Вы тут

Гісторыя аднаго ліста


Я вельмі добра памятаю, як разбіралася па тым адчайным лісце, што прыйшоў у рэдакцыю, хоць з таго часу мінуў і не адзін год. Памятаю нават, калі ездзіла да аўтаркі ў яе непрытульную трохпакаёўку на Ангарскай, — першага верасня. Запомнілася, бо занадта вялікі, як бездань, быў кантраст паміж тым, што ўбачыла ў тым самотным жытле, і гаваркімі чародкамі прыбраных дзяцей, што ішлі насустрач з першай лінейкі, калі я вярталася.


Наталля, саракагадовая жанчына, змарнелая і схуднелая, амаль уся сівая, выглядала гадоў на шэсцьдзясят. Жыла яна ў той кватэры з васямнаццацігадовым сынам — сваёй самай вялікай любоўю і самай вялікай бядой. Хлопец быў цяжкім інвалідам — алігафрэнія і разумовая адсталасць былі не адзінымі яго дыягназамі. Пры гэтым у свае васямнаццаць ён быў вельмі рослы і дужы — і гэта прытым, што быў зусім некіраваны і не размаўляў. Пакуль мы з яго маці гаварылі, ён сядзеў у іншым пакоі, надзейна прывязаны ёй да крэсла, і нешта неразборліва мармытаў.

А Наталля як на споведзі расказвала пра сваё нялёгкае жыццё. Пра тое, як нарадзілася і вырасла ў бараку ў Трактаразаводскім пасёлку. Як марыла вырвацца адтуль, паступіць у інстытут. Як паступіла, атрымала дыплом настаўніцы. Як закахалася ў хлопца, які ўсім, здавалася, быў добры, толькі любіў выпіць. Як разам з бацькамі атрымалі нарэшце трохпакаёвую кватэру, як радаваліся наваселлю і таму, што ў маладой сям'і хутка з'явіцца дзіця. Як п'яны муж аднойчы збіў яе, ужо на шостым месяцы цяжарнасці, на горкі яблык, як даравала і не стала заяўляць y міліцыю. Як нарадзіўся сын, колькі было ва ўсіх радасці, як наладжвалася жыццё. Як, калі малому было два гады, стала заўважна, што з развіццём не ўсё ў парадку, як у чатыры гады ўрачы вынеслі канчатковы вердыкт: лепш не будзе, хутчэй наадварот. Як муж зноў пачаў піць, а пасля вельмі хутка зліняў з сям'і. Як адно за адным ад невылечнай хваробы згарэлі бацькі, як нечакана для сябе самой засталася зусім адна з хворым дзіцем на руках. Як вымушана была сысці з работы, як падарвала здароўе, як улезла ў даўгі, перастала плаціць за кватэру, як ёй за няўплату адключылі электрычнасць і пагражаюць адключыць ваду і газ. Як нехта са знаёмых параіў звярнуцца са сваёй бядой у нашу газету...

Наталля была ахвярай хутчэй уласнай сціпласці і сляпой мацярынскай любові. Сына яна не аддала ў інтэрнат, хоць урачы настойліва раілі. Па дапамогу нікуды не звярталася — яна ўвогуле старалася, каб сацыяльныя службы пра яе забылі, бо баялася, што зноў паўстане пытанне аб адпраўцы сына ў інтэрнат. Сама па ўрачах не хадзіла — а раптам у бальніцу, а што тады з сыночкам? Ціха жыла, як жылося, пакуль атрымлівалася...

Пра ўсё гэта я падрабязна і эмацыянальна напісала вялікі матэрыял у газеце. Яго нават не трэба было нікуды пасылаць на рэагаванне — дапамога прыйшла адразу. Мінскі гарвыканкам тут жа спісаў жанчыне ўсе даўгі за камуналку — а былі яны па тым часе не малыя, дапамог з нарыхтоўкай агародніны на зіму, паспрыяў з медаглядам і лячэннем ёй і сыну. Тагачасны старшыня Мінскага аблвыканкама Мікалай Дамашкевіч, прачытаўшы матэрыял, распарадзіўся з адпаведнага фонду выдзеліць Наталлі дапамогу ў мільён рублёў (на пачатку двухтысячных — вялікія грошы). Званілі чытачы, пыталі, як ёй дапамагчы. Нават калегі ў рэдакцыі прыносілі грошы з просьбай: перадай...

Я проста ціха радавалася, бо фактычна выканала адну з галоўных журналісцкіх задач — дапамагла чалавеку ў вырашэнні яго праблемы. Але маю радасць азмрочыў званок Наталлі, якая расказала, што, даведаўшыся пра яе гісторыю з нашай газеты, ёй праз дзень пазванілі з адной незалежнай радыёстанцыі. І яна (у іх беднай кватэры не было нават маленькага радыёпрыёмніка, таму яна не ведала, што за радыёстанцыя) па тэлефоне расказала таму журналісту тое, што расказвала мне, — бы на споведзі... І ніякай праблемы б у тым не было, калі б не адбывалася ўсё гэта напярэдадні вялікай палітычнай кампаніі ў краіне. І я ўпэўнена ведала, пад якім «соусам» калегі пададуць той матэрыял: маўляў, паглядзіце, што робіцца пры гэтай уладзе...

Вялікай бяды я ў тым не бачыла — аб'ектыўную праўду мы напісалі першыя, але было крыўдна за прадстаўнікоў той жа ўлады, якія адгукнуліся вельмі хутка і па-чалавечы, як толькі даведаліся аб праблеме, і якіх збіраліся паліваць брудам у эфіры. Таму пачала тэлефанаваць рэдактару беларускай службы той радыёстанцыі, з якім была знаёмая, і паспрабавала растлумачыць, што і як адбываецца на самай справе (бо яго журналіст нават не паклапаціўся з'ездзіць туды, усе рабілася па тэлефоне). Вы думаеце, шаноўны калега прыслухаўся? Сюжэт ужо назаўтра выйшаў у эфір. Менавіта ў той танальнасці, пра якую я здагадвалася.

Верхам цынізму ва ўсёй гэтай гісторыі быў адказ аўтара таго сюжэта яго гераіні. Калі Наталля, даведаўшыся, як была пададзена яе гісторыя, яму патэлефанавала і спыталася: «Вось вы мне напаскудзілі, а чым вы мне можаце дапамагчы?» — ён зухавата адказаў: «Канешне, дапаможам. Калі вас будуць высяляць з кватэры за няўплату, я прыеду, зраблю сюжэт...»

Тады ён са сваёй «дапамогай» дзякуючы добрым спагадлівым людзям не дачакаўся. Не запісаў, небарака, сюжэт, не атрымаў ганарар. Але тады так не быў развіты інтэрнэт, не было сацыяльных сетак. У цяперашніх умовах яму б і ехаць нікуды не давялося з мікрафонам. Проста кінуў бы ў тэлеграм-канале штосьці кшталту: «Мінскія ўлады выкідваюць на вуліцу жанчыну з сынам-інвалідам». І ўсё — навіна, хайп, абураныя каментарыі, новыя падпісчыкі. Так заманліва, так крута, так у нагу з часам. Аб'ектыўнасць і сумленне? А хто сказаў, што яны ў журналістыцы абавязковыя?

Гэта тэхналогіі ў лепшы бок мяняюцца. А людзі... На жаль, кожны дзень пераконваешся ў адваротным.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: onliner.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.