Вы тут

Арэнднага жылля ў Беларусі будзе ўзводзіцца больш


Першаснай павiнна быць работа, а жыллё — дзесьцi побач з ёй. Менавiта так лiчыць начальнiк упраўлення жыллёвай палiтыкi Мiнбудархiтэктуры Аляксандр Аўраменка. А ў нас чамусьцi ўсё трошкi наадварот: людзi, бы вяроўкамi, прывязаныя да сваёй кватэры (дома), а таму паблiзу шукаюць сабе любую работу, часам i нецiкавую або не па спецыяльнасцi... Так не павiнна быць. Каб вырашыць гэтае складанае пытанне, у свой час i ствараўся фонд камерцыйнага жылля.


Ёсць 3,5 %, а трэба мiнiмум 15 %

Тэма будаўнiцтва арэнднага жылля сёння вельмi актуальная, лiчыць спiкер. «Усяго ў Беларусi эксплуатуецца 261,198 мiльёна квадратных метраў жылля. З iх 8,915 мiльёна «квадратаў» складае арэнднае — 3,5 % ад усяго жылога фонду краiны. Гэтага даволi мала, такое жыллё павiнна будавацца ў большых аб'ёмах, — лiчыць Аляксандр Аўраменка. — Летась у Беларусi было пабудавана амаль 140 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля, сёлета плануецца яшчэ 135 тысяч, але патрэба значна большая».

Iдэальны варыянт — калi нароўнi з дзяржавай такое жыллё будуць узводзiць для сваiх супрацоўнiкаў прадпрыемствы i арганiзацыi, у тым лiку прыватнай формы ўласнасцi.

— Трэба, каб не чалавек шу-каў работу вакол свайго жылля, у ваколiцах, а каб жыллё было за-бяспечана вакол тых работ, дзе чалавек можа прыкласцi свае сiлы, веды i ўменнi, — удакладняе сваю думку эксперт.

Цяпер спецыялiсты мiнiстэрства працуюць над удасканаленнем нарматыўна-прававой базы. Асноўны пасыл гэтай работы ў тым, што арганiзацыi, асаблiва прыватнай формы ўласнасцi, павiнны больш ахвотна займацца такiм будаўнiцтвам, але iм трэба стварыць адпаведныя ўмовы, — адзначыў Аляксандр Аўраменка.

— Пакуль заўчасна казаць, што гэта будуць за ўмовы. Магчыма, яны закрануць выдзяленне ўчасткаў зямлi або стварэнне iнфраструктуры. Цi нешта трэба дапоўнiць у Падатковым кодэксе, перагледзець падаткi. Не выключана, што ўнясём нейкiя дапаўненнi ва ўжо iснуючыя нарматыўныя акты. Альбо гэта выйдзе нейкiм самастойным дакументам, — расказаў начальнiк упраўлення.

У першую чаргу — для патрэбных работнiкаў

Арэндным жыллём карыстаюцца тыя, хто знаходзiцца на ўлiку маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, i тыя, каму па рабоце неабходна даваць такое жыллё.

Выдзяляюцца арэндныя кватэры па заяўным прынцыпе. Iнфармацыю пра наяўныя свабодныя метры размяшчаюць выканкамы, а зацiкаўленыя падаюць заявы. Пры гэтым суiскальнiкi не павiнны мець ва ўласнасцi жылля ў гэтым населеным пункце.

У цэлым жа квоты дзяржаўнага арэнднага жылля, прызначанага для тых цi iншых катэгорый грамадзян, вызначаны Жыллёвым кодэксам: 60 працэнтаў выдзяляецца для тых, хто стаiць на ўлiку маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў па месцы жыхарства, 30 працэнтаў даецца першачарговым катэгорыям, а 10 працэнтаў прызначана для вайскоўцаў. Канкрэтна пад пэўную арганiзацыю жыллё не даецца.

Напiсаць заяву на выдзяленне арэнднага жылля могуць усе ахвотныя, але пры размеркаваннi выканкамамi кватэр перавага аддаецца грамадзянам, якiя маюць першачарговае права на арэнднае жыллё, пасля — тым, якiя знаходзяцца ў агульнай чарзе маючых патрэбу на паляпшэнне жыллёвых умоў.

Згодна з пастановай Савета Мiнiстраў ад 12 чэрвеня 2020 года № 339, устаноўлены катэгорыi бюджэтнiкаў з першачарговым правам на атрыманне арэнднага жылля. У гэты спiс уваходзяць трэнеры-выкладчыкi па спорце спецыялiзаваных вучэбна-спартыўных устаноў, сярэднiх школ-вучылiшчаў алiмпiйскага рэзерву, трэнеры нацыянальных камандаў па розных вiдах спорту. На арэнднае жыллё ў першачарговым парадку таксама будуць прэтэндаваць медыцынскiя, педагагiчныя, творчыя работнiкi, работнiкi культуры, якiя заключылi кантракт тэрмiнам на пяць гадоў, у выпадку пацвярджэння патрэбы ў спецыялiсце кiраўнiкамi структурных падраздзяленняў аблвыканкамаў, Мiнскага гарвыканкама, гарадскiх, раённых выканкамаў, мясцовых адмiнiстрацый раёнаў. Парадак пацвярджэння патрэбы ў спецыялiстах вызначаецца аблвыканкамамi i Мiнгарвыканкамам.

Арэнда выгадная ўсiм

Нават у абсалютна новых дамах Мiнска арэнда двухпакаёвай кватэры абыходзiцца сям'i ў 300 рублёў у месяц, плюс камунальныя плацяжы. У цэлым летам выходзiць 350 рублёў, зiмой — да 400 рублёў. Гэта як мiнiмум у паўтара раза танней, чым здымаць кватэру па камерцыйнай цане ў прыватнiкаў. Ёсць у такога жылля i дадатковыя перавагi: пры выкананнi элементарных умоў пражывання ў доме сям'ю нiхто нiкуды не выганiць. А ў прыватнiка нiхто не застрахаваны.

Паводле звестак спецыялiста, колькасць арэнднага жылля павялiчваецца ў першую чаргу за кошт новага будаўнiцтва.

— Мы гатовыя будаваць больш, але цяпер усё вызначаецца аб'ёмам выдзеленага фiнансавання з рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў. Думаю, не варта зацыклiвацца толькi на дзяржаўных грошах. Будучыня — за прадпрыемствамi i арганiзацыямi, якiя стануць будаваць арэнднае жыллё для сваiх работнiкаў, замацоўваючы такiм чынам кадры, i прыватным капiталам. Цяпер мы працуем над прапановамi, якiя дазволяць паскорыць гэты працэс, рыхтуем нарматыўны дакумент, каб удасканалiць механiзм будаўнiцтва такiх дамоў, — падзялiўся Аляксандр Аўраменка. Ён падкрэслiў: гэта выгадна, укладзенае акупiцца сто разоў. Па сутнасцi, такое жыллё само сябе аднаўляе. Чым больш яго пабудавана, тым больш сродкаў ад арэнды назапашваецца на спецыяльных рахунках — яны выдаткоўваюцца як на тэхнiчнае абслугоўванне дамоў, так i на будаўнiцтва новых.

У Мiнску за арэндную плату былi пабудаваны тры дамы на вулiцы Выгоцкага. Акрамя таго, фонд арэнднага жылля могуць папоўнiць пустуючыя будынкi, якiя ўжо iснуюць: iх трэба толькi прывесцi ў парадак i добраўпарадкаваць. Як прыклад — рэканструкцыя былога Дома быту пад шматкватэрнае жыллё ў горадзе Высокае Камянецкага раёна: i будынак выратавалi, i людзям ёсць дзе жыць.

Уся справа ў грошах

Цi плануецца пераглядаць план на год па будаўнiцтве арэнднага жылля? Па словах Аляксандра Аўраменкi, зрабiць гэта дастаткова складана.

— Гэта ж датычыцца бюджэтнага фiнансавання, i перагледзець планы вельмi складана, на гэта трэба знайсцi грошы. Калi ў дзяржавы будуць дадатковыя крынiцы фiнансавання менавiта з бюджэту, наша галiна гатовая пабудаваць больш арэнднага жылля, — падкрэслiў прадстаўнiк мiнiстэрства.

А пакуль больш за ўсё арэндных дамоў маюць намер узвесцi ў Мiнскай вобласцi — 30,5 тысячы квадратных метраў. У Брэсцкай — 25,4 тысячы «квадратаў», у Гомельскай — 16,3 тысячы, у Магiлёўскай — 14,84 тысячы, у Гродзенскай — 13,88 тысячы, у Вiцебскай — 11,78 тысяч i ў Мiнску — 22,3 тысячы квадратных метраў.

Што датычыцца магчымасцi прыватызацыi арэнднага жылля ў будучынi, то заканадаўствам падобнае пакуль не прадугледжана.

Мiнск можа павялiчыць будаўнiцтва «арэнды» ў разы

Галоўны iнжынер акцыянернага таварыства «МАПIД» Аляксей Маслаў адзначае, што сёння гэтая арганiзацыя вырабляе домакамплекты буйнапанэльнага домабудавання, якiя дазваляюць узводзiць каля 270 тысяч квадратных метраў жылля ў год. Але гэта не мяжа. Калi б у вытворцы былi рэальныя буйныя заяўкi на выраб камплектаў масавых серый, то МАПIД павялiчыў бы сваю магутнасць да 400 тысяч квадратных метраў у год.

У прыватнасцi, на думку спецыялiста, магчыма будаўнiцтва бюджэтных дзевяцiпавярховых дамоў 464-й серыi. Дамы гэтай серыi дазваляюць дасягаць нiзкага сабекошту квадратнага метра жылля — ад 1050 да 1400 рублёў. Галоўнае — знайсцi першапачатковы стартавы капiтал.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Арэнды шмат не бывае

Выбар рэдакцыі

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.

Грамадства

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Першае i галоўнае правiла — яшчэ дома вызначыцеся з тым, што вам трэба.