Вы тут

Як у Беларусі развіваецца ваенная сувязь


У незалежнай жа Беларусi сувязь прайшла за чвэрць стагоддзя проста каласальную эвалюцыю. З гэтым сутыкаецца кожны з нас. Так, калi 25 гадоў таму мабiльны тэлефон выглядаў экзотыкай, пазванiць на iншы мацярык каштавала iстотных грошай, а эфiр мiжнародных радыёдыяпазонаў (кароткiх i сярэднiх хваль) проста ламiўся ад колькасцi самых разнастайных станцый з рознай якасцю прыёму, то цяпер баль правiць «лiчба», а доступ да яе пастаянна забяспечвае невялiкi смартфон. Але як жа пераход да сучаснага фармату адбыўся ў ваенных? Пра гэта «Звяздзе» расказаў начальнiк сувязi Узброеных Сiл Алег Мiшчанка.


У спадчыну ад магутнай савецкай Беларускай ваеннай акругi нам дасталася адносна развiтая i сучасная структура сувязi. Але з'яўлялiся новыя сродкi i спосабы вядзення ўзброенай барацьбы, пры гэтым знешняе аблiчча i задачы Узброеных Сiл Беларусi змянялiся. Ды i эканамiчная сiтуацыя ў 1990-я была, як вядома, не з самых лепшых. Як вынiк — у канцы мiнулага тысячагоддзя наша ваенная сувязь ужо была састарэлая i не ў поўнай ступенi адпавядала выклiкам i рэалiям. Яе ўдалося мадэрнiзаваць за тры этапы.

— Пытанне датычылася менавiта тэхнiчнага складнiку, — адзначае Алег Мiшчанка. — Савецкiя апараты былi састарэлыя маральна — з натуральных прычын яны не маглi працаваць у лiчбавым фармаце. Аналагавыя сiстэмы былi вельмi грувасткiя, яны патрабавалi вялiкай колькасцi тэхнiчных адзiнак i асабовага складу. Неабходнасць пераўтварэнняў наспела. З iншага боку, асноўныя высiлкi былi скiраваны на тое, каб утрымаць iснуючую сiстэму сувязi ў гатоўнасцi да баявога выкарыстання. Пры гэтым — не дапусцiць крытычнага знiжэння i забяспечыць кiраванне Узброенымi Сiламi. Быў праведзены поўны аўдыт сiстэмы сувязi, якi вызначыў далейшыя кiрункi развiцця, i прынята рашэнне распрацаваць i ўкаранiць сродкi радыё, радыёрэлейнай, спадарожнiкавай, трапасфернай i дротавай сувязяў, якiя адпавядалi на той час самым сучасным патрабаванням.

Другi этап развiцця сiстэмы сувязi беларускага войска пачаўся ў сярэдзiне 2000-х. Стала зразумела, у якiм кiрунку трэба рухацца. Але тут жа ўзнiкла дылема: як лепш зрабiць? Выбар стаяў памiж iмпартам тэхнiкi i сродкаў сувязi з-за мяжы i распрацоўкай сваiх узораў. На карысць першага варыянта было тое, што гэта самы просты i хуткi варыянт аснашчэння патрэбнымi апаратамi. Ды вось толькi тут хавалася шмат падводных камянёў, напрыклад, тэхналагiчная залежнасць i абмежаваныя магчымасцi па абслугоўваннi i рамонце. Як вынiк — наша ваенная сувязь аўтаматычна ставiлася б у iнфармацыйную залежнасць ад вытворцы.

— Менавiта таму мы прынялi рашэнне ствараць лiнейку сродкаў сувязi самастойна, але арыентуючыся пры гэтым на самыя сучасныя распрацоўкi ў свеце, — заўважае Алег Мiшчанка. — Упраўленне сувязi Генеральнага штаба шчыльна працавала ў гэтым кiрунку з навукова-даследчымi iнстытутамi, Мiнiстэрствам сувязi i iнфарматызацыi, спецыялiстамi Ваеннай акадэмii, Беларускай дзяржаўнай акадэмii сувязi, а таксама прадпрыемствамi Дзяржкамваенпрама.

Сумесна спецыялiсты правялi цэлы масiў навукова-даследчых i доследна-канструктарскiх работ. Iх вынiкам стала тое, што адзiн за другiм пачалi з'яўляцца новыя сродкi i комплексы сувязi — мабiльны вузел сувязi «Мускат», лiчбавыя радыёрэлейныя станцыi «Цытрус» i «Ярус», шматмэтавая i шматдыяпазонная станцыя «Рапсодыя». За гэтымi назвамi хаваюцца комплексы, якiя нi ў чым не саступаюць сусветным аналагам. Да таго ж перад намi стаялi яшчэ дзве задачы — скарацiць тэрмiны выканання работ i сэканомiць бюджэтныя сродкi. Таму там, дзе можна было мадэрнiзаваць тэхнiку, мы гэта зрабiлi. Так былi абноўлены радыёстанцыя «Карвет», радыёрэлейная станцыя «Сасна», комплексная апаратная сувязь «Компас». Дапамагла i напрацаваная ў савецкi час у Беларусi выдатная база, якая датычылася грамадзянскай радыёэлектронiкi.

Трэцi этап развiцця сiстэмы сувязi праходзiць у нашы днi. Цяпер асноўныя намаганнi сканцэнтраваны па двух кiрунках. Гэта як распрацоўка i стварэнне сродкаў i комплексаў сувязi для тактычнага ўзроўню кiравання, так i пашырэнне магчымасцяў i прапускной здольнасцi апорнай сеткi сувязi ў цэлым. Сучасная перадача як даных, так i маўлення павiнна адбывацца аўтаматызавана, бесперапынна, устойлiва i схавана. А каналаў сувязi трэба выкарыстоўваць некалькi — радыё, спадарожнiк i «дрот».

— Перад намi стаяла задача распрацаваць i наладзiць вытворчасць усёй лiнейкi неабходных сродкаў сувязi, якiя б адпавядалi агучаным вышэй патрабаванням. I нам гэта ўдалося, — лiчыць Алег Мiшчанка. — Так з'явiлiся комплексная апаратная сувязi «Кайман-КАС», камандна-штабная машына «Эпоха», камбiнаваная радыёстанцыя «Асiлак-2». Наш асаблiвы гонар — гэта станцыя спадарожнiкавай сувязi «Усход», лiчбавая радыёрэлейная станцыя «Сасна-2» i станцыя трапасфернай сувязi «Гарызонт». Яны кардынальна пераўзыходзяць па сваiх магчымасцях апараты старога парка i куды больш мабiльныя.

— Найлепшы сродак «абкатаць» тэхнiку ў баi — гэта вучэнне, дзе абстаноўка максiмальна наблiжана да рэальнай баявой. Што ўдалося паказаць сувязiстам падчас вучэнняў «Шчыт Саюза — 2019»?

— Наша сувязь была выбудавана падчас iх выключна на новых i мадэрнiзаваных узорах. 30 % тэхнiкi, якая ўдзельнiчала ў вучэннях, было прынята на ўзбраенне ў 2019 годзе. I адразу ж — у праверку боем. Усе ўзоры выпрабаваннi вытрымалi. Асобна хачу спынiцца на лёгкабранiраваных аўтамабiлях павышанай праходнасцi, якiя забяспечвалi кiраванне войскамi вышэйшаму каманднаму складу. Iх мы паказалi сёлета на парадзе да Дня Перамогi. Гэтыя аўтамабiлi маглi перадаваць даныя не толькi па стандартных каналах сувязi, але i праз спадарожнiкi — як наш, так i расiйскi.

Акрамя таго, была пратэсцiравана станцыя трапасфернай сувязi «Гарызонт». Яна забяспечвала кантакт на адлегласцi некалькiх соцень кiламетраў. А хуткасць перадачы даных атрымалася проста неймаверная — у некалькi разоў перавышала тую, якая была дагэтуль. Станцыя ўсё вучэнне адпрацавала на «выдатна» i пераўзышла па якасцi i бесперабойнасцi перадачы i прыёму ўсе чаканнi.

— Але наколькi хутка змяняецца вучэбна-матэрыяльная база ў навучальных установах?

— Сучаснае абсталяванне стаiць у кожнай профiльнай часцi. Шэраг комплексаў трапiць сёлета ў Ваенную акадэмiю, на факультэт сувязi i аўтаматызаваных сiстэм кiравання, каб можна было падрыхтаваць спецыялiста на месцы, без лiшнiх камандзiровак i адрыву ад тэарэтычнага працэсу. Не адстае i ваенны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iнфарматыкi i радыёэлектронiкi. Акрамя таго, мы цяпер з любога вузла сувязi можам праводзiць заняткi аддалена. Асаблiва гэта актуальна цяпер, падчас iснуючай сiтуацыi з каранавiрусам.

Валяр'ян ШКЛЕННIК

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Ад «аналага» да «лiчбы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?