Вы тут

Чаго хочуць жанчыны? Быць паспяховымі!


Тэма жаночай занятасці і жаночага прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці сёння значыцца ў ліку найбольш актуальных. Перш за ўсё таму, што менавіта на жаночай ініцыятыве грунтуецца будучыня сельскага турызму і народных рамёстваў. Многія краіны Еўропы ўжо прайшлі гэты шлях, і мы маем цяпер масу прыкладаў і мадэлей развіцця. Але нават самы лепшы замежны вопыт трэба здолець ажыццявіць у нашых умовах, напоўніць мясцовым зместам. А для гэтага трэба знайсці ініцыятыўных жанчын і падтрымаць іх памкненні.

Мінулай восенню быў заяўлены сацыяльны праект «Падтрымка жанчын у фермерстве, агратурызме і рамесніцтве», рэалізуюць яго грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы» ў партнёрстве з Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам пры фінансавай падтрымцы «The Coca-Cola Foundation». Больш за 400 жанчын Берасцейшчыны прайшлі бізнес-навучанне і атрымалі індывідуальныя кансультацыі. Трэнінгі адбыліся ў Брэсце, Маларыце, Камянцы, Кобрыне, Баранавічах, Пінску. Тэарэтычная частка праекта ўключала дасканалае знаёмства з юрыдычнымі і фінансавымі аспектамі. На вэбінарах закраналіся такія тэмы, як «Гісторыя беларускай кухні», «Мясцовыя гастранамічныя брэнды», «Сацыяльныя сеткі як інструмент прасоўвання бізнесу», «Сакрэты шляху да поспеху маленькімі крокамі» і інш.

А потым сярод удзельніц быў праведзены конкурс бізнес-ініцыятыў. Аргкамітэт атрымаў 89 заявак, з іх выбраны 50 лепшых. Прадстаўленыя праекты былі крэатыўнымі і разнастайнымі: ад лялечнага тэатра — батлейкі, сямейнай зефірнай майстэрні, міні-пякарні да гадоўлі паўлінаў, нарыхтоўкі мёду з хваёвых шышак або снэкаў з гарбузоў. Рэалізацыя праектаў ужо пачалася, у верасні плануецца ўбачыць некаторыя вынікі. Аўтары найлепшых бізнес-ініцыятыў атрымалі фінансаванне на набыццё абсталявання і расходных матэрыялаў для станаўлення ўласнага бізнэсу.

Каментарыі

Ірына Федчыкнамесніца старшыні Камітэта па працы і сацыяльным забеспячэні Брэсцкага аблвыканкама:

— Праект вельмі патрэбны і актуальны. Хочацца падзякаваць арганізатарам за змястоўныя трэнінгі па асноўных аспектах самазанятасці. Радуе, што жанчыны нашай вобласці праявілі столькі актыўнасці. І як вынік — 50 цікавых, грунтоўных бізнес-ініцыятыў, якія абапіраюцца на мясцовую культуру і рэгіянальныя асаблівасці. Спадзяюся, што гэты конкурс для многіх удзельніц стане пачаткам паспяховай прадпрымальніцкай і рамеснай дзейнасці, паспрыяе пашырэнню паслуг у сферы сельскага турызму.

Валерыя Кліцунова, старшыня БГА «Адпачынак у вёсцы»:

— Не сакрэт, што ў сельскага турызму — жаночы твар. Наш праект накіраваны на прасоўванне магчымасцей жанчын па ўдзеле іх у прадпрымальніцтве, на прыцягненне іх да заняткаў традыцыйнымі рамёствамі і нацыянальнай кухняй, што ў выніку будзе спрыяць павелічэнню даходу іх сем'яў. Вельмі ўдзячная ўсёй нашай камандзе, нашаму галоўнаму партнёру —- Брэсцкаму аблвыканкаму, нашаму спонсару — дабрачыннаму фонду «The Coca-Cola Foundation». Наша зладжаная праца — гэта ключ да поспеху. І, вядома, мяне вельмі радуюць сельскія жанчыны, для якіх праект быў задуманы. Яны прадэманстравалі сапраўдны запал, ім вельмі важна ўсе свае ідэі ажыццявіць, здзейсніць задуманае. Няхай жа ў нашых удзельніц з'явіцца любімая справа, якая будзе прыносіць ім творчае задавальненне, а яшчэ карысць сям'і і грамадству.

  • ВОПЫТ

Імя кобрынскай краўчыхі і дызайнера Марыны Баніфацьевай вядомае сёння не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Матушка Марына — жонка настаяцеля царквы Святога Іаана Прадцечы, што ў аграгарадку Хідры Кобрынскага раёна. Яе сённяшні дызайнерскі поспех пачаўся амаль 20 гадоў таму з царкоўнага шыцця — а менавіта, з жадання прыгожа апрануць мужа для набажэнстваў. Уборы айца Андрэя спадабаліся іншым святарам, матушка стала шыць вопратку таксама і для іх, асвоіла вышыўку ў розных тэхніках. Нават і ўявіць не магла, чым можа скончыцца яе ініцыятыва. Зараз расшытае матушкай Марынай царкоўнае адзенне можна ўбачыць у праваслаўных храмах Расіі, Украіны, Польшчы, Эстоніі, Германіі, Італіі, Швейцарыі, Канады, ЗША.

Затым Марына Баніфацьева пачала шыць і ўпрыгожваць вышыўкай у народным стылі жаночыя сукенкі, спадніцы, кашулі. Першы час яна апранала выключна ўдзельнікаў мастацкіх калектываў. Але нечакана змянілася мода — і з'явілася цікавасць да такой самабытнай вопраткі ў звычайных жанчын. Марына ўжо цудоўна валодала майстэрствам шыцця і аздаблення рознага адзення, яна стала выпускаць свае аўтарскія калекцыі, прымаць удзел у модных паказах. Была адзначана дыпломам на Беларускім тыдні моды. «Галоўнае — верыць у свае сілы, не баяцца пачынаць сваю справу ў любым узросце», — дзялілася падчас бізнес-трэнінгу асабістым вопытам майстар.

 

 

ТОП-10 лепшых бізнес-праектаў

1. Зоя Неліповіч, гаспадыня аграсядзібы «Калінка-2», жыве ў вёсцы Голы Барок, дзе на аднаго жыхара прыпадае 5 пчаліных сем'яў. У апошнія гады пчолы часта гінуць з-за выкарыстання хімікатаў на палях, а якасць белавежскага мёду пагаршаецца. Таму Зоя прапанавала высадзіць у кожным двары «дрэва ХХI стагоддзя» — паўлоўнію. Гэтая расліна вядомая тым, што стварае экалагічны баланс. Буйное лісце добра чысціць паветра ад выхлапных газаў і іншых шкодных рэчываў, а каранёвая сістэма здольная паглынаць значную колькасць хімікатаў і цяжкіх металаў, чысцячы ад іх глебу. Паўлоўнія лічыцца адным з самых хуткарослых дрэў у свеце, за год вырастае на 3-5 метраў, акрамя ўсяго мае буйную крону і вельмі меданосную квецень. Лічыцца, што адно дрэва замяняе 1 га пасяўных меданосных траў; яно квітнее 1,5 месяца, а якасць мёду з паўлоўніі канкурыруе з акацыевым мёдам. Драўніна паўлоўніі вельмі лёгкая і трывалая, з прыгожым малюнкам і прыемным серабрыста-карычневым колерам, валодае выдатнымі акустычнымі ўласцівасцямі — з яе вырабляюць музычныя інструменты, спартыўны інвентар, а таксама звыштонкі шпон таўшчынёй з газетную паперу. Вынік ініцыятывы — стварыць цэнтр па вырошчванні культуры паўлоўніі ў Белавежы. Высадзіўшы дрэвы-меданосы, Зоя марыць ператварыць вёску Голы Барок у квітнеючы рай — прывабны для турыстаў, дзе слоічак паўлоўніевага мёду будзе візітоўкай і выдатным сувенірам для гасцей.

2. Наталля Лімарэнка з аграгарадка Турна Вялікая, што ў Камянецкім раёне, збіраецца адкрыць вытворчасць крэм-мёду «Мроя» па канадскай тэхналогіі з даданнем вырашчаных на ўласным участку ягад, садавіны і гародніны. Мэта гэтай ініцыятывы — выраб мясцовых экалагічна чыстых прадуктаў. Крэм-мёд — гэта натуральны харчовы прадукт, які атрымліваецца пры доўгім ўзбіванні пчалінага мёду, па жаданню – з дабаўленнем раслінных выцяжак. У выніку такога тэхналагічнага працэсу атрымліваецца лёгкая пластычная кансістэнцыя, а пры захоўванні крэм-мёд не зацукроўваецца.

3. Алена Бандарэвіч з Лунінецкага раёна плануе распачаць вытворчасць дамашняга зефіру на аснове натуральных інгрэдыентаў з уласнага саду і з дабаўленнем прыродных кампанентаў. Ключавымі канкурэнтнымі перавагамі яе прадукту з'яўляюцца не толькі натуральнасць, але і разнастайнасць формы вырабаў. Да прыкладу, мяркуецца вырабляць зефірныя кветкі і букеты з іх. Будзе развівацца такі крэатыўны накірунак, як зефірная фларыстыка. Ужо сёння выконваюцца заказы на ружы з зефіра, ласункавы бэз і кампазіцыі з некалькіх салодкіх кветак. Акрамя таго, што будзе папаўняцца асартымент, гаспадыня стварае ўласныя варыянты рэцэптуры.

4. Ларыса Быцко, гаспадыня сядзібы «Стулы», ужо добра вядомая тым, хто цікавіцца беларускай народнай творчасцю. Дзякуючы Ларысе ў вёсцы Стойлы пабудаваны культурна-адукацыйны цэнтр, дзе можна навучыцца традыцыйным рамёствам, там часта праводзяцца майстар-класы, праходзяць фальклорныя святы. На гэты раз жанчына выступіла з новай ініцыятывай: стварыць адметную турыстычную візітоўку вёскі, і гэта будзе лялечны спектакль-батлейка пад назвай «Прыгоды ката Самі ў Белавежскай пушчы». Для ажыццяўлення ініцыятывы ёсць пэўны вопыт: на аграсядзібе ставяцца сямейныя батлеечныя спектаклі, напрыклад, традыцыйны калядны «Цар Ірад» або «Палеская батлейка», спектакль на заходне-палескім дыялекце. Новая п'еса — пра гісторыю і ўнікальнасць Белавежскай пушчы. «Прыгоды ката Самі…» разлічаны на цікаўных турыстаў, спектакль будуць дапаўняць экскурсія-квэст, майстар-клас па традыцыйных рамёствах і дэгустацыя страў рэгіянальнай кухні.

5. Наталля Зямлянік, гаспадыня сядзібы «Лясная», распрацавала некалькі экалагічных маршрутаў па Белавежскай пушчы. А новую ініцыятыву прысвяціла адраджэнню бабуліных рэцэптаў дамашняга варэння, вяртанню даўніх спосабаў нарыхтоўкі ягад і грыбоў. Перш за ўсё, гэта натуральная сушка грыбоў і ягад па старадаўніх тэхналогіях. А яшчэ — нарыхтоўка варэння з хваёвых шышак (сасновы мёд) і рэалізацыя лясной прадукцыі ў выглядзе прыгожа аформленых сувеніраў. Усё гэта спрыяе развіццю мясцовага турыстычнага рынку.

6. Зоя Нікалайчык з Баранавіцкага раёна назвала свой праект «Лапікавая мазаіка ў сучасным інтэр'еры». Яна займаецца шыццём разнастайных вырабаў у лапікавай тэхніцы для дому і хатняй утульнасці, яе ініцыятыва спрыяе самазанятасці і развіццю жаночага сямейнага бізнесу.

7. Людміла Недашкоўская, гаспадыня аграсядзібы «Куфрынка», прадметам сваёй новай справы выбрала добра вядомы здаўна на Беларусі гарбуз. Яе мэта — павялічыць пасадкі гэтай гародніны, зрабіць вёску «гарбузовай сталіцай» і тым самым прыцягнуць у рэгіён турыстаў, што дапаможа мясцовым жыхарам палепшыць сваё жыццё.

Гарбуз вельмі яркі, прыгожы знешне, і гэта таксама вельмі карысны і каштоўны прадукт, які ўтрымлівае шмат мікраэлементаў і вітамінаў. Разнастайныя старадаўнія і сучасныя стравы з гарбуза стануць асноўным ласункам для турыстаў. Акрамя таго, госці змогуць паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе лялек-абярэгаў. Сярод іншых «фішак» праекта — дэгустацыя гарбузовага хлеба проста з печы, на які прапануецца намазаць гарбузовы джэм і запіць усё гарбатай з кавалачкамі вяленага гарбуза.

8. Ала Сапяжынская з Кобрынскага раёна збіраецца заняцца вырабам эка-снэкаў. Гэты карысны экалагічна чысты прадукт будзе вырабляцца з мясцовай сыравіны (ягад, гародніны, арэхаў) шляхам дэгідрыравання (сушкі). Цукаты і чыпсы з гарбуза, сушаныя ягады, гародніна, плады, арэхі, гарбузовыя і сланечнікавыя семкі — усё гэта будзе расфасавана ў зручныя ўпакоўкі невялікага аб'ёму, разлічаныя на 1-2 перакусы для аднаго чалавека. Эка-снэкі стануць выдатнай заменай розным булачкам, вафелькам, сухарыкам, што прызнаны шкоднай ежай.

9. Аксана Трухановіч з вёскі Цяшэўлі Баранавіцкага раёна назвала сваю ініцыятыву «Сытыя каровы — залог добрага даходу сям'і Трухановіч». Сям’я выхоўвае семярых дзяцей, таму зразумела, што мае вялікую гаспадарку, а нядаўна зарэгістравалі ўласную ферму. Здаецца, сутнасць гэтага праекта простая і зразумелая: развіццё сямейнай справы, рэгістрацыя асабістага брэнда «14 буронак», продаж смачнага цельнага вясковага малака і малочных прадуктаў.

10. Вольга Саванчук з Ляхавіцкага раёна свой праект прысвяціла козам, а дакладней, яна прапанавала вытворчасць паўцвёрдых гатункаў сыру па італьянскай тэхналогіі і па ўласнай рэцэптуры. На дадзены момант у асартыменце яе гаспадаркі ўжо маюцца сыры італьянскай і французскай груп: качота, канестрата, шэўр, камамбер і інш. Для гэтых сыроў выкарыстоўваецца малако коз англа-нубійскай пароды, з высокімі паказчыкамі шчыльнасці бялку. Але для развіцця вытворчасці не хапала абсталявання: формы для прасавання і халадзільнай камеры для выспявання сыроў. Праект даў сур'ёзную падтрымку сямейнай справы і сельскага малога бізнэсу.

Надзея СУСЛАВА

Фота аўтара і з сацыяльных сетак


Інфармацыю пра наяўнасць часопіса "Алеся" у кіёску можна знайсці па нумарах: Брэст + 375 162 219838 Віцебск + 375 212 358437 Гомель + 375 232 558813 Гродна + 375 152 569508 Магілёў + 375 222 734102 Мінск і Мінская вобл. + 375 173 272542

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.