправяцца на Маёрку, Iбiцу i Менорку. Як паведамляецца, нямецкiм турыстам не трэба будзе праходзiць абавязковую праверку на сiмптомы Covid-19, iм будзе дастаткова запоўнiць анкету на борце самалёта. «Гэтая пiлотная праграма дапаможа нам многае даведацца пра тое, што чакае нас у найблiжэйшыя месяцы. Мы хочам, каб наша краiна, якая ўжо вядомая як турыстычны кiрунак сусветнага класа, была прызнана таксама бяспечным месцам для адпачынку», — падкрэслiў прэм'ер-мiнiстр Iспанii Педра Санчэс.

Уладам неабходна зразумець, як турыстычныя кампанii змогуць укаранiць новыя правiлы i абмежаваннi, неабходныя для прадухiлення новай успышкi каранавiруса. Мiж тым Iспанiя пакуль не адкрывае свае межы. Абмежаваннi для краiн — членаў ЕС будуць дзейнiчаць да 22 чэрвеня, для Партугалii — да 1 лiпеня. Як заявiў Reuters iспанскi мiнiстр транспарту Хасэ Луiс Абалас, «мы спадзяёмся аднавiць нармальны рэжым знаходжання ў краiне ў канцы чэрвеня. Каб гэта здарылася, нам трэба канчаткова зрабiць Iспанiю бяспечным i прывабным месцам з медыцынскага пункту гледжання».

Свае нюансы ў скандынаўскiх краiнах. Данiя ў канцы мая абвясцiла, што з 15 чэрвеня на пэўных умовах будзе пускаць турыстаў з Германii, Нарвегii i Iсландыi, але не са Швецыi, паведамiла Deutsche Welle. Капенгаген закрыўся ад Стакгольма яшчэ 14 сакавiка i пакуль адкрываць мяжу ў гэтым напрамку не збiраецца. Затым рушыла ўслед Фiнляндыя, хоць яе звязваюць з заходнiм суседам вельмi цесныя адносiны ў самых розных сферах. Тым не менш фiнскi мiнiстр унутраных спраў Марыя Ахiсала, абвяшчаючы аб адмене з 15 чэрвеня памежнага кантролю на сухапутных, марскiх i паветраных маршрутах у Нарвегiю, Эстонiю, Латвiю, Лiтву, Данiю i Iсландыю, паведамiла: сiтуацыя ў Швецыi, на жаль, настолькi складаная, што адмаўляцца ад дзеючых абмежаванняў пакуль нельга. На аналагiчны крок пайшла i Нарвегiя. Прэм'ер-мiнiстр краiны Эрна Сульберг заявiла, што для турыстаў зноў адкрываюцца гранiцы з Фiнляндыяй, Iсландыяй i Данiяй, уключаючы Грэнландыю i Фарэрскiя астравы.

Высокая рызыка

Такi атрымлiваецца турсезон-2020 па-еўрапейску. Пакуль, па словах намеснiка кiраўнiка Еўракамiсii Маргрэтэ Вестагер, важна, каб ён увогуле адбыўся. Бо нават паступовае адкрыццё ўнутрыеўрапейскiх межаў не азначае неадкладнага аднаўлення транспартнага трафiку ў поўным аб'ёме. Акрамя таго, чакаецца, што мiльёны людзей, асцерагаючыся каранавiруса, аддадуць перавагу адпачынку дома цi прынамсi не накiруюцца за мяжу. А тыя, хто выедуць, сутыкнуцца з шэрагам абмежаванняў i паўсюднымi мерамi засцярогi. Вядома, многiх падарожнiкаў гэта не адпудзiць. Тым не менш «нармальная» турыстычная або дзелавая паездка — у тым сэнсе, якое мела паняцце да пандэмii, — стане магчымай яшчэ не хутка.

Еўракамiсiя выказала перспектыву адмены абмежаванняў на знешнiх гранiцах. «Пасля адмены ўсiх памежных праверак унутры саюза мы прапануем выразны i гнуткi падыход да зняцця абмежаванняў на паездкi ў ЕС, пачынаючы з 1 лiпеня», — абвясцiла Iльва Ёхансан. Еўракамiсар паведамiла, што будзе складзены спiс краiн з улiкам iх эпiдэмiялагiчнай абстаноўкi, з якiмi ЕС пачне з 1 лiпеня паступова адкрываць межы. Пералiк мяркуюць увесь час абнаўляць.

Тым не менш абгрунтаваныя апасеннi застаюцца. «Я звяртаюся да ўсiх, хто падарожнiчае: атрымлiвайце асалоду ад летняга адпачынку, але з асцярожнасцю i адказнасцю, — заўважыў мiнiстр замежных спраў ФРГ Хайка Маас. — На працягу летнiх вакацый мы хочам максiмальна скарацiць распаўсюджванне вiруса па Еўропе». Пацвярджэнне таму — нядаўнiя ўспышкi «кароны» ў шэрагу куткоў Старога Свету (напрыклад, у той жа Германii). Як заўважыў кiраўнiк еўрапейскага бюро СААЗ Ханс Клюге, «рызыка па-ранейшаму застаецца высокай ва ўсiх краiнах». Так што расслабляцца не варта.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.