Вы тут

«А нядрэнна Валянцін пражывае каранцін...»


Што было — было: суседкі па дачы на «планёрку» раніцой сышліся — сталі абмяркоўваць, хто што сёння будзе палоць... «А ты не магла б той смелы чырвоненькі купальнік надзець?» — пытаецца старэйшая суседка ў маладой і прыгожай. — «Без праблем... Але вам гэта навошта?» — «Ды плот паміж нашымі ўчасткамі зусім пахіліўся. Мужу кажу-кажу, каб паправіў, — ён і вухам не вядзе. А так — можа, сам здагадаецца?»

Ну чаму б і не, калі касцюм Евы ніколі яшчэ не выходзіў з моды і калі чырвоненькі купальнік яго толькі аздабляў! (Дарэчы, раней яго ніжняй часткай можна было машыну памыць, а зараз — нават акуляры не працерці.)


Зрэшты, тое міні-бікіні — за кадрам чарговага конкурснага здымка (можна яшчэ раз глянуць на верхні). Што — канкрэтна — у кадры?.. Тут і сапраўды — колькі людзей, столькі меркаванняў, і ў кожным з іх нешта ёсць. Ну вось як вам (ад спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавіч):

На лужку у ванне Ціт

Лечыць свой радыкуліт.

Што ў бінокль разглядае?

Там малодка загарае.

Ні падлегчы... Ні абняць.

Толькі й можа — пазіраць.

Крыўдна, згадзіцеся! Благая ў чалавека хвароба. Але ж ёсць і горшыя. Пытанне армянскаму радыё: «Чаго не купіш (ні за якія грошы) і не прадасі?» Адказ: «Маладосці і старасці». І тое, што хутка праходзіць, нават пралятае першая, — згадзіцеся, толькі палова бяды. Бяда, што прыходзіць другая. Адкуль

Зарабляў нядрэнна Жора

Ў свае 20...

Стрыптызёрам.

Пастарэў —

заробкі ўніз:

Сам падглядвае стрыптыз.

Чаму праз бінокль — зразумела, а вось чаму з ванны, спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска, на жаль, не піша (можа, не ведае?). Затое ў іншым канверце — са Светлагоршчыны ад спадарыні Наталлі Шкут — пра вось гэтага Жору поўны «расклад»:

Пазаўчора —

яхта,

хвалі акіяна,

прыгажуня Светка...

А сягоння —

дача,

у гародзе ванна

і праз плот суседка.

Такія вось кардынальныя перамены ў жыцці. На шчасце ці на жаль, але яны здараюцца.

З-за чаго? Чытачы «Звязды», вядома ж, ведаюць. А хто-ніхто — нават піша:

Меў пасаду і пашану,

Не лічыў сваё дабро...

Ўзяў на лапу —

мае... ванну

І дзіравае вядро.

Гэта вось — толькі адна з прычын, і піша пра яе спадарыня Чыгрынава. Туды ж — сужэнцы Астроўскія з Мінска:

Быў хабарнікам,

прайдохам,

Нажываў дабро —

без гора...

Прыбядніўся,

бачыш, трохі

У чаканні... пракурора.

А можа, справа не ў ім? Мо і сапраўды (паводле спадара Віктара Сабалеўскага з Узды):

«Мерседэс» прадаў, катэдж,

І праеў даляры...

Добра — ванна ёсць яшчэ.

Можна і памарыць.

Ну чаму б і не? Раптам спраўдзіцца? (Двух аднакласнікаў неяк лёс звёў — пасядзелі (і не за чаем)... «А скажы, — просіць адзін пасля пятай, — ці збылася хоць адна з тваіх дзіцячых мар?» — «А як жа, — хваліцца сябрук, — збылася: малога, мяне ўвесь час за валасы цягалі, і марыў я стаць лысым».) У Рамана Абрамовіча, кажуць, таксама з дзяцінства мара была: ён хацеў быць настаўнікам, як мама... А знаёмая бабуля замалада яшчэ марыла ўбачыць трох жывёлін: Сідараву казу, ёшкінага ката і бляху-муху. З часам да іх яшчэ і... жанчына прыбавілася — шчаслівая замужам за гультаём-алкаголікам. Але ж вось такую, па сённяшнім часе, мусіць, не знойдзеш, бо любому цярпенню, на думку спадара Міколы Кісяля з Мінска, прыходзіць канец:

«Алканаўта», гультаіну

Жонка выгнала з хаціны.

Яго рэчы — у вядзерцы

І адна бяда на сэрцы:

У бінокль пазірае —

Любку новую шукае.

І, напэўна ж, знойдзе?

А зрэшты, вось такіх «падарункавых» сужэнцаў безліч — не толькі сярод мужчын: з жанчын таксама ліха гарыць. А значыць (паводле спадарыні Гудачковай), цалкам магчыма, што дзядзька са здымка

Адсудзіў пасля разводу...

Ванну з відам на прыроду.

Хоць пагана на душы,

Ён-такі ў капелюшы!

Гэта значыць, хоць салому есць, ды фасону не губляе? Ці паводле мудрага: «...Якім ні будзеш малайцом — старайся не забыцца, што лепей плакаць з мудрацом, чым з дурнем весяліцца».

І жыць з ім таксама божа барані! (Як той казаў, калі ты памёр, ты пра гэта не ведаеш, хіба іншым цяжка. Тое ж, — калі ты дурань... Альбо дурніца.) А таму, відаць, ёсць рацыя ў словах спадара Віктара Сабалеўскага:

Дачу Жора

нейк агораў...

А што сеяць —

дубам дуб!

Ні гуркоў, ні памідораў,

Нават кропу ні за зуб.

Ёсць адзін хіба занятак:

Пазірае цераз плот,

Дзе ў бікіні цётка Ната

Зранку поле агарод.

Бліжэй да абеду, як трэба разумець, зморыцца альбо скончыць работу... Разагнецца. Згледзіць мужчыну, што так пільна за ёю сачыў. Альбо ванну з вадой... Глядзіш — нехта да некага падыдзе і... Як там у казцы: жылі яны доўга, шчасліва і памерлі...

Не, не ў адзін дзень, на думку спадара Сабалеўскага: муж удаўцом застаўся, адзін нейкі час пажыў, а калі састарэў,

Дзеда ў горад запрашалі.

Ён жа ў лямант: «Не паеду!

Лепей тут згарбузавалі б

Гарадскія ўмовы дзеду!»

З таго часу

(і ўжо з маю...

Малайцы дачушка-зяць!)

Штодзень ванны

дзед прымае —

Горад можа пачакаць!

Па многіх прычынах... І каранавірус тут не апошняя. На думку спадара Мікалая Старых з Гомеля, менавіта яго выглядае на гарызонце герой конкурснага здымка:

Ліхадзей між нас лунае —

У бальніцы заганяе...

То не змей, не цмок ці вісус.

Гэта горай —

кляты вірус!

...Ды не дрэйфіць наш Фама:

Як не бачу — то і няма.

Гэта — адна крайнасць. Спадарыня Алена Мельнік з Віцебска згадвае другую:

Яшчэ ўчора без прынукі

Мылі ногі, мылі рукі,

А як вірус побач дзесь —

Ясь купаецца увесь.

Ну чаму б і не, калі ёсць такая магчымасць? (З дыялогаў: «Дзеда, а навошта камары кроў п'юць?» — «На аналіз бяруць — нясуць зязюлі». — «А ёй для чаго?» — «Каб сказала, колькі чалавеку жыць засталося...)

Іншымі словамі, чаго толькі чалавек не зробіць, каб не захварэць! А калі захварэў — каб хутчэй паправіцца. Як піша спадар Сабалеўскі:

Ясь лячыўся апантана:

Грозны вірус праганяў.

Ён з вадой і сонцам ванны

Сем разоў на дзень прымаў!

І, згадзіцеся (у прыватнасці, са спадаром Мікалаем Касмачэўскім з Наваполацка), ці да галавы тады, што навокал:

Не раўняна, не арана...

Нерэальная карціна!

Гэтак жыць прапанавана

Ва умовах каранціну?

Хоць каму-нікаму ён і падабаецца. Ну чаму б і не (як піша спадарыня Любоў Чыгрынава): стаміўся дома сядзець — паляжы... Можна ў ванне: аніхто ж не ўбачыць, апроч звяздоўскага фотакара Клешчука... І ў выніку —

А нядрэнна Валянцін

Пражывае каранцін...

Каб у ванну яшчэ й Ганну,

Дык на чорта і Багамы?!

І сапраўды... Мы на месцы можам рай стварыць. Як? «Старыя людзі казалі: не было зімы, не будзе і лета, май халодны — год галодны, — піша спадарыня Валянціна Гудачкова. — Але ж мы (у адрозненне ад героя здымка) не сядзім без справы: нешта саджаем, сеем, даглядаем:

Пану трэба загараць,

Нам — капусту паліваць...

З таго ж канверта і досыць нечаканыя радкі:

Зацікавіў кума Гену

Прыклад дзядзькі Дыягена:

Ў тога — бочка,

Ў кума — ванна.

Жыў бы і жыў!

Бо гэта танна.

І нават пагатоў, калі...

Капітан сышоў на бераг:

Не сам — камісія спісала.

Хацеў дайсці

да дзвюх Амерык,

На жаль, здароўе збракавала.

Аднак знайшоў ён

выйсце скора:

У ванну пуза пагружае...

Здаецца,

зноў ідзе па моры

І пільна ўдалеч пазірае.

А можа, нават крычыць: «Тэрмінова! Шукаю родных у Італіі, Турцыі, Грэцыі! Засумаваў — проста сіл няма! Прыеду!..» Хоць, на думку спадарыні Гудачковай,

Як паўсюдна каранцін —

То й да мораў не ляцім.

Ясь вакацыі прызначыў

На задворках сваёй дачы.

Што палацы, піраміды?

Тут — такія краявіды!..

І, здараецца, нават больш за тое — усё ўключана, калі бацькі ці бабуля з дзедам жывыя.

А зрэшты, гэта ўжо іншая зусім гісторыя. Каб паставіць кропку ў гэтай, трэба падвесці вынікі. Такім чынам, на мінулым здымку быў дзед Мароз, які ў кедах і бадзёра так крочыў па лужынах. Дык вось найлепшыя радкі пра яго (на думку вялікага чытацкага журы) прапанавалі спадарыні Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны, Любоў Чыгрынава з Мінска, спадары Віктар Сабалеўскі з Узды, Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка, Іван Сіманёнак з Пастаў, Мікалай Старых з Гомеля і Аляксандр Матошка з Расоншчыны.

З гэтым вось, апошнім, меркаваннем (як заўжды, папярэдне паспрачаўшыся), згадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае, якому таксама спадабаліся і напісаны спадаром Аляксандрам успамін пра Каляды, якія былі даўней, і ягоны ж... прагноз:

Вось дзівосы дык дзівосы:

Дзед Мароз...

Амаль што босы —

Ў нейкіх тэпцях — па вадзе?

Ці не ў май да нас ідзе?

І ён жа такі прыйшоў! На жаль... Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на чацвёрты квартал гэты раз накіроўваецца на Расоншчыну.

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Вам хацелася б, каб газета пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два. Першы — не спазніцца — аформіць падпіску, другі — уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак, прыдумаць да яго подпіс (можна некалькі, але трапных, дасціпных, кароткіх — у кожным не больш за восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю. Лепшыя варыянты, як заўжды, будуць надрукаваныя, а вось аўтар найлепшага...

Ну, вы здагадаліся. А мы — чакаем. Пішыце. І, вядома ж, выпісвайце, найстарэйшую... Родную... Газету, якую выбіралі для сябе вашы бацькі, дзяды ці нават прапрадзеды.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.