25 верасня, пятніца

Вы тут

Якія тэатральныя пастаноўкі можна паглядзець на гэтым тыдні


Усё цячэ, усё мяняецца — у нашу традыцыйную падчас «ковiду» падборку тэатральных пастановак, якiя можна бяспечна глядзець дома на канапе, мы гатовы ўключыць два рэальныя спектаклi. Адны з найлепшых беларускiх тэатраў — РТБД i Купалаўскi — спрабуюць паволi пераходзiць у афлайн. Гэта вымагае дадатковых высiлкаў, стварае абмежаваннi па запаўняльнасцi залы, бо памiж гледачамi мусiць захоўвацца дыстанцыя, i тэарэтычна накладвае на калектывы надзвычайную адказнасць. Але адначасова прапануе альтэрнатыву тым, хто праз тэатр на плоскiм экране ўсвядомiў каштоўнасць тэатра жывога. Мы настойлiва нагадваем, што наведванне публiчных месцаў усё яшчэ небяспечнае, i ў якасцi тэатральнай забавы на наступны тыдзень прапануем два выхады ў свет, зноў лонданскi Нацыянальны тэатр, оперу (можна проста слухаць) i кантэмпарары цырк.


«Шлюб з вет­рам».

«Паўлiнка» Купалаўскага тэатра

Тытульны спектакль Нацыянальнага нашага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы, з якога традыцыйна пачынаецца амаль кожны яго сезон, стаў першым i пасля «ковiду» — з яго паказу 15 чэрвеня ў будынку на Энгельса ўзнавiлiся сустрэчы з гледачамi. Як нешта «старое-добрае» i таксама паводле сюжэта пастаноўка сапраўды пасуе сённяшняй эпосе, калi змяняецца свет — яе прэм'ера ў рэжысуры Льва Лiтвiнава адбылася ў 1944 годзе, i за гэтыя гады вечна актуальны спектакль заняў асаблiвае месца ў рэпертуары тэатра. Камедыя Янкi Купалы, нагадаю, расказвае пра бойкую i вострую на язык Паўлiнку, якая хоча iсцi сваiм шляхам, супярэчыць бацькоўскай волi, сама выбiрае сабе жанiха i ўвогуле супрацьстаiць кансерватыўнаму парадку. Камедыя ў вынiку робiцца трагедыяй. Наступны паказ спектакля адбудзецца 23 чэрвеня, зрэшты, «Паўлiнку» ды iншыя работы тэатра iмя Янкi Купалы можна ў добрай якасцi запiсу паглядзець анлайн — квiток на вiртуальны паказ каштуе дзесяць рублёў.

«Шлюб з ветрам» Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii

Прафесiяналы лiчаць, калi б гэты спектакль з'явiўся ў нашай прасторы раней, беларускi тэатр развiваўся б зусiм iншым шляхам. Адносна новая прэм'ера — яна адбылася летась у снежнi, а з-за каранавiруса можна сказаць, усё роўна што ўчора — выклiкала ў прафесiяналаў узрушэнне. Гэта гiсторыя пра трохкутнiк — мацi, сын i яго каханая, супраць якой паўстае мацi, а сын па сутнасцi мусiць выбiраць памiж дзвюма жанчынамi. У фальклорным рэчышчы, з беларусацэнтрычным настроем, унiкальны з пункту гледжання аўтарскiх знаходак, у тым лiку сцэнографа Таццяны Нерсiсян. Яўген Карняг лiчыцца адным з лiдараў нашай тэатральнай сферы — толькi ў дзяржаўных тэатрах ён паставiў небезвядомыя «Iнтэрв'ю з ведзьмамi» (мiнскi Тэатр лялек), «Бетон» (зноў жа РТБД), «Сёстры Грайi» (маладзечанская «Батлейка»), што станавiлiся падзеяй. Па сутнасцi, чакаць выхаду тэатра з каранцiну варта было ўжо толькi дзеля «Шлюбу з ветрам».

«Маленькi востраў» Нацыянальнага тэатра ў Лондане

За кнiгу «Маленькi востраў» Андрэа Левi ў свой час атрымала адну з самых прэстыжных англамоўных лiтаратурных прэмiй Whitbread Book Award. У сваiм творы брытанская пiсьменнiца паказвае уплыў Другой сусветнай вайны, праблему эмiграцыi, каланiяльны кантэкст, сексiзм i ксенафобiю ў пасляваенным Лондане, дзе перасякаецца некалькi персанажаў з розным мiнулым i паходжаннем. Раман быў нават экранiзаваны — рэжысёрам стаў Джон Аляксандр, а акцёрамi выступiлi Наомi Харыс, Рут Уiлсан, Бенедзiкт Камбэрбэтч ды iншыя. Цяпер увасабленне лiтаратурнай першакрынiцы можна ўбачыць у якасцi тэатральнай пастаноўкi i не дзе-небудзь — за кнiгу ўзяўся рэжысёр Руфус Норыс на сцэне лонданскага Нацыянальнага тэатра. У спектаклi можна назiраць, як тыя персанажы змагаюцца з няпростымi часамi i мараць пра лепшае з Другой сусветнай да 1948 года. Пастаноўка задзейнiчае сорак акцёраў i на думку крытыкаў уяўляе сабой эпiчны твор пра сярэдзiну мiнулага стагоддзя. На сайце Нацыянальнага тэатра «Маленькi востраў» можна паглядзець да 25 чэрвеня.

«Самнамбула» ў Венскай оперы

Двухактовая опера Вiнчэнца Белiнi расказвае залiхвацкую гiсторыю пра тое, як сялянская дзяўчына Амiна праз свой самнамбулiзм аказваецца абвiнавачанай наваспечаным мужам Эльвiна ў здрадзе, прычым у здрадзе з графам. Усё, вядома, канчаецца добра. Венская статсопера працягвае паказваць выдатнай якасцi запiсы сваiх пастановак анлайн — праграма распiсаная на цэлы чэрвень, на кожны дзень прызначаны новы твор. На наступным тыднi такiм чынам можна будзе паслухаць «Хаваншчыну» Мадэста Мусаргскага, сучасную работу «Арланда» Вольгi Нойвiрт па матывах твораў Вiрджынii Вульф, «Смерць Дантона» Готфрыда фон Эйнэма, нарэшце 24 чэрвеня — iтальянскую «Самнамбулу» з камедыйнымi перыпетыямi i клятвамi ў каханнi да магiлы. Для прагляду трэба быць зарэгiстраваным на сайце Венскай оперы.

Шоу «новага цырка» ад кампанii FLIP Fabrique

Гэта цэлая з'ява — так званы кантэмпарары цырк, якi запрашае гледачоў не на клаўнаду i праезды на канi, а на паўна-вартасныя, драматургiчна вывераныя, насычаныя рознымi вiдамi мастацтва шоу. Да таго ж звычайна кампанii, што робяць «новы цырк», не задзейнiчаюць жывёл. З'ява атрымала мноства аблiччаў, кiрункаў i ўвасабленняў — iнжынерны, iндустрыяльны цырк, тэатр-цырк. Шмат у гэтай сферы i тых, хто робiць, па сутнасцi, кампiляцыю з нумароў, бо кожны выступоўца спецыялiзуецца на сваiм уменнi, i ўплятае ў вiдовiшча дадат-ковыя вiды мастацтва — танец, музыку, вiдэаарт, нарэшце, драматычны тэатр. Адной з кампанiй, якая робiць такi цырк, i робiць яго паспяхова, дэманструючы свае дасягненнi на прэстыжных цыркавых пляцоўках, з'яўляецца арганiзаваная ў 2011 годзе ў канадскiм Квэбеке каманда FLIP Fabrique. Праз каранавiрус на сайце цырка выкладзена парачка створаных канадцамi шоу, i iх можна паглядзець бясплатна.

Падрыхтавала Вольга МIЦКЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Культавая пабудова, якая будзе асвечана на свята Пакроваў у гонар свяціцеля Патрыка, асветніка зямлі Ірландскай, ужо цалкам гатова, засталося толькі упрыгожыць храмавыя сцены іконамі.

Палітыка

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

«Горш за ўсё, калi канфрантацыйная рыторыка гучыць з боку ўлады».