Амаль 200 маленькіх жыхароў Петрыкава, што на Гомельшчыне, разам з бацькамі і педагогамі рыхтуюцца ладзіць наваселле ў цалкам адноўленым будынку ясляў-сада № 5. Адкрыццё ўстановы дашкольнай адукацыі прымеркавана да святкавання Дня Незалежнасці Беларусі.
Яслі-сад № 5 у Петрыкаве — самая буйная ўстанова дашкольнай адукацыі ў раёне. Гэта лідар па ахопу выхаванцаў і па
тэрыторыі. Тут таксама значная карысная плошча — дзве тысячы «квадратаў». Сёлета гэты петрыкаўскі садок адзначыў 40 гадоў свайго існавання.
Два гады таму было прынята рашэнне правесці капітальны рамонт тыпавога будынка і частковую мадэрнізацыю. Бо па выніках абследавання памяшканняў высветлілася, што ёсць праблемы з апорай сцен.
Падчас абнаўлення памяшканняў, згодна з праектам узмацнілі ўсе будаўнічыя канструкцыі. Акрамя таго, зрабілі тэрмарэнавацыю фасадаў, замянілі аконныя і вонкавыя дзвярныя блокі. Значную частку работ заняла і перакладка ўсіх унутраных інжынерных сетак. Пераклалі электрыку, сістэму ацяплення, водаправод, каналізацыю. Да таго ж у садку ўсталявалі новую аўтаматычную супрацьпажарную сістэму.
Са сродкаў абласнога бюджэту на ўсе работы па капітальным рамонце было выдаткавана амаль 1,7 мільёна рублёў і яшчэ 80 тысяч — на новую зручную гульнявую і спальную мэблю.
— Па праектнай магутнасці ахоп дашкольнай адукацыяй ва ўстанове разлічаны на 262 дзіцяці. Між тым у нас працуюць спецыяльныя групы, інтэграваная і лагапедычныя, у якіх па нормах павінна быць менш дзетак, таму садок звычайна наведваюць 200 дзяцей, — тлумачыць загадчык ДУА «Яслі-сад № 5 г. Петрыкава» Валянціна Зярнова. — Дагэтуль, напрыклад, ва ўстанове не было прыстасаваных памяшканняў для работы лагапедаў. Цяпер у спецыялістаў асобныя пакоі для заняткаў, вылучылі і вялікі гардэроб. У гаспадарчай частцы прыстасавалі памяшканне для вырабу святочных дзіцячых касцюмаў, — дадае Валянціна Ула-
дзіміраўна ды не хавае хвалявання і радасці за ўстанову, у якой працуе 36 гадоў:— Зрабілі вельмі зручны медыцынскі блок. Цяпер ёсць «ізалятар» для дзетак, якія адчулі сябе блага ці крыху захварэлі. Праз вялікае шкло ў пакоі медработнік зможа сачыць за дзецьмі. Раней было не так утульна і даволі нязручна распланавана гэтая тэрыторыя. Зрабілі рэканструкцыю памяшканняў харчблока: вылучылі асобныя цэхі для сырой і гатовай прадукцыі.
Значна абнавілі і добраўпарадкавалі тэрыторыю навокал: замянілі ўязныя вароты і брамкі, зрабілі адмосткі і водаадвядзенне, заасфальтавалі сцежкі.
— Вельмі парадаваў падыход будаўнікоў і да пракладання знешняга водаправода, — зазначае загадчык установы. — Зрабілі чатыры выхады воднай сеткі. Вельмі зручна мыць дзіцячыя цацкі пасля прагулак, паліваць кветнікі і саджанцы. Усё квітнее і кажа «дзякуй!».
Цяпер на тэрыторыі размясціліся прывабныя ценявыя навесы, новыя гульнявыя комплексы, элементы малых архітэктурных формаў. Цікавае рашэнне будаўнікі прымянілі да афарбоўкі і ўпрыгожвання малюнкамі фасадаў будынка.
У тэму
Сёлета ў Мазыры пачнецца будаўніцтва дзіцячага садка на 350 месцаў. Комплекс будынкаў будзе ўключаць адміністрацыйны корпус і восем дзвюх- і трохпавярховых блокаў для груп. Некаторыя з іх злучаць пераходныя галерэі, а вітражныя вокны ўпрыгожаць лесвічныя пралёты. Па перыметры ўсёй тэрыторыі размесцяцца гульнявыя пляцоўкі, зялёныя зоны, прадугледжаны невялікая аквазона, а таксама спартыўныя пляцоўкі з бяспечным мяккім пакрыццём.
У аграгарадку Ліцвінавічы Кармянскага раёна з апярэджаннем графіка працягваецца будаўніцтва школы. Па праекце тэрмін здачы гэтага сацыяльна значнага аб'екта меркаваўся на 8 лістапада. Аднак падрадная арганізацыя — ААТ «Будаўнічы трэст № 14» — узяла на сябе абавязацельства выканаць усе работы і здаць школу пад ключ да 1 верасня. Будаўніцтва вясковай школы — на асобым кантролі старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя.
У Гомелі ў канцы лета плануюць адкрыць пасля рэканструкцыі басейн СДЮШАР № 7. Аб'ект інфраструктуры, у якім вывучыліся плаваць і ставіць рэкорды шматлікія выдатныя спартсмены, быў пабудаваны ў 1978 годзе. У 2018-м пры правядзенні абследавання выявіліся парушэнні канструктываў, басейн закрылі на рэканструкцыю. Перад будаўнікамі паставілі задачу замяніць перакрыцці, вентыляцыю, абліцоўку чашы басейна. Яго даўжыня 25 метраў, а максімальная глыбіня — 4,6 метра. Мантажныя работы і замена перакрыццяў практычна завершаны. Цяпер — час аздаблення.
Між тым да 3 ліпеня ў Гомелі плануецца ўвесці ў эксплуатацыю басейн на вуліцы Партовай — адну з найлепшых навучальна-трэніровачных баз абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву ў Гомельскай вобласці.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.
На прасторах яе вялікасці кнігі.