Вы тут

Як падняць вагу, удвая большую за ўласную, і застацца прыгожай і жаноцкай, расказвае прызёр чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы Юлія Асаёнак


Яна нарадзілася ў вёсцы ў шматдзетнай сям'і, але неўзабаве разам з бацькамі пераехала жыць у Ружаны. Яе дзяцінства было насычана як актыўнымі гульнямі, так і клопатамі па гаспадарцы, да таго часу пакуль у жыццё не ўварваўся вялікі спорт. Трэнер па цяжкай атлетыцы заўважыў перспектыўную Юлю ў школе і прапанаваў ёй пераехаць у Брэст. Добрыя вынікі дзяўчыны сталі хутка прыносіць медалі кадэцкіх і юніёрскіх турніраў, а летась яна прадэманстравала сваё майстэрства ўжо на дарослым чэмпіянаце Еўропы, дзе ўзяла бронзавую ўзнагароду ў мнагабор'і. Гэты вынік спартсменка паказала пасля сур'ёзнай траўмы, з-за якой, дарэчы, ёй давялося на год пакінуць вялікі спорт і папрацаваць па адукацыі — юрыстам. Складаны час Юлі дапамагаў перажываць асабісты трэнер і муж — Пётр Асаёнак, які з'яўляецца адным з лідараў мужчынскай зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы. Пра тое, як заставацца жаноцкай у цяжкім відзе спорту, атрымаць дыплом юрыста, паралельна працягваючы кар'еру цяжкаатлеткі, і выйсці замуж за такога ж паспяховага спартсмена, Юлія расказала ў інтэрв'ю «Звяздзе».


— Юля, раскажыце спачатку, у якім рэжыме цяпер праходзяць трэніроўкі нашай зборнай па цяжкай атлетыцы.

— Мы знаходзімся ў «Стайках», трэніроўкі праходзяць у звычайным рэжыме, балазе ўсё знаходзіцца на адной тэрыторыі — зала, сталоўка, гасцініца. На цяперашні момант сітуацыя крыху вызначылася, таму мы рыхтуемся да чэмпіянату краіны і чэмпіянату Еўропы, але ўсё ж правядзенне турніраў залежыць ад таго, якая абстаноўка будзе вакол.

— Якія мэты вы ставілі перад сабой на чэмпіянат Еўропы, што не адбыўся?

— Хацелася падняць добрыя кілаграмы, годна выступіць. Як мінімум — паўтарыць леташні вынік чэмпіянату Еўропы, падняць кілаграмы, якія былі б максімальна блізкія да прызавых месцаў: гэта 65-70 кг у рыўку і 80-85 кг у штуршку. Такія ж планы і застаюцца.

— Раскажыце, як пачалася ваша кар'ера.

— У прынцыпе я была спартыўнай дзяўчынкай, але мэтанакіравана нейкім спортам не займалася. Бегала ў школе, выступала на раённых спаборніцтвах, прывозіла нават прызавыя месцы, а канкрэтна што такое цяжкая атлетыка, даведалася толькі калі прыехала ў Брэст на праглядны збор. Мне тады было гадоў 14. Дамашняму дзіцяці пераехаць далёка ад бацькоў было няпроста, спатрэбіўся час на адаптацыю. Не магу сказаць, што моцна сумавала па доме, таму што хутка ўцягнулася ў спорт, мне падабаліся навучанне, горад, трэніроўкі, я была пастаянна занятая, і мне прыйшоўся даспадобы гэты рытм. Цяжэй было, напэўна, у фізічным плане, чым у эмацыянальным, таму што нагрузкі на арганізм былі вялікія, але я з гэтым справілася.

— Вы рана пачалі паказваць добрыя вынікі. На ваш погляд, з чым гэта звязана?

— Мы разважалі на гэтую тэму з трэнерам. Ён кажа, што паглядзеў вельмі шмат дзяўчынак і хлопчыкаў, ува мне ўбачыў задаткі, патрэбныя для цяжкай атлетыкі, — рост, вагу, хуткасна-сілавыя якасці. Гэта стала пачатковым пунктам, ад якога пайшлі мае вынікі. Потым пачаліся старанныя трэніроўкі. У кадэцкім узросце, калі першы раз, у 2010 годзе, я выехала на чэмпіянат Еўропы і прывезла медаль, не скажу, што да канца ўсведамляла свой поспех. Напэўна, гэта былі здольнасці, якія я ў сабе не зусім разгледзела, але ўва мне іх убачыў трэнер. На поспех, вядома, паўплывала і мая працавітасць, стараннасць, а ўжо далей, калі я стала больш свядома падыходзіць да стартаў, медалі пачало прыносіць і ўсведамленне таго, што магу падымаць вялікія вагі. Я б сказала, што ў маёй кар'еры ўсё ішло вельмі паступова, вынікі ў тым ліку.

— Вы і трэнеры не баяліся, што, пачаўшы паказваць высокія вынікі даволі рана, можаце хутка перагарэць?

— Я нават не думала пра гэта ў тым узросце, таму што ў мяне ўвесь час гарэлі вочы на перамогі. Калі нешта не атрымлівалася, я не акцэнтавала на няўдачах увагу, нават не памятаю такога, каб у мяне штосьці не атрымлівалася і ад гэтага апускаліся рукі. Цяпер, у дарослым узросце, ты пачынаеш шмат думаць, нешта аналізаваць, а тады проста ішла і працавала.

— Вы, напэўна, заўважалі, што паспяховыя беларускія цяжкаатлеты, барцы, весляры — часцей людзі з вёсак, а не з гарадоў. З гэтым можна звязаць спартыўны поспех?

— Можа быць, гэты факт — адзін са складнікаў поспеху. У вёсках людзі больш сціплыя. Канкрэтна пра сябе магу сказаць, што ў вёсцы я мала што бачыла, і калі прыехала ў Брэст, не кажучы ўжо пра замежжа, для мяне гэта было вельмі крута. У маленькай вёсцы ты становішся вядомым чалавекам, нават выйграўшы чэмпіянат краіны. Цябе вылучаюць сярод іншых, і гэта ўжо дае нейкі стымул, каб працаваць больш, паказваць вынікі. Працавітасці ў вясковых таксама, можа быць, больш, таму што ў нас і выхаванне іншае, і гульні ў вёсцы іншыя. У маёй сям'і было чацвёра дзяцей, і мы пастаянна адно за адным глядзелі, раслі ў няпростых умовах, плюс работа на агародзе і па гаспадарцы, таму ўсе выраслі з байцоўскім характарам.

— Вам часта даводзіцца чуць, што цяжкая атлетыка — гэта не жаночы від спорту?

— Калі я была яшчэ ў юным узросце, сутыкалася з тым, што людзі дзівяцца майму занятку, але я не зусім разумела чаму, бо гэта раўназначна жанчыне-кіроўцу або жанчыне, якая працуе на заводзе. Больш пра гэта пачала чуць сталеючы, але мне здаецца, што мала хто наогул разумее, што такое цяжкая атлетыка, і чамусьці звязваюць нас з штурханнем ядра, жымам лежачы. Можа, таму ў многіх успрыманне гэтага віду спорту трохі скажонае. На мой погляд, цяжкая атлетыка не моцна адрозніваецца ад іншых відаў спорту, бо ўсе яны па-свойму цяжкія, усюды трэба шмат працаваць, каб чагосьці дасягнуць. Так, мы падымаем цяжар, але барцы таксама падымаюць адно аднаго, хтосьці робіць мудрагелістыя акрабатычныя элементы.

— Ці складана вам сумяшчаць прафесійны спорт з жаноцкасцю, штодзённым доглядам сябе?

— Не, бо ў першую чаргу я дзяўчына, і для мяне гэта так жа звычайна, як і для любой іншай. Вядома, мне зручней у чымсьці спартыўным, але як толькі пачынаецца лета, пераходжу на сукенкі і вельмі камфортна сябе ў іх адчуваю. Стараюся трымацца ў выглядзе, у якім прыемна бачыць сябе ў люстэрку, хоць фарбуюся рэдка — калі гэтага патрабуе душа ці мяне кудысьці запрашаюць.

— Што цяжэй за ўсё даецца вам сёння ў спорце?

— На гэты момант — нявызначанасць. Даводзіцца больш трываць на трэніроўках, з гэтым звязаныя шматлікія псіхалагічныя моманты. Стараемся сябе неяк займаць трэніроўкамі і не думаць, калі будуць старты. У дарослым узросце ўжо цяжэй псіхалагічна, таму што ў цябе ёсць вопыт траўмаў і поспехаў.

— Спорт прынёс вам не толькі прафесію, але і сям'ю. Тое, што вы з мужам абодва займаецеся цяжкай атлетыкай, — плюс ці мінус?

— Адназначна плюс. Мы ўжо вельмі шмат часу разам — 11 гадоў, сёлета будзе 7 гадоў у ролі мужа і жонкі. Разумеем адно аднаго з паўслова. Калі ён прыходзіць з трэніроўкі, я прыкладна ведаю, як у яго справы, які настрой, як ён папрацаваў. Мы вельмі многае абмяркоўваем, што склалася і што, наадварот, не атрымалася. Можам нешта раіць адно аднаму, бо ў кожнага ўжо ёсць свой вопыт. З мінусаў можна назваць толькі тое, што рэдка бываем дома разам.

— Канфлікты на глебе спорту бываюць?

— Сур'ёзныя — не. Адзінае, мы можам прасіць адно аднаго знізіць нагрузкі або крыху адпачыць падчас траўмаў або аднаўлення. Але не заўсёды прыслухоўваемся да гэтых парадаў.

— Ці даводзіцца вам канкурыраваць паміж сабой?

— Не, канкурэнцыі паміж намі ў прынцыпе няма. Першапачаткова, калі я прывозіла шмат медалёў з кадэцкіх турніраў, чэмпіянатаў Еўропы, юніёрскіх спаборніцтваў, Пеця быў толькі рады за мяне, хоць у яго ў той час не атрымлівалася заваёўваць узнагароды, затое сёння муж выступае нашмат лепей за мяне на дарослых міжнародных стартах. І тады, і цяпер мы адно аднаго толькі падтрымліваем. Можам часам жартам паспрачацца на трэніроўках, напрыклад, хто больш прысядзе. Муж дае мне некалькі кілаграмаў форы (некалькі — гэта звычайна кілаграмаў 100, а то і больш), і пачынаем прысядаць.

— Займаючыся спортам, вы атрымалі яшчэ і юрыдычную адукацыю...

— Калі вучылася ў школе, вельмі хацела стаць юрыстам, хоць не скажу, што ў мяне былі нейкія здольнасці да гэтага. А ў 2015 годзе з мужам і яшчэ некаторымі спартсменамі вырашыла паспрабаваць паступіць у БНТУ. Здала тэсціраванне, але мне не хапіла ўсяго аднаго бала. Тэсты засталіся на руках, таму вырашыла паспрабаваць трапіць у каледж. Паступіла. У прынцыпе навучанне давалася мне лёгка, у перапынках паміж трэніроўкамі здавала кантрольныя. Цяпер вельмі рада, што атрымала гэтую адукацыю, папоўніла свае веды і зараз магу зноў паступаць ва ўніверсітэт.

— Вам удалося нават папрацаваць па спецыяльнасці...

— Так, у 2018 годзе я атрымала траўму, адпаведна, мяне не атэставалі ў зборную, бо не было выніку. Трэба было адаптавацца ў новай сферы. Было цяжка, бо досведу не мела наогул. Але я старалася, як магла. Потым мы з мужам загаварылі пра тое, каб мне паспрабаваць усур'ёз рыхтавацца да чэмпіянату Еўропы 2019 года, таму вырашыла пакінуць гэтую работу, ды яна і не прыносіла мне належнага задавальнення. Магчыма, калі я атрымаю больш ведаў, вярнуся ў юрыдычную сферу.

— Пасля неатэстацыі ў зборнай не засталося крыўдаў на трэнераў?

— Не, бо ў мяне не было выніку, таму не бачу тут нейкай прадузятасці з боку настаўнікаў. Асабісты трэнер спрабаваў вярнуць мяне назад, таму што бачыў патэнцыял, які я не раскрыла да канца. Ён не казаў, што супраць таго, каб я вучылася або працавала ў іншай сферы, але заўсёды цікавіўся маімі справамі. А ў зборнай, калі я паказала вынік на чэмпіянаце Еўропы, узяла медаль, да мяне ўжо не было пытанняў.

— На цяперашні момант у вашай вагавай катэгорыі (да 45 кг) вялікая канкурэнцыя ў краіне?

— Моладзь, вядома, падрастае — не скажу, што іх шмат, але на пяткі пачынаюць наступаць. У нейкіх вагавых катэгорыях у нас у краіне канкурэнцыя вельмі высокая, у нейкіх сярэдняя. Я яшчэ не старая, але ўжо і не маладая, але паколькі вагавая катэгорыя ў мяне маленькая, трымацца ў ёй складаней. Трэба і за сваёй вагой сачыць, і кілаграмы высокія падымаць — для майго арганізма гэта складана.

— Пераходзіць у іншую вагу не плануеце? Бо ваша катэгорыя не алімпійская.

— Пакуль гэта не разглядаю, таму што ў такім пераходзе павінен быць сэнс. Усё залежыць ад таго, колькі кілаграмаў ты падымаеш і ці зможаш канкурыраваць з гэтымі вагамі, напрыклад, у Еўропе. Наступная катэгорыя 49 кг, я разумею, што з вынікам, які ў мяне цяпер, ці нават калі я крыху прыбаўлю, не буду канкурэнтаздольная ў Еўропе, не кажучы ўжо пра свет і Алімпійскія гульні, дзе канкурэнцыя вар'яцкая і кілаграмы вялікія.

— У большасці спартсменаў галоўная мара — Алімпійскія гульні, а ў вас?

— Я заўсёды задумвалася пра Алімпіяду, калі была ў больш юным узросце. Але пасля юніёрскага спорту мне было складана пераходзіць у дарослыя катэгорыі, таму што я не магла набраць вагу. Спачатку ў мяне было 44 кг, потым 48 кг, здаецца, набрала яе, але не магла прапрацаваць. Я разумела, што з маёй вагой і вынікам будзе ў прынцыпе складана выязджаць на нейкія дарослыя спаборніцтвы, таму з марамі пра Алімпіяду развіталася. Была вельмі шчаслівая, што ўдалося заваяваць медаль на чэмпіянаце Еўропы, разумела, што заслужыла яго сваёй працай. Цяпер галоўная мэта для мяне — атрымаць як мага больш узнагарод на міжнародных стартах.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота з асабістага архіва гераіні

Загаловак у газеце: «У першую чаргу я дзяўчына»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.

Грамадства

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Першае i галоўнае правiла — яшчэ дома вызначыцеся з тым, што вам трэба. 

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.