Вы тут

Школа, ферма, цэх. На Піншчыне гатовыя да адкрыцця тры значныя аб'екты


Дзень Незалежнасці гэтым разам Піншчына будзе адзначаць у Парахонску. Акрамя традыцыйных святочнага мітынгу і ўскладання кветак да помніка баявой славы тут урачыста адкрыюць адразу некалькі новых аб'ектаў. І калі новы малочнатаварны комплекс ААТ «Парахонскае», а таксама цэх па сарціроўцы і перапрацоўцы ягад прадпрыемства «Палескія журавіны» ўзведзеныя фактычна з нуля, то дзіцячая школа мастацтваў перажыла такую рэканструкцыю, што па сутнасці стала фактычна новай.


Наладка абсталявання ў новым цэху «Палескіх журавін»

Для ўзорных калектываў

— Наша школа сёлета адзначае сваё 40-годдзе, — гаворыць дырэктар Пётр САЛАМЯНЮК. — Фактычна да юбілею мы атрымліваем такі доўгачаканы падарунак. Рамонт пачаўся летась. У нашым будынку замянілі сістэму ацяплення і падлогу, паставілі новыя вокны і дзверы. Таксама адрамантаваныя фасад, ганак, з'явіўся новы дах. А нядаўна мы з задавальненнем вынеслі старую мэблю, якая служыла вучням і настаўнікам з моманту адкрыцця школы, і распакавалі новую. Усё вельмі зручнае, сучаснае, стыльнае. І вось перад вамі — фактычна новая школа.

На выкананне рамонтных работ на гэтым аб'екце з бюджэту выдаткавана 310 тысяч рублёў, яшчэ звыш 50 тысяч пайшло на мэблю, паведамілі ў Пінскім райвыканкаме.

Цяпер у школе па класах баяна, акардэона, фартэп'яна, духавых інструментаў, а таксама ў класе харэаграфіі займаюцца 125 хлопчыкаў і дзяўчынак з Парахонска і іншых навакольных вёсак. Расклад састаўлены так, каб дзяцей на заняткі падвозіў школьны аўтобус.

Паводле слоў настаўнікаў, дзеці займаюцца з задавальненнем і паказваюць добрыя вынікі як у музыцы, так і танцах. Вясковая школа мае сем творчых калектываў, два з якіх у розны час атрымалі званне ўзорных. Узорны ансамбль народнай песні і музыкі «Красачкі» выступаў не толькі ў сваім раёне, але і далёка за яго межамі. А вось узорны духавы аркестр акрамя таго, што нязменны ўдзельнік раён-
ных мерапрыемстваў, не раз выступаў на сцэнах розных філармоній, прыязна быў прыняты сталічнымі слухачамі.

У школе разам з філіялам у вёсцы Сошна працуюць 15 настаўнікаў. Цікава, што восем з іх з'яўляюцца выпускнікамі Парахонскай дзіцячай школы мастацтваў. Сёння абноўленай школе радуюцца педагогі, выхаванцы, іх бацькі і аднавяскоўцы, якія палюбілі канцэрты юных спевакоў, музыкантаў, танцораў.

Электронная ачыстка ягад

Прадпрыемства «Палескія журавіны», якое размешчана ў вёсцы Селішча, у многім унікальнае. Журавіны тут вырошчваюць каля 30 гадоў. А збор ураджаю, калі журавінавыя плантацыі запаўняюць вадой, ператвараючы ў чырвоныя азёры, заўсёды прываблівае фатографаў. Адмысловымі прыстасаваннямі — бонамі — чырвоныя ягады падцягваюць да месца збору. А трактар спецыяльным агрэгатам збівае журавіны, каб яны падняліся на паверхню вады. Карцінка сапраўды відовішчная, а работа на плантацыі — нялёгкая.

З гектара тут збіраюць да 30 тон буйнаплодных журавін. Прадпрыемства вырошчвае таксама буякі, рабіну, парэчкі чорныя, маліны, іншыя ягады, а таксама перапрацоўвае лясную вітамінную прадукцыю. Вялікая частка яе ідзе на экспарт. Дваццаць гадоў таму ўведзены ў строй бельгійскі нізкатэмпературны комплекс на тры камеры для адначасовага захоўвання каля 500 тон ягад. Але ж прадпрыемства развіваецца.

— Узвялі новы пункт сарціроўкі і перапрацоўкі ягаднай прадукцыі, — расказвае дырэктар ААТ «Палескія журавіны» Васіль ЛЯГУСКІ. — У гэтым вытворчым падраздзяленні будзе ажыццяўляцца поўны цыкл перапрацоўкі сыравіны ўласнай вытворчасці — ад уласна перапрацоўкі да ўпакоўкі. Запуск новага цэха дасць магчымасць павялічыць прыбытак, прыцягнуць новых партнёраў, выйсці на новыя рынкі збыту, як унутраныя, так і замежныя. У новым пункце сарціроўкі ўводзіцца ў эксплуатацыю машына па электроннай ачыстцы ягад з магутнасцю больш за восем тон у змену. Выкарыстанне ўстаноўкі, несумненна, палепшыць якасць прадукцыі. А гэта самае галоўнае, значыць, канкурэнтаздольнасць прадукцыі на рынку ўзрасце, і з'явяцца патэнцыяльныя магчымасці прыцягнуць новых партнёраў. У цэху таксама ўстаноўлена лінія па вытворчасці цукатаў (сушаных ягад) з магутнасцю выпуску больш за тону прадукцыі ў месяц. Лінія ўкамплектаваная замежным і айчынным абсталяваннем.

Дарэчы, на прадпрыемстве вырошчваюцца новыя культуры — айва японская, актэнідыя (міні-ківі), якія больш нідзе ў Беларусі не сустрэнеш. А тут іншаземцаў адаптавалі і прывучылі да нашых умоў. У новым цэху будзе перапрацоўвацца і гэтая прадукцыя. Дарэчы, свой вітамінны тавар «Палескія журавіны» прадаюць у Расію, Казахстан, дзевяць краін Еўропы і, вядома, спажыўцам Беларусі.

Фабрыка малака

Паспяховае сельгаспрадпрыемства ў сельскай мясцовасці — гэта рабочыя месцы, добрая зарплата, падтрымка сацкультбыту на вёсцы. Менавіта такім з'яўляецца флагман аграрнай індустрыі Піншчыны — ААТ «Парахонскае». У Пінскім раёне наогул адно з самых вялікіх у краіне пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Раён — другі ў Брэсцкай вобласці і чацвёрты ў Беларусі вытворца малака. Найбольшая доля малочнай прадукцыі ў гэтым складніку — з «Парахонскага».

— У нас па-ранейшаму самая высокая ў краіне шчыльнасць пагалоўя, — гаворыць дырэктар ААТ «Парахонскае» член Савета Рэспублікі Уладзімір ХРАЛЕНКА. — А ўвогуле алгарытм такі: дадаём зямлі — дабаўляем і жывёлу, адначасова падымаем прадукцыйнасць статка. Так і рухаемся крок за крокам, кожны год нарошчваем валавую прадукцыю прыкладна на 10 працэнтаў. Шмат будуем. Летась пачалі ўзводзіць малочнатаварны комплекс у вёсцы Дубнавічы, зараз ён гатовы да здачы. Новая фабрыка малака разлічана на дойны статак ў тысячу галоў. Устаноўлена тэхналагічнае абсталяванне даільнай залы шведскай вытворчасці. Увядзенне ў строй новага комплексу дазволіць атрымліваць да чатырох тысяч тон малака гатункам «экстра» ў год. Важна, што ствараецца 27 рабочых месцаў. Персанал ужо падабраны.

Аб'ект узведзены за кошт уласных сродкаў прадпрыемства з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў. Яго кошт склаў каля 12 мільё-
наў рублёў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.