Вы тут

Ігнат Дварчанін. Даследчык Скарыны, перакладчык Блока


Пра Ігната Сымонавіча Дварчаніна, які пражыў толькі 42 гады, шмат могуць сказаць і гісторыкі літаратуры, і даследчыкі грамадска-палітычных працэсаў на беларускіх землях. Гісторыкі літаратуры сцвярджаюць: гэта выдатны паэт, бліскучы майстар літаратурнага перакладу, аўтар узорных літаратуразнаўчых прац. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што Ігнат Сымонавіч адбыўся і як палітык, грамадскі дзеяч.


Ігнат Дварчанін.

З’явіўся на свет Ігнат у вёсцы Погіры Слонімскага павета. Цяпер вёска ўваходзіць у склад Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Для бацькоў Ігнат быў не толькі адным з адзінаццаці дзяцей. Яны не без падстаў лічылі яго самым разумным, самым таленавітым. Іх сын лёгка адолеў першыя адукацыйныя ступені ў Дзятлаве. Спачатку размова ішла пра пачатковую школу, затым пра царкоўна-настаўніцкую. Бліскуча вытрымаў экзамен на званне народнага настаўніка. Першым месцам настаўніцкай працы была вёска Хмяльніца на Слонімшчыне. Адразу адчувалася, што Ігнат — настаўнік ад Бога. Першы настаўніцкі вопыт працягваўся тры гады. І вось што цікава. У дваццацігадовым узросце ўраджэнца вёскі Погіры забіраюць у Рускую імператарскую армію і там яго ўжо ўспрымаюць як надзвычай адоранага вайскоўца. Праходзіць літаральна пару месяцаў, і Ігнат з  падачы камандавання ўліваецца ў  шэрагі курсантаў школы прапаршчыкаў. Пасля таго, як была пастаўлена фінальная кропка ў працэсе навучання, распачаў службу ў запасным палку ў Маскве. Служба ў былой сталіцы Расійскай імперыі працягвалася чатыры месяцы. Затым Ігнат быў накіраваны на Заходні фронт. Перад самым накіраваннем яму было прысвоена вайсковае званне «падпаручнік».

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў Расіі для вайскоўцаў стала тыповым актыўнае далучэнне да палітыкі. Ігнат не стаяў убаку. Стаў рабіць палітычныя заявы. Спачатку яго слухалі выключна саслужыўцы. Пасля перадыслакацыі палка ў Мінск выступаў з  падобнымі заявамі не толькі сярод вайскоўцаў, але і сярод грамадзянскіх асоб. Відавочная нацыянальная самасвядомасць, паслядоўная арыентацыя на левацэнтрыстаў прадвызначылі партыйны выбар. Яго можна сфармуляваць так: Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ) без усялякіх «але» і «калі». Аформіўшы сваё сяброўства ў БСГ, ён усур’ёз задумваўся над тым, як умацаваць палітычную вагу БСГ у  Паўночна-Заходнім краі. Грунтоўна выказваўся на гэты конт у якасці дэлегата трэцяга з’езда БСГ. Паводзіў сябе як адзін з генератараў ідэй на пасяджэннях Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Прадэманстраваў наяўнасць уласнай канцэпцыі вырашэння беларускага пытання пры падрыхтоўцы і правядзенні І Усебеларускага кангрэса. Кангрэс быў адметны для Ігната Сымонавіча абраннем у пашыраны прэзідыум, адначасовым сяброўствам у ваеннай секцыі і ў рэдкалегіі газеты «Беларуская Рада».

Калі 1917 год блізіўся да завяршэння, Ігнат вырашыў паставіць крыж на вайсковай службе. Ён трымае курс на расійскі горад Новачаркаск. Там знаходзіўся яго бацька. У Новачаркаску быў афіцыйна зарэгістраваны бежанец Ігнат Сымонавіч Дварчанін. У гэтым статусе ён прабыў два месяцы. Адзін з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камісарыята (БНК) Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў выпадкова даведаўся, што Дварчанін — у Новарасійску. Яны былі знаёмыя з 1916 года. Аляксандр Рыгоравіч бачыў у Ігнату Сымонавічу яскравую постаць, якой можна даручыць самыя адказныя справы. Якраз была вакантнай пасада сакратара культурна-асветнага аддзела БНК. Чарвякоў абедзвюма рукамі ўхапіўся за кандыдатуру Дварчаніна для прызначэння на згаданую пасаду. Ураджэнец вёскі Погіры займаў гэтую пасаду 5 месяцаў. Шмат што зрабіў і  тым самым спраўдзіў ускладзеныя на яго надзеі. Бадай, самае галоўнае са зробленага — гэта падрыхтоўка і правядзенне нарады настаўнікаў школ Беларусі, якая адбывалася з 21 па 23 ліпеня 1918 года. Прысутныя з вялікай цікавасцю заслухалі даклад сакратара культурна-асветнага аддзела БНК. Ядро даклада склаў адказ на пытанне: «Што дае грунтоўнае авалодванне беларусазнаўчым комплексам, які ўключае моўны, літаратурны, гістарычны аспекты?» Прамоўца паказаў, што тым самым ствараецца моцнае апірышча для фарміравання нацыянальнай свядомасці беларусаў, пераканаўчай праявы іх чалавечай годнасці. Ёсць сэнс прывесці такі фрагмент з  даклада: «Школа беларуская павінна атрымаць аўтаномію, дзе поруч з  агульнымі заданнямі сацыялістычнай школы павінны быць уведзены асобныя прадметы беларускай мовы, літаратуры і наогул беларусазнаўства. Дзеля таго, каб народ беларускі пазнаў самога сябе і лічыў сябе ня нізшым пасярод другіх, а чуў сябе, як роўны з роўнымі». Дзякуючы выключна высілкам Ігната Сымонавіча ў сталіцы Савецкай Расіі запрацавалі Беларускі народны ўніверсітэт-лекторый, таварыства беларускіх вучоных.

Далей будзе разнастайная беларуская нацыянальна-асветніцкая дзейнасць на Гарадзеншчыне, у Вільні, Дзвінску. У Празе Дварчанін таксама падрыхтуе і абароніць доктарскую дысертацыю пад найменнем «Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай глебе».

Праз год пасля яе абароны зноў апынуўся ў Вільні. Два гады выкладаў літаратуру ў беларускай гімназіі. Значным яго ўнёскам у развіццё беларусазнаўчага комплексу стане выхад з друку Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры. Прайшло ўжо 93 гады пасля яе выдання. Аднак яна не састарэла! Была, ёсць і застаецца настольнай кнігай для адмыслоўцаў.

Пасля прыбыцця ў Вільню ўступіў у Беларускую сялянска-работніцкую грамаду (БСРГ). Балюча перажываў разгром БСРГ у 1927 годзе. Польскія ўлады кінулі кіруючы склад БСРГ за краты. Хтосьці павінен быў працягваць яго справу на волі. І тут Ігнат Сымонавіч апынуўся на першых ролях. Праз год яго абіраюць дэпутатам Сейма Польскай Рэспублікі. Ігнат Сымонавіч быў адным з пяці парламентарыяў, якія прадстаўлялі рабоча-сялянскі камітэт «Змаганне». Была свая логіка ў тым, што ўнутры Сейма з’явіўся Беларускі рабоча-сялянскі клуб «Змаганне». Гэтая структура мела ўсе прыкметы самастойнай фракцыі. Ёсць падставы лічыць, што Ігнат Сымонавіч быў нефармальным лідарам фракцыі. Выступленні ўраджэнца вёскі Погіры на пасяджэннях Сейма ўвайшлі ў класіку прамоўніцкага майстэрства. Ён заганяў у кут прадстаўнікоў праўладных фракцый, робячы аб’ектам крытыкі ўнутраную і  знешнюю палітыку польскага ўрада. Рубам ставіў пытанне аб неабходнасці неадкладнага вызвалення палітычных вязняў. Аргументавана даказваў, што ігнараванне ўладамі патрабавання самавызначэння Заходняй Беларусі груба супярэчыць Канстытуцыі Польскай Рэспублікі і Рыжскаму мірнаму дагавору. Выразна сфармуляваў тэзу аб безальтэрнатыўнасці перадачы сялянам зямлі без выкупу. Упарта настойваў на ўвядзенні 8-гадзіннага працоўнага дня. Прынцыпова выступаў за існаванне неабмежаваных магчымасцей для навучання на беларускай мове.

Хрэстаматыя, выдадзеная Ігнатам Дварчаніным. 1927 г.

У 1930 годзе ўжо сам Ігнат Дварчанін становіцца палітвязнем. Прысуд быў суровы: 8 гадоў зняволення. Але ў 1932 годзе ён легальна накіроўваецца ў Мінск і, натуральна, страчвае статус палітвязня. Адбыўся сіметрычны абмен паміж БССР і Польскай Рэспублікай. Статус палітвязня страчваў чалавек, які да гэтага сядзеў у мінскай турме, а зараз легальна накіроўваўся ў Варшаву.

На працягу года пасля прыбыцця ў Мінск Ігнат Дварчанін займаўся навуковай працай. Затым чэкісты абвясцілі яго польскім шпіёнам. Гэты слынны сын беларускага народа прайшоў праз два савецкія суды. Першы суд меў месца ў 1933 годзе. Прысуд: 10 гадоў лагера. Другі суд адбыўся ў 1937 годзе. Прысуд: смяротнае пакаранне. Ігната Сымонавіча расстралялі 8 снежня 1937 года. Ён ні ў чым не будзе вінаваты. Дварчаніна поўнасцю рэабілітуюць кампетэнтныя органы ў 1956 годзе.

Ураджэнец вёскі Погіры пакінуў пасля сябе вартую ўвагі творчую спадчыну. Вось, напрыклад, пералік газет і часопісаў, дзе друкаваліся яго вершы: «Беларуская рада», «Вольная Беларусь», «Дзянніца», «Наша думка», «Беларускі звон», «Маладое жыццё», «Перавясла», «Маланка», «Наш шлях». Вершы І. С. Дварчаніна — творы высокага грамадзянскага гучання. Тут роздум аб лёсах Бацькаўшчыны. Ёсць рукапісны варыянт выдатных прац І.  Дварчаніна «Ф. Скарына ў адносінах да працоўнага народа», «З гісторыі друкаваных выданняў аб Скарыне» «Спроба апісання бібліяграфіі аб доктару Францішку Скарыне». Лічу, што даўно настаў час для іх паўнавартаснага выдання. Перакананы, кожны атрымае асалоду, прачытаўшы пераклад паэмы А. Блока «Дванаццаць» на беларускую мову, здзейснены І. С. Дварчаніным.

Нельга недаацэньваць тое, што зроблена ў плане ўшанавання памяці аб гэтым чалавеку. Жыхары горада Дзятлава Гродзенскай вобласці ганарацца помнікам Ігнату Сымонавічу. Адзначым таксама факт усталявання мемарыяльнай дошкі ў вёсцы Погіры. Разам з тым можна здзейсніць шэраг дадатковых крокаў: усталяванне прэміі імя І. С. Дварчаніна для паэтаў і пісьменнікаў, рэгулярнае правядзенне навуковых канферэнцый у памяць аб ім, прысваенне яго імя аўдыторыям у вышэйшых навучальных установах, новай вуліцы ў горадзе Дзятлава.

Міхаіл СТРАЛЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў. 

У свеце

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

Уся Літва трапіла ў «чорную» зону заражэння каранавірусам. 

Грамадства

Страшнае слова «генацыд»

Страшнае слова «генацыд»

Для тых, хто прысвойвае сабе права быць «выключнымі», гэта рана ці позна становіцца катастрофай у маштабах народа.