Вы тут

Экслібрысы ў Мірскім замку


Фестываль «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку», які пройдзе ў музеі «Замкавы комплекс “Мір”» у гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна 20 чэрвеня ў фармаце анлайн, уключае цэлы шэраг прэзентацый, круглых сталоў як дыскусійных пляцовак і выставак.


Адна з выставак — «Беларускі экслібрыс: ад БССР да незалежнай Беларусі». Даследчык айчыннага экслібрыса мастацтвазнаўца Ала Зміёва распавяла:

— Мастацкім куратарам выстаўкі кніжнага знака ў Міры выступае член беларускай FISAE (Міжнароднай федэрацыі таварыстваў аматараў экслібрысаў), графік, аўтар многіх экслібрысаў Вольга Крупянкова. Праз выстаўку, якую, безумоўна, шырока пакажам у інтэрнэт-прасторы, хацелася б нагадаць увогуле пра выключна багатыя традыцыі беларускага бібліяфільства ў XIX—XX стагоддзях. Прадстаўляючы экслібрысы, створаныя за апошнія 100 гадоў, праз многія кніжныя знакі мы ўсё адно зазіраем у розныя часіны. Да таго ж вельмі хочацца паказаць шматаблічча мастакоў, якія літаральна не пашкадавалі сябе, выяўляючы творчыя вышукі менавіта праз экслібрыс.

Ці шмат кніжных знакаў будзе прадстаўлена на выстаўцы? Роўна 100. Гэта працы Анатоля Тычыны, Яўгена Ціхановіча, Арлена Кашкурэвіча, Георгія Паплаўскага, Мікалая Лазавога, Міколы Селешчука, Міколы Рыжага, Уладзіміра і Міхаіла Басалыгаў, Генадзя Грака, Уладзіміра Правідохіна…

Збор імёнаў уражвае! А калі дадаць яшчэ і Юрыя Якавенку, Рамана Сустава, Вольгу Крупянкову, Таццяну Сіплевіч, Ганну Ціханаву...

— Эстампы выкананы ў розных графічных тэхніках: афорт, літаграфія, ксілаграфія, лінагравюра, — адзначыла Ала Зміёва. — Творы, якія прыедуць у Мір — з розных прыватных калекцый, у тым ліку з калекцыі вядомага беларускага збіральніка экслібрысаў Алега Судлянкова. На выстаўцы мы пакажам і айчынныя кніжныя выданні, якія прысвечаны беларускаму экслібрысу.

Нагадаем, што фестываль «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку», які быў заснаваны ў 2019 годзе, праводзіцца Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама і Карэліцкага райвыканкама.

Аляксандра ЦІТАВЕЦ

Фота з сайта vsya-planeta.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?