Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Народ, які жыве на гэтых землях, аддасць жыццё, але не стане рабом


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў у Брэсце мерапрыемства, прысвечанае Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.


Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у цырымоніі ўскладання вянка да Вечнага агню мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць — герой». Па традыцыі ў гэтыя ж імгненні воіны Брэсцкага гарнізону і курсанты Інстытута пагранічнай службы Беларусі ўсклалі памятныя гірлянды да магіл гераічных абаронцаў Брэсцкай крэпасці і спусцілі вянкі са свечкамі ў воды ракі Буг ля Цярэспальскіх варот у памяць тых, хто загінуў, але не здаўся і назаўсёды застаўся ў гэтай свяшчэннай зямлі.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння мы ўспамінаем трагічную дату, якая стала для Беларусі і іншых блізкіх нам краін Днём агульнанароднай памяці і смутку — памяці першых ахвяраў і першых герояў Вялікай Айчыннай вайны. Мірныя жыхары прымежжа і савецкія воіны сустрэлі гэту раннюю раніцу 22 чэрвеня 1941 года пад грукат снарадаў і свіст куль, але смела і самааддана зірнулі ў твар лёсу і ўвайшлі ў гісторыю як сапраўдныя патрыёты, якія стаялі насмерць за родную зямлю.

На захоп Брэсцкай крэпасці фашысты планавалі патраціць не больш за восем гадзін, але яе невялікі гарнізон трымаўся месяц. Гэта даўжэй, чым супрацьстаялі Гітлеру цэлыя дагэтуль заняволеныя краіны. А пры ўзяцці гэтай цытадэлі праціўнік страціў у тры разы больш салдат і афіцэраў, чым за ўсю польскую кампанію, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Нямецкаму камандаванню ўжо да вечара 22 чэрвеня давялося аддаць загад аб спыненні штурму. І гэта стала першым адступленнем абсалютна непераможнай да таго дня арміі. Мы гэтыя факты заўсёды будзем памятаць, таму што ў іх — веліч і сіла духу людзей, якія не скарыліся. Менавіта тады, калі, не здаючыся, паміралі апошнія абаронцы крэпасці, вораг быў пераможаны псіхалагічна. Яны ўсвядомілі, куды прыйшлі. І гэта быў першы крок савецкага народа на шляху да найвялікшай Перамогі новага часу», — нагадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Брэсцкая крэпасць стала непераадольнай перашкодай для фашыстаў, якія так і не дайшлі да Масквы нашай дзяржавы за шэсць тыдняў, як планавалі. І ў той дзень захопнікі паўтарылі незасвоены гістарычны ўрок: народ, які жыве на гэтых землях, аддасць жыццё, але не стане рабом. Што, па словах Прэзідэнта, вельмі сугучна з нашым часам.

«Тут змагаліся прадстаўнікі больш чым трыццаці нацыянальнасцяў. І ўсе яны выканалі свой свяшчэнны абавязак — яны абаранялі сваю Радзіму, хаця нарадзіліся за тысячы кіламетраў ад нашага Брэста», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка і ў памяць воінаў аб’явіў хвіліну маўчання.

«Галоўнае — мы свабодныя людзі»

Беларускі лідар упэўнены, што подзвіг Брэсцкага гарнізона стаў сімвалам нязломнасці брацкіх народаў і агульным здабыткам былых рэспублік Савецкага Саюза.

«Але, на жаль, не ўсе грамадзяне гэтых, цяпер ужо незалежных дзяржаў бачаць сябе нашчадкамі той гераічнай гісторыі. Вельмі шкада... У нашчадкаў здраднікаў свая праўда і свая перамога, якую яны сёння маюць намер атрымаць перш за ўсё на ідэалагічным фронце. Тым, хто прайграў і адолены, патрэбны рэванш. Іх ініцыятывы ўжо сталі часткай дзяржаўнай палітыкі асобных краін», — перасцярог Прэзідэнт.

Але ён глыбока перакананы, што народная памяць пераможа і ў нашы дні. Кожны год гэта пацвярджаюць нашы святы Перамогі. Нават у тых краінах, дзе Дзень Перамогі забаронены, людзі нясуць кветкі да помнікаў савецкім воінам і бясстрашна працягваюць адзначаць гэтае свята. Таму што памяць пра герояў, якія выратавалі многія краіны ад рабства і генацыду, — гэта тое, што ляжыць у аснове нацыянальнага гонару ўсіх, хто з’яўляецца і лічыць сябе нашчадкамі пераможцаў, нашчадкамі Перамогі, працягнуў Аляксандр Лукашэнка.

«Сёння ўсе мы, нашчадкі слаўных воінаў, увасабляем у жыццё ўсё, за што змагаліся абаронцы Айчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы гадуем дзяцей, будуем сваю незалежную дзяржаву, а галоўнае — мы свабодныя людзі. Мы не сталі тымі, на каго разлічвалі фашысты, прыйшоўшы сюды 22 чэрвеня», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Асобна ён звярнуўся да пачэсных гасцей урачыстасці — ветэранаў.

«На жаль, вас усё менш і менш. Жыццё няўмольна бярэ сваё. Але мы бясконца ўдзячныя вам за тое, што вы з гонарам вытрымалі нягоды ваеннага і пасляваеннага перыяду. Тыя, хто сышоў ад нас, сёння з намі, яны глядзяць адтуль на нас і ацэньваюць нашы дзеянні. Мы кажам, што іх гераічнае мінулае стала сімвалам нашай незалежнасці. Іх жыццёвы шлях — прыкладам, у якім мы знаходзім сілы для пераадолення выклікаў не толькі нашага, але і наступных часоў», — звярнуў увагу беларускі лідар.

Ён запэўніў: з якімі б цяжкасцямі мы ні сутыкаліся сёння, яны не параўнаюцца з выпрабаваннямі, што выпалі на лёс герояў. Але іх імкненне да свабоды і справядлівасці, адданасць Радзіме жыве ў кожным з беларусаў. І гэта тая спадчыннасць, якая робіць суверэнітэт нашай дзяржавы бясспрэчным фактарам, упэўнены яе кіраўнік.

«Змагаючыся за сваю незалежнасць, суверэнітэт, супраць тых, хто навязваем нам свае ідэі, хто ідзе сюды для таго, каб разбурыць мір і ўсё тое, што мы з вамі стваралі за час суверэнітэту і незалежнасці, павінны разумець: мы не можам здрадзіць тым, хто глядзіць на нас сёння з нябёсаў. Мы з вамі павінны памятаць, што ўсё, што мы сёння маем, нягледзячы на тое, што мы стварылі гэта сваімі рукамі, належыць не толькі нам. Яно належыць перш за ўсё ім і будучыні — нашым дзецям», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы павінны быць гатовыя да ўсяго»

Звяртаючыся да афіцэраў і салдат, якія цяпер нясуць службу на гэтай гераічнай зямлі, Прэзідэнт адзначыў, што і сам служыў у гэтых месцах і добра ведае Брэст. 

«Кожная вулачка і завулак Брэста мне добра вядомыя, таму што шмат гадоў таму я хадзіў па іх, будучы салдатам. Вы сёння — нашчадкі Перамогі, вы стаіце на мяжы, якая не была аддадзена ворагу, пакуль быў жывы хоць бы адзін воін. Ад нас гэта сёння не патрабуецца, але мы павінны быць гатовыя да ўсяго», — заклікаў не губляць пільнасці кіраўнік дзяржавы.

Дзякуючы абаронцам Брэсцкай крэпасці 22 чэрвеня стала пачаткам краху нацысцкай Германіі. Прэзідэнт упэўнены: гэта вялікі гонар — працягваць традыцыі герояў і велізарная адказнасць — абараніць свет, які яны адстаялі цаной свайго жыцця. Таму сённяшнім абаронцам Аляксандр Лукашэнка пажадаў, каб іх служба была мірнай і бяспечнай.

«Я заўсёды памятаю і хачу, каб вы, калі давядзецца ваяваць, стаялі насмерць тут — але не за тысячы кіламетраў на чужых землях і тэрыторыях. Там нам рабіць няма чаго. Я хачу, каб вы таксама аб гэтым памяталі», — звярнуўся да воінаў Брэсцкага гарнізона Прэзідэнт.

Шматлікія войны пакінулі глыбокі след у памяці народа. Але яны навучылі нас галоўнаму — берагчы і цаніць мір і незалежнасць, без якіх у нас няма будучыні. Аб гэтым лідар Беларусі нагадвае часта.

«Мы вычарпалі рэсурс не толькі рэвалюцыі, але і час, калі мы хадзілі пад бізуном і лапцях, без штаноў, жабракі і галодныя. Мы і толькі мы павінны будаваць сваю дзяржаву, мы і толькі мы павінны вырашаць свой лёс і лёс сваіх дзяцей. Хай кожны наш дзень будзе пражыты ў імя памяці тых, хто змагаўся і гінуў дзеля нашага жыцця, дзеля нашай будучыні, дзеля сённяшняга ў чыстай, утульнай, зялёнай, прыгожай Беларусі, працавітай, з разумным і мудрым народам. І хай бог нам дасць гэту мудрасць назаўсёды, каб мы маглі жыць сваім розумам і на сваёй зямлі. Нізкі паклон і вечная памяць героям Вялікай Айчыннай вайны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў: пакуль мы помнім аб падзеях, што адбыліся ля сцен Брэсцкай крэпасці, яны ніколі не паўтарацца.

«Але як толькі мы гэта забудзем, мы зноў акунёмся ў хаос, раздрай, мы дэстабілізуем краіну, мы народзім новую вайну. Вось таму мы сёння ранняй раніцай прыйшлі сюды — каб ніколі не паўтарылася тое, што было тут. Гэта не проста радавы рытуал — гэта памяць, каб мы з вамі і нашы дзеці ніколі не сутыкнуліся з гэтымі праблемамі», — звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстасці Прэзідэнт.

«Сваю незалежнасць мы павінны абараніць»

«Дзякуй вам, вы нам па-ранейшаму патрэбныя», — пасля цырымоніі Аляксандр Лукашэнка падышоў пагутарыць з ветэранамі. І растлумачыў: часам бывае заваяваць прасцей, чым абараніць.

«Катастрофы ніякай, але абараніць мы павінны тое, што маем. Расслабляцца ні ў якім выпадку нельга. Я вас папярэджваў два-тры месяцы назад, што гэтая так званая пандэмія гэтым і скончыцца. Камусьці яна вельмі на руку — хутка вы ўбачыце, каму. Хаця мы ўжо і зараз гэта бачым», — патлумачыў Прэзідэнт.

Ён прадказаў сур’ёзны ціск на нашу краіну — перш за ўсё эканамічны.

«Таму што ваяваць з намі ўжо небяспечна, а нахіліць трэба: занадта незалежныя сталі. Вы ж разумееце, што незалежнасці шмат не бывае — яна ці ёсць, ці яе няма. І я яшчэ год таму, выступаючы 3 ліпеня, папярэджваў, што незалежнасць — вельмі дарагая цацка. Яна вельмі дорага каштуе. Гэта самае каштоўнае, што можа быць у народа ці дзяржавы. Таму калі мы народ, калі мы хочам мець сваю дзяржаву — сваю незалежнасць мы павінны абараніць, атрымаўшы яе, умацаваўшы, стварыўшы гэту прыгажосць», — заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Па словах Прэзідэнта, недахопы ёсць паўсюль, ён прывёў у прыклад ЗША. 

«Хто б мог падумаць, што Амерыка так успыхне, і дэмакратычныя СМІ захлынуліся і замоўклі, не паказваюць тое, што адбываецца. Там у гарадах ужо ўвайшлі войскі, увялі каменданцкую гадзіну. Тое самае і ў Заходняй Еўропе. Аб гэтым не прынята казаць, а ў нас яны нешта ўбачылі... Не трэба ні з кім уступаць у бойку — мы павінны вырашыць усё мірна», — упэўнены лідар краіны.

Самае важнае, паводле слоў Прэзідэнта, — не дазваляць над сабой панукваць. 

«Я заўсёды вам казаў: я нікому не дазволю сілавым чынам рашаць праблему, якую трэба рашаць мірна, палітычным шляхам, на падставе нашых законаў... Беражыце краіну і беражыце мір», — заклікаў беларускі лідар.

Ён параіў «не паддавацца на хітрыкі трох-чатырох нейкіх шарлатанаў».

«Яны будуць выкарыстоўваць усё. І акумулятары, і заводы (акумулятарны завод у Брэсце — «Зв».), і іншае. Трэба — знясём дашчэнту гэты ваш «акумулятар», калі толькі ў ім праблема. Але не ў ім, я ж гэта разумею. Шукаюць, за што зачапіць, і вас туды павесці. Памятайце, што гэтага рабіць нельга », — падкрэсліў беларускі лідар.

«Мы ў сваёй краіне разбярэмся, як мае быць. І Брэст мне не чужы. Гэта і мой горад, дзе прайшлі самыя цяжкія гады майго жыцця. Вы ведаеце, што такое армія. Таму беражыце сябе, будзьце спакойныя, не хвалюйцеся. Не напружвайцеся. Нас і так напружылі з гэтым каранапсіхозам», — сказаў Прэзідэнт.

Ён праінфармаваў, што Брэстчына «сыходзіць з плато» захваральнасці на каранавірус.

«Брэст у нас апошняя апора была, неяк з поўначы на поўдзень усё пайшло. А паглядзіце, у іншых краінах другая хваля пачалася... Самае страшнае для нас, каб пад гэты шумок нас не прыбралі. Вось гэта для нас галоўнае», — абазначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ветэран: «Мір захоўваць важна кожную хвіліну»

Удзельнік Курскай бітвы Канстанцін Максімавіч Круглікаў падзяліўся з журналістамі думкамі і настроем 22 чэрвеня. Ён пачынаў вайну з партызанскага атрада, вызваляў Беларусь, Польшчу, у Прусіі быў цяжка паранены.

«Як падумаеш аб гэтым дні, то страшна становіцца. Але ў сувязі з тым, што час прайшоў вялікі, то ўжо неяк звыкся з гэтай думкай. Мір захоўваць важна кожную хвіліну, таму што вайна на зямным шары працягваецца, і каб яна не распаўсюджвалася, трэба цвяроза разважаць, расказваць людзям — асабліва моладзі — як гэта было», — разважае герой.

Канстанцін Максімавіч вярнуўся дамоў ў красавіку 45-га.

«Радасць, вядома, адчувалі. Чакалі, што вернуцца людзі, бо шмат хто ўжо пахавальныя лісты атрымаў», — узгадаў ветэран.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Высокі попыт дыктуе цэны

Высокі попыт дыктуе цэны

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. 

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Калейдаскоп

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.