Вы тут

Цi лёгка набыць нерухомасць або зямлю ў сельскай мясцовасцi?


У Беларусi ў глыбiнцы вельмi шмат пустуючых i старых дамоў. Магчыма, тысячы, дзясяткi тысяч. Гаспадары даўно памерлi, а дзецi не хочуць уступаць у спадчынныя правы. Гэтыя будынкi з цягам часу разбураюцца, прыходзяць у непрыгоднасць, а зямельныя ўчасткi зарастаюць быльнягом. Так i стаяць будынiны, як сведкi безгаспадарчасцi. Нядаўна кiраўнiк дзяржавы закранаў тэму набыцця зямельных участкаў ў сельскай мясцовасцi з мэтай спрасцiць продаж зямлi грамадзянам, якiя хочуць набыць яе ў вёсках. «Танна аддадзiм людзям, каб яны пабудавалi нейкi дом. I тым самым утрымаем неперспектыўныя вёскi i хутары», — сказаў Прэзiдэнт.


Мiнчане Настасся i Сяргей Каляда пабралiся шлюбам гады тры таму. Маладая пара забяспечана гарадской кватэрай — бацькi пастаралiся. Аднак летам сядзець у чатырох сценах не хочацца. Хочацца на прыроду, падыхаць свежым паветрам, схадзiць у лес, на рэчку. I вырашылi сужэнцы абзавесцiся домiкам у вёсцы. Купiць з аўкцыёну зямельны ўчастак непадалёк ад Мiнска дорага, ды i крэдыт браць на будаўнiцтва не рашылiся.

— I тут мая сяброўка параiла купiць хату на яе малой радзiме — у вёсцы на Брэстчыне, якая знаходзiцца за 160 кiламетраў ад Мiнска, — расказвае Настасся. — Мы з мужам прыехалi ў населены пункт. Пахадзiлi па вулiцы, выбралi дом, якi спадабаўся. Затым падалiся ў сельсавет. Старшыня сельвыканкама расказала, што на дом i зямельны ўчастак няма дакументаў, i падказала адрас спадчыннiкаў, з якiмi мы звязалiся. Аказалася, што яны не ўступiлi ў спадчынныя правы, але гатовыя даць мне даверанасць на афармленне. Я напiсала заяву на выклiк зямельнай службы, якая адмерала заяўленыя мной 14 сотак зямлi. Яшчэ ад 15 я адмовiлася. Затым я атрымала тэхпашпарт на дом. Працэдура афармлення заняла каля чатырох месяцаў i каштавала мне 700 рублёў. А прадаўцам я заплацiла, як яны i прасiлi, 2000 рублёў. Мы з мужам вельмi задаволеныя набытай маёмасцю — зрабiлi рамонт звонку i ўнутры, замянiлi агароджу, на наступны год разаб'ём кветнiкi, невялiкiя градкi, каб летам мець пад рукой i пятрушку, i салату, i кроп, i iншую зелянiну. Мы раiм пераняць наш вопыт i iншым маладым парам. Напрыклад, на суседнiм хутары прадаецца хацiна ўсяго за 650 рублёў. Аднак там неабходна добра пастарацца, каб давесцi яе да ладу. Ды i грошай у рамонт укласцi трэба нямала. А можна наогул знесцi пабудову ды ўзвесцi новы дом — вядома, калi дазваляюць фiнансы. Але скажу, што знаходзiцца хацiна на ўскрайку лесу, побач невялiкае возера. Словам, цiшыня, раздолле i спевы птушак.

Сапраўды, у аддаленых ад Мiнска i вялiкiх гарадоў вёсачках, асаблiва там, дзе няма чыгункi, не ходзяць маршруткi, дом можна набыць у залежнасцi ад яго стану за 200–500 долараў у эквiваленце. Больш дыхтоўныя i моцныя каштуюць даражэй, у межах 1000–2000 долараў.

А што, калi чалавек прывык да выгод цывiлiзацыi i марыць пра ўтульны дамок непадалёк ад сталiцы, цi магчыма ажыццявiць сваю мару, напрыклад, у Валожынскiм раёне i колькi яна будзе каштаваць? У вёсках раёна ёсць дамы, якiя прызнаны безгаспадарчымi. У адных не знайшлося спадчыннiкаў, а некаторыя гаспадары наогул адмовiлiся афармляць на сябе радавое гняздо. На такiя домаўладаннi распаўсюджваецца дзеянне Указа Прэзiдэнта № 357 «Аб пустуючых i старых дамах». Пасля рашэння суда яны пераходзяць ва ўласнасць сельсавета. Што з iмi рабiць далей, вырашае новы ўласнiк. Ёсць два варыянты: знесцi i выставiць участкi на аўкцыён або прадаць.

— Канешне, часцей за ўсё дамы iдуць пад знос. У 2019 годзе толькi ў адным Ракаўскiм сельсавеце прададзена з аўкцыёну 28 участкаў на суму 253 тысячы рублёў, — кажа старшыня Валожынскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Бiбiк. — Гэта можа быць i акультураны ўчастак, але здараецца, што грамадзяне набываюць зямлю пад будаўнiцтва новага жылля з умовай зносу старога.

Частка сельсаветаў Валожынскага раёна — Ракаўскi, Дорскi, Пяршайскi, Iвянецкi — знаходзіцца ў аўкцыённай зоне i выстаўляе зямельныя ўчасткi на таргi.

Першапачатковы кошт надзелу залежыць ад кадастравай цаны на зямлю. Яна па раёне адрознiваецца. У Ракаўскiм сельсавеце, якi мяжуе з Мiнскiм раёнам, даражэй, у аддаленых — нiжэй. Кадастравы кошт па кожным сельсавеце вызначае Белгiпразем або iншая спецыялiзаваная арганiзацыя.

Попыт на зямельныя ўчасткi ёсць. Гэта абумоўлена блiзкасцю раёна да сталiцы, а таксама прыгожымi мясцiнамi. Некаторыя населеныя пункты знаходзяцца ў Налiбоцкай пушчы або на яе ўскрайку. На Валожыншчыне захавалася i шмат хутароў, якiя былi вельмi распаўсюджаны да 1939 года. Домiкi, што стаяць асобна, асаблiва прыцягальныя для пакупнiкоў: iх набываюць пад дачы, аграсядзiбы. Калi раней людзi ахвотна куплялi дамы ў межах 30 кiламетраў ад Мiнска, то цяпер — да 80–100.

— Яшчэ ў 2007 годзе, калi пачынаў работу ў райвыканкаме, у вёсках было шмат непрыгляднага пустуючага жылля, а цяпер нават у самых аддаленых маланаселеных паселiшчах яно практычна раскуплена, прыведзена або прыводзiцца ў парадак. Хтосьцi зносiць будынкi, а нехта займаецца iх рэканструкцыяй, — канстатуе Пётр Бiбiк.

Летась на Валожыншчыне знесена 57 пустуючых i старых дамоў, у грамадскi сельскагаспадарчы севазварот прыцягнута амаль 50 гектараў зямлi. Сёлета ў рэестр уключаны 22 домаўладаннi.

Так што займець нерухомасць або зямлю паблiзу Мiнска цалкам рэальна, а адначасова i справу сваю адкрыць. Апошнiя гады заканадаўчая база прадугледжвае льготы для бiзнесу ў сельскай мясцовасцi. Напрыклад, тут закрылася шмат крам спажыўкааперацыi, якiя цяпер можна набываць пад розныя вiды дзейнасцi — у тым лiку i для гандлю.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

 

Загаловак у газеце: Домiк у вёсцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».