Вы тут

Прадстаўленыя новыя кнiгi серыi «Беларусь. Трагедыя i праўда памяцi»


У Дзень усенароднай памяцi ахвяр Вялiкай Айчыннай вайны выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi» прадставiла новыя кнiгi серыi «Беларусь. Трагедыя i праўда памяцi».


Праект пачынаўся ў 2018 годзе як асобная кнiга да 75-годдзя хатынскай трагедыi, але ў вынiку вылiўся ў цэлую кнiжную серыю, прысвечаную самым страшным старонкам Вялiкай Айчыннай вайны. Аформленыя ў выглядзе «чорных квадратаў памяцi», кнiгi на рускай, беларускай i англiйскай мовах расказваюць шырокай аўдыторыi пра злачынствы нямецка-фашысцкiх захопнiкаў на тэрыторыi Беларусi: Хатынь, Трасцянец, Навагрудак, Масюкоўшчына, Азарычы i многiя iншыя месцы масавага знiшчэння людзей, ваеннапалонных, мiрных жыхароў, партызан i падпольшчыкаў...

За кожным выданнем — архiўныя дакументы i занатаваныя ўспамiны вiдавочцаў тых страшных падзей, грунтоўная даследчая работа мясцовых краязнаўцаў, прафесiйных вучоных-гiсторыкаў, пошукавых атрадаў, якая часта доўжылася не адзiн год i нават дзесяцiгоддзе. Так, аўтар новай кнiгi «Асiповiчы» краязнаўца i настаўнiца гiсторыi Неанiла Цыганок добрых 15 гадоў разам са сваiмi вучнямi займалася пошукавай работай, па драбнiцах збiраючы звесткi, — дзякуючы гэтай працы 176 iмён загiнулых сёлета абнародаваныя ўпершыню.

Нават праз 79 гадоў з пачатку Вялiкай Айчыннай вайны вельмi важна захоўваць праз памяць сувязь пакаленняў i шырока папулярызаваць гiсторыю, каб нiхто не меў магчымасцi яе перапiсаць на новы лад, падкрэслiваюць удзельнiкi выдавецкага праекта — навукоўцы, даследчыкi, прадстаўнiкi музеяў i мемарыяльных комплексаў. Загадчыца аддзела навукова-даследчай работы Беларускага дзяржаўнага музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны Наталля Яцкевiч расказала, у прыватнасцi, што практычна кожны тыдзень музей атрымлiвае ад беларусаў, жыхароў постсавецкiх i замежных краiн запыты пра лагер ваеннапалонных у Масюкоўшчыне: людзi не губляюць надзеi ўстанавiць месца гiбелi i ўшанаваць памяць сваiх дзядоў i прадзедаў. Нядаўна, напрыклад, грамадзянiн Iталii даслаў электронныя копii лiстоў свайго дзеда са штэмпелем «Шталаг 352» — i цяпер мы ведаем яшчэ адно прозвiшча з прыблiзна пяцi тысяч iтальянскiх ваеннапалонных, якiя загiнулi ў канцлагеры Масюкоўшчына.

«Гiсторыю трэба помнiць i захоўваць, каб жыць i развiвацца далей. Таму, безумоўна, серыя будзе працягвацца», — зазначае кiраўнiк выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi» Вольга ВАНIНА. У цяперашнi час працягваецца збор матэрыялаў па Магiлёўскай i Вiцебскай абласцях, па Брэсцкiм гета, па дзiцячым канцлагеры «Чырвоны Бераг» — на жаль, «чорных квадратаў памяцi» i  нявыяўленых пахаванняў воiнаў i ахвяр Вялiкай Айчыннай вайны на беларускай зямлi яшчэ вельмi многа...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Старонкi праўды i болю

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.