Вы тут

Спытайце пра радзіннае. Чаму за сталом не шумелі?


Цікавае разважанне чытаем у лісце Таццяны П. з Барысава: «...Сёння, калі збіраецца сям'я за сталом, каб паабедаць, даволі шумна. А мая маці расказвала, што раней за сталом ніхто не размаўляў, асабліва гэта датычылася дзяцей. Іх выхоўвалі даволі жорстка. І каб супакоіць малых, якія пачыналі сваволіць, дзеду або бацьку было дастаткова толькі паглядзець у іх бок. І ўсе ведалі гэтыя законы паводзін за сталом...»


Згодна з традыцыйнай культурай беларусаў у абрадавай прасторы хаты статус стала быў пануючы. Нярэдка хатні стол параўноўвалі з Божым прастолам, а таму і паводзіць сябе за сталом неабходна было гэтаксама, як і ў царкве: гучна не размаўляць, не крычаць. Сярод беларусаў-палешукоў казалі: «Няможна без дзела ляскаць і бранчаць лыжкамі па пасудзе, бо суседзі будуць разводзіць плёткі». Акрамя таго, у народзе стол лічылі «далонню божай, працягнутай людзям», а таму строга сачылі, каб па стале ніхто не стукаў: «Не бі па стале, бо стол — божая далонь». Вось гэтыя словы вельмі дакладна тлумачаць уключанасць стала ў прастору покуці, дзе боская прысутнасць праламляецца ў выглядзе шчодрай далоні: бярыце, але не гнявіце, жывіце і памнажайцеся, але бога не цурайцеся.

Калі ўся сям'я збіралася за сталом, не было прынята спяшацца. Славяне лічылі: «Колькі за сталом прабудзеш, гэтулькі і ў царстве нябесным прабудзеш». Выходзячы з-за стала, абавязкова дзякавалі богу і гаспадарам за ежу і спакой у хаце. У вясельным застоллі гэта было абавязковым: «Пасля вячэры кожны з удзельнікаў вясельнай бяседы падыходзіць да покуці, робіць знак святога крыжа і кажа: «Дзенькуе Богу святому і найсвентшай Матцы за яго дары святыя, каторыя мы пры гэтым свянцоным стале спажывалі».

Дбайная гаспадыня ведала, што пакінуць пасля вячэры непрыбраны стол і брудны посуд значыла наклікаць гнеў нябачнага гаспадара хаты — дамавіка. Святое месца не павінна ні на які час заставацца непрыбраным.

У той жа час на працягу года было некалькі дзён, якія называліся памінальныя, або Дзяды, калі стол не прыбіралі, каб пакінуць крыху ежы пасля вячэры для душ памёршых сваякоў. Гэтак жа рабілі і ў памінальныя дні: на 3, 9, 40 і праз год пасля смерці роднага чалавека.

Стол маркіраваў рытуальны цэнтр хаты. А значыць, кожны з дамачадцаў меў за сталом «сваё» месца, вызначанае сямейнымі, сацыяльнымі і ўзроставымі крытэрыямі. Гаспадар хаты сядзеў на самым ганаровым месцы — бліжэй покуці, пад абразамі. Нездарма ў вясельнай песні нявеста заве покуць «Таткаў куточак, // Божы дамочак...» Калі ў сям'і не было бацькі, эстафету прымаў старэйшы жанаты сын. Калі сын яшчэ не быў жанаты, вяршэнства належала маці. Па баках ад гаспадара рассаджваліся старэйшыя мужчыны, за імі — малодшыя.

Жанчыны садзіліся ў канцы стала. Гаспадыня (кухарка, у некаторых сем'ях гэту ролю выконвала нявестка) нярэдка наогул за стол не садзілася, ела стоячы або пасля таго, як паесць уся сям'я. Жанчыны маглі займаць самае ганаровае месца за сталом, гэта значыць на покуці, толькі ў выключных выпадках — напрыклад, хросная маці на хрэсьбінах або вяселлі свайго хрэсніка.

Строга сачылі за тым, каб за сталом не сядзела адначасова трынаццаць чалавек: лічылася, што гэтым можна наклікаць на хату бяду і няшчасці.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Прэв'ю: domashniirestoran.ru

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый ды абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.