Вы тут

Наталля Качанава: Асабістыя сустрэчы з людзьмі дапамагаюць лепш даведацца, чым жывуць рэгіёны


Спікер верхняй палаты парламента працягвае наведваць рэгіёны. У канцы мінулага тыдня ў рабочым графіку значыўся Пінск, а бягучы яна пачала з наведвання Ліды. У абодвух выпадках старшыня Савета Рэспублікі наведвала знакавыя прадпрыемствы з катэгорыі горадаўтваральных, брэндаў краіны, знаёмілася з іх работай, перспектывамі развіцця і сустракалася з калектывамі.


У Пінску Наталля Качанава азнаёмілася з вытворчасцю мэблі ў СТАА «Пінскдрэў-Адрыяна» — гэта адна з чатырох мэблевых фабрык холдынга. Звычайна за дзень тут вырабляюць да 270 адзінак прадукцыі, за месяц — на 7–7,5 мільёна рублёў. Апошнім часам узніклі цяжкасці з выхадам на знешнія рынкі з-за пандэміі COVІD-19, таму аб'ёмы вытворчасці знізіліся. Але ўжо з наступнага месяца ўсе прадпрыемствы холдынга пераходзяць на поўны рэжым работы.

— Мы не страцілі сваіх кліентаў. На ліпень атрымалі вялікі заказ з Еўрапейскага саюза і плануем хутка аднавіць ранейшыя аб'ёмы , — паведаміў генеральны дырэктар ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» Аляксандр СУДНІК.

Наталля Качанава пабывала ў цэхах прадпрыемства, паглядзела на працэс вырабу мэблі, пагутарыла з работнікамі. Спікера цікавіла, якую зарплату яны атрымліваюць, дзе вучацца прафесіі мэбельшчыкі, наколькі цяжкая ў іх праца, якія сацыяльныя гарантыі прапануе работадаўца.

— Даўно хацела пабываць на гэтым прадпрыемстве. Яго ведаюць далёка за межамі нашай краіны, тут выпускаюць унікальную прадукцыю, якая запатрабавана не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Мне важна было даведацца, як паўплывала на фабрыку сітуацыя з пандэміяй, калі былі прыпыненыя кааперацыйныя сувязі, парушаная пастаўка некаторых тавараў. Я ўбачыла, што гэта стабільнае прадпрыемства, якое працуе дастаткова эфектыўна. Вядома, работа вельмі складаная, на мой погляд, — тут патрэбныя шпаркасць, уменне, спрыт. Але разам з тым ёсць свабодныя рабочыя месцы, сюды можна прыйсці, і цябе адразу навучаць прафесіі, ты будзеш зарабляць столькі, колькі зможаш. Тут працуе досыць малады калектыў, людзі любяць сваё прадпрыемства. Таксама вельмі важна, што ёсць сацыяльны пакет, сацыяльныя гарантыі, — адзначыла Наталля Качанава.

Тут жа, у прасторным цэху раскрою тканін, яна сустрэлася з калектывам фабрыкі. Старшыня Савета Рэспублікі расказала пра сітуацыю ў краіне, асноўныя кірункі дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Былі закрануты такія праблемныя тэмы, як пастаўкі нафты ў Беларусь, пандэмія і звязанае з ёй захворванне. Таксама Наталля Качанава адказала на пытанні мэбельшчыкаў. Так, шматдзетную маці цікавіла, ці ўвойдзе дэкрэтны адпачынак у страхавы стаж. Яе калегу хвалявала перспектыва далейшага павышэння пенсійнага ўзросту. Праблему дзяржаўнай важнасці закранула адна са швачак, пацікавіўшыся, як урад мяркуе зацікаўліваць моладзь у атрыманні рабочых прафесій.

— Вы цалкам маеце рацыю, мы ўжо шмат разоў пра гэта гаварылі, — падтрымала работніцу спікер. — У нас у краіне дастаткова разгалінаваная сетка прафесійна-тэхнічных каледжаў і ліцэяў. Але сапраўды павінна быць прафарыентацыйная работа. Трэба прадпрыемствам пра гэта падумаць, якія зацікаўленыя ў тым, каб да іх прыйшлі маладыя спецыялісты. Можа быць, браць моладзь і нават даплачваць ім стыпендыі, каб падтрымаць. Мы яшчэ абмяркуем гэтае пытанне ва ўрадзе.

Наталля Качанава прызналася, што ўпершыню ў Пінску. У цэлым ёй горад спадабаўся — добраўпарадкаваны, са сваёй архітэктурай, разыначкай: прыгожыя гістарычныя будынкі, прыгожая рака, набярэжная. «Вядома, яшчэ, напэўна, шмат трэба будзе зрабіць, уладкаваць горад. Але ў яго ёсць добрая харызма. Мы сёння з актывам горада абмяркоўвалі пытанні эканомікі, таму што яны вельмі важныя на гэтым этапе. Але кіраўніцтва Пінска, дырэктары прадпрыемстваў бачаць выхад з гэтай сітуацыі, перспектывы. І я ўпэўненая, што ў горада добрая будучыня, як, несумненна, ва ўсіх тых, хто сёння добрасумленна працуе. І людзі тут гэта разумеюць», — падкрэсліла спікер.

*  *  *

У Лідзе старшыня Савета Рэспублікі наведала ААТ «Лакафарба». Сустрэча з яго калектывам прайшла ў форме адкрытай і давернай размовы. Спектр пытанняў быў шырокі: цэнавая палітыка, развіццё рэгіёна і ў цэлым галін эканомікі, у тым ліку энергетыкі. Гэты кірунак актуальны для Гродзенскай вобласці тым, што менавіта на яе тэрыторыі ўзводзіцца Беларуская АЭС. Таксама Наталлю Качанаву цікавіла, як складваецца эканоміка прадпрыемства, які заробак атрымліваюць людзі, што хвалюе работнікаў «Лакафарбы» і ў цэлым жыхароў Лідскага раёна. Яшчэ адной тэмай гутаркі стала магчымае пашырэнне паўнамоцтваў мясцовых улад.

— Савет Рэспублікі — орган тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Таму мы павінны ведаць, чым жывуць рэгіёны. Разглядаючы законапраекты, мы павінны разумець, што яны ідуць найперш ад жыцця і змогуць даць эфект у развіцці прадпрыемстваў, рэгіёнаў і краіны ў цэлым. Таму складана пераацаніць важнасць такіх сустрэч. Яны дапамагаюць даведацца, што хвалюе людзей, якая складваецца сітуацыя на іх прадпрыемстве, у тым населеным пункце, дзе яны жывуць, — адзначыла Наталля Качанава.

У прыватнасці, на сустрэчы прагучалі некалькі прапаноў аб развіцці Ліды як турыстычнага цэнтра, таксама пытанні датычыліся транспартнай і дарожнай інфраструктур горада.

— Прадпрыемства было абрана невыпадкова. ААТ «Лакафарба» — адзін з брэндаў Ліды. Яго прадукцыя заўсёды карысталася попытам, яна канкурэнтаздольная на сусветных рынках. Важна было ўбачыць, як прадпрыемства працуе ў цяперашніх няпростых умовах, — адзначыла Наталля Качанава. Яна падкрэсліла, што ў цэнтры ўвагі і пытанні вытворчасці і збыту, і, вядома, рост заробкаў работнікаў.

Паводле БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».