Вы тут

Усе 1300 шматдзетных гродзенскiх сем'яў, якiя стаяць у чарзе, сёлета будуць забяспечаны жыллём


Большасць шматдзетных сем'яў гродзенцаў атрымлiваюць жыллё ў новых шматпавярхоўках

У Гродне актыўна забудоўваюць новыя мiкрараёны. Значная частка кватэр адводзiцца менавiта шматдзетным сем'ям. Алена i Антон Дзмiтрыевы нядаўна атрымалi новае жыллё ў адным з такiх дамоў па вулiцы Асфальтнай, што ў мiкрараёне Грандзiчы-2.


З iнтэрната — у новую кватэру

Паўночны мiкрараён Грандзiчы — перспектыўная забудова. Гэта адзiн з самых значных будаўнiчых праектаў, дзе шматпавярхоўкi растуць як грыбы. Дабрацца ў новы раён нескладана — сюды ходзiць гарадскi транспарт. Грандзiчы-2 выглядаюць добраўпарадкавана — i дарожная, i дваровая iнфраструктура радуе вока сваiм сучасным выглядам. Таксама адметная рыса новага мiкрараёна — гаражы для ровараў, якiя, дарэчы, не пустуюць.

Вось у такiм утульным дворыку па вулiцы Асфальтнай мы i сустрэлiся з Аленай Дзмiтрыевай. Яе сям'я нядаўна пераехала ў новы дом з iнтэрната. Для жанчыны вельмi важна, што дворык свабодны ад аўтатранспарту, а яго тэрыторыя — сапраўдны варкаўт для дзяцей з мноствам аб'ектаў i нават штучным пакрыццём.

Алёна наглядае за дзвюма малымi дочкамi — Младай i Маргарытай. Старэйшы сын Мацвей застаўся дома. Пакуль дзяўчынкi гойдаюцца на арэлях, мы можам пагаварыць на самую актуальную для сям'i тэму — жыллёвую: цi сапраўды падтрымка дзяржавы ў гэтым пытаннi для шматдзетных сем'яў адчувальная? Але пра ўсё па парадку.

Як аказалася, дагэтуль Дзмiтрыевы жылi ў iнтэрнаце блочнага тыпу. Напачатку займалi адзiн пакой, а з нараджэннем другога дзiцяцi iм аддалi ўвесь блок плошчай 37 «квадратаў».

— Мы не ставiлi канкрэтных планаў па колькасцi дзяцей, — усмiхаецца Алена. — Пасля таго як нарадзiўся Мацвей, хацелi яшчэ дзiця, але доўгi час не маглi гэта ажыццявiць. Толькi праз восем гадоў нарадзiлася Маргарыта, а потым, у наступным годзе, нечакана з'явiлася Млада. Напачатку было даволi складана спраўляцца адразу з дзвюма малымi, але цяпер яны сябруюць i разам бавяць час.

Дзяўчынкi раз-пораз падбягаюць да мамы, каб нешта сказаць. Адной хочацца з'ехаць з горкi, другой — пайсцi на скаладром. Робiм паўзу, каб задаволiць жаданнi малых i суправадзiць iх па iнтарэсах. Здаецца, што цярпенне i дабрыня Алены закладзены ў ёй з дзяцiнства. Але аказалася, што гэта далёка не так.

Сама Алена не ведае, што такое расцi з матулiнай пяшчотай. Яна сiрата з самага маленства, прайшла i праз дом немаўляцi, i праз iнтэрнаты. Але i на яе лёс хапiла дабрынi. З удзячнасцю ўспамiнае, як жыла ў доме сямейнага тыпу, дзе адчула i клопат, i цяпло бацькоў-выхавацеляў. Мабыць, з таго часу i ўмацавалася гэтае жаданне — мець сваю моцную сям'ю. Для Алены яе муж — i дарадчык, i памочнiк, i надзейная апора ў жыццi. Цяпер на яго плячах — рамонт у новай кватэры.

— Мы вырашылi браць кватэру без рамонту, бо так выходзiла танней, — удакладняе Алена. — Падумалi, што пацiху самi справiмся. Асноўныя работы ўжо зрабiлi. Галоўнае, што ёсць утульная трохпакаёўка, дзе можна ўсiм размясцiцца.

Па словах жанчыны, напачатку стаялi ў чарзе на жыллё як маладая сям'я, а лiтаральна праз
год — ужо як шматдзетная. З улiкам новых мер па падтрымцы шматдзетных сем'яў Дзмiтрыевы скарысталiся правам на паскоранае атрыманне жылля, прычым з даволi значнай дзяржаўнай субсiдыяй. Такое права гарантуецца Указам № 240 Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.

Зарплата застаецца ў сям'i

Як растлумачылi ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркi Гродзенскага гарвыканкама, субсiдыя накiроўваецца на пагашэнне працэнтнай стаўкi па крэдыце. Яго банк выдае на будаўнiцтва жылля. А субсiдыя дазваляе ў значнай меры пагасiць гэту пазыку.

Механiзм усёй працэдуры наступны. Сям'я стаiць на ўлiку на паляпшэнне жыллёвых умоў па месцы жыхарства. Потым, згодна з чаргой, уступае ў склад жыллёва-будаўнiчага спажывецкага кааператыву (ЖБСК). Адмiнiстрацыя раёна прымае рашэнне аб выдзяленнi дзяржаўнай падтрымкi ў выглядзе субсiдыi як на пагашэнне асноўнай пазыкi, так i на пагашэнне часткi працэнтаў па крэдыце. I ўжо ў адпаведнасцi з гэтым рашэннем сям'я звяртаецца ў банк i бярэ крэдыт на будаўнiцтва жылля. Шматдзетная сям'я, дзе растуць трое дзяцей, можа разлiчваць на пагашэнне асноўнай пазыкi ў памеры 95 %. А тыя, у каго дзяцей чацвёра i больш, маюць права на стапрацэнтнае пагашэнне.

Працэдура хоць i займае нейкi час, але для Алены i яе сям'i ўвесь «папяровы» перыяд завяршыўся ўдала. I з выбарам пашанцавала — пры лёсаваннi муж выцягнуў даволi зручны шосты паверх.

— Вядома, давялося сабраць мноства паперак, даведак, але лiчу, што мы атрымалi кватэру даволi хутка — у чарзе стаялi не больш за тры гады ў статусе шматдзетнай сям'i. Цяпер кожны месяц плацiм па крэдыце 80 рублёў, — расказвае Алена.

Субсiдыя на жыллё — не адзiная дзяржаўная падтрымка. Шматдзетная сям'я мае права на атрыманне мацярынскага капiталу. Па словах Алены, пакуль яны не вырашылi, як iм скарыстацца. Магчыма, таксама для вырашэння кватэрнага пытання — дзецi ж растуць. Праўда, цяпер тэрмiн выкарыстання абмежаваны 2024 годам. Але да гэтай пары, разважае жанчына, павiнны вызначыцца. Зараз галоўны клопат — гэта дзецi. Дзяржаўная субсiдыя дазволiла амаль усю зарплату пакiнуць у сям'i. А гэта значыць — ёсць магчымасць патрацiць грошы на дзяцей, зрабiць iх жыллё больш камфортным.

«Адзiн з бацькоў павiнен працаваць»

Шматдзетныя сем'i ў Гродне атрымлiваюць новыя кватэры менавiта ў мiкрараёне Грандзiчы. Плануецца, што сёлета будуць забяспечаны жыллём усе 1300 шматдзетных гродзенскiх сем'яў, якiя стаяць у чарзе. У далейшым мяркуецца скарацiць тэрмiн чакання жылля да аднаго года.

Пра дзейснасць такiх планаў добра ведае старшыня ЖБСК Наталля Сасiм. Яна кiруе двумя дамамi, якiя цяпер узводзяцца ў асноўным для шматдзетных сем'яў. Умовы, па яе словах, даволi спрыяльныя для навасёлаў — 873 рублi за квадратны метр. Шматдзетным сем'ям гэты кошт пагашае дзяржава праз субсiдыi.

— Ёсць у нашым жыллёвым кааператыве мацi-гераiня, у якой шасцёра дзяцей. Яна жыве ў двухпакаёўцы i цяпер будуе трохпакаё-вую кватэру. Як i ва ўсiх членаў кааператыва, у яе адкрыта крэдытная лiнiя. Згодна з 240-м указам, усе работы па будаўнiцтве аплачвае дзяржава. Калi не будзе хапаць субсiдыi, жанчына зможа пагасiць частку крэдыту мацярынскiм капiталам. Так многiя робяць, i гэта значны плюс у такой сiтуацыi, — расказвае Наталля.

Сярод удзельнiкаў жыллёвага праекта — у асноўным шматдзетныя сем'i. Ёсць i мацi-адзiночкi, якiя выхоўваюць траiх дзяцей. Дзякуючы субсiдыям i мацярынскаму капiталу яны могуць дазволiць сабе аплату новай кватэры, прычым з рамонтам. Пры гэтым банку выплачваюцца невялiкiя працэнты. Паколькi чарга сярод шматдзетных таксама немалая, крэдытныя лiнii адкрыты ў пяцi банках краiны.

— Здараецца, што крэдыты немагчыма адкрыць, бо бацькi не працуюць. Яны жывуць на дзiцячую дапамогу. Але адзiн з бацькоў абавязкова павiнен працаваць, толькi тады можна разлiчваць на дапамогу дзяржавы, i гэта справядлiва, — лiчыць Наталля.

Увогуле для шматдзетных сем'яў нямала льгот. У свой час старшыня ЖБСК адчула iх на ўласнай сям'i. Гэта i летнiкi, i розныя паездкi, i наведванне культурных устаноў, паркаў. Сын ужо дарослы, закончыў ваенную акадэмiю, дзве дачкi-пагодкi — вучацца ў школе.

— Я i сама будавала кватэру як шматдзетная мацi ў 2010 годзе, — кажа суразмоўнiца. — Мы атрымалi трохпакаёўку i з'ехалi ад бацькоў. Згодна з 13-м указам, нам адкрылi iльготнае крэдытаванне, па якiм мне трэба выплацiць 25 % кошту кватэры. Цяпер я плачу ў месяц 4 рублi, а 75 % кошту пагашае дзяржава.

У другiм паўгоддзi ў Гродне пачнецца ўзвядзенне жылля ў мiкрараёне Грандзiчы-3. Для шматдзетных сем'яў прадугледжана амаль 40 чатырохпакаёвых кватэр. Усяго кватэр для гэтай катэгорыi сёлета будзе пабудавана больш за 300. Таксама шматдзетныя сем'i выкарыстоўваюць магчымасць будаваць свае дамы ў раёнах iндывiдуальнай жылой забудовы. Зямельныя ўчасткi iм выдзяляюцца ў першую чаргу.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Як Млада, Маргарыта i Мацвей сталi навасёламi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».