Вы тут

Састарэлыя людзi часцей за ўсё становяцца «героямi» зводак ратавальнiкаў


Сучасны свет — гэта вечная гонка: за грашыма, прызнаннем, камфортам... У страху не паспець, у жаданнi абысцi ўсiх мы губляем сябе, грэбуем тым, што маем, i забываем пра важнае. А што самае крыўднае — пакiдаем без увагi тых, хто дазволiў нам стаць часткай гэтага свету i даў старт усiм распачынанням. Гаворка — пра нашых пажылых бацькоў. У паўсядзённай мiтуснi мы нават не задумваемся над тым, што тэлефонны званок, прывезены пакет прадуктаў цi лекаў не заменяць галоўнага — клопату пра бяспеку старэйшага пакалення, якая з найбольшай iмавернасцю гарантуе iм спакойную старасць.


Сёння пытанне бяспекi пенсiянераў вельмi вострае. Статыстыка паказвае, што менавiта састарэлыя людзi часцей за ўсё становяцца «героямi» зводак ратавальнiкаў. Усяму вiной заканамернае пагаршэнне здароўя i заняпад сiл. Дрэнная памяць можа стаць прычынай незачыненай дзверцы печы або непатушанай свечкi падчас рэлiгiйнага свята. Як i знiжэнне вастрынi пачуццяў: пажылы чалавек не зможа лёгка ўлавiць пах дыму цi газу, якi выходзiць з-пад фаеркi. Пры знiжэннi слыху — не пачуе ад людзей аб небяспецы, а з-за наяўных праблем апорна-рухальнага апарату не здолее самастойна пакiнуць небяспечную зону.

Iншыя прычыны — знешнiя абставiны: няспраўная электраправодка, праблемы з печчу, зламаныя электрапрыборы i г. д. «На мой век хопiць» — самая частая фраза, якую можна пачуць ад пажылых людзей пры наяўнасцi вiдавочных праблем. На жаль, пенсiянеры не заўсёды могуць выправiць iх самастойна, а прасiць сваiх дзяцей лiквiдаваць непаладку не лiчаць неабходным. «Дык сын мой працуе. У яго сваiх спраў хапае», — так апраўдала абыякавасць сына бабулька, у печы якой за многiя гады ўтварылася вялiкая расколiна. Як аказалася, сын не прыязджаў да мацi больш за год, апраўдваючыся тым, што яго праблемы патрабуюць знаходзiцца ў межах горада. Такiя сiтуацыi прымушаюць задумацца пра тую прорву, што ўтвараецца памiж бацькамi i дзецьмi пасля набыцця тымi самастойнасцi, калi здароўе i жыццё самага роднага сэрцу чалавека адыходзiць на другi план. Каб прадухiлiць непапраўнае, варта ўсяго толькi адказаць на пытанне: што можна зрабiць дзеля бяспекi састарэлых бацькоў?

А зрабiць можна многае. I лета выдатна падыходзiць для гэтага. У першую чаргу, калi ў вас прыватнае домаўладанне, вiзуальна агледзьце печ i комiн. Яны не павiнны мець расколiн i бачных пашкоджанняў. Пры наяўнасцi апошнiх абавязкова заштукуйце iх. Прыбiце на падлозе каля топачных дзверцаў металiчны лiст памерам 50x70 см у тым выпадку, калi яго няма. Абавязкова ачысцiце комiн ад сажы: гэта ўзмоцнiць цягу i прадухiлiць узгаранне. I нагадайце яшчэ раз бацькам, што катэгарычна забараняецца распальваць печы лёгкаўзгаральнымi вадкасцямi, а таксама сушыць рэчы i дровы каля адкрытага агню.

Трэба выдзелiць час i на электраправодку: паглядзець, цi няма там участкаў з парушанай iзаляцыяй. Калi не можаце замянiць праблемныя зоны, скарыстайцеся iзастужкай. Запомнiце: праводку нельга заклейваць шпалерамi, а дрот злучаць пры дапамозе скручвання — ужывайце гаечна-балтовыя злучэннi або пайку. Адрамантуйце або замянiце няспраўныя электрапрыборы, а на кухнi расстаўце рэчы так, каб яны не змаглi выклiкаць загаранне.

Дапамажыце бацькам у навядзеннi парадку на прысядзiбным участку, пры гэтым не забывайце аб правiлах пажарнай бяспекi. Нiколi не спальвайце смецце i сухую траву ў непрыстасаваных для гэтага месцах — дастаткова невялiкага павеву ветру, каб агонь хутка распаўсюдзiўся, ахапiўшы жылыя пабудовы. Лепш вывезцi ўсё на сметнiк, а ў самым крайнiм выпадку, калi такой магчымасцi няма, зрабiць бяспечным месца для спальвання. (Для гэтага падыходзiць металiчная бочка, вакол якой трэба абкапаць зямлю не менш чым 30-сантыметровай паласой.) I — што самае важнае — заўсёды трымайце паблiзу вядро з вадой або вогнетушыцель.

Стварыце ўсе ўмовы для таго, каб у выпадку ўзнiкнення надзвычайнай сiтуацыi ў пажылых людзей была магчымасць выклiкаць на дапамогу ратавальнiкаў. Занясiце нумары экстранных службаў у тэлефон, напiшыце на паперы неабходныя звесткi (адрас, iмя i прозвiшча) i пакладзiце iх у бачных месцах, каб бацькi не разгубiлiся i не заблыталiся падчас званка дыспетчару МНС. Пастаўце аўтаномны пажарны апавяшчальнiк у кожным жылым пакоi — сваiм гукам ён разбудзiць нават спячага чалавека i апавясцiць пра бяду. Усё гэта — неабходны мiнiмум, якi дазволiць зберагчы родных людзей.

Ганна Шлома, iнспектар Рэспублiканскага цэнтра прапаганды МНС

Загаловак у газеце: Зберагчы родных ад бяды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».