Сусветныя абставіны прымусілі культурнае жыццё прыпыніцца. У тэатрах, кінатэатрах, музеях зачынены галоўныя ўваходы і пу стуюць залы. Але зусім знішчыць культурнае жыццё горада практычна немагчыма — яно пра цягваецца, асвойвае новыя фарматы. Мастацтва застаецца побач з людзьмі і працягвае выкон ваць свае задачы: натхняе, супакойвае, вучыць і заклікае падумаць.
Купалаўскі
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы скарыстаўся нагодай для таго, каб паказаць свае найлепшыя спектаклі ўсім жадаючым незалежна ад месца знаходжання. Дванаццаць пастановак Купалаўскага з бягучага рэпертуару даступны ў відэазапісе. Гэта шэсць класічных спектакляў: «Паўлінка», «Шляхціц Завальня», «Рэвізор», «Чайка», «Пан Тадэвуш», «Кароль Лір». Да іх у анлайн-рэпертуары Купалаўскага далучыліся творы сучасных драматургаў, якія звычайна ідуць на Камернай сцэне: «Ураджай» Паўла Пражко, «Радзіва “Прудок”» паводле кнігі Андруся Горвата, «Зямля Эльзы» Яраславы Пуліновіч, «Каханне як мілітарызм» Пятра Гладзіліна. Таксама анлайн можна паглядзець спектакль-канцэрт паводле твораў Марка Мермана «Вельтмайстар-акардэон» і французскую камедыю Луі Вернэра і Жоржа Бера «Школа падаткаплацельшчыкаў». Пасля аплаты відэа спектакля будзе даступна сем дзён.
А ўжо 15 чэрвеня тэатр зноў адчыніць свае цэнтральныя дзверы. Купалаўскі, што традыцыйна адкрывае новы тэатральны сезон «Паўлінкай», гэтым разам скарыстаўся магчымасцю «адкрыць яго двойчы». Найбліжэйшыя спектаклі, акрамя «Паўлінкі», — «Рэвізор» 16 чэрвеня, «Шляхціц Завальня» 17 чэрвеня. 22 чэрвеня са спектакля «Зямля Эльзы» пачне сваю працу Камерная сцэна. Рассадка гледачоў — з пэўнай дыстанцыяй. Зала Галоўнай сцэны будзе запоўнена менш чым на траціну (100 месцаў з 338), а Камернай — толькі на палову (40 месцаў з 80).
РТБД
Для Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі сітуацыя ў свеце стала нагодай для адкрыцця адмысловага анлайн-праекта #АНТРАКТ_З_РТБД. На ютуб-канале тэатра з’яўляюцца відэа ў розных рубрыках. Першым героем рубрыкі Public Talk стаў Дзмітрый Багаслаўскі. У межах рубрыкі «Дорага.багата. Інтэрв’ю па-свойску» выйшла ўжо дзве відэаразмовы — з Уладзіславам Ноздрыным і Ганнай Анісенкай. У рубрыцы «Смачна есці» артысты тэатра дэманструюць кулінарныя здольнасці, паказваюць віды са сваіх вокнаў у аднайменным раздзеле, у рубрыцы «Казкі» чытаюць казкі на ноч, а ў рубрыцы «Рыхтуем цела да мінскага лета» дзеляцца спосабамі падтрымання выдатнай фізічнай формы. У раздзеле «Сезон сяброў» сабраны відэапрывітанні ад сяброў тэатра.
Зразумела, што тэатр не абмяжоўваецца інтэрактывамі і прадстаўляе гледачам магчымасць прагляду анлайн-спектакляў. У запісе 2017 года можна паглядзець спектакль «Белы анёл з чорнымі крыламі», а 12 чэрвеня на ютуб-канале з’явіцца запіс спектакля «Сталіца Эраўнд». Тэатр прапануе па жаданні падтрымаць яго, набыўшы квіток на ютуб-паказ спектакля або квіток на майстар-клас. РТБД працягвае працаваць і афлайн, хаця ў рэпертуары рэгулярна адбываюцца змены. 13 і 19 чэрвеня можна будзе паглядзець пластычны спектакль «Бетон» рэжысёра Яўгена Карняга, 16 чэрвеня — спектакль «Шлюб з ветрам»,18 чэрвеня — сатырычную камедыю «Мудрамер» па п’есе Мікалая Матукоўскага, а 20 — спектакль «Сірожа» пра юнацтва і сталасць, «жыццё ў дзвюх эпохах» паводле п’есы Юліі Чарняўскай.
ТЮГ
А ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача ўсе чэрвеньскія спектаклі адменены. Глядацкая зала працягвае пуставаць, але тэатр не перастае радаваць наведвальнікаў анлайн. У сацыяльных сетках у 18.00 праходзяць трансляцыі відэазапісаў спектакляў. Дзіцячыя спектаклі транслююцца праз дзень, спектаклі для дарослых — у пятніцу і суботу. Афіша аднаўляецца кожны тыдзень. Так, 12 чэрвеня можна будзе паглядзець спектакль «Зацюканы апостал» па творы Андрэя Макаёнка, 13 чэрвеня — перастварэнне байкі «Ліса і вінаград», а ў нядзелю 14 чэрвеня — казку «Таямніцы вялікага Гудвіна» паводле кнігі Аляксандра Волкава.
Акрамя гэтага, супрацоўнікі Тэатра юнага гледача распачалі серыю анлайнчытанняў «Свае ў свеце». У відэафармаце з’яўляюцца мініяцюры пісьменніка і драматурга Аркадзя Крумера ў выкананні артыста ТЮГа Андрэя Каламійца. Гэта яшчэ адзін фармат, які дазваляе ўсталяваць супрацу паміж прадстаўнікамі розных творчых прафесій.
Тэатр оперы і балета
Вялікі тэатр Беларусі зусім нядаўна адзначыў свой дзень нараджэння ў анлайн-фармаце, прадставіўшы гледачам невялікі відэаканцэрт, а таксама відэападарожжа па закуліссі тэатра, рэпетыцыях спектакляў да новага тэатральнага сезона і інтэрв’ю з многімі дзеячамі тэатра. Падтрымліваць сувязь з гледачамі і згадваць трыумфальнае мінулае тэатру дапамагае супольны праект з Белтэлерадыёфондам. У сацыяльных сетках праекта пад назвай #ЗАЛАТЫФОНДБДТ рэгулярна з’яўляюцца не толькі мастацкія і дакументальныя фільмы, але і запісы спектакляў Тэатра оперы і балета.
Праект працягваецца з пачатку мая. Сёння анлайн ужо можна паглядзець некалькі легендарных спектакляў. Сярод іх — аднаактовы балет «Альпійская балада» Яўгена Глебава па аднайменнай аповесці Васіля Быкава, пастаўлены ў 1967 годзе; адзін з першых нацыянальных спектакляў Вялікага тэатра Беларусі — пастаўленая ў 1939 годзе опера «У пушчах Палесся» Анатоля Багатырова. У аснове лібрэта, створанага Яўгенам Рамановічам, — аповесць «Дрыгва» Якуба Коласа.
Яшчэ адзін балет — «Балеро» на музыку Марыса Равеля пастаўлены Валянцінам Елізар’евым у 1984 годзе. Тэмай гэтага спектакля балетмайстар вызначыў «духоўнае супраць стаянне жорсткасці і гвалту, незгінальную мужнасць перад набліжэннем катастрофы».
У праекце перамяжоўваюцца публікацыі запісаў опер і балетаў. Апошнім, прадстаўленым у маі, спектаклем стала опера-прытча Сяргея Картэса «Візіт дамы». Лібрэта створана Уладзімірам Халіпам па матывах п’есы «Візіт старой дамы» Ф. Дзюрэнмата. Прэм’ера ў Беларусі адбылася ў 1995 годзе. Гэта самы малады спектакль, паказаны ў межах праекта.
Апошнім з апублікаваных архіўных пастановак аказалася вакальна-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» Карла Орфа. Гэта кантата, напісаная кампазітарам на аснове тэкстаў вандроўных паэтаў вагантаў ХІІ—ХІІІ стагоддзяў. У 1937 годзе кантата была ўпершыню выканана ў Беларусі і з тых часоў дэманстравалася толькі ў канцэртным фармаце да 1983 года. Тады Валянцін Елізар’еў зрабіў яе сцэнічную пастаноўку, аб’яднаў танцы і спевы і стварыў аўтарскую сюжэтную лінію.
Новыя архіўныя запісы пастановак Вялікага тэатра Беларусі з’яўляюцца ў сацыяльных сетках праекта #ЗАЛАТЫФОНДБДТ кожную пятніцу.
Новыя магчымасці
Амаль усе тэатры намагаюцца так ці інакш падтрымліваць сувязь з гледачамі, нават калі тэатральны сезон закрыты да верасня. Так, тэатр імя Горкага ладзіць прамыя эфіры-інтэрв’ю з артыстамі ў інстаграме, Музычны тэатр рэгулярна публікуе тэатральныя дзённікі — невялікія дакументальныя відэазамалёўкі, а Маладзёжны тэатр стварыў тэлеграм-канал, каб дзяліцца навінамі з гледачамі. Здаецца, многія артысты і супрацоўнікі тэатраў сапраўды ўспрынялі гэтую сітуацыю як выклік крэатыўнасці і вынаходлівасці. Для іх гэта лішняя нагода паказаць, што тэатр — нешта значна большае, чым набор пастановак, — гэта штодзённая праца, сувязь з мінулым і, самае галоўнае, людзі.
Праз больш блізкую сувязь з аўдыторыяй, якая ўсталёўваецца дзякуючы анлайн-камунікацыі, павышаецца і цікаўнасць да тэатра. Бо людзі на сцэне перастаюць быць проста выканаўцамі роляў і імёнамі ў праграмцы. Яны запамінаюцца як асобы. На відэа прасцей разгледзець іх твары, чым седзячы ў глядацкай зале, нават на самых блізкіх да сцэны месцах.
Гэта спрацоўвае не толькі ў тэатры, але і ва ўсіх астатніх відах мастацтва. Калі ў абстрактнай культурнай установы з’яўляюцца чалавечыя твары, асобы, якія штодня працуюць дзеля мастацтва, яно перастае ўспрымацца як нешта далёкае, незразумелае або занадта элітарнае. Таму, калі тэатры, музеі і іншыя культурныя ўстановы звыкнуць да сацыяльных сетак, анлайн-інтэрактываў і шчыльнай камунікацыі з гледачамі і працягнуць яе і тады, калі ўсе вернуцца да нармальнага жыцця, гэта пойдзе толькі на карысць. І магчыма, стане адной з прычын, па якіх свет сапраўды непапраўна зменіцца.
Дар’я СМІРНОВА
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».