Вы тут

Лукашэнка: Першае знаёмства з Беларуссю многія пачынаюць з Брэста


Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Брэст пачаўся з раніцы 22 чэрвеня. У Брэсцкай крэпасці ён прыняў удзел ў цырымоніі ўскладання вянка да Вечнага агню мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць — герой», затым наведаў 38-ю Брэсцкую асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую брыгаду.


Сустрэча з актывам праходзіць у Брэсцкім абласным выканаўчым камітэце.

Па словах Лукашэнкі, з Брэстам у яго звязаныя асаблівыя ўспаміны, ён назваў яго «сваім» горадам, дзе ён «ведаў кожную вулачку». «Усё маё вайсковае жыццё было звязана тады з абаронай нашага горада і нашай велізарнай краіны, — пачаў размову з прысутнымі Прэзідэнт з успамінаў аб сваёй службе ў горадзе над Бугам. — Я добра памятаю, якім быў Брэст у 80-ыя. Па-асабліваму ён, канешне, быў прывабны, для мяне вельмі душэўным, можна сказаць местачковым». Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў тыя часы Брэст «не вельмі цягнуў» на буйны цэнтр рэгіянальнага значэння. Яго ведалі як значны чыгуначны вузел і заходнія вароты краіны.

«Але паглядзіце, якім прыгажуном стаў наш легендарны горад над Бугам, 1000-годдзе якога мы з вамі разам годна адзначылі ў мінулым годзе. А да гэтага правялі велізарную работу па добраўпарадванні. І тое, што Брэст сёння сапраўды еўрапейскі, чысты, дагледжаны, камфортны і вельмі зручны для жыцця, адзначаюць не толькі жыхары Беларусі, але і мільёны нашых гасцей, якія першае знаёмства з Беларуссю пачынаюць менавіта з нашага горада Брэст», — адзначыў Прэзідэнт.

На яго думку, турызм у заходніх рэгіёнах Беларусі (Гродне, Брэсце) літаральна «ірвануў з увядзеннем бязвіза». Але, як дадаў Аляксандр Лукашэнка, спадабалася гэта не ўсім суседзям. «Але мы адкрытая краіна, нам гэта выгадна і гэтую практыку мы будзем працягваць», — дадаў ён.

Да юбілею Брэст атрымаў Заходні абход — новы пуцеправод, які дазволіў перанакіраваць транспартныя патокі і разгрузіць вуліцы горада, адзначыў Прэзідэнт. Па яго словах, не толькі Брэст, але і іншыя гарады вобласці, такія як Баранавічы, Кобрын, Пінск «сур’ёзна падцягнуліся, проста змяніліся за апошнія гады».

Ён нагадаў пра прыезд на бавоўнава-папяровы камбінат у Баранавічы ў свой першы год прэзідэнцтва. Тады звыш 9000 тысяч працоўных засталіся без заробкаў. «Для мяне было катастрафічна ўдвая, што жанчына не магла накарміць сваіх дзяцей. Ні сыравіны, ні працы. Мне ў скорым парадку прыйшлося вырашаць гэта пытанне з нашымі ўзбекскімі сябрамі, якія паставілі нам бавоўну», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сёння на гэтым прадпрыемстве, па словах Прэзідэнта, абсалютна іншая сітуацыя: з падтрымкай дзяржавы памянялі абсталяванне, засвоілі тэхналогіі лічбавага друку на баваўнянай тканіне. А яшчэ адно баранавіцкае прадпрыемства — авіярамонтны завод — увогуле адно з лепшых у краіне.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, калі б не было праблем з Расіяй, якая «ад выпадку да выпадку нахіляе гэты завод па пастаўках камплектуючых для рамонту і мадэрнізацыі лятальных апаратаў, было б зусім нядрэнна». «Гэты завод выконвае складаныя і ваенныя, і грамадзянскія заказы. І чарга з-за мяжы там ужо выстраілася», — канстатаваў беларускі лідар.

«Наш народ не сцерпіць карупцыйных праяў, з’яўлення алігархата ў нашай краіне»

Па словах Лукашэнкі, за 25 гадоў краіна зрабіла «значны крок наперад у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, тэхналогіях, сацыяльнай сферы». Асабліва гэта бачна на прыкладзе Брэстчыны.

«Сёння некаторыя з тых, хто ў вас тут спрабуе гэта падвергнуць сумненню, муцяць ваду, кажуць аб страчаных гадах, што з гэтай уладай мы быццам бы зайшлі ў тупік, што вакол адны праблемы. Да гэтага трэба ставіцца з разуменнем, мабыць, нават спакойна. Гэта натуральна, ідзе палітычная барацьба. Але лічбы не падманеш, а яны сведчаць аб адваротным», — дадаў Аляксандр Лукашэнка і расказаў аб тым, што вырас аб’ём прамысловай вытворчасці, экспарт тавараў, з’явіліся новыя буйныя вытворцы ў рыбнай, малочнай, хімічнай сферы.

«Мы падтрымлівалі як прыватнай, так і дзяржаўнай формы ўласнасці прадпрыемствы. Бізнес, які сумленна працуе на дабро нашай краіны і народа, мы заўсёды будзем падтрымліваць. Тут на нас могуць разлічваць. Гэта мая цвёрдая пазіцыя. Я яе не змяняў і змяняць не буду. А калі нейкае жуллё (прытым нахабна) парушае закон, спрабуе жыць за кошт чужы, прыватны ці дзяржаўны, і гэтаму ёсць неабвержныя доказы, у нас з ім паступаюць, як і ва ўсіх цывілізаваных краінах, — згодна з законам», — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка падкрэсліў, што не будзе паслабленняў і ў барацьбе з карупцыяй. «Я ведаю, што карупцыя — гэта іржа, якая раз’ядае ўсё, і гэта прамы шлях не да рэвалюцыі, як кажуць, а да майдану. Наш народ не сцерпіць карупцыйных праяў, з’яўлення алігархата ў нашай краіне», — упэўнены лідар краіны.

«Як бы мы ні развівалі віртуальныя тэхналогіі, сялянская праца заўсёды будзе ў цане»

Гаворачы аб развіцці рэгіёну за мінулыя гады, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за часы суверэнітэту ў вобласці ў тры разы вырасла вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі. Сёння з гектара маюць 35 цэнтнераў зернявых, узраслі надоі да 6 100 кілаграмаў на адну карову. Не менш важны сацыяльныя паказчыкі — узраслі рэальныя даходы насельніцтва, заробкі, пенсіі. Адрэстаўрыраваны будынкі, пабудаваны спартыўныя аб’екты.

Аляксандр Лукашэнка прыгадаў, як у пачатку яго прэзідэнцтва развіваўся палескі рэгіён. У вёсках «не было не тое, што добрай дарогі, нават хлеба». Тады, па словах Прэзідэнта, ўсе ваенныя хлебапякарні накіравалі ў гэтыя рэгіёны. Ды і маштабную газіфікацыю Палесся, якая пачалася ў савецкія часы, завяршылі ўжо ў незалежнай Беларусі.

«У Палесся багатая гісторыя, унікальныя культурныя традыцыі. Палякі сюды хадзілі, украінцы лічылі гэтыя землі сваімі. Памятаю, у пачатку 90-ых знайшліся нейкія недалёкія, якія бегалі па краіне з ідэяй стварэння Палескай Рэспублікі. Амаль, што аддзяліцца хацелі, у Пінску нават сталіцу думалі зрабіць. І такое было», — расказаў лідар краіны.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Нашым прыярытэтам была і застаецца сельская гаспадарка, якую поўнасцю мадэрнізавалі». Попыт на прадукцыю будзе толькі расці, і як бы мы ні развівалі віртуальныя тэхналогіі, «сялянская праца заўсёды будзе ў цане», — упэўнены ён.

«Мы змянілі сялянскую працу. Так званыя аграгарадкі, стварэнне новай высокапрадуктыўнай тэхнікі для сельскай гаспадаркі, што запатрабавала ўзбуйненне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Мы стварылі сыравінныя зоны, магчыма не да канца іх дапрацавалі. Думаю, што ў бліжэйшы год-два гэта зробім», — падзяліўся планамі лідар.

«Нашу сельгаспрадукцыю, нашы прадукты харчавання паважаюць ва ўсім свеце», — падкрэсліў беларускі лідэр. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што Кітай гатовы больш спажываць беларускай сельгаспрадукцыі, пра што нядаўна вялася гаворка падчас тэлефоннай размовы са Старшынём КНР Сі Цзіньпінам.

Прэзідэнт хоча бачыць хаця б па адным знакавым аб’екце ў інвестпраграмах на пяцігодку ў кожнай вобласці

Па словах Прэзідэнта, у рэгіёна ёсць добрыя перспектывы, але ёсць і шэраг праблем, якія ляжаць на паверхні і патрабуюць рашэння ў самыя кароткія тэрміны. Першае і галоўнае — эканоміка рэальнага сектара. Чысты прыбытак у студзені-красавіку 2020-га арганізацый вобласці скараціўся больш чым на 60 працэнтаў, сума страт наадварот — павялічылася ў шэсць разоў.

«Зразумела, калі свет зачыніўся, нам было вельмі цяжка ў гэтай сітуацыі працаваць. Вельмі важна першымі ўскочыць туды, дзе мы можам прадаць сваю прадукцыю», — падкрэсліў беларускі лідар.

Яшчэ адна праблема складаецца ў тым, што рост прадукцыйнасці працы пакуль адстае ад росту заработнай платы. Тэндэнцыя працягваецца ўжо тры гады, пры гэтым павялічваецца адставанне па ўзроўні заробкаў у вобласці ад іншай часткі краіны.

«Мы павінны забяспечыць эфектыўную работу прадпрыемстваў, ствараць умовы для жыцця і працы людзей тут, каб працоўная міграцыя насельніцтва за межы вобласці, асабліва ў сумежныя краіны, калі і была, то нязначнай», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Брэсцкая вобласць, на думку Лукашэнкі, не прапанавала маштабных інвестыцыйных праектаў, якія могуць стаць «новымі кропкамі росту». Ён прывёў у прыклад Гродзеншчыну, дзе было прынята рашэнне аб будаўніцтве камбіната на 1,5 мільярда долараў, што падвоіць вытворчасць азотных угнаенняў. Такі знакавы праект на пяцігодку Прэзідэнт хоча ўбачыць у кожнай вобласці, у тым ліку і Брэсцкай.

«Наша богам дадзенае геаграфічнае становішча — шчасце для нас»

«Уліваючы як сёння развіваюцца адносіны Расіі з Захадам, Прыбалтыкай, Украінай. Зноў не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло, — галоўным лагістычным цэнтрам рэгіёна можа стаць Беларусь. І яна становіцца», — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Сёння Брэст, Баранавічы — галоўныя кропкі новага шоўкавага шляху, а гэта вялікія грошы і патокі грузаў з Кітая ў Еўропу, цэнтры прыцягнення для стварэння інфармацыйнай інфраструктуры.

«Сумесна з урадам неадкладна вам трэба заняцца мадэрнізацыяй рухомага саставу транспартнай інфраструктуры вобласці, — даў даручэнне лідар краіны. — Кітай з Еўропай гандлююць праз нас. І мы гэтым павінны скарыстацца».

Задача ад кіраўніка краіны рэгіёну — аднавіць дарогі, у тым ліку трасу «Брэст — Гомель».

«Мы замахнуліся на будаўніцтва такой жа дарогі, якую мы пабудавалі на Гродна, Магілёў, Гомель — чатырохпалоснай. Нам трэба паўднёвы кірунак забраць, перахапіць усе патокі з Кітая, Казахстана праз поўдзень, Растоўскую вобласць, Валгаград і не цягнуць іх на трасу «Брэст — Масква», а пусціць па поўдні і выйсці на Брэст, ці побач з Брэстам адкрыць яшчэ новы кантрольна-прапускны пункт і павялічыць нашу лагістыку», — акрэсліў Прэзідэнт планы на будучыню.


Прэзідэнт паабяцаў правесці ў Брэсце рэферэндум наконт будучыні акумулятарнага завода

Пра гэта ён заявіў сёння, размаўляючы з жыхарамі абласнога цэнтра, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны лічаць, што прадпрыемства негатыўна паўплывае на здароўе грамадзян.

«Мы прынялі рашэнне. Хай вырашаць жыхары. Па акумулятарным як вырашыце, так і будзе. Я вам гэта гарантую і абяцаю. Я займу нейтральную пазіцыю, арганізую рэферэндум. А вы, толькі без гвалту, шуму. Вызначым месца, будзеце заклікаць людзей, дэбатаваць. Як на выбарах», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Па словах Лукашэнкі, ён — «самы вялікі экалагічны прыхільнік». «Для мяне гэта святое. Нават я, будучы Прэзідэнтам, дрыжу за кожнае дрэўца», — дадаў беларускі лідар.

У ліку ўдзельнікаў сустрэчы быў мясцовы экаактывіст Дзмітрый Бекалюк. Ён пагадзіўся з прапановай кіраўніка дзяржавы аб правядзенні рэферэндуму. «Калі, як вы сказалі, гэты рэферэндум адбудзецца, брастчане толькі будуць удзячныя», — заявіў ён.

«У гэтым можаш не сумнявацца. Гэта прамыя паўнамоцтвы Прэзідэнта — арганізаваць рэферэндум у любым пункце краіны», — адказаў беларускі лідэр.

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў асабіста пабываць на акумулятарным заводзе.

Ён таксама запэўніў, што ў яго абсалютна нейтральная пазіцыя. З аднаго боку, завод патрэбен, ёсць рынкі збыту. Больш за тое, гэта імпартазамяшчэнне — адзін з асноўных накірункаў працы ў будучай пяцігодцы. «Можа быць, яны створаць новыя акумулятары для электрамабіляў, якімі я хварэю. І хачу, каб вы перамяшчаліся. Увесь свет ужо на гэта зарыентаваны», — выказаў меркаванне кіраўнік дзяржавы.

З іншага боку, калі людзі вырашаць, што завод не патрэбны ці яго трэба некуды перанесці, то, паводле слоў Прэзідэнта, гэта «не катастрофа». «Хутчэй за ўсё, мы знойдзем дзесьці месца, дзе можна пабудаваць, яшчэ экалагічна праштудзіраваць гэты завод, падчысціць, паглядзім, што за абсталяванне», — адзначыў ён.

Прэзідэнт паабяцаў, што рэферэндум пройдзе абсалютна адкрыта і празрыста. Па тэрмінах яго лепш правесці пасля прэзідэнцкіх выбараў. «Пасля выбараў. Збярэм хлеб, ураджай — і правядзем. Я з задавальненнем запішу сабе некалькі ачкоў, што ўнёс гэтую прапанову на рэферэндум у Брэсце. І як народ вырашыць, так і будзе».

У той жа час ён заўважыў, што ў маленькай Беларусі перанесці гэты завод будзе цяжка. «Хутчэй за ўсё, яго трэба будзе закрываць», — рэзюмаваў беларускі лідар.

«Я ніколі не згаджуся, калі меншасць ці большасць паводзіць сябе агрэсіўна»

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт падчас сустрэчы з прадстаўнікамі брэсцкай апазіціі.

У размове ён адзначыў, што сённяшнюю дэмакратыю вывучаў не па кніжках і чуе меркаванні ўсіх колаў грамадзян, нават невялікіх груп.

«Ёсць большасць — яна ў асноўным заўсёды вырашае, але ёсць і меншасць, да якой трэба прыслухоўвацца. Таму я не лічу, што вамі трэба грэбаваць. І я тут не заігрываю з вамі і не стараюся вам ліслівіць. Я лічу, што любы чалавек мае права выказваць сваю пазіцыю. Але я ніколі не згаджуся, калі меншасць ці большасць паводзіць сябе агрэсіўна», — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаўся наконт будучых выбараў, падкрэсліўшы: ён не пойдзе ні на якую фальсіфікацыю выбараў. «Не думайце, што я пайду на шалёную фальсіфікацыю. Я добра разумею, што адбываецца ў краіне», — сказаў ён.

Прэзідэнт параіў супольнасці знайсці агульную мову з уладамі, а калі гэтага не могуць зрабіць, запрасіў звяртацца да яго.

«Калі ў вас ёсць нейкія праблемы, вы іх выкладайце. Паслухайце, акрамя мяне іх ніхто не вырашыць, і той улады, якая ёсць. Ніхто ўладу ў Беларусі сёння не зменіць і не таму, што мы яе будзем пасінеўшымі пальцамі ўтрымліваць, — сказаў лідар краіны і адзначыў, што валодае падтрымкай падаўляючай большасці. — І мы ведаем гэту большасць, проста не друкуем гэтыя апытанні, гэта вы «Саша тры працэнты» ўжо напісалі на майках. Вы хоць верыце, што ў дзеючага Прэзідэнта тры працэнты? У гэтай альтэрнатыўнай кампаніі я і то больш за тры набяру».

Ён падкрэсліў, што не трэба абараняць насельніцтву і жулікаў.

«Карупцыянерам у краіне няма чаго рабіць. Пайдзіце да яго (Віктара Бабарыкі — «Зв.»), я заўтра вам арганізую сустрэчу ў ізалятары. Спытайце ў яго, паўмільярды ён туды пералічыў навошта? Нам што, паўмільрды долараў былі непатрэбныя? — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік краіны. — Мецэнат, карціны прывёз дзяржаве. А на паверку што апынулася? Гэта іх карціны. А чаму мы іх цяпер вымушаны былі прыхапіць? А таму, што яны пачалі канцы ў ваду хаваць, пачалі вывозіць грошы, карціны. І калі мы ў банк пайшлі, ведаеце, што мы знайшлі ў ячэйках? Мы знайшлі флэшкі, жорсткія дыскі і мора інфармацыі. І гэта баяцца іх гаспадары».

«Я хачу, каб было ціха і спакойна, — падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да прадстаўнікоў брэсцкай апазіцыі. — І запомніце: Брэст не толькі ваш горад, але і мой».

Аляксандр Лукашэнка заклікаў усіх аб’яднацца на карысць інтарэсаў краіны і пабудовы шчаслівай будучыні. «У вас ёсць дзеці. І ў мяне. Я хачу, каб яны жылі ў свабоднай, незалежнай краіне. Хопіць ужо на нас ездзіць, быць у лапцях і пад бізуном. Давайце як-небудзь мы ўстанем разам і абаронім», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Марыя Дадалка

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».