Вы тут

Сенатар Сяргей Рачкоў: Час экспарцёрам скарыстацца «акном новых магчымасцяў»


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў расказаў аб звязаных з пандэміяй эканамічных наступствах і шляхах іх мінімізацыі для арыентаваных на экспарт прадпрыемстваў, ролі Савета Рэспублікі і мясцовых органаў улады ў садзейнічанні стварэнню новых высокатэхналагічных прадуктаў, брэндаў, далейшай дыверсіфікацыі беларускага экспарту ў свеце, як па наменклатуры тавараў, так і па яго геаграфіі.


— Наколькі рэальныя, вартыя ўвагі прагнозы і высновы наконт чарговага глабальнага крызісу. Маўляў, мы зноў апынуліся перад пагрозай як у 2008—2009 гадах. Такія размовы маюць пад сабой глебу ці гэта «страшылкі» экстравагантных эканамістаў і палітолагаў?

— Сусветныя эканамічныя крызісы адбываюцца нярэдка, іх частата і перыядычнасць абумоўлены многімі фактарамі. Не заўсёды яны выкліканы фінансава-эканамічнымі прычынамі, як, напрыклад, крызіс 2008—2009 гадоў. Як правіла, з улікам узроўню развіцця сучаснай эканамічнай навукі і інфармацыйных тэхналогій шматлікія крызісныя эканамічныя з'явы можна з пэўнай ступенню верагоднасці прадбачыць і пралічыць.

Цяпер відавочна, што пандэмія каранавіруснай інфекцыі становіцца каталізатарам новага глабальнага эканамічнага крызісу, які ў цэлым стаў нечаканым для ўсіх краін свету і пакуль складана прагназаваным па сваіх наступствах. Гэты крызіс супаў і з часткова таксама справакаваным сур'ёзным крызісам нафтавага рынку.

На маю думку, трыгерам крызісу, які паступова насоўваецца на планету, стала, перш за ўсё, рэакцыя ўладаў большасці дзяржаў на распаўсюджванне COVІD-19. Гэтыя краіны ўвялі каранцін, што прывяло да закрыцця межаў, спынення авіяпералётаў і транспартных зносін, прыпынення работы многіх прадпрыемстваў і парушэнняў лагістычных ланцужкоў. У выніку — сур'ёзнае падзенне попыту і зніжэнне прапановы тавараў і паслуг.

Першы пад удар антыкаранавірусных дзеянняў, па зразумелых прычынах, трапіў Кітай. Пасля трох дзесяцігоддзяў няспыннага росту эканоміка КНР упершыню сышла ў мінус — спад за першыя тры сёлетнія месяцы склаў 6,8 %. Негатыўныя наступствы распаўсюджвання COVІD-19 адчуваюць і іншыя дзяржавы: прагназуецца рэцэсія найбуйнейшых эканомік свету: ЗША, Японіі, Германіі, Францыі.

— Наколькі глыбокі, на ваш погляд, будзе гэты крызіс?

— Адназначна сказаць практычна немагчыма. Бо спрагназаваць усе фактары, якія паўплываюць на сусветнае эканамічнае развіццё ў постэпідэміялагічны перыяд, вельмі цяжка. Аднак эканамічных Настрадамусаў цяпер шмат. Не выключаю таксама, што асобныя апакаліптычныя прагнозы ўкідваюцца буйнымі гульцамі наўмысна для аказання ціску на фінансавыя і таварныя рынкі з мэтай атрымання звышпрыбыткаў. Прыклады ўжо ёсць: па звестках амерыканскага Інстытута палітычных даследаванняў (ІPS), на фоне страты амаль 43 мільёнамі амерыканцаў сваіх рабочых месцаў, сукупнае багацце мільярдэраў ЗША за тры месяцы пандэміі павялічылася на 565 мільярдаў долараў!

Мой асабісты падыход да прагнозаў: варта ў большай ступені арыентавацца на ацэнкі вядучых міжнародных эканамічных арганізацый, якія валодаюць неабходнымі аб'ёмамі даных і дзе працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Паводле прагнозу МВФ, у 2020 годзе сусветная эканоміка можа знізіцца на 3 %. Беларусь, на жаль, наступствы гэтага глабальнага спаду бокам не абыдуць. Нават нягледзячы на тое што беларускія ўлады не ўводзілі каранцін і не спынялі работу прадпрыемстваў. Нагадаю, беларуская эканоміка з'яўляецца экспартна арыентаванай, мае высокую ступень адкрытасці і, адпаведна, у значнай меры ўключана ў глабальныя эканамічныя адносіны. Экспарт складае больш за палову ВУП нашай краіны.

— І ўсё ж у якой ступені можа закрануць нас эканамічны спад?

— У многім развіццё Беларусі будзе залежаць ад хуткасці аднаўлення эканамічнай актыўнасці і знешнегандлёвай дзейнасці ў нашых вядучых краінах-партнёрах: Расіі, Кітаі, Украіне, краінах ЕС. Адначасова нам неабходна зрабіць крокі па скарачэнні магчымага негатыўнага ўздзеяння знешніх фактараў на сваю эканоміку, ажыццяўляць мэтанакіраваныя захады па стымуляванні знешнеэканамічнай дзейнасці прадпрыемстваў і кампаній, скарачаць выдаткі вытворчасці, павышаць якасць экспартнай прадукцыі і яе цэнавую канкурэнтаздольнасць.

Важную ролю ў забеспячэнні эфектыўнасці экспарту ўсё больш адыгрывае кошт дастаўкі тавару: чым карацейшае так званае плячо, тым таннейшая транспарціроўка грузу і вышэйшая верагоднасць збыту тавару. Заўважу, што айчынная транспартная інфраструктура, якая гістарычна склалася, ужо з'яўляецца недастатковай для транзіту экспартных тавараў праз тэрыторыю нашай краіны.

Каб больш актыўна дыверсіфікаваць экспартныя пастаўкі, знізіць у тым ліку пэўную лагістычную залежнасць ад некаторых краін, важна ў перспектыве сфарміраваць моцную інфраструктурную вось па лініі Поўнач—Поўдзень, пашырыць прапускную здольнасць чыгуначных і аўтамабільных шляхоў у напрамку буйных партоў і іншых транспартных вузлоў. Гэта не толькі павысіць ролю і значэнне Беларусі як транзітнай дзяржавы, але і забяспечыць нашых экспарцёраў аптымальнымі маршрутамі транспарціроўкі тавараў.

— На нядаўнім пасяджэнні секцыі навукова-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі на тэму падтрымкі экспарту беларускіх тавараў і паслуг ва ўмовах сучасных выклікаў, якое было ініцыявана вашай Пастаяннай камісіяй, вы казалі пра «акно новых магчымасцяў» для айчыннай эканомікі. Што канкрэтна вы мелі на ўвазе?

— Тут трэба мець на ўвазе, што любы сусветны эканамічны крызіс як мае негатыўныя наступствы, так і дае магчымасці для геаграфічнай дыверсіфікацыі экспарту тавараў і паслуг. Ён таксама дае штуршок для нарошчвання выпуску пэўнага віду прадукцыі павышанага попыту на канкрэтных рынках. Такое «акно магчымасцяў» можа адкрыцца і ў асобна ўзятай краіне, якая часова перажывае пэўныя эканамічныя цяжкасці ў выніку наступстваў, напрыклад, палітычнай турбулентнасці. Як гэта, напрыклад, было ў краінах пад уздзеяннем падзей «арабскай вясны».

У такі час многія замежныя кампаніі, як правіла, прыпыняюць сваю дзейнасць або зусім сыходзяць з рынку нестабільнай краіны з-за высокіх палітычных і фінансавых рызык. Тым самым адкрываюцца новыя экспартныя «нішы», якія могуць і павінны запоўніць беларускія тавары і паслугі. Але тут нашым вытворцам варта распачаць актыўныя дзеянні па прасоўванні сваіх знешнегандлёвых інтарэсаў. Скажам, беларускіх прадуктаў харчавання.

Як вядома, наша краіна ў лідарах вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі сярод краін СНД. Таму бягучы момант на сусветным харчовым рынку, калі ў многіх краінах назіраецца скарачэнне сельскагаспадарчай вытворчасці з-за пандэміі, важна выкарыстаць як для пашырэння геаграфіі паставак, так і для нарошчвання аб'ёмаў экспарту харчовай прадукцыі.

Беларусь мае распрацоўкі важных лекаў і медыкаментаў, у тым ліку антыбіётыкаў і прэпаратаў для лячэння анкалагічных захворванняў. Да іх праяўляюць вялікую цікавасць некаторыя краіны «далёкай дугі». Гэта яшчэ адно «акно магчымасцяў» для нашых удзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці.

Уведзеныя многімі краінамі абмежаванні стымулявалі развіццё рынку асобных відаў паслуг. Мы павінны больш актыўна задзейнічаць наш ІT-сектар і тым самым істотна павялічыць экспарт тых лічбавых паслуг, попыт на якія выклікала эпідэмія. Чаму б не стварыць нацыянальную поўнафункцыянальную лічбавую інтэграваную платформу знешнегандлёвай дзейнасці? Яна дапамагла б прасоўваць нашы тавары на замежныя рынкі сучаснымі метадамі.

Характэрная асаблівасць экспарту Беларусі — адносна недарагія транспартныя, будаўнічыя і іншыя паслугі, якія звязаныя з паездкамі ў нашу краіну. Назіраецца рост цікавасці да нашых тэлекамунікацыйных, камп'ютарных і інфармацыйных паслуг. Іх асноўнымі спажыўцамі з'яўляюцца плацежаздольныя краіны ЕС.

— А калі неўзабаве зноў грымне глабальны крызіс, то што ён знясе ў нас у першую чаргу? Відаць, тыя прадпрыемствы, якія выпускаюць састарэлую і неканкурэнтаздольную прадукцыю. Адсюль і пытанне: што сёння можа і павінна рабіць у рэгіёнах мясцовая ўлада, каб стымуляваць экспартную актыўнасць сярэдніх і малых прадпрыемстваў?

— Калі адказаць лаканічна і ў стылістыцы вашага пытання, то кожны сусветны крызіс можа знесці неэфектыўныя вытворчасці і неэфектыўных менеджараў. Хутчэй за ўсё, гэта можа адбыцца і без глабальнага крызісу ў сілу разгортвання жорсткай канкурэнцыі за рынкі. Выклікам для нашых вытворцаў з'яўляюцца не толькі наступствы пандэміі, але і нарастанне канкурэнтнай барацьбы за рынкі збыту. Каб не прайграць, важна задзейнічаць усе магчымыя рэсурсы як вялікага, так і сярэдняга і малога бізнесу для вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю.

Сёння важна актывізаваць рэгіянальную экспартную дзейнасць. Падтрымліваю меркаванне старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай аб неабходнасці працаваць над раўнамерным развіццём рэгіёнаў нашай краіны. У цэлым гэтаму пытанню трэба аддаць асаблівую ўвагу ў наступнай пяцігодцы. Нарошчванне знешнегандлёвай дзейнасці можа і павінна садзейнічаць вырашэнню гэтай задачы і стаць адным з драйвераў эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Аднак пакуль асноўны ўнёсак у экспарт Беларусі робяць сталіца і Мінская вобласць.

Магчыма, варта ўзмацніць міжнародную спецыялізацыю рэгіёнаў і гарадоў з улікам іх канкурэнтных пераваг, перш за ўсё ў частцы экспарту навукаёмістай і складанай тэхнічнай прадукцыі, дзелавых, турыстычных і адукацыйных паслуг. Станоўчы вопыт рэгіёнаў ужо набыты ў экспарце высокатэхналагічных тавараў: аптычнай і вымяральнай апаратуры, фармацэўтычнай і электратэхнічнай прадукцыі.

Вельмі важна выключыць канкурэнцыю на знешніх рынках паміж беларускімі вытворцамі аднатыпнай прадукцыі, напрыклад, тралейбусамі МАЗа і «Белкамунмаша», трамваямі «Штадлер-Беларусь» і «Белкамунмаша», сельскагаспадарчым навясным і прычапным абсталяваннем некаторых прадпрыемстваў. Мясцовыя органы ўлады могуць засяродзіцца на інфармацыйна-арганізацыйнай падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу, паколькі галоўная праблема экспарту іх прадукцыі — невялікія партыі паставак, недахоп інфармацыі і слабыя фінансавыя магчымасці для арганізацыі вывучэння кан'юнктуры рынку.

— Развіццё экспартнага патэнцыялу краіны ў новых умовах запатрабуе і новых падыходаў, у тым ліку, магчыма, і заканадаўчых ініцыятыў з боку парламента. Чаго можна, у гэтым выпадку, чакаць ад членаў Савета Рэспублікі?

— Паспяховасць экспартнай дзейнасці шмат у чым вызначаецца ўмовамі, якія забяспечваюцца законамі і нарматыўнымі прававымі актамі — яны рэгулююць парадак экспарту тавараў і паслуг. У нашай краіне ў цэлым створана спрыяльнае прававое асяроддзе для развіцця экспартнага патэнцыялу прадпрыемстваў, яно пастаянна ўдасканальваецца і паляпшаецца.

Падчас дыскусіі экспертаў у Савеце Рэспублікі было прапанавана, напрыклад, падоўжыць тэрмін дзеяння Указа Прэзідэнта ад 24 верасня 2009 года № 466 на 2021—2025 гады і павялічыць памер кампенсацыі часткі працэнтаў па крэдытах і лізінгавых плацяжах за кошт сродкаў бюджэту да ўзроўню ставак рэфінансавання, устаноўленых у дзяржавах, на тэрыторыі якіх рэалізуецца прадукцыя беларускіх вытворцаў.

На рэгулярнай аснове прымаюцца змены ў нарматыўна-прававыя акты, якія даюць больш магчымасцяў «Банку развіцця Рэспублікі Беларусь» для падтрымкі экспарту беларускіх тавараў і паслуг.

Прывяду прыклад. Сёлета ў красавіку—маі Саветам Рэспублікі было адобрана 37 законапраектаў, 17 з якіх спрыяюць развіццю знешняга гандлю і экспарту беларускіх тавараў і паслуг. Будзем працягваць аптымізаваць заканадаўства ў сферы падтрымкі экспарту з улікам сусветнай практыкі і функцыянавання беларускай мадэлі эканомікі.

Акрамя традыцыйных формаў эканамічнай дыпламатыі, мэтазгодна максімальна задзейнічаць патэнцыял парламентарыяў для рэалізацыі міждзяржаўных дамоўленасцяў, дасягнутых на вышэйшым і высокім узроўнях у частцы прасоўвання знешнеэканамічных інтарэсаў Беларусі ў краінах «далёкай дугі». У рамках розных візітаў беларускіх сенатараў за мяжу, пасяджэнняў міжпарламенцкіх камісій вядзецца пастаянны маніторынг выканання планаў, пратаколаў і «дарожных картаў» эканамічнага супрацоўніцтва.

У Савеце Рэспублікі створаны рабочыя групы па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў, кіраўнікі якіх рэгулярна ўдзельнічаюць у пасяджэннях двухбаковых міжурадавых камісій па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і па магчымасці садзейнічаюць прасоўванню беларускіх тавараў і паслуг у краіны-партнёры.

Падрыхтаваў Леанід Лахманенка

Фота Яўгена Пясецкага

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.